Шляхам жыцьця (1913)/VII/Трох Будрысаў

С Конрада Вальленрода Трох Будрысаў
Верш
Аўтар: Адам Міцкевіч
1913 год
Арыгінальная назва: Trzech Budrysów
Пераклад: Янка Купала
Пані Твардоўская
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тры Будрысы (Міцкевіч/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Трох Будрысаў.

Стары Будрыс трох сынаў, як сам, ёмкіх літвінаў
На дзядзінец заве і гаворэ:
Коні с пашы вядзеце; зброю, сёдлы браць с клеці!
А спраўляцца мне жвава і скора.

З Вільні вестку мне далі, што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры сьвета староны:
Вольгерд рускіх біць едзе, Скіргел—ляхаў-суседзеў,
А князь Кейстут заграбіць Тэўтоны.

Дзяцюкі вы ня зломкі, для радзімай старонкі
На вайне пашукайце ўспамогі…
Ня йду сёлета з вамі,—знаю—трапіце самі;
Трох вас ёсьць і тры ёсьць вам дарогі.

Вось адзін хай пасьпее за Вольгердам ў Рассею
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там—саболі і лісы, і злацістые місы,
І ў баяраў там грошы—як лёду.

Едзь другі да Кейстута, а ўвіхайся там крута,
Крыжакам дай, як сьледна, па пятах;
Меруць там на асьміны брыліянты, бурштыны,
Дарагіх шмат ксяндзоўскіх арнатаў.

Скіргел с трэцім памчыцца там, дзе Вісла бурліцца;
Беднату там убачыш ліхую,
Але возьмеш за тое узбраенне стальное,
І мне стуль прывязеш сынавую.

Бо дзе я ня быў толькі, спадабаў адны Полькі,—
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы, як смоль—чорные бровы,
Як дзьве зоркі, так сьвецюцца вочы.

Маладым чэлавекам, я стуль быў прад паўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яна ўжо ў магіле, я ўбываю на сіле,
А ўсё-ж міла гляджу ў ту старонку.

Даўшы так асьцярогу, блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Сходзе восень, зіма йдзе, сыны ўсё там—вайна дзе;
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.

Па сьняжыстай дарожцэ, мчыцца ў зброі хтось к вёсцэ,
А пад буркаю нешта хавае:
Кубел—гэта, знаць,—ноша, а ў ім рускіе грошы…
Не!.. Палячка—твая сынавая.

Па сьняжыстай дарожцэ мчыцца ў зброі хтось к вёсцэ,
А пад буркаю нешта хавае:
Мусіць с Прусаў, мой сыну, цягнеш кубел бурштыну…
Не!.. Палячка—твая сынавая.

Па сьняжыстай дарожцэ трэці нехта прэ к вёсцэ,
А пад буркай вяліка дабыча,
Будрыс—што?—не пытае, толькі госьці склікае,
На вясельле іх трэцяе клічэ.