Шляхам жыцьця (1913)/VI/Курган

Вісельнік Курган
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Грабар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Курган (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Курган.

Памяці С. Полуяна.

I.

Паміж пустак, балот Беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы рэкі шумнацечнай
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,
Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб гальлё распусьціў карэнасты над ім,
Сухазельле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.
На Купальле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпоўку воўк нема вые;
Сонцэ днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатые.
Хмары неба ўсьцілалі мо’ тысячу раз,
Пяруны білі с края да края,—
Ён стаіць—гэта памяць людзкая—паказ…

Толькі гутарка ходзе такая.

II.

На гарэ на крутой, на абвітай рэкой,
Лет назад тому сотня, ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сьцяной
Грозна, думна глядзеў на прывольле.
У нагах у яго расьцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат с сямьёй душ падданых, пакорных.
Князь у хораме жыў, слаўны сьвету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў—біў паклоны яму;
Спуску, ласкі не знаў непакорам.
Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы ў полі і дома;
Толькі модлы расьлі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцьце расло пакрыёма,

III.

Раз бяседа вялікая ў князя была:
На пасад дачку-княжну садзілі;
За сталом він заморскіх крыніца цекла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.
На вясельле-разгул наплыло, як на сход,
Госьці знатных з усюль, за паўсьвета;
Гэткай гучнай бяседы ня помніў народ,
Гэткіх скарбаў, брылянтаў, саетаў!
Дзень—другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі зьвінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі, ўсяго госьці мелі.
Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху, забаву:
Загадаў ён пазваць гусьляра-старыну,
Гусьляра з яго ведамай славай.

IV.

Акалічны народ гусьлі знаў гусьляра;
Песьня-дума за сэрцэ хапала;
Ўвакруг гэтай душы дудара-званара
Казак дзіўных злажылась німала.
Кажуць, толькі як выйдзе і ўдарэ як ён
Па струнах з неатступнаю песьняй,—
Сон злетае с павек, болю цішыцца стогн,
Не шумяць ясакоры, чарэсьні;
Пушча-лес не шуміць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сьціхае;
Паміж вольхаў рэка, як што дзень, не бурліць,
Паплаўкі рыба-плотка хавае.
Прытаіцца да моху русалка, лясун;
Каня вечнага «піць» не заводзе;
Пад звон-песьню жывучых гусьляравых струн
Для ўсіх папараць-кветка ўзыходзе.

V.

Прывела гусьляра з яго ніўных сяліб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзілі на ганку, між клёнаў і ліп,
На цэгляным парозе магната.
Невыдумная сьвітка—убор на плечах,
Барада, як сьнег белы—такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглі гусьлі-баі.
Водзе пальцэм худым па сталёвых струнах,
К песьні-музыцэ ладзіцца, строе;
Вотклік бьецца ад струн па сьцюдзёных сьценах,
Заміраючы ў сковах пакояў.
Вось настроіў, навёў тон у струнах, як сьлед,
Не зірнуўшы на гулі ні разу,
І сядзіць гэты сумны, як лунь, белы дзед,
І чэкае ад князя прыказу.

VI.

«Што-ж маўчыш ты, гусьляр, ніў, лясоў песьне-бай,
«Славай хат маіх подданых слаўны?!
«Нам сягоньня зайграй, нам сваіх песень дай.
«Князь умее плацціць незвычайна!
«Запяеш па-душы, дасі ўцехі гасьцям—
«Поўны гусьлі насыплю дукатаў;
«Не пад-мысьль песьня будзе каму небудзь нам—
«Канапляную возьмеш заплату.
«Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
«Многа знаю і чуў аб табе я,—
«І я сам, як і ты, так табе запяю…
«Ну, пара пачынаць, дабрадзею!»
Гэтак слухае, выслухаў князя гусьляр;
Заіскрыліся вочы сівые;
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывые.

VII.

