Шыпшына (1927)/III/Нашто захавала

Спаткаем вясну Нашто захавала
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1927 год
Дзяўчына
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нашто захавала.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАШТО ЗАХАВАЛА

Нашто захавала у сэрцы тугу,
ці радасьці можа няма?
Глянь — вунь трава шалясьціць на лугу,
а ўчора зьвіваўся туман —
зьвіваўся туман.

Бывае маркота, жалоба і сум, —
я зьведаў такія навалы,
а ўсё-ж маладосьці шчасьлівай вясну
навотлю ня кінуў на хвалі —
ня кінуў на хвалі.

Бяз суму і радасьць ярчэй не гарыць,
а роспачы, плачу — ня трэба!
Маўклівая хвоя стаіць на гары,
стаіць і глядзіцца у неба —
глядзіцца у неба.

У будучнасьць глянь, у мінулае глянь, —
(імкнуцца, імкнуліся людзі),
тады ты ня станеш, як белая здань,
і плачу ніколі ня будзе
ніколі ня будзе!

2-IV—27 г.
Менск