Падзеі першай палавіны 1862 году ў Польшчы і на Беларусі Падзеі другой палавіны 1862 году ў Польшчы
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Падзеі другой палавіны 1862 году на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЗЕІ ДРУГОЙ ПАЛАВІНЫ 1862 г. Ў ПОЛЬШЧЫ.

З ранейшага мы бачым, што ў Польшчы ўжо зьявіўся Цэнтральны Народны Камітэт. Паступова ён узмацняўся і ставіў сваёю мэтаю падрыхтоўку паўстаньня. Белыя па сутнасьці былі проці паўстаньня. Яны гаварылі аб ім толькі для адводу вачэй. Зразумела, існаваньне Цэнтральнага Камітэту не ўваходзіла ў іх мэты, бо вырывала з іх рук ініцыятыву і кіраўніцтва рухам. У Дырэкцыі зьявілася думка адным „рашучым“ ударам вызваліцца ад непатрэбнага ёй конкурэнта. Такім „рашучым“ ударам па думцы белых магла быць здрада. На гэтым грунце вынікла збліжэньне Дырэкцыі з Велепольскім. Роля пасярэдніка паміж Дырэкцыяй і Велепольскім узяў на сябе мільлеран Кронэнбэрг. Перагаворы прывялі да пажаданых вынікаў. Велепольскі абяцаў Дырэкцыі, што ён паклапоціцца, каб дабіцца праз намесьніка, якім тады быў вялікі князь Константын, пашырэньня „рэформы“, ужо наданай Польшчы, на Літву, Беларусь і Украіну і паглыбленьня гэтай рэформы ў самой Польшчы. За гэта Дырэкцыя павінна была выдаць Белапольскаму і расійскаму ўраду выдатнейшых чырвоных. Пры гэтым Велепольскі паабяцаў, што ў адносінах да чырвоных будзе дапасавана толькі васылка з краю. Больш суровых рэпрэсій нібы ня будзе зроблена. Адзіным чалавекам з членаў Дырэкцыі, які мог выдаць чырвоных быў Кароль Маеўскі: ён сам калісь быў чырвоным, у астатнія часы ён таксама не парываў сувязі з чырвонымі і нават на працягу некалькі дзён быў членам чырвонага Камітэту. Дзякуючы гэтаму, ён добра ведаў як організацыйную галоўку чырвоных, так і шмат больш выдатных членаў з чырвонай організацыі. Пад націскам сваіх таварышоў з Дырэкцыі Маеўскі згадзіўся ўзяцца за гэтую агідную справу. Некалькі разоў, разам з Кронэнбэргам, ён хадзіў да Велепольскага, каб умовіцца аб дэталях здрады. Размовы з Велепольскім далі Маеўскаму зразумець, што і Велепольскі, і Дырэкцыя хочуць усё зрабіць яго рукамі, а самі хочуць застацца з боку, каб потым усю адказнасьць за здраду ўскласьці толькі на яго аднаго. Зразумела, гэта не ўваходзіла ў пляны Маеўскага. Апроч таго, і Маеўскі і члены Дырэкцыі ня верылі ў шчырасьць Велепольскага. Выходзячы з усяго гэтага Маеўскі запатрабаваў, каб уся справа была запісана ў спэцыяльны протокол і каб пад протоколам былі зроблены подпісы ўсіх членаў Дырэкцыі і Велепольскага. Протокол павінен быў захоўвацца ў трох экзэмплярах, з якіх адзін экзэмпляр выдаецца на рукі Маеўскаму, другі захоўваецца ў адным з замежных архіваў, трэці зьберагаецца ў надзейным месцы ў Польшчы. Ні члены Дырэкцыі, ні Велепольскі не згадзіліся выканаць пропозыцыю Маеўскага. Тады ён адмовіўся ўзяць, на сябе здраду чырвоных. Інтрыга белых не ўдалася. Велепольскі, абураны такім сканчэньнем справы, даў загад заарыштаваць Маеўскага і пасадзіць яго ў цытадэль, дзе Маеўскі і адсядзеў каля году.

