Якуб Колас — Збор твораў (Пушча)

Якуб Колас — Збор твораў
Крытыка
Аўтар: Язэп Пушча
1929
Крыніца: Узвышша. — 1929. — №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Якуб Колас. — Збор твораў з портрэтам аўтара і крытыка-біографічным нарысам У. Чаржынскага. Том першы — выпуск першы і другі. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва 1928 г.

Першы выпуск пачынаецца, абмінаючы портрэт аўтара і крытыка-біографічны нарыс, вершам, які датаваны 1901 г., а другі выпуск канчаецца вершам 1927 г; такім чынам, перад намі амаль ня чвэрць стагодзьдзя творчай працы поэта ў лірычным жанры. Шмат да чаго абавязвае рэцэнзэнта, падыходзячы да ацэнкі такога поэтычнага докумэнту. Перад намі дзьве кнігі лірыкі поэта, за якім лічыцца гучная слава і зусім заслужаная.

На мой погляд дарэмна так многа полемізуе аўтар крытыка біографічнага нарысу У. Чаржынскі ў пытаньні пэсымізму-оптымізму коласаўскай лірыкі, імкнучыся, у штоб там ні было, давесьці, хоць і літамонтажом, апошняе палажаньне.

Дарэмна аўтар узяў сабе гэта асноўную тэзу свайго нарысу, бо яно ўнутрана не выцякала з коласаўскай лірыкі, але аўтар хацеў знарок, зусім у непатрэбным, апраўдаць Коласа перад нашай сучаснасьцю, як поэта з оптымістычным настроем. Гэта тэндэнцыйная ўстаноўка нарысу перашкодзіла аўтару зразумець творчую індывідуальнасьць нашага поэта. Таксама трэба пашкадаваць, што аўтар артыкулу крыху легкавата абходзіцца з тэрмінолёгіяй, я маю на ўвазе нэо-романтызм эўропейскай літаратуры ў гады нашаніўства; мабыць, аўтар тэрмінам нэо-романтызм хацеў аб'яднаць - імпрэсыонізм, сымболізм, а можа і футурызм у вадзін стыль. Мне здаецца, за імпрэсыонізмам, сымболізмам і футурызмам ужо ўстаноўлены больш-менш пэўныя і дакладныя паняцьці, і непатрэбна перад чытачом іх затушоўваць такім неакрэсьленым тэрмінам, як нэо-романтызм, падводзячы пад гэтую катэгорыю і лірыку Якуба Коласа, — бо-ж трэба было паказаць, што і Колас жыў адным жыцьцём з сучаснай яму эўропейскай літаратурай. Гэтым аўтар артыкулу нічога не прыпісаў хвалебнага Коласу, а толькі сам глыбока памыліўся. Я ўпэўнен, што Якуб Колас нічога агульнага ў нашаніўскі кругабег ня мeў з тагочаснай эўропейскай поэзіяй, як у сэнсе тэматычным, так і ў сэнсе формальным, мастацкім у традыцыйным разуменьні гэтых катэгорый, гэта ніколькі ня зьніжае Коласа, як паэта, як мастака беларускага слова; дзякуючы гэтаму ён здолеў застацца больш орыгінальным нацыянальным беларускім поэтам і больш беспасрэдным.

Якуб Колас, з некаторымі агаворкамі можна сказаць, пачаў тварыць у дзіцячыя гады нашай поэзіі. Ён з Купалам першы загаварыў па-мастацку ў тую шчасьлівую пару. І ўсё, што яны гаварылі, было новым, цікавым і выдатным, бо трэба прызнаць, што гэта гаварылі сапраўдныя поэты, выдатныя творчыя індывідуальнасьці, таму і іхняя творчасьць здолела прабіцца з глыбінь на сьвет і выклікаць да творчага жыцьця новыя пясьнярскія пакаленьні.

Коласаўскі дыапазон у лірычным жанры, трэба сказаць, ня вельмі шырокі. Ён поэта свайго часу з ціхай і глыбокай эмоцыянальнай натурай. Ён сьпяваў пра тое, што перажыў і адчуў, адсюль такая беспасрэднасьць яго творчасьці. Трэба адзначыць, што за 23 гады працы ў лірычным жанры Якуб Колас астаўся суцэльным. Вершы яго застаюцца формальна аднымі-ж і тымі, няма зьвіхаў, паваротаў да новых магчымасьцяй. Яны ўсе зьліваюцца ў адну засмучаную мэлёдыю, якая пасьля пераходзіць у больш шырокія, але ўсё-ж ціхія і павольныя хвалі яго, пакуль што ад інага ў нашай літаратуры эпосу. Лірычны жанр для Якуба Коласа гэта толькі ачышчэньне ў "сьвятое сьвятых" поэзіі.

Ня гледзячы на соцыяльную насышчанасьць коласаўскай лірыкі, усё ж павінны прызнаць, што яму менш за ўсё ўдаюцца вершы на грамадзкія тэмы, яго тут творчы ўзьлёт зьніжаецца амаль да частушкі, але Якуб Колас, каб застацца поэтам ад жыцьця, а ён быў заўсёды такім, бязумоўна, ня можа адмовіць надзенна-грамадзкай тэматыкі.

Строфічна лірыка Коласа беднаватая не таму, што пераважна чатырохрадковая строфіка, а таму, што Якуб Колас строфу неяк ня можа замкнуць, верш неяк пераліваецца з аднае строфы ў другую, адчаго траціцца гучнасьць коласаўскай лірыкі.

Колас, як ніхто другі з беларускіх поэтаў, зьяўляецца народным у сэнсе сялянскім толькі яго дарэволюцыйная сялянская тэматыка для нашых дзён страціла часткова сваю актуальнасьць.

Я. Плашчынскі


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.