Шляхам жыцьця (1913)/VI/Вісельнік

За чаркай Вісельнік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Курган
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вісельнік (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вісельнік.

Зоркі не ўбачыш, імгла непрыхільная
Сьвет спавіла непрагляднаю сеткай;
Вецер ня мрэ і, як зданне магільнае,
Носіцца грозна па пушчах, палетках.
Лес расхадзіўся, пашумы сусьветные
Бьюць у тахт віхравы кожнай галінай,
Стогнуць дубы і бярозы сталетніе,
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
................
Злыбедаў стогны і цьмы неспажатые,
Жудаснай дзікасьці поўны бязмеры,
Як-жэ салодзіце думкі разьбітые,
Сэрцэ з разьбітай надзеяй і верай!
Годзе душа маладая пакутаваць,
Шляхам заломным снаваць безкарысна,—
Страшна загадкі ўсебыту расплутываць,
Выхад с туманаў находзіць разблысны.
К сонцу і зорам жыцьцё тваё рвалася,
Віхры і ночы на бой вызывала…
Згасла ўсё лепшае, згасла, зламалася,—
Далей змагацца сілы не стала.
Будзь-жэ збаўленнем, петля канапляная;
Вырыхтуй сук свой, асіна-ласуха:
Хутка збагацішся ў плоднасьць незнаную,
Слаўнаю станешся—толькі паслухай!
Ты не марудзь там, пакутнік аплучэны:
Жыва вяроўку—раз, два, і гатова!
Сьмела сунь шыю!.. Ну, вось і разлучэны
З гэтай зямлёю, с пуцінай цярнёвай.
...................
Вырылі яму жалезнай лапатаю,
Вырылі паміж крыжовых дарогаў,
Кінулі цела—эй, цела праклятае
Без пасьвячэння, без модлаў, с трывогай.
Зводна пашлі толькі ўздохі пустынные:
Быў чэлавек і німа чэлавека;
Згінуў ня то ўжо саўсім каб скацінаю—
Так сабе ўрэзаў трацініну века.
................
Сотні раз хмарамі небо ўзгамоніцца,
Сотні раз ніву спалошчэ, абсушэ,—
Памяць аб вісельным век не затопіцца,
Будзе пужаці трусьлівые душы.
З году да году у сьвята дзядовае
Хрыпла скрыпяць і трасуцца асіны.
Песьню вятрыска пяе пагрэбовую…
Вісельнік блудзе паўночнай часіна…