Організацыя белых і чырвоных на Беларусі Падзеі першай палавіны 1862 году ў Польшчы і на Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Падзеі другой палавіны 1862 году ў Польшчы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЗЕІ ПЕРШАЙ ПАЛАВІНЫ 1862 Г. Ў ПОЛЬШЧЫ І БЕЛАРУСІ.

Першая палавіна 1862 году дае мала фактаў надворнага выяўленьня руху. На першы погляд можа нават здавацца, што рух спыніўся. У рачаістасьці справа стаіць ня так. Рух схаваўся ў глыбіню. Ідзе далейшая організацыя і зьбіраньне паўстанцкіх сіл.

Белыя ў Польшчы, як і раней, імкнуцца выкарыстаць для сваіх мэтаў усе легальныя магчымасьці. Яны прымаюць удзел у выбарах і ў працы павятовых і гарадзкіх радаў, што вясною пачалі ўжо дзейнічаць на аснове ўгоды Велепольскага. У процівагу чырвоным, якія сваёй агітацыяй падымалі сялян проці паноў, белыя задаліся мэтаю „зблізіць двор з хатаю“ ў імя народнага адзінства. Гэтае збліжэньне яны думалі зрабіць культурніцкай дзейнасьцю. Яны лічылі, што даволі даць асьвету сялянству, каб яно, забыўшыся аб соцыяльна-экономічнай розьні паміж сабою і панам, пайшло за ім па шляху адбудаваньня Польшчы. Працуючы ў гарадзкіх і павятовых радах, белыя дабіваліся асыгнаваньня сродкаў на пачатковыя школы. Апроч таго, яны організавалі прыватныя школкі пры дварох і пры касьцёлах. Настаўнікамі ў школах і школках былі панічы і паненкі, якія вучылі бясплатна сялян чытаць і пісаць. Выдаваліся адпаведныя кніжкі, як для навучаньня, так і для чытаньня. Ідэалізавалася старая Польшча, ідэалізаваліся ўзаемаадносіны паміж „добрым“ панам і „паслухмяным“ селянінам. Каб больш прыцягнуць сялян да ўчобы і да збліжэньня з дваром, дзецям давалі цукеркі, дарослых частавалі.

Селянін не адмаўляўся ні ад цукерак, ні ад пачастунку, але гэта ніколькі не зьмяншала яго варожых адносін да панства. Ён добра разумеў, што гэтая ўвага пана да яго асобы выклікаецца тым, што ён пану патрэбен. Не пакідала яго думка і аб тым, што пан сваім пачастункам як-бы хоча адкупіцца ад вызваленьня яго, селяніна, ад прыгону і ад нарэзкі яму зямлі.

Дырэкцыя ў сваёй організацыйнай працы была даволі пасыўнай. Праўда, яна пачала наладжваць сувязі з тымі краінамі Польшчы, што знаходзіліся пад Прусіяй і Аўстрыяй, а таксама з Украінаю, Літвою і Беларусьсю. Сувязь з Беларусьсю і Літвою была наладжана праз Францішка Далеўскага. Гэтыя сувязі ня мелі ніякага рэальнага значэньня і насілі чыста формальны характар. Дырэкцыя праз Юзэфа Калачкоўскага зьвязалася з Уладыславам Чартарыйскім у Парыжы, але Парыж чамусьці прыняў Дырэкцыю холадна. Замест пашырэньня сваіх уплываў на масы, яна занялася сваімі ўнутранымі справамі і распрацавала для сябе цэлую констытуцыю. На аснове гэтай констытуцыі Дырэкцыя лічыла сябе выканаўчым органам так званага Ваяводзкага Кола, якое было прызнана як-бы яе законадаўчым органам. Ваяводзкае Кола складалася з прадстаўнікоў ваяводзтваў і павінна было сыстэматычна зьбірацца праз кожныя шэсьць тыдняў. Ваяводзкае Кола вырашала ўсе важнейшыя справы, у тым ліку і разыходжаньні ў Дырэкцыі, а таксама разыходжаньні паміж Дырэкцыяй і Андрэем Замойскім, які нібы граў ролю абмежаванага монарха. Дырэкцыя занялася складаньнем свайго грашовага фонду. Дзякуючы організацыйна-фінансавым здольнасьцям Кронэнбэрга, ужо ў першыя месяцы у 1862 году Дырэкцыя мела адзін мільён злотых, што складала каля 150.000 рускіх рублёў. К канцу першай палавіны гэтага году капітал Дырэкцыі ўжо даходзіў да 200.000 рублёў. Ня гледзячы на ўсё гэта, трэба прызнаць, што Дырэкцыя была наогул бязьдзейным органам і ня выявіла той актыўнасьці, якую магла-б выявіць, дзякуючы сваім грашовым сродкам.