Здрада белых ня ўдалася і Цэнтральны Камітэт разьвівае сваю працу далей. Уплывы яго ў гарадох расьлі даволі хутка. Ня так пасьпяхова справа ішла на вёсцы. Там трэба было разьвіваць агітацыю. Яшчэ ўлетку па вёсках Камітэтам былі разасланы агітатары, што выступалі проці абчыншаваньня сялян на аснове „рэформы“ Велепольскага, якая зусім супадала з плянам сялянскай „рэформы“ белых. Але Камітэт не апублікаваў яшчэ і сваёй зямельнай програмы, што значна ўскладняла яго агітацыйную працу сярод сялянства. Гэтая програма зьявілася ўвосень 1862 году. Камітэт 12 жніўня выпусьціў падпольную адозву да сялянства, якая хутка была распаўсюджана па ўсёй Польшчы. Праз тры дні, 15 жніўня, яна была перадрукавана чырвонымі ў Вільні для пашырэньня на Беларусі. Гэтая адозва і зьмяшчала ў сябе програму Цэнтральнага Народнага Камітэту па сялянскаму і зямельнаму пытаньню.

Спынімся на зьмесьце адозвы. Цэнтральны Камітэт, як сапраўдны ўрад Польшчы, заклікае сялян, каб яны верылі ў сьвятасьць польскай справы і слухалі тых ксяндзоў, якія гавораць аб вызваленьні бацькаўшчыны, аб згодзе, братэрстве і еднасьці. Пасьля таго як будуць выгнаны з Польшчы маскалі, у Польшчы ня будзе падатку на соль і табаку. Ня трэба будзе несьці выдаткаў на шпіёнаў. Будуць адчынены школы для ўсіх, і сялянскія дзеці будуць мець выхад у вярхі грамадзянства. Для тых, хто ня мае сродкаў, школы будуць бясплатныя. Вайсковую службу ўсе будуць несьці па жэраб‘ёўцы і ў сваім краі, а ня ў Сібіры і на Каўказе. Тэрмін службы ня будзе даўжэйшы за шэсьць год. Зруйнаваныя маскалямі касьцёлы ўрад адбудуе, а дзе трэба — пабудуе новыя. Урад ня будзе браць чыншаў з урадавых земляў, а тыя грунты, на якіх сядзяць сяляне, аддасьць ім на вечную ўласнасьць. Сялянскія землі, якія знаходзяцца не ў скарбовых руках, польскі ўрад таксама аддасьць сялянам на ўласнасьць, а чыншы за іх заплаціць паном, каб кожны селянін у цэлай Польшчы, Літве (разумеецца Літва і Беларусь. У. І.) і Русі (разумеецца Украіна. У. І.) быў вольны бяз усякай розьніцы паміж ім і панам ці мешчанінам. А калі сяляне ня будуць слухацца польскага ўраду і ня будуць памагаць яму выгнаць з краю маскалёў і немцаў, дык яны не атрымаюць аніводнага з гэтых дабрадзействаў.

Адозва, як мы бачым, характарызуе чырвоных будучага паўстаньня як даволі памяркоўных у адносінах да сялянскага пытаньня. Іх чырвань вельмі тыповая для дробнабуржуазных рэволюцыянэраў. Зразумела, іх програма ідзе далей „рэформы” Велепольскага і белых, а таксама царскай „рэформы“ 19 лютага. Тым ня менш чырвоныя дробнабуржуазнага паўстаньня як у Польшчы, так і на Беларусі, вельмі баяцца парушыць права „священной собственности“ паноў. Аддаючы сялянам панскую зямлю чырвоны Камітэт лічыць патрэбным заплаціць паном за гэтую зямлю. Зразумела, грошы на аплату панскай зямлі дасьць будучаму ўраду ўсё той-жа самы селянін. Калі і прызнаць, што чырвоная частка паўстаньня стаяла на грунце аграрнай рэволюцыі, то гэтая рэволюцыя была вельмі памяркоўная.

