Як вясну гукалі (1927)/Легенда пра песьню

Пра кветку „брат-сястра“ Легенда пра песьню
Апавяданьне
Аўтар: Васіль Каваль
1927 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕГЕНДА ПРА ПЕСЬНЮ


∗     ∗

Па вясковых згорбленых завулках ходзіць ня казка, ня псальма, а легенда — аб тым, як склалася песьня.

Старыя людзі з пасівелымі думкамі кажуць так:

— Сьвятая праўда!

Так было.


∗     ∗

Людзі на зямле жылі — замораныя, прыціснутыя. На плячох насілі зрэб‘е, а пад ім ўсё-ж такі білася мяцежнае сэрца. Працавалі яны да поту, да скону — і ўміралі на каханай зямлі пад заўныўны звон стэповых вятроў. Ня ставілі на могілках, як у нас, крыжоў — знакаў пакуты, а насыпалі ў стэпу курганы. Вясною курганы зарасталі мурожным цьветам. А вецер стэповы раніцай з-за чорна-чорных гор пеў курганна-хаўтурную песьню.

Слухалі людзі

Ня ведалі, што пяе вецер.

Воддаль ад сутарэньняў, плёскалася мора, а з боку слаліся імшары.

Ласкава-вясёлае, сьмяшліва-сіняе, як сьветлая дарога жыцьця — бясконцным абрусам слалася мора.

А часам было лютае, трывожнае, як думкі злодзея — тады яно гнала чалавека, узьнімала ў грудзёх абурэньні хвалі за крыўду…

Маладыя кахаліся зорнымі вечарамі пры ўсплёсках мора. Душа ірвалася некуды ў далеч — у той стэп няслася з ветрам. І простаму сэрцу хацелася расказаць другому паслухмянаму сэрцу аб шчасьці ды горасьці.

А песьні ня ведалі.

Таму й жылі так, бязрадасна, бо не маглі зьліць накіп душы ў нешта прасторнае і неабдымнае.

Так было…


∗     ∗

Малады пастух пасьвіў статак ля мора. Вабіла яно, як сябра, і з гэтага берагу сьмяялася чаратамі і трысьцём.

Многа раз гаманіў ён з морам, а яно было такое прыгожае, такое бунтоўнае і ласкавае, — што паліла кроў, як першы пацалунак маладой пастушкі.

І не аднойчы казаў сабе:

— Эх, мора! Люблю я цябе бясконца.

Казаў, і любіў проста, як умеў…

І здарылася раз нешта нязвычайнае: выплыла з ціха-сіняга мора дзяўчына дзіўнай прыгожасьці. Марскою царыцай здавалася яна. Бліскучае, хітрае сонца грэла ў яе пралескавых вачох, а на грудзёх блішчэлі дыямэнты, абвітыя каралямі з жоўтых і сініх красак.

І яна засьпявала. Малады пастух — у зрэб‘ях — стаяў зачарованы. Ніколі ён ня чуў ні такіх зыкаў, што расьлі, як срэбраныя званы, то зьніжаліся да шуму лістоў, ні такога хараства ды раздольля. Песьня-ж была простая: струменіла да сінючага неба, цалавала мора, зямлю, прастор. І шмат чаго гаварылася ў той песьні: апявалася праца, жыцьцё бяздольнага чалавека — ад самай труны да калыскі.

Малады пастух палюбіў мора і песьні.

Зрэзаў на беразе трысьцё і зрабіў сабе жалейку, тады самі песьні лезьлі ў галаву; гойдаўся ў стэпу вецер, шумела трысьцё; мора — ласкавае, і сэрца музыкі пылала жарам…

— Слухайце песьню ў грудзёх:
яна скажа вам быль…
Мы грамадою ідзём,
сьлёзы дарэмна ня выльлём…

Складаў песьні, як умеў, выліваў з жалейкай сваю душу. І навучыўся так многа песень. Людзі-ж зьбіраліся й слухалі: песьняю хваляваў думкі, думы казалі пра жыцьцё, гналі наперад; песьні афарбоўвалі жыцьцё ў краскі. Людзі зналі песьні — вылівалі душу, быў смутак агортвала яго вясёлая песьня…

— Сьвятая праўда!

Так склалі песьні.

Так было.

І так гавораць…


∗     ∗

Я ляжаў у глухім лесе каля вогнішча, слухаў ядраны шум хвой і глядзеў на зорна-бліскучае неба.

Трашчэў агонь — тлелі думкі.

Вячэрні змрок з туманам даўно падняўся з па-над вёскі, а адтуль няслася песьня — шырокая, неабдымная, як гэта неба…

Жыцьцё і песьні!..

І тады, неяк рытмічна ўспомнілася „вясковая праўда“ аб тым, як склалася песьня…