Зусім ня тое мы бачым у чырвоных. Яны выяўляюць вялікую рухавасьць і актыўнасьць. Уся энэргія чырвоных накіравана на тое, каб палепшыць форму сваёй організацыі і пашырыць яе склад.

Кола не здавальняе віднейшых рэволюцыянэраў з чырвоных сваёю расплыўчатасьцю. Яны адчуваюць патрэбу у больш цэнтралізаванай організацыі, якая была-б больш моцнаю і дырэктыўнаю. На гэтым грунце вынікаюць вялікія спрэчкі паміж Колам і Мясцовым Камітэтам. Цэлы шэраг сходак і нарад прыводзяць да таго, што Кола было распушчана, і на чале руху стаў Мясцовы Камітэт. У Мясцовым Камітэце вялікую ролю пачаў іграць Яраслаў Дамброўскі, які нядаўна прыехаў у Варшаву з Пецярбургу. Гэта быў выдатны організатар, энэргічны працаўнік і бясстрашны рэволюцыянэр, вядомы потым, як адзін з генэралаў Парыскай Камуны. Апроч Я. Дамброўскага, у Камітэт уваходзілі Хмяленскі і Матушэвіч. Камітэт меў сваю пячатку, на якой былі напісаны першыя тры літары прозьвішчаў членаў Камітэту.

Поруч з Мясцовым Камітэтам існуе яшчэ Акадэмічны Камітэт, які ня хоча прызнаць яго кіраўніцтва. Акадэмічны Камітэт складаецца з студэнтаў Мэдычнай Акадэміі, Школы прыгожага мастацтва і Земляробскай школы. Па некаторых зьвестках Акадэмічны Камітэт яднае каля 25 тысяч моладзі. Прычым сюды ўваходзіць шмат і рамесьніцкай моладзі. Сябры організацыі плацяць членскія складкі і прымаюць спэцыяльную прысягу.

Мясцовы Камітэт пачаў дабівацца, каб Акадэмічны Камітэт падпарадкоўваўся яму. З гэтаю мэтаю адбыліся два супольныя пасяджэньні абодвых камітэтаў: адно ў канцы мая, другое ў пачатку чэрвеня. Пасяджэньні адбываліся вельмі бурна. Дзякуючы настойваньням і ўгаворам Я. Дамброўскага моладзь Акадэміі павінна была пайсьці на ўступкі. Акадэмічны Камітэт вынес пастанову, што ён згодзен распусьціць сябе і ўсе свае організацыі перадаць Мясцоваму Камітэту. Ад акадэмікаў была абрана адна асоба (Данілоскі) у склад Мясцовага Камітэту. Пасьля гэтага Мясцовы Камітэт зрабіўся адзіным цэнтрам усяго чырвонага руху.

Галоўнай бядою Мясцовага Камітэту была адсутнасьць фінансавых сродкаў. На гэтым грунце памяркоўная частка Камітэту ідзе на згоду з больш левымі коламі Дырэкцыі, якая ў гэты час мае сродкі. Памяркоўныя члены Камітэту настойваюць на перавыбарах Комітэту і на ўводзе ў яго склад прадстаўнікоў Дырэкцыі. Па гэтаму пытаньню ў Камітэце адбываецца вялікая барацьба паміж крайнімі чырвонымі і памяркоўнымі. Перамогу на нядоўгі час атрымалі памяркоўныя. У новы склад Камітэта былі ўведзены прадстаўнікі белых, у тым ліку К. Маеўскі. Але Мясцовы Камітэт у такім складзе існаваў ледзь некалькі дзён. Чырвоныя прымусілі белых выйсьці з Камітэту. Барацьба за склад Камітэту цягнецца цэлы месяц. К канцу чэрвеня ў Камітэце большасьць чырвоная, што не перашкаджае, аднак, іграць у Камітэце даволі значную ролю вельмі памяркоўнаму, нават беламу Гілеру. У канцы чэрвеня Мясцовы Камітэт ухваліў прыняць назву Цэнтральнага Народнага Камітэту. Гэтая назва замацоўвала за ім значэньне адзінага цэнтру руху і паўстаньня. Камітэт заявіў на ўвесь край, што ён адзін прадстаўляе інтарэсы ўсяго народу, ня гледзячы на існаваньне Дырэкцыі.