«Гэй, ты, князь! гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет!
«Не такую задумаў ты думу,—
«Не дае гусьлярам сказу золата цьвет,
«Белых хорамаў пьяные шумы.
«Скурганіў-бы душу чырванцом тваім я;
«Гусьлям, княжэ, ня пішуць законаў:
«Небу справу здае сэрцэ—думка мая,
«Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
«Відзіш, княжэ, загоны, лясы, сенажаць,—
«Ім пакорны я толкі з гусьлямі.
«Сілен, княжэ, каваць, галаву сілен зьняць,—
«Не скуеш толькі дум ланцугамі.
«Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог—
«Бье ад сьцен, цэгел лёдам зімовым,—
«Сэрцэ маеш, як гэты цэгляны парог,
«І душу—як скляпоў гэтых сховы.

VIII.

«Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткі свае:
«Сарачні там сох бачыш, як блудзе,
«А ці чуў ты, аб чым там араты пяе?
«Дзе і як жывуць гэтые людзі?
«Глянь у лёхі свае, ў пад’зямельлі глянь, князь,
«Што настроіў пад хорамам гэтым:
«Брацьця корчацца там, табой кінуты ў гразь,
«Чэрві точуць жывых іх, раздзетых.
«Ты ўсё золатам хочэш прыцьміць, загаціць…
«Ці-ж прыгледзіўся, хорамны княжэ?
«Кроў на золаце гэтым людзкая блішчыць,
«Кроў, якой і твая моц не змажэ.
«Ты брылянтамі ўсыпаў атласы і шоўк—
«Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
«Гэта вісяльні петляў развіты шнурок,
«Гэта, княжэ, твае саматканы.

IX.

«Стол ты ўставіў ядой, косьці шмат пад сталом,—
«Гэта косьці бядноты рабочай,
«Пацешаешся белым, чырвоным віном,—
«Гэта сьлёзы нядолі сірочай.
«Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
«Атшліфована цэгла і камень,—
«Гэта памяткі-пліты з неўчасных магіл,
«Гэта сэрц скамянеўшыхся пламень,
«Люба чуці табе скочны музыкі звон:
«Ты, дружына пьіцё асалоду,—
«А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
«Стогн пракляцьця табе, твайму роду?!
«Ты зьбялеў, ты дрыжыш, слаўны княжэ, ўладар!
«Госьці хмурны, а дворня знямела…
«Ну, што, княжэ? пара даць за песьню мне дар!
«Выбачай, калі сьпеў мо’ няўмела.»

X.

Князь стаіць, князь маўчыць; жуда, помста бье з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні сьмехаў…
Думаў князь, выдумляў, дрогнуў шабляй на ўзбоч,
Толькі з лоскатам выбегла рэха.
«Гэй, ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
«На вясельле цябе сваей княжны!…
«Ты—шалёны, старык! хто цябе дзе хаваў?
«Ты, знаць, вырадак цемры сермяжнай.
«Ты адважыўся мне на сьляпы перакор
Вызваняці сусьветные трэлі;
«Платы маю шмат я для такіх непакор,
«Хто сябе проці мне стаць асьмеліў.
«Я па князеўску ўсім і плачу, і люблю;
«Ты ня хочэш дукатаў,—ня трэба!…
«Ўзяці старца і гусьлі жыўцом у зямлю!
«Знае хай, хто тут пан: я, ці неба!»

XI.

Патхапілі, ўзялі гусьляра-старыка,
Гусьлі разам яго сама-гуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рэка,
Павялі, панясьлі на загубу.
Мейсцэ выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.
Не чэсалі дамоўкі яму сталяры,
Не заплакалі бліжніе вочы;
Змоўклі гусьлі і ён с тэй пары—да пары;
Сум і сьціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў;
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вясельле ўсё княжны гулялі.

XII.

Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусьляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам
Лет за сотню звёў час, ці і болей мо’ лет;
Зацьвілі перэказы ў народзе;
Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гусьлямі дзед
С кургана, як сьнег, белы выходзе.
Гусьлі строе свае, струны звонка зьвіняць,
Жменяй водзе па іх абамлелай,
І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
І на месяц глядзіць, як сам, белы.
Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,
Не зазнаў бы ніколі ўжо гора…
Можна тут веру даць—толькі слухаць душой…
Курганы шмат чаго нам гавораць.