Ігнат і пьяўкі Страх
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Сват
Іншыя публікацыі гэтага твора: Страх (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Страх.

«У страха вочы вялікі».
«Да пары́ жбан воду носіць».
(Прыказкі).

Ці з ласкі, ці з неласкі Боскай,
Не нашым гэта судзіць зданнем—
Стаяла вёска бліз Лагойска
С сваей нудой і нарэканнем.
А ў ёй жыў Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся—ад пялёнак.
Быў Юрка чалавек ня дрэнны,
Адно быў трохі пустамеля:
Аж так і трэскаюцца сьцены,
Як расхлюсьціцца мала-веля;
Не раз ён с толку сам сабьецца,
Ці праўду рэжэ, ці сьмяецца.
А як крыху ён быў падпіўшы,
Свае тады не пазнавалі:
І ў поўнач с папраці расцвіўшай
Зрывае кветку на Купальле,
І на Узвіжэнне з зверамі
Гуляе ноч, як с сваякамі.
Німа яму ніякіх страхаў:
Шаптун, ведзьмак прад ім хавайся!
Самога чорта нёс пад пахай,
С самою ведзьмай цалаваўся!
Такі ўжо Юрка Данілёнак,
Як нарадзіўся—ад пялёнак.
Але на нашым зьменным сьвеце
Німа, бач, сталаго нічога,
І салаўём пад час запеці
Ваўка прымусяць безпутнога,—
Так наш і Юрка, як ніколі,
Зьмяніўся с часам паняволі.
Было, як помню, гэта самай
Перад Вадохрышчэм куцёю.
Вячэру зьеўшы, да Адама
Зышліся ўсе мы грамадою—
От, пры лучыне ў цёплай хатцэ
Паваражыць, пазабаўляцца.
Былі старые і малые,
Падросткі, хлопцы і дзеўчаты;
Крычаць адны, сьмяюцца тые,
Аж так і рвецца гоман с хаты!
І Юрка тут, і па сваёму
Прагаварыць не дасьць нікому.
Я слухаў, слухаў, дый цярпення
Не стала слухаць перахвалкаў!
Слоў колькі, вышаўшы у сені,
Шапнуў Лявону і Міхалку;
Пагаварыўшы, зноў прыходзім
І гутарку неўзнак заводзім:
— «Хто (тут я к Юрку вокам кінуў)
Адважны з вас такой парою
Ў манеж схадзіць, набраць мякіны
І к нам сюды вярнуцца з ёю,—
Хаця і поўнач ужо пэўне,
І першые ня пелі пеўні?»
Тут хлопцы жыва падхапілі:
Вось, Юрка нам дакажэ славы!
Ці-ж ён бы страха не асіліў?
О, ён для дружбы, для забавы
І ў пекла, калі трэба, сходзе—
Адважным гэта сьмех і годзе!..
Наш Юрка, хоцькі, ці ня хоцькі,
Не рад с свайго ўжо выхваляння;
Папхнуўся ў ток той серад ночкі —
А з ім наш сьмех і наругання.
Аж вось, праз нейкіх мінут дваццаць
Мы чуем: «гвалт! ратуйце, братцы!»
На двор мы выбеглі ўсе гурмам:
Ляціць наш Юрка, як здань, белы,
У сенцы, ў дзьверы валіць штурмам,
Як ліст ад ветру, дрыжыць цэлы;
Убег у хату, дух ня зьмене,
Якбы у чортавай быў жмені.
Мы ўсе яго давай у хаці
Прыводзіць к ладу і спакою,
Давай сьмяліць, давай пытаці:
— Што, гавары, было с табою?—
Той, страх змагаючы авечы,
Пляце нястворэные рэчы:
— «О, Езу! Божэ мой вялікі»—
Ён так расказ пераплетае:
«Я чуў няземскіе там крыкі,
Была там сіла неземная!
З усякім страхам я пазнаўся,
А з гэткім век не спатыкаўся!.
«Іду ў манеж я той Рыгораў,
Прышоў і мацаю у куце,
І думаю сабе ўжо скора
Да вас з мякінаю вярнуці:
Аж калі хапну я за нешта—
І сіл маіх прапала рэшта!..
«Згубіў і памяць, і адвагу,
Дрыжу, хістаюся, як колас,
І не магу, і даў-бы цягу,
А тут—бух! нейкі страшны голас:
Не чалавечы, не сабачы—
Люцыпар с пекла неіначэй!
«Сабраў я тут астаткі сілы,
Ды як нагамі не задыдню!
Хоць-бы схавацца да магілы,
Але ўцячы ад гэтай злыдні!
І прыляцеў к вам гэтак брацьця,
Вы-ж прыце чорта выганяці!..»
І ўсім не па сабе нам стала:
Мурашкі бегаюць па целе,—
А што, як праўды тут не мала,
І ўбіўся чорт на самым дзеле?
Але ўсе надрабляем мінай
І ў ток зьбіраемся з лучынай.
Ідзём. І Юрка дрыпе ззаду.
Прышлі. З увагай, як належэ,
Давай шукаць пужалу, здраду
Па ўсіх вуглох, куткох манежа.
Аж, бач, у куце, у мякіне
Ляжыць сьвіня, як усе сьвіні!!!
Ўсе ў рогат! кпінкі і прытыкі
Пашлі у ход на ўсе староны.
Зух Юрка! Чорт жыў і вялікі!
Ці не пагнаць вадой сьвянцонай?..
А Юрка… Юрка с пустамелі
Стаў с часам сьмелым і на дзелі.