Цэнтральны Камітэт, як мы бачым, хоча выкарыстаць для сваіх мэтаў каталіцкае духавенства, асабліва вясковае. Мы ведаем, што і большасьць духавенства, асабліва ніжэйшага, пачала падтрымліваць Камітэт. Вясковыя ксяндзы па касьцёлах чыталі адозву сялянам і пашыралі сярод няпісьменнай масы. Хутка распачаліся зьезды ніжэйшага духавенства, на якіх выносіліся рэзолюцыі аб адыходзе яго ад Дырэкцыі і далучэньні да Камітэту. Камітэт прызнаецца зьездамі духавенства, як поўнамоцны народны ўрад Польшчы.

Адчуваючы ўзрост сваёй моцы і ўплыву, Цэнтральны Камітэт выдаў 1-га версьня 1862 году спэцыяльную адозву, урачыста надрукаваную на вялікіх аркушох. У адозьве ён абвясьціў, што, захоўваючы сваю старую назву, ён будзе цяпер выступаць проці захопніцкага расійскага ўраду, як запраўдны правадыр ўсяго польскага народу, як запраўдны польскі народны жонд (урад). Ніякія пагрозы і прасьледваньні з боку расійскага ўраду, яго адміністрацыі і поліцыі не запалохаюць і ня зьнішчаць яго. Ніхто і нішто ня можа спыніць яго дзейнасьці, як законнага польскага народнага ўраду.

Рэалізаваць такое ўрачыстае апавяшчэньне магчыма было, апроч іншых умоў, пры наяўнасьці ў касе Камітэту-жонду неабходных сродкаў, пры наяўнасьці сталай фінансавай, экономічнай базы. А з гэтага боку як раз справы стаялі вельмі дрэнна. Трэба было зрабіць нейкі рашучы крок у гэтым напрамку. У сувязі з неабходнасьцю здабыць патрэбныя сродкі 18-га кастрычніка 1862 г. Цэнтральны Камітэт выдаў вельмі важны дэкрэт аб аблажэньні ўсяго народу падаткам на паўстанскія мэты. Раней дэкрэт быў надрукаваны ў нумары 7-м падпольнага офіцыйнага органу Камітэту „Ruch“, а потым быў выпушчаны асобнымі адбіткамі. Вельмі хутка дэкрэт аб падатку з народу быў перадрукаваны і пашыраны для Беларусі і Літвы Віленскім Камітэтам, які зрабіўся Цэнтральным Камітэтам чырвоных на Беларусі і ў Літве.

Зьмест дэкрэту наступны. Польскі народны жонд, прыняўшы пад увагу, што толькі аб‘яднаньне ўсіх сіл народу і яго самаафярнасьць могуць моцна процістаць захопнікам, ухваляе: 1) Кожны грамадзянін павінен акуратна плаціць для вызваленьня бацькаўшчыны народны падатак. 2) Ад нярухомай маёмасьці і гіпотэчных сум трэба плаціць 50%. 3) У каго няма нярухомых капіталаў, той павінен заплаціць падатак з свайго гадавога даходу 5%. 4) Пры вылічэньні гадавога даходу за норму прымаецца гадавая аплата працы каморніка, якая ў Варшаве павінна лічыцца ў адну трэцюю, а ў провінцыяльных гарадох за адну пятую гадавога даходу. 5) Калі хто мае нярухомую маёмасьць і побач з ёю мае іншыя крыніцы даходу, дык ён павінен плаціць падатак за тое і другое. 6) Падатак зьбіраюць урадоўцы Цэнтральнага Камітэту, спэцыяльна вызначаныя для гэтай мэты і маючыя пры сабе для гэтага асобныя квітанцыі. 7) Тэрмінам для ўнясеньня народнага падатку вызначаецца 10-ы дзень лістапада.

Як мы бачым, дэкрэт дэтальна распрацаваны і дае магчымасьць урадоўцам кіравацца ім, як нормай. Выданьне яго было пачаткам экономічнага ўзмацненьня Камітэту. Хто пад пагрозаю, хто дабрахотна, уносяць грошы ў скарб патаемнага народнага жонду. Сродкі яго што-дзень растуць, дзякуючы чаму пашыраецца і праца.