З самага пачатку мы назіраем сувязь рэволюцыйнага руху ў Польшчы і Беларусі з рэволюцыйным рухам у Расіі. Рэволюцыйны пад‘ём у Расіі вызначыўся ў канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў. Усюды растуць опозыцыйныя гурткі, асабліва ў сталіцах. Рэволюцыйны рух у Беларусі і ў Польшчы асабліва шчыльна зьвязаны з Пецярбургам.

Яшчэ ў канцы 50-х гадоў утварыўся опозыцыйны гурток сярод офіцэраў, што вучыліся ў пецярбурскай акадэміі генэральнага штабу. Гурток мае нават сваю падпольную друкарню. У 1861 годзе, з жніўня да лістапада, тут надрукована падпольная проклямацыя-часопіс „Великорусс“, у трох нумарох. Для нас вельмі цікавы другі і трэці нумары гэтага часопісу, у якіх зьмешчана програма опозыцыйнага руху і погляд рускай опозыцыі на польскае пытаньне.

Зьмест програмы такі: Падачаю адрасоў трэба дабіцца ад цара, каб ён склікаў устаноўчы сойм і абавясьціў у Расіі прадстаўнічы лад кіраваньня. Сялянскае пытаньне разьвязана расійсім урадам няправільна. Трэба дабіцца вызваленьня сялян бяз выкупу. Урад павінен таксама зьнішчыць тыя злоўжываньні, якія дапускаюцца адміністрацыяй і поліцыяй. Польшча павінна быць вызвалена з-пад улады Расіі. Гэтага вымагае наша народная годнасьць і гаспадарчыя інтарэсы Расіі. Польшча была далучана да Расіі на Венскім конгрэсе пры ўмове, што ёй будзе нададзена констытуцыя, поўная аўтаномія і народная армія. Гэтую ўмову Расія павінна выканаць. Для кіраваньня Польшчай мы кожны год трацім 40 мільёнаў рублёў, а даходаў з яе тэрыторыі мы ня маем такіх вялікіх, каб яны пакрылі нашы выдаткі. Шмат старыкоў, жанчын і дзяцей у Расіі ня маюць з чаго жыць, бо іх кармільцы высланы ў Польшчу, каб трымаць яе насельніцтва ў няволі. Мы да тых часоў будзем бядаваць, пакуль зусім не адмовімся ад Польшчы.

Паступова рэволюцыйны настрой у Расіі паглыбляецца. У маі 1862 году выходзіць падпольнай проклямацыя „Молодая Россия“, якая па думцы т-ша М. Н. Пакроўскага зьяўлялася „першай спробаю расійскай соцыялістычнай моладзі формуляваць свае патрабаваньні і свае надзеі”.[1] Яна была куды радыкальнейшаю за „Великорусса“. „Молодая Россия“ лічыць, што адзіным сродкам для выхаду Расіі з яе нязноснага сучаснага становішча зьяўляецца „рэволюцыя, рэволюцыя крывавая, якая павінна радыкальна зьмяніць усе без выключэньня асновы сучаснага грамадзтва і зьнішчаць прыхільнікаў цяперашняга парадку“.[2] Проклямацыя настроена адмоўна ў адносінах да Герцэна і да аўтараў „Великорусса“ за тое, што яны маюць надзею на добрую волю цара. З свайго боку Герцэн і нават Бакунін незадаволены зьместам і тонам „Молодой России“, бо лічаць яе занадта рэволюцыйнай і крыважэрнай.

