Янка Купала (Луцкевіч)

Якуб Колас (Луцкевіч) Янка Купала
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1918
Крыніца: Našy pieśniary: Litaraturna-sacyjalnyja narysy (1918)
Цішка Гартны (Луцкевіч)
Першы варыянт — пад псэўд. Антон Навіна — Гоман. 1917. 16 тр.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Янка Купала (Іван Луцэвіч) радзіўся ў 1883 гаду ў ваколіцы Акопы, пад Мінскам, у хаце бацькі свайго — хлебароба. Яшчэ дзецюком ён прыстаў на службу ў суседнім дворным бровары і там, стоючы пры машыне, у рытм яе грукату чыркаў на паперы свае думкі, зусім несьвядома выліваючыеся ў форме вершаў.

Думкі, думкі весялушкі!

Скуль вы узяліся,

Што у мысьлях, нібы птушкі,

Песьняй азваліся?

— пытаецца паэт у вершу «Да сваіх думак» і не знаходзіць на сваё пытаньне адказу. Бо Купала запраўды пясьняр «з волі Божай», і вершы яго — гэта адгалоскі ўсяго, што ён бачыць навакол, што перажывае з дня на дзень. Купала піша, бо ня можа не пісаць, бо словы самі вырываюцца з душы, прыбіраючы думкі паэта ў артыстычную форму.

Зь неспакоем думкі роем

Верцяцца ў душы,

На сьвет божы, сьвет прыгожы

Рвешся ўвесь з глушы.

(«Думкі»)

Пачаў пісаць Купала перад рэвалюцыяй 1905 году, калі рух беларускі толькітолькі пачынаўся, укрываючыся ад вострых вачэй расійскіх жандараў, калі яшчэ ў поўнай меры трывала забарона беларускага друку. Можна з поўнай пэўнасьцю сказаць, што пачатак творчасьці Купалы — зусім самабытны, ня зьвязаны з гэтым рухам. Купала пісаў свае вершы незалежна ад ідэй, будзіўшыхся ў беларускім грамадзянстве. І першыя пробы пяра яго — гэта апісаньні чыста асабістых думак і перажываньняў, гэта абразкі з жыцьця беларускай вёскі і роднай прыроды.

Ужо першыя вершы Купалы, нягледзячы на нявырабленасьць, адзначываюцца абразовасьцю, лёгкасьцю і музыкальнасьцю, хаця матэрыял, каторым карыстаецца паэт, яшчэ вельмі просты. Такімі простымі словамі апісвае ён свой край:

Не вясёлая старонка

Наша Беларусь,

Людзі: Янка ды Сымонка,

Птушкі: дрозд ды гусь.

Поле: горы ды каменьне,

Потам зьліта ўсё,

Сенажаць — адны карэньні,

Сівец ды куп’ё.

Родзе шнур несамавіта,

Сколькі б працы ўнёс:

Ячмень з сажай, з званцом жыта,

Зь сьвірэпкай авёс.

Не багатыя і вёскі —

Садоў у іх ня знаць;

Толькі часам дзе бярозкі,

Як тычкі стаяць.

А па вёсках люд убогі ,

Век бяда ў крук гне...

(«Зь песьняў аб сваей старонцы»)

Купала любіць гэту сваю Бацькаўшчыну, любіць гэты «люд убогі», бо ўсё гэта — роднае для яго, блізкае яго сэрцу. Ён таксама проста, але заўсёды маляўніча і жыва дае апісаньні нашых дрэў, палёў і сенажатак, сваей сошкі і касы. Як жыва апісан у вершыку «Пры скаціне» мамэнт, калі на першы гук пастырскай трубы будзіцца раніцай вясковае жыцьцё:

Яшчэ і сонца не ўзышло

Людзей на днеўны труд будзіць,

Тру-гу! тру-гу! на ўсё сяло

Труба пастырская гудзіць.


Тру-гу! тру-гу! ўставай,

Хто жыў, адзін, другі,

Вароты адчыняй,

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!


Устае сяло на трубны гук,

Сьпяшыць к жывёліне сваей,

І вот раздаўся рык і грук

Кароў авечак і сьвіней.


Тру-гу! тру-гу! ідзі

На поле, на лугі,

Скацінка, і глядзі,

Друг дружку не бадзі.

Тру-гі, тру-гі, тру-гі!