Цяпер Камітэт-жонд мае пад сабою экономічную базу. Рамесьнікі, рабочыя і дробная буржуазія гораду падтрымліваюць яго з самага пачатку. Да сялян ён выдаў вышэйпамянёную адозву, якая ў той ці іншай меры будзе рабіць уплыў на сялянства. Пашло за Камітэтам і ніжэйшае каталіцкае духавенства. Цяпер яму трэба было даць сваю програму па нацыянальнаму пытаньню, каб увязацца з народамі Беларусі, Літвы і Украіны. Гэта Цэнтральны Камітэт зрабіў у канцы верасьня і пачатку кастрычніка 1862 году. Два члены Цэнтральнага Камітэту едуць у Лёндан да Герцэна і вязуць да яго ліст ад жонду, датаваны 20-м верасьня і зьмешчаны потым у „Колоколе“, у нумары за 1 кастрычніка 1862 г. Ліст зьмяшчае ў сабе наступную програму Камітэту па нацыянальнаму пытаньню.

Цэнтральны Камітэт прызнае за кожным народам, што ўваходзіў у склад былой Польшчы, поўнае права распараджацца сваім лёсам. Тым ня менш Камітэт змагаецца за адзіную суцэльную, непадзельную Польшчу, якую складаюць уласная Польшча, Літва, Беларусь і Украіна, прычым у будучай адзінай дзяржаве не павінна быць гегемоніі ні аднаго з гэтых народаў. Будуючы новую Польшу ў старых яе межах, Камітэт заяўляе, што кожны з вышэйназваных народаў мае права ці застацца ў сувязі з Польшчай, ці кіравацца паводле сваёй волі. Аднак, у сучасны момант падрыхтоўкі да паўстаньня Камітэт будзе лічыць сваім абавязкам накіраваць усе намаганьні на тое, каб Літва, Беларусь і Украіна ішлі разам з Польшчай, каб паўстаньне абхапіла ўсе часьці былое Рэчы Паспалітай Польскай. У канцы ліста Камітэт выказвае пажаданьне весьці працу разам з расійскай рэволюцыяй, адзначаючы, што братэрская сувязь паміж палякамі і расійцамі, утвораная на зямлі польскай, дадасьць абодвым баком сілы для выкананьня мэтаў, да якіх імкнуцца абодвы народы.[1] Герцэн спачуваюча аднёсься да такога разьвязаньня Цэнтральным Камітэтам нацыянальнага пытаньня. Крыху пазьней, разьбіраючы ліст Камітэту, ён піша, што пачынаецца новая эпоха ў барацьбе Польшчы за незалежнасьць.

Затое ў самой Польшчы ў розных колах пачаліся дакоры ў адносінах да Камітэту. Асабліва абураўся лістом да Герцэна Л. Мераслаўскі. Ён гаварыў, што Камітэт фактычна адмаўляецца ад старых гістарычных граніц Польшчы, бо ён дае права Беларусі, Літве і Украіне аддзяліцца ад Польшчы і гэтым самым пакідае іх у межах Расіі. На гэтыя дакоры Цэнтральны Народны Камітэт даў адказ у нумары 10 часопісу „Ruch”. У сваім адказе Камітэт імкнецца лепш вытлумачыць свае адносіны да разьвязаньня нацыянальнага пытаньня будучым паўстаньнем.

Сутнасьць адказу такая. Паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў тых народаў, што злучаны з Польшчай. Такія правы Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Такім прызнаньнем Камітэт не адрывае, а наадварот толькі злучае іх з сабою. Цэтральны Камітэт не ўяўляе сабе іншае Польшчы, як толькі ў яе даўных гістарычных межах, але з вольнымі народамі, якія дабрахвотна ўвойдуць у яе склад. Толькі такім шляхам магчыма пабудаваць вольную Польшчу, адзіную і ў старых межах. Цэнтралістычныя пажаданьні адрываюць, а ня збліжаюць. Правільнасьць політыкі Камітэту яскрава даводзіцца тым фактам, што ў сучасны момант Літва, Беларусь і Украіна самі прымаюць чынны ўдзел у руху за вызваленьне Польшчы ў яе старых межах. Не цэнтралізацыяй, не надужыцьцем, не поліцыяй утрымліваюцца провінцыі і народы ў еднасьці, сувязі і згодзе, а ўшанаваньнем волі і індывідуальнасьці народнай. Толькі дзякуючы такім асноўным прынцыпам, Польшча, Літва, Беларусь і Украіна ўтвораць адзіную, вольную і моцную дзяржаву. Іншы падыход да справы па думцы Камітэту толькі руйнуе дзяржаву.