Проклямацыя „Молодая Россия“ робіць пробу клясавага падыходу да рэволюцыі. Яна дзеліць увесь народ на дзьве партыі: партыю імпэратарскую, якую падтрымлівалі цар і капітал, і партыю рэволюцыйную, народную, якая яднае беднату. Рэволюцыя ёсьць крывавая барацьба гэтых партый паміж сабою. Царызм можа быць і павінен быць зруйнаваны толькі агульным узброеным паўстаньнем народнай партыі. Дынастыя Раманавых павінна быць зьнішчана. Раманавы сваёю крывёю павінны будуць заплаціць за векавечнае прыгнечаньне народнай беднаты. Ня трэба баяцца праліцьця крыві народных ворагаў. Ня трэба баяцца, калі мы пабачым, што для таго, каб зруйнаваць сучасны лад, трэба будзе праліць крыві ў тры разы болей, чым было праліта якабінцамі ў часы вялікай Францускай рэволюцыі. Што датычыць народаў, якія сілком далучаны да Расіі, дык яны, у тым ліку і палякі, павінны быць вызвалены. Пасьля вызваленьня ўлада павінна перайсьці ў рукі нацыянальных сходаў гэтых народаў. Нормальным ладам жыцьця паасобных народаў проклямацыя лічыць добраахвотную вольную фэдэрацыю.

У 1861 г. у Пецярбургу распачаліся студэнцкія „непарадкі“. Студэнты таго часу, у сваёй большасьці, зьяўляліся беднякамі. Ня былі выключэньнем і студэнты, што прыехалі ў Пецярбург і Маскву з Польшчы і Беларусі. „Большинство поляков и уроженцев западных губерний в университете отличались крайней бедностью… Поляки и не поляки — это были люди, не имевшие ни своих лошадей, ни дач в Павловске. Это не был пролитариат в социально-экономическом смысле, но это были „пролетарии“ в смысле бытовом, для которых вопрос о добывании насущного хлеба был центральным вопросом существования“.[3] Зразумела, рэволюцыйны і опозыцыйны рух у Расіі ня мог не закрануць польскай і беларускай вучнёўскай моладзі, як цывільнай так і вайсковай. Ужо з канца 50-х гадоў у Пецярбургу існуюць два гурткі моладзі: адзін складаецца з студэнтаў, другі з афіцэраў. У студэнцкім гуртку працуюць Оскар Авэйдэ, Віктар і Кастусь Каліноўскія і інш. Віктар Каліноўскі, пасьля сканчэньня унівэрсытэту застаўся ў Пецярбургу на пасадзе бібліотэкара ў Публічнай Бібліотэцы. Яго пасада была выкарыстана рэволюцыйнымі коламі для папярэдняй падрыхтоўкі членаў гурткоў. У польскім студэнцкім гуртку прымалі ўдзел і расійскія студэнты. Н. Гогель[4] так піша аб гэтым: „Усе запісаныя ў гурток так добра карысталіся творамі Герцэна, патаемна пашыраючы гэты забаронены плод сярод студэнцкай моладзі, што хутка набылі спачуваючых і сярод расійскай моладзі, якая, падрыхтаваўшыся ў унівэрсытэцкіх гурткох, пачала запісвацца ў члены польскай організацыі з рознымі мэтамі: адны з мэтаю злучэньня ўсіх славянскіх народаў, другія — з мэтаю адбудаваньня Маларосіі,[5] трэція — з мэтаю пропаганды неабходнасьці земскага сабору, чацьвёртыя з мэтаю соцыялістычнаю, пятыя — з мэтаю наогул рэволюцыйнаю“. З гэтага вынятку мы бачым, што польскі опозыцыйны студэнцкі гурток прыцягваў да сябе моладзь ня толькі польскую і што ён патрабаваў папярэдняй падрыхтоўкі для сваіх сяброў. Гурток зносіўся з Польшчай і Беларусьсю праз студэнтаў, што на вакацыі выяжджалі з Пецярбургу да сваіх бацькоў. Наогул, у гурткох былі шырокія сувязі і зносіны.