Вершы Купалы — гэта часта запраўдныя песьні: толькі музыкі да іх нехватае! Да чысла гэткіх вершаў-песень адносіцца перш за ўсё яго «Песьня жнеяў», напісаная ў 1906 гаду:

Пагнуўшы ў крук худыя сьпіны,

Сярпом махаючы крывым,

Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчыны,

Пры доўгай постаці стаім.


І дружна жнём

І паддаём

Адна адной

Ахвоты больш,

І песьню жаласна пяём...

у каторай паўтараючыйся пасьля кожнай строфкі прыпеў так і просіцца на ноты. Гэтаксама і вершык «Касцу», толькі напісаны ў іншым рытме і іншага характару — больш жывы, бойкі:

Стук, стук, стук, малаток,

Кляпі коску, мужычок,

Кляпі востранька сваю,

А я песеньку сьпяю

Гоп, гоп, гоп!

Я табе сьпяю...

Яркія здарэньні 1905 году прыдаюць вершам Купалы больш грамадзкі характар, і мы бачым у яго першыя праявы збудзіўшайся чалавечай гордасьці:

Я мужык-беларус, —

Пан сахі і касы;

Цёмен сам, белы вус,

Пядзі дзьве валасы.

Бацькам голад мне быў, —

Гадаваў і карміў;

Бяда маткай была,

Праца сілу дала.

Хоць пагарду цярплю,

Мушу быць глух і нем,

Хоць сьвет хлебам кармлю,

Сам мякіначку ем...

Зь цяжкай працы маей

Карыстаюць усе,

Толькі мне за яе

Няма дзякуй нідзе...

.................................

Эх, каб цёмны ня быў,

Чытаць ксёнжкі умеў, —

Я бы долю здабыў,

Я бы песенькі пеў!

Я б патрапіў сказаць,

Што і я — чалавек,

Што і мне гараваць

Надаела ўвесь век!

* * *

Апрыч гордасьці, Купала выяўляе і пачуцьцё сваей моцы — моцы сына зямлі, каторы зразумеў, на што ён здолен:

Я багач, я магнат! —

Усім рад, усім сыт! —

Што мне пан, што мне кат!? —

Цэлы сьвет мне адкрыт!

Я усё закляну,

Усё сілай папру, —

З гор зраблю даліну,

А з далінкі гару!

Затрымаю ваду,

Цёмны бор павалю,

А як з сошкай пайду, —

Увесь сьвет накармлю!

(«Зь песень беларускага мужыка»)

Але найбольш яркае выражэньне пачуцьця моцы народнай даў Купала ў сваім вершу «А хто там ідзе?», напісаным у 1906 гаду і заняўшым месца беларускага нацыянальнага гімну:

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У вагромністай такой грамадзе?

— Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На ў лапцях нагах, на ў крыві руках?

— Сваю крыўду.

А каму нясуць гэту крыўду ўсю?

А куды нясуць на паказ сваю?

— На сьвет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,

Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?

— Бяда, гора.

А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім сьляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

* * *

Усе вершы, аб каторых мы тут гаварылі, адносяцца да 1905—1906 гадоў і выйшлі ў асобным зборніку пад названьнем «Жалейка» ў 1908 гаду (Пецярбург. Выд. суполкі «Зягляне сонца і ў наша ваконца» 80 160 стр.). Усё гэта — разам зь вершамі, друкаванымі ў 1906 г. у «Нашай Долі» (у Вільні), а таксама ў пачатку існаваньня «Нашай Нівы», — замыкае сабой першы пэрыяд творчасьці Купалы, пэрыяд, у каторым наш пясьняр, сідзючы на вёсцы, жыў толькі вельмі вузкім кругам спраў і інтарэсаў, калі ўся яго псыхіка зьлівалася з псыхікай масы. Новыя варункі жыцьця, у якіх Купала апынуўся хутка пасьля рэвалюцыі ў Расеі, вызвалі глыбокія зьмены ў яго душы і адкрылі перад яго вачыма новыя кругазоры, новыя дарогі. Жыцьцё ў Вільні, а пасьля ў Пецярбурзе, дзе малады паэт некалькі гадоў слухаў лекцыі на агульнаасьвятовых курсах, першы раз пазнаёміўшыся з сыстэматычнай навукай, дало новы кірунак духоваму разьвіцьцю Купалы: ён пачаў глыбей ўглядацца ў жыцьцёвыя справы, пачаў сьвядома выбіраць тэмы для сваіх работ. Але ані атмасфэра вялікіх мест, ані новыя варункі, ані новыя людзі, акружаўшыя Купалу, не забілі ў яго душы дзіўнай сьвежасьці і беспасрэднасьці перажываньняў. Купала як быў, так і астаўся песьняром вёскі, але пры гэтым усё ярчэй пачынае выступаць індывідуальнасьць яго: ён ужо не зьліваецца з тэй сярмяжнай народнай масай, каторая жыве адным жыцьцём, а даходзіць сьвядомасьці свайго я і глядзіць на ўсё навакол іншымі вачыма.

