Штурм (1930)/Поэмы/Яе шлях

Дванаццатыя ўгодкі Яе шлях
Паэма
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Горад вятроў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Яе шлях (Лявонны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯЕ ШЛЯХ

1

… Старана з багацейшым мінулым,
Пералесісты, згорблены стан.
Для мяне ты —
Імя Марыулы
З улюбёных калісьці „Цыган“…

Ціхі бор захаваў свае думы
І глядзіцца ў вакенцы вазёр.
Гэтак многа таемнага суму
Тут схавана
ад дзедавых пор.

Гэтак многа журбы і трывогі
На забытых сьцяжынках лягло,
Але вабяць
сівыя парогі
І нябёс пераліўнае шкло.

На малінавай зорцы растаньне
І балотаў спрадвечная твань…
Там электрыкі дзіўнай мільганьне
Зараз новую
ўзьвесьніла рань.

І ў маторным, склікаючым гудзе
Чую я —
ты ўзрасьцеш, старана,
Ты напоіць здраньцьвелыя грудзі
Сілай той, што нязнана для нас!

Вочы з часам — глыбей ўсе і сіньшы,
сеюць звон
Сотні новых падкоў…
Вырастала, між тысячы іншых,
Героіня і гэтых радкоў…

2

Хатай часта —
глухі гушчар,
Дахам —
Лісьце яго жывое,
Дар жыцьцёвы —
сумотны дар —
Жабракаў
нудой непакоіць,
У сям‘і
пастуха Ніканора
Алёна —
дачкой ня роднай.
Калыхала Алёну
гора
Ветразьзю
непагоднай.
У сям‘і —
кожны лішні рот
Адчуюць балючым
узімку…
І дзяўчынка
ў сьлязвлівы шрот
Шапацела:
„Адгэтуль, каб…
зьнікнуць…“
… Вось і мачысе
шчасьця ком:
— „Ад паскуды
ідзе збавеньне,“
Яе крэўны —
Арцем Чысьцякоў -
Алёну бярэ
„на маленьне“…
Адвязе
у якісь манастыр
Пад „престольным градом“ —
Масквою…
… Без Алёнкі —
адзін пустыр
Мо‘ зальлецца
ў тузе сьлязою.


3

Ў манастырскай школе — суровасьць…
А дзяўчыне — шаснаццаць год.
Сакаліныя, гордыя бровы
І пачуцьцяў ліхі карагод.

Галадуе Алёнка тута
Пад уціскам сьвятога „Крыжа“,
Безбрэжнае мора пакуты,
Бязвыходная роспач і жаль…

Ёй-бы крыльлі, ды моцы бяздоньне
Не парканы, а вольная шыр!..
І хаваецца блёклае сёньня
Ў таямніцах дзявочай душы.

… І бягуць за хвілінай хвіліна,
Пахмурнее жаданьняў вянок.
І ня бродзіць у кляштарнай стыні
Бурапенных уздымаў віно,

І раптам —
сівыя званіцы
Нібы нехта з абшараў зрыў,
І гатовы палегчы ніцма
Калішнія гаспадары,

Векапомныя, грозныя хвалі…
То Кастрычніка жорсткі вал.
Ён рукою з бранёвае сталі
Шмат каму па шыям наківаў!…

4

Імчыцца завея…
І непагадзь сее.
і сьцюжу,
і лёскат,
і боль…
Чырвоныя дахі,
Упіцца-б размахам,
Наўёмнай такой
барацьбой!

А вецер усюды, —
Скрозь громы і гуды —
На Лепель,
на Мозыр,
на Менск…
Па шпалак — ня людзі,
А цені іх блудзяць —
Так многа
нябачаных зьмен!

Шалёныя коні.
Трымайся, Алёна, —
У шторме гудзіць акіян.
Яно ‘шчэ настане —
жыцьцё і каханьне
Бяз дыму ўсялякіх заган!..

і будуць лагуны
Вялікай Комуны —
Як вынікі зьдзейсьненых мар…
Трымайся, Алёна,
Ў вялізным разгоне,
Калі ў навакольлі —
пажар!

… Замітусіліся тыдні і месяцы.
Трэба Алёне кідаць манастыр.
Воля жыцьцёвая ў сьценах ня месьціцца, —
Ў час адступленьня — запальвай масты!

У перамогу няўхільную верым мы.
Многа ахвяраў…
Як здань уначы —
пешкам па насыпу… Вёрсты ня мераны
Ўбачыць радзіму — і там супачыць…

Сястрой у шпіталі…
Ў „Мадэрне“ з програмкамі.
Прачкай уночы і ўдзень — за латком…
Значыцца, — доля за моцнымі клямкамі,
Значыцца, гора ня выліць радком…

Час паспрыяў яе сталасьці раньняе.
Многа Алёнай узята журбы.
Ў сэрцы дзявочым
каханьне нязнанае
Мяккімі клоччамі сьнежнай гурбы.

Шмат перажытага ў далеч прасыпана,
Попел спатканьняў, адвагаі сьмерць…
Новымі хвалямі, новымі рыпамі
Ў быт зьдзірванелы ўрываецца сьмерч!
...............
...............
І з кожнай хвіляю кладзецца вораг ніцма.
А час бяжыць… Бягуць падзеі ўгрунь.
І воля сьветлая, і радасьць будаўніцтва
Запаланілі нашу Беларусь!

І скончыла педтэхнікум Алёна,
І ў вёсцы зараз — першы актывіст…
Што ёй варожыя наветы і праклёны,
Што ёй кулацкі падхалімны сьвіст?

Яна праходзіць з вучнямі чытанку,
І як пазбавіцша трохпольных ланцугоў,
І ў дымнай хаце часта аж да ранку
Чытае лекцыі бязбожжа для дзядзькоў.

Яна на варце нашых аванпостаў.
Ёй хутка трыццаць… А які запал!
Марнее у царкве сівы апостал, —
Эмблема сумная: забыты клерыкал.

Мы ў барацьбе губляем часта словы,
Але нам ня згубіць кіруючы маяк,
І шмат Алёнаў-дочак пастуховых —
На стройцы вялізарнейшай стаяць!..