Больш вестак мы маем аб польскім вайсковым гуртку. Сябрамі яго зьяўляюцца Дамброўскі, Серакоўскі, Вараскі і інш. Вайсковы гурток вядзе зносіны з студэнцкім гуртком, адкуль ён бярэ як расійскую, так і польскую рэволюцыйную літаратуру. У першыя гады гурток носіць опозыцыйны культурніцкі характар. Настрой афіцэраў значна падняўся пасьля разгону варшаўскіх дэмонстрацый у першай палавіне 1861 г. Тым ня менш і пасьля гэтага частка членаў гуртка адносіцца даволі скэптыча да магчымасьці паўстаньня ў Польшчы. Як вайсковыя спэцыялісты, яны лічылі немагчымым сур‘ёзнае і пасьпяховае выступленьне паўстанцаў-партызанаў супроць моцнай рэгулярнай расійскай арміі. Калі і гаварылася ў гуртку аб паўстаньні ў Пальшчы, дык большасьць лічыла, што яно можа адбыцца толькі ў параўнаўча далёкай будучыні, калі будзе падрыхтавана глеба да паўстаньня на абшары ўсёй Расіі.

Пакуль гурток гаварыў аб магчымасьці ці немагчымасьці паўстаньня, рэволюцыйны рух у Польшчы і на Беларусі ўзмацняўся і захапляў масы ўсё шырэй і шырэй. У гуртку ўсё больш падымалася цікавасьць да таго, што адбывалася ў Польшчы і Беларусі. На адным з пасяджэньняў у сьнежні 1861 году было ўхвалена паслаць у Варшаву з інформацыйнай мэтай Я. Дамброўскага, выкарыстаўшы для паездкі зімовыя вакацыі. Атрымаўшы рэкомэндацыйныя лісты да варшаўскіх правадыроў руху, Дамброўскі паехаў ў Варшаву. Тое, што ён пабачыў у Варшаве, захапіла яго, і Дамброўскі прыехаў у Пецярбург прыхільнікам неабходнасьці і неадкладнасьці паўстаньня. Жыцьцё гуртка ажывілася. Усе пачалі рыхтавацца да таго ці іншага ўдзелу ў краёвым руху. Што датычыць Я. Дамброўскага, дык ён канчаткова рашыў прыняць удзел у паўстанцкім польскім руху. Вясною ён скончыў ваенную акадэмію, дабіўся назначэньня ў адну з вайсковых часьцей, што была разьмешчана ў Варшаве, і накіраваўся туды. Тут ён прыняў актыўны ўдзел у руху, аб чым мы ўжо гаварылі вышэй. Што датычыць Пецярбускага гуртка, дык ён у далейшы час зьвязаўся мацней з краем, і яго сябры адыгралі потым выдатную ролю ў паўстаньні як у Польшчы, так і на Беларусі.

Аб Беларусі за першую палавіну 1862 году мы маем мала матар‘ялаў. І тут з вонкавага боку наступае як-бы поўнае зацішша. Ваеннае палажэньне, абвешчанае на Беларусі, прыпыніла бурныя маніфэстацыі і дэмонстрацыі. Рэволюцыйны рух схаваўся ў глыбіню. Ідзе па спэцыяльнаму загаду адміністрацыі разбраеньне шляхты расійскай поліцыяй і жандармэрыяй. Зразумела, у адказ на гэта зброя хаваецца ў патаемных мясцох.

Белыя на Беларусі зьвязваюцца з Варшаўскай Дырэкцыяй. Галоўнейшымі фігурамі з лягеру белых на Беларусі зьяўляюцца Старжынскі, Гейштор, Аскерка, Грушэўскі і інш. Ролю польскага Андрэя Замойскага на Беларусі прагнецца іграць граф Віктар Старжынскі, горадзенскі губэрскі маршалак шляхты. Гэта быў багаты польскі „лібэральны“ магнат. Яшчэ ў маладыя гады, у часы кіраваньня Мікалая I, ён за нешта быў высланы расійскім урадам на Каўказ у якасьці звычайнага шэраговага жаўнера. Лібэралізм не перашкаджаў Старжынскаму ў яго бытнасьць на Каўказе прымаць актыўны ўдзел у ўзброенай барацьбе з вольнымі горцамі, якія рашуча абараняліся ад захопніцкай політыкі расійскага царызму. Раскаяньне перад царскай уладай і адвага ў змаганьні з горцамі далі Старжынскаму магчымасьць атрымаць у хуткім часе чын афіцэра і крыж „Георгия“. Шмат гэтаму садзейнічалі і яго сувязі з арыстократычнымі і бюрократычнымі коламі Пецярбургу. Больш цікаваю фігураю зьяўляецца Якуб Гейштор. Гэта — земляўласьнік з Ковеншчыны, бязумоўна лібэральнага напрамку, не без організатарскіх здольнасьцяй. Сярод белых ён быў бязумоўна адным з самых энэргічных дзеячоў.