Сьледам за «Жалейкай» выходзіць рад як вялікшых твораў Купалы, так і новых зборнікаў. У 1910 гаду надрукована яго «Адвечная песьня», абраз вершам у ХІІ зьявах (Пецярбург. 80 . 32 стр.), дзе перад намі праходзіць усё жыцьцё чалавека ад калыскі да магілы, і чалавек той — беларускі селянін-хлебароб, засуджаны доляй на вечнае змаганьне за кусок хлеба, на вечную пакуту. Твор гэты, апрыч сваей літаратурнай вартасьці, цікавы апісаньнямі быту нашай вёскі. У тым жа 1910 гаду з друку выйшаў другі зборнік Купалы — «Huslar» (Пецярбург. 80 . 80 стр.), у 1912 — драматычная паэма ў абразох «Сон на кургане» (Пецярбург. 80 . 100 стр.), а ў 1913 — вялікі том вершаў пад агульным загалоўкам «Шляхам жыцьця» (Пецярбург. 80. 264 стр.) і напісаная прозай «Паўлінка», сцэнічны твор у 2 актах са шляхоцкага жыцьця, заняўшый пачэснае месца на сцэне беларускага тэатру.

Раўнуючы «Huslara» да «Жалейкі», мы бачым у ім вялікі крок упярод. Калі ў прадмове да «Жалейкі» Купала ня меў яшчэ сьмеласьці назваць сябе паэтам («Я не паэта, о крый мяне Божа!»), дык у «Гусьляры» ён зь незвычайным размахам сьмелай рукой ударае ў струны сваіх гусьляў, і словы яго зьвіняць моцна, гучна:

Гэй, гусьляр, гусьляр!

Ты удар, удар

Па струнах-званах,

Дай нам зь песень дар,

Дум вялікіх чар,

К сонцу зорны шлях

Дай, гусьляр, гусьляр!


Дзе залёг абшар

Курганоў-ахвяр,

Сей, засей прасьвет.

Ты, слуга і цар,

Ты дудар-званар, —

Чуе, знае сьвет...

Эй, гусьляр, гусьляр!


Перавалы хмар,

Цемру, зводы мар

Выжый звонам струн;

Як вялік і стар

Сьвет, зямлі папар,

Ты ад гумн да гумн

Запануй, гусьляр!


Дай паходням жар,

Лінь жыцьцё ў бор-яр,

Не мінай вакон;

Строй ваякаў шар,

Кроў сагрэй, як вар,

Сказам новых дзён...

Грай, будзі, гусьляр!

(«Гусьляр»)

Як рэзка розьніцца гэты верш ад усіх ранейшых, з каторымі мы тут пазнаёміліся!

Зборнік «Huslar», нягледзячы на вялікі поступ у свабодзе ўладаньня словам і ў панаваньні над вершам, становіць яшчэ ня «сказ новых дзён», а толькі запаведзь іх. Бо тут спатыкаемся ўсё з тымі ж матывамі і перапевамі, якія бачылі ў «Жалейцы». Папраўдзе «сказ новых дзён» становіць літаратурны прыбытак Купалы, сабраны ў зборніку «Шляхам жыцьця».

Тут верш Купалы — яшчэ гучней, яшчэ больш музыкальны. Гэтаксама і ў паэме «Сон на кургане» русалчыны песьні — то чыстая музыка зыкаў. Словы слухаюцца думкі песьняра і пакорна ўкладаюцца так, каб мысьль і форма яе выражэньня захоўвалі роўную гармонію. А гэта гармонія асаблівую вагу мае з таго часу, як Купала пачаў шукаць тэм для сваіх твораў у гэткіх багатых беларускіх павер’ях, легендах, старых сказах, як ад дзён сягоньняшніх зьвярнуўся да мінуўшчыны. «Сон на кургане», «На Куцьцю», «У Купальскую ноч» і т. д. адкрываюць зусім новы цыкл твораў — легенд, якія занімаюць у беларускай літаратуры асабліва выдатнае месца.

