Шыпшына (1927)/V/Што сказаць

Дрыжаць у шэрані Што сказаць
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1927 год
Ты вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Што сказаць (Глебка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШТО СКАЗАЦЬ

Што сказаць у словах, што сказаць у песьні,
што сказаць, каб радасьць не ўтаіць?
Зацьвіла краіна, зацьвіла прадвесьнем,
зацьвіла дарога з Крыму да тайгі.

Зіхаціць так сонца, зіхаціць вясною,
зіхаціць і сыпле іскры на палі…
Павалілі ветры, павалілі хвою,
павалілі хвою, — дуба не зваліць!

Дзе ты навальніца, дзе ты запрапала,
дзе ты навальніца? — скалыхні зямлю!
Хмары над сусьветам, хмары і навалы,
хмары на усходзе, сонейка люблю.

Што сказаць у песьні, што сказаць у словах,
што сказаць да сонца, месяца і зор?
Скалыхніся, хмара, скалыхніся, волат,
скалыхніся — нетры параўнуй да гор!

Зацьвіла краіна, зацьвіла прадвесьнем,
зацьвіла дарога з Крыму да тайгі.
Зазьвініць хай сэрца, зазьвініць хай песьня,
зазьвініць сусьвету, — радасьць не ўтаіць!

15-III—27 г.
Менск