Белыя на Беларусі групаваліся наўкола Старжынскага, Францішка Далеўскага і Якуба Гейштора. Яны ў першай палавіне 1862 г. пачалі афармляць сваю організацыю. Для гэтай мэты ў маі 1862 г. ў Вільні адбыўся зьезд земляўласьніцкай шляхты. Легальным повадам для зьезду зьяўляецца абмеркаваньне пытаньня аб заснаваньні на Беларусі крэдытовага таварыства. На зьезьдзе прысутнічаюць прадстаўнікі ад усіх 6 губэрань Беларусі. У Вільні ў гэты час прысутнічае ад Пецярбурскай рэволюцыйнай польскай організацыі Ёзафат Агрызка. Якую ролю ён іграў на зьезьдзе, невядома. Мы ведаем толькі, што другі відны працаўнік польскай пецярбурскай рэволюцыйнай організацыі Серакоўскі ня быў згодзен з белымі. Гейштор у сваіх запісках піша аб гэтым так: „з Зыгмунтам Серакоўскім у гэтыя дні мы шмат дыспутавалі. Ён верыў у спачуваньне нам пэўных партый у Расіі і ў магчымасьць паўстаньня з іх дапамогай. Наогул Серакоўскі, хвалячы нашу чыннасьць, лічыў, што мы ідзем занадта павольна".[6] Гэтая павольнасьць зьяўляецца тыповаю для белых і на Беларусі і ў Польшчы.

Як і ў Польшчы, белыя на Беларусі заняліся „культурніцкаю“ працаю сярод сялянства з мэтаю збліжэньня двара з хатаю. Пані, паненкі, паны і панічы і тут рушылі ў вёску з лемантаром, зразумела, польскім. Пры дварох засноўваліся найчасьцей нелегальныя школкі. Гэтыя школкі зусім ня былі зьвязаны з патрэбамі сялянства, нават і культурнымі, бо селянін быў беларус, а школкі былі польскія. Як і ў Польшчы, мы назіраем на Беларусі адмоўныя адносіны сялянства да „культурніцкай“ працы паноў. Селянін не давярае пану, баіцца яго і ненавідзіць.

Тым ня менш мясцовая расійская ўлада заварушылася, лічачы нават і гэтую „асьветную“ працу польскіх паноў на Беларусі небясьпечнаю. Цікава, што міністэрства ўнутраных спраў у Пецярбургу глядзела на справу іначай. У цэнтры лічылі, што асьветная праца беларускіх паноў сярод сялянства ня толькі бясьпечна, але нават пажадана. У офіцыяльным часопісу міністэрства „Северная Почта“ быў зьмешчаны спэцыяльны артыкул, у якім вельмі хвалілі культурніцкую дзейнасьць сярод беларускага сялянства некаторых паняй і паненак у Дзісенскім павеце Віленшчыны. Дзейнасьць беларускіх паноў разглядалася, як добры прыклад для ўсіх памешчыкаў ня толькі на Беларусі, але і ў Расіі. Гэты рознабой у лініі цэнтральнай і мясцовай улады даваў магчымасьць белым на Беларусі і надалей бесьперашкодна займацца на вёсцы культурніцкай працай, якая, аднак, ніякага значэньня для ўцягненьня ў рух сялянства ня мела.