Пашыраючы з кожным годам свой кругазор, углядаючыся на ўсё прасьвятлеўшымі вачыма, Купала, малюючы ў сваіх вершах умілаваныя родныя абразы («Шляхам жыцьця»), апявае красу прыроды не ў фатаграфіях зь яе, а ў натхнёных гімнах сонцу і зямлі:

Вольным гоманам хвоек высокіх,

Туманамі санлівых нізін,

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе як адзін!

Распусьці залацістыя косы,

Схаладзелы загон ацяплі,

Асьвяці лугавыя пакосы,

Ўсходы новыя сей на зямлі.

Зь непатульнай пакорнай зямліцай

Заручыся, шлюб вечны вазьмі,

Разьлівайся люстранай крыніцай

Між даламі, гарамі, людзьмі...

Рассыпайся па сёлах, па нівах,

Брыльянцістай, ажыўчай расой;

У вясёлках купайся цьвятлівых,

Ласкай сэрца, душу супакой...

Як у сьвята Купальскае, сонца,

Свой жывы абнаўляеш паглёд,

Аднаві славу нашай старонцы,

Аднаві яе сумны народ!

Хай нам явары вечныя думы,

Думы-байкі шасьцяць, шалясьцяць,

І нясуцца хай гэтыя шумы,

Па бел-сьвету ляцяць, хай ляцяць!..

Дык глянь з хорамаў вольных, высокіх

Да Крывіцкіх туманных нізін...

Казкай векаў блізкіх і далёкіх

Клічам, сонца, цябе, як адзін!

(«Песьня сонцу»)

Зь якой — быццам рэлігійнай — павагай малюе наш пясьняр абраз жніва ў вершу «Жніво»:

Насьпелая постаць шчасьлівых пасеваў

За вёскай, на сонным лясоў рубяжы,

Сьсівелы ўжо колас схінула к мяжы

У сумным шаптаньні: «дзе, жнеі мае, вы?»

І жнеі зышліся. — Направа, налева,

Кладучы ў снапы каласы-старажы,

Зашасталі глуха сярпы, як нажы,

Пад жніўныя, вечна-старыя напевы.

Спагадная, нудная песьня плыве,

Губляючы ў пушчы свае пералівы

У шэлестах белага коласу нівы.

Плыве гэта песьня ка мне і заве,

І ў сэрцы зьвініць, як каса у траве:

«Ты такжа, брат, сееш... А дзе тваё жніва?»

У гэтых вершах выяўляецца ўжо сур’ёзны, глыбокі, шчыры артыста. А адна з характэрных рыс яго — гэта пладавітасьць і лёгкасьць вершаваньня. Да вайны ў некалькіх томіках Купалы і ў часопісях надрукована толькі частка твораў яго, а рэшта, узрастаючы з кожным годам, жджэ на свой чарод. Купала мала працуе над сваімі вершамі: яны ў яго ад першых творчаскіх праяў родзяцца неяк самі. Праўда, у іншых зь іх ёсьць з гэтай прычыны розныя недахваткі; але нават імправізацыі яго не губляюць ад гэтага сваей цэннасьці. Вось адна зь імправізацый Купалы, напісаная ім у часе бяседы ў кружку прыяцеляў:

Залягла, як пасьцель,

Лебядзіная бель

На загон, на курган.

І кажан, і груган

Занямеў не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег...

За старухай зямлёй

Ты пасьцель, дружа мой,

Узваліў на душу,

Як бы крыж на мяжу,

І ўжо рад не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег...

Думкі, сэрца, паглёд

Абліў лёд, скаваў лёд.

Так спавіў, спавіў сам,

Каб лягчэй было там,

Ды жыцьцё не на сьмех:

Гэта сьнег, толькі сьнег...

Ты і жыў, і любіў,

Ты ня ўмёр і забыў,

Каб нічога ня дбаць,

Сьмела ў даль паглядаць,

Быць самым не на сьмех...

Гэта сьнег, толькі сьнег...

Хтось — сваяк, не сваяк —

Як жыў, скончыўся так.

Прагудзеў поп і звон;

Ідзі з памяці вон:

Бой за хлеб не на сьмех!

Гэта сьнег, толькі сьнег...

Мо і лёгкія дні...

Не зачэпяць ані

Ні бяда, ні нуда,

Ні агонь, ні вада...

Само шчасьце, сам сьмех!

Гэта сьнег, толькі сьнег...

