Штурм (1930)/Поэмы/Горад вятроў

Яе шлях Горад вятроў
Паэма
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Парыж у агні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Горад вятроў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГОРАД ВЯТРОЎ

… Ночка швэндае між чынар
І пад сьцягам замежных місій
Разьдзірае краіну ўгар
І нянавісьць у кожнай рысе.

Не прадбачыў варожы стан,
Што разыдуцца гэткія ўзмахі,
Што паўстане Азэрбайджан
На палацы старых Шырваншахаў.

Ветры з поўдню на ўсход цякуць
І маўчаць апараты Юза.
І ня можа заснуць Баку,
Калі нафце закрыты шлюзы.

Вышкі пальцамі ў неба узмылі
і з аддалю
здаецца так:

— Толькі дай гэтай вышцы крыльлі —
Беларускі ўстане вятрак!
Змрокі ночы хаваюць стан
І на моры
вясла узмахі.
Быццам дрэмле Азэрбайджан
Над мячэцямі Шырваншахаў.

Змрокі ночы — жалобны крэп.
Ціш — ад Грузіі да Кітая…
Дзесьці там —
Закасьпійскі стэп
ў зялёны тумая над гаем…

Там цяпер небасхіл — як мазут
і слупы вырастаюць строем.
Дваццаць шэсьць
На расстрэл вязуць —
і вужакай уецца поезд.

Кінь, паэт, сваіх песьняў жудзь,
Кінь акорды зурны і тары,
Калі сёньня каты заб‘юць
Дваццаць
шэсьць
камісараў…

Неба…
Раньне…
І насыпу скат.
І усталі яны бяз стону.
І кожны сказаў:
— Я загінуць рад
За росквіт жыцьця мільёнаў!

Прад золакам
ціха шапоча трава
і словы Шаўмяна застылі:
… Ленін пасобіць…
Сэрца — Масква…
Каб ведаў
Язэп Джугашвілі…

… Заўжды за тых, хто калісьці марнеў
Помстаю сэрца ные.
Гады адпалалі.
і жаркі той гнеў
Мы плавілі ў звон індустрыі!

Здаецца паданьнем
гадзіна пакут
У час агнявы, веснавейны.
У жылы машын улівае Баку
Чорную кроў басэйнаў.

І кожнай артэрыі
кажа пульс
З узгоркаў, нізін і скважын,
Што мы на атаку варожых куль
Мацнейшай атакай адкажам!

Горад ажыў…
Куды вокам ня кінь —
Згінулі рэшткі ночы,
Звонка выкрыкваюць хлапчукі:
— Сьвежы „Бакінскі Рабочы“!

Дым ахутвае фабрык строй,
Вырастаюць вялізныя гмахі:
Не прадбачыў горад вятроў,
Што разыдуцца
гэткія ўзмахі!