Як вясну гукалі (1927)/Пра кветку «брат-сястра»

Буй-Вецер Пра кветку „брат-сястра“
Апавяданьне
Аўтар: Васіль Каваль
1927 год
Легенда пра песьню

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРА КВЕТКУ „БРАТ-СЯСТРА“

„Ой, на Івана раным-рана
Будуць дзеўкі краскі рваць…
Будуць дзеўкі краскі рваць —
Нас з табою ўспамінаць“…
З народнай песьні

∗     ∗

…Пад жалейку берасьцяную пастуха-лерніка ў жоўта-лістым гаі, пад шэпт расы-красы, калі хмель на тычынах павіваецца — у народзе кажуць песьні-легенды, перажыткі — казкі.

І народам пераказываюцца тыя паданьні:

пра кветкі купальскія,
пра жыта ядранае,
пра дробныя людзкія сьлёзы
і гора палыновае…

І разносіць буй-вецер па Беларускіх абшарах і перажыткі людзкога жыцьця, а журавы нясуць іх у далячынь-вырай.

— Беларусь!

Беларусь мая песенна-казачная, ты губляеш-раскідваеш свае пялёсткі ў рытмах новага —

буйна-квяцістага,
гулка-звоннага жыцьця!

Зарасьлі ў даль прыгожа-песенную сьцежкі рутай-мятай пахучаю…

У пару вяснова-радасную,
у пару восенна-жоўтую —
шапацяць-звоняць
лісты-пялёсткі…

І трапляецца мне часамі, ідучы сьцежкай-дарогай мурожнаю зьбіраць тыя пялёсткі, завіваючы ў вянок з сініх васількоў у жыце…


∗     ∗

Сівенькі дзядуля апавядаў мне пра гэта.

— Бывае часам у людзей гора, як хмара чорная… І сыпяцца тады сьлёзы на жоўты жвір-камень…

Нарадзіўся сын у жанчыны, і аднясла яна дзіцё-сына на сіні Дунай.

— Ой, ты ціхі Дунай, калышы маё дзіцё! — так пяецца ў той песьні.

Ішлі гады карагодам-чарадою.

І расла ў той краіне кветка палёў ды лясоў — дзяўчына красуня…

Ішлі гады карагодам-чарадою.

Узгадаваў Дунай на сініх грудзёх сына забытага людзьмі.

Сустрэліся ў пару маладую на гора ліхое дзяўчына-красуня з хлапцом забытым людзьмі, і моцна закахаліся, як ня можна кахаць жыцьцё. А па старому звычаю дзядоў-продкаў іх ашлюбавалі…

Толькі тады праведалі, што дзеці адной мацеры — брат ды сястра.

Нельга было зламаць закон той страшэнны, і ня было моцы чалавечаму адчуваньню разьвязаць гэта простым розумам…

І сказаў брат сваёй сястры:

— Пойдзем, сястрыца, к ціхаму Дунаю ды ўтопімся з табою!

А ціх-Дунай кажа:

— Не вазьму.

А сінія хвалі кажуць:

— Выкінем…

І сказаў брат сваёй сястры:

(Так гаворыць песьня-легенда)

— „Пойдзем, сястра, у цёмны лес
ды раскінемся травою.
А ўсё-ж тою травою,
што брацейка ды з сястрою“…

— На Купалу на Івана пойдуць дзеўкі ірваць кветкі, будуць у песьні пець пра нас…

І раскінуліся ў цёмным лесе кветкаю, што завуць:

— „Брат-сястра!“

Часта ў народзе ўспамінаюць гэтую кветку.

І з нязвычайнай любасьню кажуць:

— Вось прыгожая кветка — „брат-сястра!“ Брат — сіні цьвет, а сястрыца — жоўты цьвет…

Складаюць песьні-легенды пра прыгожа-вясновую кветку „брат-сястра“.


∗     ∗

…Трапляешца мне часта, ідучы сьцежкай-дарогай мурожнаю, зьбіраць тыя пялёсткі, завіваючы ў вянок з сініх васількоў у жыце.