Шляхам жыцьця (1913)/VI/На Куцьцю

На Дзяды На Куцьцю
Паэма
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Забытая скрыпка
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Куццю (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На Куцьцю.

I.

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срыбны сьнег іскрыцца;
На бел-сьвет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.
Глуш абнялася с цішыной
І спавівае ўсё у чары,
Паўзуць і сеюць шорах свой
Старым парадкам цені-мары.
Вылазе с цемры бледны звод,
Глядзіць сьліўнём на долы, горы,
І тут і там пускае ў ход
Свае нямые загаворы.
І тут і тамка свой прыгон
Распасьцірае царство ночы;
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.

II.

Заныла ўсё, замёрла ўсё,—
Ня сьпіць адвечнае замчышчэ:
Там пачынаецца жыцьцё
Ў вагнях старога папялішча.
Іскрыстым, блескатным сьвятлом
Заліты княжскіе сьвятліцы,
Дружына вольная кругом
Сталоў дубовых варушыцца.
Золататканы абрусы
С сталоў звісаюць дыванамі,
На абрусох чысьцей расы
Віно красуецца каўшамі.
Духі мінуўшчыны куцьцю
На старасьвецкі лад спраўляюць.
Даўно бываламу жыцьцю
Дары належные складаюць.

III.

На беласьнежны на пасад
Усходзе князь, усходзе княжна;
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумчыва, суважна.
Агні брылянтаў, як зарніц,
Зіяюць с княжэскай кароны,—
Краса бье с князеўных зраніц,
Як блеск маланак развуглёны.
Звярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.
Бярэ коўш соладка віна,
Пье за дружыну маладую,
І княжна с князем пье да дна;
Князь рэч вядзе да ўсіх такую.

IV.

«Адзін, адзін раз толькі ў год
«Збірацца можэм з ласкі Рока,
«Каб лет іржавы карагод
«Зганяць з мінуўшчыны далёкай.
«Нас не кранулі косы зьмен:
«Царым мы ў дум жывых гэйнале,
«Хоць на падмурах гэтых сьцен
«Другіе наш пасад занялі.
«Багі другіе верх бяруць,
«Суды вядуць над нашым краем,
«Сьвяцільні-ж нашы не замруць,
«Што ў сэрцах вольных рассьветляем.
«Прашу паклікаці ганцоў
«І мейсцэ даці ім па чэсьці:
«Ад нашых стоптаных капцоў

«Якіе нам прыносюць весьці?..»

V.

Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў сьвятліцу,
Ідуць суважнаю ступой
І князю, й княжне пакланіцца.—
А першы гэткі сьветлы быў,
Як небам сланные прамені:
Ў руцэ меў сьветач, што на зьдзіў
Усе усюдах зводзіў цені.
А быў другі і з ног, і з рук,
Як гром з жывымі пярунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук,
І лук стальны меў за плечамі.
А трэйці быў і раб, і цар,
І слаб, і дуж ва ўсякім дзеле,
Як вечнасьць, молад быў і стар;
Меў гусьлі—на грудзях віселі.

VI.

І першы князю гэткі сказ
І княжне скажэ міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
«І відзеў, што ешчэ ўсе жывы.
«А толькі ўсё той самы лад:
«З вачэй не зняты йшчэ павязкі,
«Ці йдуць у перад, ці назад,
«Відны сьляды цямрычнай ласкі.
«А як ішоў між іх з сьвятлом,
«Яны пачулі, ах, пачулі:
«Сьляпым заморэные сном,
«Худые рукі ў высь цягнулі.
«За мною ўсьцяж, і тут, і там
«Іх вусны бледные шэпталі:
«Аддайце сонцэ наше нам!
«На што схавалі—расхваталі?».

VII.

Другі за першым князю сказ
І княжне скажэ міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
«І відзеў, што яны ўсе жывы,
«А топчуць толькі ўсё той сьлед,
«Валочуць ёрмы за сабою;
«Ці ўбачуць корч, ці ўбачуць цьвет,
«Аднэю жаляцца сьлязою.
«А як чапнуў стралой аб лук,
«Яны скрануліся ў прассонні,
«І столькі, столькі крэпкіх рук
«К маёй паціснулася броні.
«За мною ўсьцяж, і тут, і там
«Іх вусны бледные шэпталі:
«Аддайце славу нашу нам!
«На што схавалі—расхваталі?»

VIII.

І трэйці князю гэткі сказ
І княжне скажэ міласьцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
«І відзеў, што яны ўсе жывы.
«А толькі торг усё ідзе
«Над іх душою патаптанай;
«Яны, як цені, ў грамадзе
«Маўчаць і йдуць на пір паганы.
«А як я ўдарыў па струне,
«Заметушыліся, як пчолы,
«І на гарэ, і нізіне
«Мне падавалі голас кволы.
«За мною ўсьцяж, і тут, і там
«Іх вусны бледные шэпталі:
«Аддайце песьню нашу нам!
«На што схавалі—расхваталі?»

IX.

Сказаўшы так, маўчаць ганцы,
Маўчыць і князь крыху часіны,
І дасьць адвет такі ў канцы
Ганцам на іхніе навіны:
«Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
«Раз хочуць сонца, славы, песьні;
«Забьюць ім зычные званы
«Прабудным звонам на прадвесьні.
«Сваей забранай старане,
«Скаванай мучаніцы-княжне,
«Ўзнясуць пасад на кургане
«На панаваньне недасяжне.
«На дзеле—кожны йшчэ слугой,
«У думках—вольные ўжо людзі;
«Над сэрцэм іх, над іх душой
«Наш дух вітаці вечна будзе.

X.

«Вы, другі верные, ганцы,
«Як летась, сёлета, на лета
«Ўсе пагранічные капцы
«Абходзьце зноў з маім прыветам.
«Гусьлямі, лукам і святлом
«Будзіце, клічце і сьвяціце,
«І так спануйце іхнім сном,
«Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.
«А по́куль поўнач не прыйшла,
«Вясьці бяседу будзем далей;
«Засядзьце ўсе кругом стала,
«Хай зазьвініць віно ў крыштале.
«А чарку першую ўзнясём
«За цень мінуўшчыны у сеці,
«Другой к цяпершчыне прапьём,
«Праславім будучыну трэйцяй.»

XI.

Садзіцца княжна, князь, кругом
Садзіцца вольная дружына;
Шуміць бяседа за столом,
Плыве часіна за часінай.
І разгараецца ясьней
Паходня радасьці забытай,
І сьветазарнасьцей сваей
Вясёлкі сее самавіты.
Ямчэй нацягваецца лук,
Цэль рассекаюць агнестрэлы,
Дрыжыць паўціна і павук,
Дрыжыць прыблудак ачарнелы,
Ракочуць гусьлі звон-у-звон,
На мір-сьвет розгалас нясецца,
Як мір-сьвет, коціцца разгон
І ў думцэ казкай раздаецца.

XII.

Плыве шумліва, як рэка,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач ад’значае.
Залопаў крыльлямі пятух,—
І ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
Замоўк разгул, агонь патух,
Старое згасла папялішчэ.
На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамерыў…
А быў тут хто, або ня быў,—
І так і гэтак мала веры.
І так і гэтак свой прыгон
Распасьцірае царство ночы:
Салодкі сон, магільны сон
Сьмяецца сьвету ўсяму ў вочы.