(«Сьнег» па Пшыбышэўскім)

У сваіх творах Янка Купала ў апошнім пэрыядзе творчасьці дае яркае выражэньне тым думкам і ідэалам, якія родзяцца ў душы толькі што збудзіўшагася ад векавога сну беларускага народу. Купала — адзін з найбольш яркіх ідэолягаў беларускага адраджэньня, і гэта — яго «сказ новых дзён». У цыклах вершаў «Бацькаўшчыне», «Сваім і чужым» і інш. («Шляхам жыцьця») Купала кліча свой народ да новага жыцьця, да вольнай творчай працы, да будаваньня будучыны. Паэт гарачымі славамі стараецца будзіць у беларусаў тую гордасьць чалавечу, каторая напаўняе яго ўласную душу жаданьнем волі; стараецца ўліць у сэрцы сваіх сярмяжных братоў веру ў ясьнейшую долю, каторая ўжо йдзе да нас. Душа песьняра вычувае той пераварот, які адбываецца ў самай глыбі народных мас, і гэта Купала высказвае ў сымбалічнай «Песьні-байцы», па сваей форме напамінаючай нейкія таёмныя заклінаньні:

З-за далёку із усходу

Віхар мчыцца ў непагоду,

Байкі сее маладыя;

Думка чуе, думка ные...

...Ціха. — Бачце: штось віднее,

Льецца нейкая надзея,

Штосьці едзе з новым сватам,

З новым шлюбам з хаты ў хату...


Скінь лахманец непазорны,

Пыл згані з ваконцаў чорны,

Пыл згані хутчэй з ваконца, —

Шапні-клікні: сонца! сонца!..

Быццам зь песьняй, быццам з ласкай,

З чараўніцкай нейкай казкай,

З-за далёку із усходу

Віхар мчыцца ў непагоду...

З поўнай верай, што пачуцьцё яго споўніцца, з поўнай верай у сьветлую будучыну Купала кліча:

Гэй, наперад, покі сэрца

Б’ецца, рвецца на прастор,

Годзе млеці ў паняверцы;

Гэй да сонца! гэй да зор!

Хай бацькі стагналі ўчора,

Йшлі на той сьвет без пары;

Сёньня ў нашай моцы гора,

Мы жыцьця гаспадары!

(«Гэй наперад»)

Гнеўна кідае пясьняр вострыя словы тым, хто сіліцца ўдзяржаць прачнуўшыйся народ у старой няволі («Ворагам Беларушчыны»), з гораччу вылічае старыя крыўды, учыненыя беларусам «чужымі»:

Людзі чужыя! Хтось калі зьліча

Вашу нам шкоду:

Зьліча праступкі... к суду пакліча

Крыўда народу.

* * *

Хаця творчасьць Купалы толькі нядаўна дайшла свайго расьцьвету, ужо і цяпер трэба зусім шчыра прызнаць, што Купала мае бясспорнае права насіць імя беларускага нацыянальнага песьняра: ён папраўдзе заслужыў на гэта.

Незалежна ад гэтага, трэба адзначыць яшчэ адну заслугу Купалы перад беларускім народам, каторая выдзяляе яго з доўгага сьцягу беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў. Поруч з тым, як творчасьць яго узбагачывалася ўсё новымі тэмамі і новымі перажываньнямі, той запас слоў, які Купала вынес з роднай хаты, аказваўся лішне бедным. І вось, знамяніта вычуваючы дух беларускай мовы, Купала сьмела пачаў тварыць зусім новыя словы, каторыя, выражаючы найбольш тонкія адценкі, незвычайна ўзбагачалі беларускі славар, прысвайваючы беларусам масу новых паняцьцяў. У гэтым — адна з найбольш сур’ёзных заслуг гэтай бясспорна найвялікашай сілы ў беларускай літаратуры, і зусім справядліва крытыкі называюць Купалу «беларускім Шаўчэнкай». Багацьце слоў і дае Купале магчымасьць дайсьці тэй музыкальнасьці верша, каторая яшчэ болей усілівае красачнасьць абразоў, дае ілюзію, быццам у гарачы летні дзень мы чуем запраўды, як «нудна ў полі зьвініць авадзень», чуем «звон сярпоў і сьпеў жняі».

Імя Янкі Купалы запісана ў беларускім руху ня толькі як імя паэта: у апошнія гады ён заняў выдатнае становішча ў грамадзянскім жыцьці беларусаў як рэдактар часопісі «Наша Ніва», каторую вёў у 1914 і 1915 гадох ажно да таго часу, калі пры адступленьні расейцаў зь Вільні яго прымусілі адгэтуль выехаць як ваеннаабавязанага.