Эпітэт сьмерці «Кастуся»
← Дойлід | Эпітэт сьмерці „Кастуся“ Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1926 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 107 |
Навязі і кудмяні → |
Эпітэт сьмерці „Кастуся“. Кожды дасьледчык міталёгіі павінен лічыцца з тым, што імёны мітычных асоб зьяўляюцца акрэсьленьнямі-эпітэтамі і што кождая мітычная постаць мела іх па некалькі. Гэта пацьвярджае нам індуская міталёгія, якая захавала ў сваей прадаўнай пісьменнасьці многія эпітэты мітычных постацей. Прыкладам Індра (па нашаму—Пярун) мае некалькі дзесяткаў эпітэтаў, каторыя акрэсьляюць яго сілу, мужства, ласкавасьць да людзей, будзіцеля прыроды, валадара маланак і інш.
Падобна гэтаму мітычная істота, якая увасабляла постаць сьмерці і нябыту, ў крыўскім фольклёры дахавала некалькі эпітэтаў, якія характэрызуюць яе даволі ўсестаронна. Да гэткіх належаць „Баба-Юга“, або проста „Югася“ (прыносіць зіму і завеі, рас.: „вьюги“), „Мара“, „Сьмерць“ (валадарка „мораку“, цемні, нябыту) і ўрэшце „Кастуся“ (якая не мае цела, а толькі адны косьці, зраўняй прыказку „Баба-Юга, касьцяная нага“). Кожды з гэтых эпітэтаў акружаны ў народным фольклёры цэлым цыклям легенд-мітаў або забабонаў, якія падробна і ўсестаронна характэрызуюць мітычную постаць сьмерці. Падобна як страшному Лесавіку, народ надаў, з боязьні, каб не ўквяліць яго, эпітэт „Дабрахот“, гэтак і да эпітэту сьмерці „Кастуся“ дадаюць яшчэ з боязьні, другое акрэсьленьне яе—Ласкавая: „Ласкавая Кастуся“. Вера ў тое, што названая сваім уласным імем мітычная істота можа мсціцца, прымушала первабытнага чалавека ўласныя імёны заступаць эпітэтамі. Дзякуючы веры ў сілу слова і ў сілу высказанага імені, жыды цяпер ня ведаюць як вымаўляецца імя Бога, хоць напісаньне яго ведаюць. „Адонай“[1]), „Іегова“—гэта ня імёны, а толькі эпітэты. Эпітэты, замест імён, вельмі разпашыраны ў нашым фольклёры ня толькі ў стасунку да сьмерці, ці Лясавіка, але такжа і да другіх істот. Прыкладам наш селянін імя агонь—заступае эпітэтамі: „сьвятло“, „цяпло“, „багач“, „багацьце“ (жар). Іскру называе „зьнічка“ (параўняй—„Зьніч“, названьне сьвятога агня). Чорта называе „той“, „гэны“, „нячысьцік“, Нават чыннасьць нагрэваньня дравамі печы не гаворым мы „паліць у печы“, але „тапіць“ (бытцам кідаць агонь у ваду), „цепліць“, хоць ужо ня верым, што ад вымаўленага слова , „паліць“, можа запаліцца хата.
З другой-жа стараны эпітэт падаваны сьмерці нашым народам „Ласкавая-Кастуся“ характэрызуе глыбока-філёзофічны погляд нашага народу на сьмерць, каторая прыймаецца ў некатарых здарэньнях, не як страх і зло, а як вышэйшая ласкавасьць. Каб дайсьці да гэткай характэрыстыкі сьмерці на гэта трэба быць народам з дужа старой культурай і з вельмі яркімі перажываньнямі ў мінуўшчыне, якімі і запраўды могуць пахваліцца адзіна Крывічы на славянскім усходзе.
С. Т.
Зноскі
правіць- ↑ Эпітэт—Адонай, сходны з імёнамі: Адоніс, Одын і Доннэр (Пярун). Адонай на Сынайскай гарэ паказаўся Майсею ў громе і маланках.