Такі самы рознабой паміж мясцовай і цэнтральнай уладай мы назіраем і ў другім пытаньні. Панства на Беларусі, бачачы варожыя адносіны да сябе мясцовага сялянства, пачало выпісваць да сябе з Пазнані і Галіцыі польскую беднату і абсаджваць яе на сваіх землях, каб мець паслухмяныя і танныя рабочыя рукі. Мясцовая ўлада ў асобе генэрал-губэрнатара Назімава лічыла гэтую выпіску небясьпечнаю зьяваю, аб чым былі накіраваны адпаведныя рапарты ў Пецярбург, у міністэрства ўнутраных спраў. У адказ на рапарты з Пецярбургу прышоў дазвол у пачатку 1862 году на выпіску беднаты з-за межаў і на колёнізацыю яе на панскіх землях. Колёнізацыя пайшла ўзмоцненым тэмпам. Становішча гэтых колёністаў было вельмі цяжкае. Яны пападалі ў поўную экономічную залежнасьць ад земляўласьніка. Апроч таго, мясцовае сялянста адносілася вельмі воража да іх, лічачы іх прыхільнікамі пана, тым больш, што колёністы належалі да аднэй з панамі народнасьці і рэлігіі. У часы паўстаньня прыбылая з-за межаў польская бедната ў сваёй большасьці прыняла ў паўстаньні чынны ўдзел.

Што датычыць чырвоных на Беларусі, дык сярод іх прымячаецца праца па замацаваньню організацыі і па падрыхтоўцы ўзброенай сілы для паўстаньня. Амаль што адначасна з Дамброўскім, вясною 1862 году, у Варшаву прыехаў адзін з выдатных членаў Пецярбурскага польскага вайсковага гуртка Фэрдынанд Вараскі. Ён меў даручэньне па дарозе з Пецярбургу ў Варшаву азнаёміцца з тым, што робіцца ў організацыях на Беларусі і ўстанавіць паміж ёю і Варшаваю сувязь. Гэтае даручэньне Вараскі даволі ўдала выканаў. У Вільні ён прасядзеў цэлы тыдзень. Тут яму ўдалося пабачыцца і мець размову як з прадстаўніком чырвоных колаў Людвікам Зьвярждоўскім, так і з прадстаўніком белых колаў Францішкам Далеўскім. Пасьля размовы з Зьвярджоўскім Вараскі даведаўся, што такая-сякая падрыхтоўка да паўстаньня ў Віленскай губэрні пасоўваецца наперад. Пакрыху гуртуюцца патрэбныя людзі. Ня гледзячы на ваеннае палажэньне і на загад віленскага генэрал-губэрнатара Назімава аб адбіраньні зброі, зброя захоўваецца ў надзейных мясцох. Часам з вялікімі цяжкасьцямі набываецца новая зброя. Адначасна Зьвярждоўскі вызначыў, што пакуль-што сілы для будучага паўстаньня яшчэ вельмі слабыя і нязначныя, а зброі вельмі мала. Праўда, ужо завязваюцца сувязі з опозыцыйна настроенымі афіцэрамі тых расійскіх вайсковых часьцей, што кватаруюць у Вільні і іншых пунктах губэрні, але і тут яшчэ няма значных вынікаў. Адным словам, на аснове слоў Зьвярждоўскага, магчыма меркаваць аб вельмі слабой актыўнасьці чырвоных у Вільні. Аб белых і гаварыць ня прыходзіцца.

З Вільні Вараскі накіраваўся ў Горадню. Тут таксама ўжо існавала організацыя, якая думала аб паўстаньні. Справы ў Горадні ішлі слаба. Вараскі меў размову з членамі падпольнай організацыі — Заблоцкім і Цэханоўскім. Яны ў размове вызначылі, што організацыя ўзрастае, але пакуль-што вельмі павольна.

Значна лепш вялася падрыхтоўка да паўстаньня ў Белавежаскай пушчы, куды Вараскі заехаў па даручэньню Зьвярждоўскага і Цэханоўскага. У пушчы энэргічна працаваў, як агітатар і організатар, крайні чырвоны Валеры Урублеўскі, аб якім мы ўжо гаварылі вышэй. Ён займаў нейкую даволі відную пасаду ў кіраўніцтве Белавежаскай пушчы. Пасада давала яму шырокую магчымасьць весьці сталыя і бесьперашкодныя зносіны з аб‘езчыкамі, лясьнікамі, егерамі пушчы, а таксама і з сялянамі, якія жылі як на тэрыторыі пушчы, так і навокал яе. Вельмі хутка В. Урублеўскаму ўдалося шмат каго ўцягнуць у падпольную організацыю, у тым ліку і сялян. Лясныя гушчары моцна трымалі патаемнасьць організацыі і давалі магчымасьць хаваць запасы зброі. Сялянства тут даволі ахвотна прымала ўдзел у руху, дзякуючы яўна выразнай чырвонай соцыяльнай програме В. Урублеўскага.