Такім способам, народны жонд паставіў перад паўстаньнем заданьне вырашыць нацыяльнае пытаньне. Зразумела, параўнаўча з царскай Расіяй програма паўстаўшай Польшы была прогрэсыўнай. Але адразу трэба адзначыць, што ў програме вельмі падкрэсьліваецца прынцып адзінай непадзельнай Польшчы ў старых гістарычных межах. Гэты прынцып формуляваны выпукла і ясна і зусім закрывае сабою прыгожыя няясныя словы аб „вольнасьці народаў“. Калі програма не задавальняла Мераслаўскага, як занадта „лібэральная“, дык яна не магла задавальняць і К. Каліноўскага, які потым аказаўся „сэпаратыстам“ з пункту погляду паўстанцаў-палякаў. У практыцы прынцып адзінай непадзельнай Польшчы зусім затушаваў „вольнасьць народаў“. Сучасная „дэмократычная“ Польшча давяла справу да „пабеднага канца“.

Цяпер паглядзім, што робіцца ў польскіх белых колах. Мы вышэй ужо спыняліся на спробе Дырэкцыі зьнішчыць Цэнтральны Камітэт шляхам выдачы яго ў рукі Велепольскага і расійскага ўраду. Спроба, як мы ведаем, ня ўдалася. Разам з развалам спробы парваліся і зносіны Дырэкцыі з Велепольскім. Кажуць, што на пропозыцыю Дырэкцыі быць у сувязі, Волепольскі адказаў: мне не патрэбна цяпер ні ваша, ні каго іншага падтрыманьне, бо для палякаў яшчэ магчыма зрабіць што-небудзь добрае, але з палякамі — ніколі.

Пасьля няўдачы зьбліжэньня з Велепольскім Дырэкцыя зрабіла пробу зьвязацца з намесьнікам Польшчы, вялікім князем Константынам. Адбыўся візыт Андрэя Замойскага да намесьніка. Замойскі выказаў намесьніку пажаданьне, каб пад яго (намесьніка) кіраўніцтвам былі злучаны ўсе провінцыі былой Польшы (Літва, Беларусь і Украіна) з сталіцаю ў Варшаве, апроч таго, ён дагаварыўся з намесьнікам аб скліканьні зьезду белых. Гэты зьезд і адбыўся ў пачатку верасьня 1862 году. На зьезд сабралася каля 300 асоб, у ліку якіх былі прадстаўнікі белых з Беларусі, Літвы і Украіны. Вельмі хутка сярод удзельнікаў зьезду пачала пашырацца думка аб падачы на імя намесьніка політычнага адрасу расійскаму ўраду. Адрас быў складзены. У ім выказвалася пажаданьне, каб рэформы, якія праводзяцца ў Польшчы, былі пашыраны на Літву, Беларусь і Украіну, што магчыма тады, калі гэтыя краіны будуць далучаны да Польшчы. З адрасу мы бачым, што белыя, у процівагу чырвоным, у адносінах да „крэсаў“ трымаюцца яўна выразных цэнтралістычных поглядаў. Ім зусім незразумела нацыяльная програма чырвоных нават у той няяснай форме, якую мы разьбіралі вышэй.

Даведаўшыся аб проекце адрасу, і яго зьмесьце намесьнік даў зразумець белым, што ніякага адрасу ён ня прыме і будзе лічыць такую падачу незаконнай і проціўрадавай. Тады земляўласьнікі, што сабраліся на зьезд, перарэдагавалі адрас на мандант і падалі гэты мандант Андрэю Замойскаму. Пад мандатам падпісалася каля 200 земляўласьнікаў, і хутка ён пашырыўся па Варшаве і па краі. Хутка аб адрасе-мандаце даведаўся і расійскі ўрад. Замойскі быў выкліканы да намесьніка, які строга зазначыў яму, што ўрад незадаволены вынікамі зьезду. Праз нейкі час Замойскі быў вывезены ў Пецярбург. У Пецярбургу Замойскаму было загадана выехаць за граніцу. У канцы верасьня Замойскі павінен быў выехаць. Высылка Замойскага павінна была зьменшыць веру Дырэкцыі ў легальныя магчымасьці і зьвярнуць яе ўвагу на ўзмацненьне нелегальнай чыннасьці.

