Шляхам жыцьця (1913)/V/Памяці Т. Шэвчэнкі

І. Буйніцкому Памяці Шэвчэнкі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Лірнік вясковы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Памяці Шаўчэнкі (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Памяці Шэвчэнкі.

Ад гасьцінца да гасьцінца,
Ад хаты да хаты
Зьвініць кобза украінцам
Аб вялікім сьвяту:
Уся чыста галасіста
Ўкрайна маладая
Свайго «бацьку» кабзарысту
Важна ўспамінае.
Мейсцэ даў яму пачэсьне
Бедны і багаты;
Расьпеваюць яго песьні
«Парубкі», «дівчаты».
Эй, бо песьня кабзарысты
Ад краю да краю
Плыве вольна-расхадзіста,
Перашкод не знае!
Сам ён многа меў нядолі,
Крыўды, паніжэння,
Ды не здрадзіў-жэ ён волі,
Волі і сумлення.
Дух збудзіў свайму народу
Сваім гучным словам,
Навучыў любіць свабоду,
Родны край і мову.
Яго «бацькам» ахрысьціла
Памятна Украйна.
Эх! і нам будзь бацькам мілым,
Украінчэ слаўны!
Плывучы ў даль твая песьня
Гасьцінцам ня вузкім,
Нашла водгалас пачэсьне
Ў сэрцы беларускім.