Ня спынялася праца і ў Беластоку, што была там распачата Браніславам Шварцэ. У размове з Вараскім Шварцэ зазначыў, што ня толькі ў самым горадзе, але і ў яго ваколіцах організацыя разраслася даволі шырока. Падпольная друкарня ў Беластоку ўжо распачала друкаваць агітацыйную літаратуру на беларускай мове. Ужо зьявілася і пашыралася па Беларусі „Гутарка двух суседаў“. У сярэдзіне 1862 г. ўжо вышаў з друку і пашыраўся па заходняй Беларусі першы нумар проклямацыі — часопісу „Мужыцкая Праўда“, які звычайна прыпісваецца К. Каліноўскаму. Перад намі офіцыйная папера міністэрства Унутраных Спраў ад 23 жніўня 1862 году, з якой мы даведваемся, што першы нумар „Мужыцкай Праўды“ быў знойдзены сялянамі вёсак Бярозаўкі, Ясенаўкі, Падбуржаў і Радовіч Берасьцейскага павету ў часе жніва на палёх. Колькі экзэмпляраў было знойдзена, мы ня ведаем. Магчыма думаць, што экзэмпляраў было ня мала, калі яны папалі ў 4 вёскі і, урэшце, у рукі жандараў. Зразумела, калі ў час жніва „Мужыцкая Праўда“ была ўжо распаўсюджана, дык выйсьці з падпольнага друку яна павінна была значна раней.

В. Ўрублейскі і Б. Шварцэ гаварылі[7] Вараскаму, што да паўстаньня магчыма прыступіць неўзабаве. Вараскі з імі не згаджаўся, маючы, відаць, на ўвазе слабасьць прадрыхтоўкі ў такіх пунктах, як Вільня і Горадня. З такою думкаю ён выехаў і ў Варшаву. Што датычыць актыўнага члена пецярбурскага падпольнага гуртка Ёзафата Агрызкі, які ў пачатку лета быў у Вільні, дык ён вынес ўражаньне зусім іншае, чым Вараскі. Ён таксама бачыўся з Зьвярждоўскім, Ф. Далеўскім і іншымі прадстаўнікамі опозыцыйнага руху. Пасьля нарады з імі ён наадварот прышоў да перакананьня, што „край ужо гатовы да паўстаньня, а таму ён (Агрызка — У. І.), вярнуўшыся ў Пецярбург, адважыўся прыступіць да чыннасьці“,[8] г. зн. да падрыхтоўкі паўстаньня.

Адным словам, у першую палавіну 1862 году чырвоныя выявілі даволі значную актыўнасьць: у Польшчы больш значную, на Беларусі менш значную. У Варшаве ўжо зьявіўся Цэнтральны Народны Камітэт. На Беларусі зьявіліся паасобныя організацыі, якія рыхтаваліся, хоць і слаба, да паўстаньня. Гэтыя організацыі маюць тэндэнцыю концэнтравацца наўкола Вільні. Што датыча белых, дык яны як у Польшчы, так асабліва на Беларусі, ня выявілі актыўнасьці. Яны былі толькі тормазам ўжо распачатага руху.


  1. М. И. Покровский. Русская история с древнейших времен. Т. IV. Изд. V. ГИЗ Ленинград. 1924, ст, 160.
  2. Ibidem, ст. 162
  3. М. Н. Покровский. Ibidem, ст. 153.
  4. Н. В. Гогель. Иосафат Огрызко и петербургскнй революционный жонд в деле польского мятежа. Вильна. 1867, ст. 86.
  5. Так Украіна названа ў тэксьце Гогеля.
  6. Pamietniki Jakoba Gieysztora z lat 1857—1865. Т. І. Wilno. 1913 г., st. 168. П. t. Г. Н. т. V.
  7. А. А. Сидоров. Польское восстание 1863 г. Истор. очерк. СПБ. 1903 г. ст. 148.
  8. Н. В. Гогель. Иосафат Огрызко и Петербургский революционный жонд в деле польского мятежа. Вильна, 1867 г. ст. 100.