Шляхам жыцьця (1913)/VI/На Дзяды

У купальскую ноч На Дзяды
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1913 год
На Куцьцю
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Дзяды (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На Дзяды.

Хто там стогне так на ўзьмежку,
На капцы у полі?
Як згубіўшы к долі сьцежку,
Як незнаўшы долі.
Ці там вецер водзіць гулі
Так па самагубе,—
Бы сваё дзіцё матуля,
Песьціць ды галубе?
Ці над бацькаўскай магілай
Жаліцца сіротка,
Ці сваей шукае мілай
Хлопец-адзінотка?
Ой, не плачэ брат над братам
На мяжы кургана,
А бядуе так душа там
Зьвязана, скавана.
Хто умее слухаць,—можэ
Шмат пачуць чаго там;
Як прычытвае нябожэ,
Бы Лазар пад плотам.
Не жылося мне даўней так,
(Льецца гэткі голас),
Не такі мой быў палетак,
Іншы меў ён колас.
Шла мая ў даль дзіва-сіла,
Як-бы хвалі Нёмну;
На касе сваей насіла
Княжэцку карону.
Ніў маіх ніхто-б ня зьмерыў,
Ні зьлічыў сялібаў;
Мела ў пушчах многа зьвера,
Многа ў водах рыбы.
Заседала, расьцвітала
За гадамі годы;
Залатые думкі ткала
С шчасьця і свабоды.
Мелі страж гранічны вехі;
Гадавала дзетак
І чэкала з іх пацехі,
Як вясною с кветак.
Трох сыноў дала судзьбіна
Да майго парога,
А такіе—сын у сына,
Як нідзе, ні ў кога!
Іх пясьціла, як умела,
Ласкаю вясёлай;
Красак, сонца не жалела
Я для іх, саколаў.
І расьлі яны, расьлі так
Мае княжэнята
На багацьце, на прыбытак,
На вось тое сьвята,
Як са мною будуць разам
Жыці, панаваці,
Славы быць жывым абразам
У людзей і ў хаце…
Бегам беглі дні і ночкі,
Леты за летамі…
І павырасьлі-ж сыночкі
Самі, як не самі.
Як дубы у полі чыстым,
Як сасонкі ў боры,
Як у небе абадзістым
Тые сьвечкі—зоры,—
Так магучы, яснасьветны
На пагляд былі ўсе,
Хоць да бою з апраметнай…
Ажно сьвет дзівіўся!
Ды ўдаліся, ой, сынкі мне
Не аднэй натуры,
Як-бы тые ноткі ў гымне
Цішы і віхуры.
Працавітаго быў першы
Складу і нагібу,
Так, здаецца, што й памершы,
Ўсё араў, касіў-бы.
За другім была ахвота
К лежні, к панаванню;
За чужой-бы жыў работай,
Спаў-бы да зьмеркання.
Трэці ўсіх-бы толькі мучыў—
Склад меў быці катам,
С паганякаю на ўзруччы
К зьдзекам быў заўзятым.
Вось, такой натуры, складу
Ў іх я дачэкала;
На дармо, як мёд-прынаду,
Думка ў думку ткала.
Не прышлось мне жыць на сьвеці
Ў славе і дастатку:
Загубілі родны дзеці,
Загубілі матку.
І сярэдні, і малодшы,
Родные дзяціны,
Як мая—пашлі к салодшай
Ласцэ без прычыны.
Ў сьвет збрылі чужы дзівіцца,
Гнуць у ёрмы шыі…
І ўтапілі ў чужаніцы
Душы маладые.
Аставаўся толькі старшы
Гаспадарыць дома,
Бо ат тых быў гаспадаршы,
Хоць быў ў іх за лома.
Аставалася адна я,
Сын адзін са мною,
Як той путнік на разстаю,
Летам і зімою.
Сяк, ці так, жылось паволі
Ў палавіне з горэм
Тым у хаці, тым на полі,
А другім за морэм.
Аж дакучыла, знаць, далей
Недзе так бадзяцца,
І сынкі зьбірацца сталі,
З-за далёк вертацца.
Як прышоў дамоў, сярэдні
Выгледаў багата,
Й не пазнаў, як зьвер пасьледні,
Ні мяне, ні брата.
Ў плуг запрог свайго браточка
На век, да сканання,
А мяне асенней ночкай
Выгнаў на бадзянне.
Як дамоў вярнуўся меньшы,
Сьвету як увідзеў,—
Аказаўся дасьціпнейшы,
Чым сярэдні, ў крыўдзе,
Над старэйшым братам ставіў
Стражы і запоры,
Цела ранамі крывавіў,
Зьдзекаваўся ў горы.
Зьдзекі далей строіць дай-жэ,
Ласку с сэрца выжыў:
Суд судзіў, што я, не я ўжо,
І расьпяў на крыжу.
Так мая краса завяла
І маей сялібы!
Ліхата апанавала
І капцы, і ськібы.
Атплацілі роднай матцэ
Княжэняты-дзеці:
Відмай кінулі бадзяца,
Сіратой гібеці.
Ходзюць, гонюць сухавеі
Праўданьку сьвятую;
Брата брат не разумее,
Брата брат катуе.
Я на гэтым на кургане
Ўсё сяджу і плачу,
Ўсё чэкаю зьмілавання,
Дый ні скуль не бачу.
Ці апомнюцца сыночкі
У сваей правіне?
Ці загінуць сярод ночкі,
Што і сьлед загіне?..
..............
Стогнуць ветрам калыханы
Ліпы ды бярозы,
А ноч сее скрозь туманы
Золь, слату, як сьлёзы.
Лапацяць крыламі жутка
Кажаны, начніцы,
Як-бы суд спраўлялі тутка
Ведзьмы-чараўніцы.
А душа сама—без хаты,
Знаць, з вялікай мукі
То зрывае с сябе шаты,
То ў крыж зложэ рукі,
То паказвае на плечы,
То капец абойме…
Бог яго усё дарэчы
Зразумее, пойме!
Можэ з іншаго хто краю
Скеміў-бы сумленне,
Што яна там вычварае
З жалю і цярпення.
Што нам кажэ ночкай цёмнай
На мяжы ў пракляцьці,
Як Дзяды ў нас векапомны
Стануць атпраўляці.