У першых днёх кастрычніка Дырэкцыя робіць надта позную і няўдалую спробу зьвярнуцца да шырокіх мас. Яна выдае нелегальна надрукаваную адозву да рамесьнікаў. Адозва напісана вельмі шурпата. Белыя зварочваюцца да рамесьнікаў з перасьцярогаю, каб яны ўстрымліваліся ад крайніх учынкаў. Рамесьнікі не павінны ісьці за „чырвонымі фанатыкамі“, якія для сваіх мэтаў ня спыняюцца нават перад праліцьцём крыві і вядуць рамесьнікаў па няправільнаму шляху. Далей белыя наіўна скардзяцца на тое, што для людзей, якія кіруюцца розумам, а не пачуцьцём, цэнзура зачыніла ўсе магчымасьці гаварыць громка і адчынена з рамесьнікамі і рабочымі. Гэта, кажуць белыя, перашкаджае здаровым думкам прасякаць у рамесьніцкія колы і весьці іх простаю дарогаю да лепшай будучыны. У канцы адозва зварочваецца да рамесьнікаў з прапановай, каб яны якім-колечы способам паразумеліся паміж сабою, выдзелілі з сваіх колаў прадстаўнікоў, якія зьвязаўшыся з белымі, будуць працаваць на карысьць агульнай для ўсіх бацькаўшчыны.

Зразумела, адозва белых засталася бяз усялякіх вынікаў. Рамесьнікі і рабочыя былі моцна зьвязаны з чырвоным рухам і прыймалі ў ім ужо даўно чынны ўдзел. Ніхто на адозву Дырэкцыі не зьвярнуў ніякай увагі і не адгукнуўся. Нават пашырэньне сваёй адозвы белыя не маглі паставіць як належыць. Цяпер не памагалі ім і грошы, што ляжалі ў іх касе. Дырэкцыі заставалася толькі сачыць за дзейнасьцю і ростам Цэнтральнага Народнага Камітэту і рабіць усе крокі да яго пабяленьня. Гэта ім удавалася.

Пры такіх умовах Дырэкцыя ўхваліла яшчэ раз склікаць зьезд. Зьезд адбыўся ў Варшаве ў другой палавіне сьнежня. Гэта быў ужо легальны зьезд. На зьезд сабраўся зусім невялікі лік асоб, усяго адзінаццаць дэлегатаў. Гэтыя 11 дэлегатаў формальна прадстаўлялі буйных земляўласьнікаў значнай большасьці тэрыторыі старажытнай Польшчы. На зьезьдзе была дэлегацыя ад Беларусі і Літвы, яна складалася з трох асоб. Старшынёю зьезду быў абраны Кронэнбэрг, прадстаўнік буйной буржуазіі. На аснове справаздач паасобных дэлегатаў высьветлілася, што чырвоны рух узрастае і чырвоная організацыя ўзмацняецца ўва ўсіх мясцовасьцях Польшчы і яе „крэсаў”. Тым ня менш большасьць дэлегатаў чамусь заяўляла, што паўстаньне калі і будзе, дык ня хутка. Члены зьезду спасылаліся на магутнасьць расійскай арміі, на ўстрымліваючае значэньне „рэформы”, што праводзіліся царскім урадам праз Велепольскага, на недахват належнай колькасьці сродкаў у чырвоных, на непадрыхтаванасьць паўстанскіх узброеных сіл і г. д. Былі і такія заявы, што калі-б нават паўстаньне распачалося, дык організацыя белых лёгка можа яго спыніць сваім маральным і экономічным ўплывам. Усё гэта гаворыць аб тым, што зьезд белых даволі дрэнна разьбіраўся ў той сітуацыі, якая склалася і што ён далёка не зьяўляецца прыхільнікам неабходнасьці паўстаньня.


  1. I. Grabiec – Rok 1863 Wyd. II Poznan. 1922, ст. 167-7