Падзеі другой палавіны 1862 году ў Польшчы Падзеі другой палавіны 1862 году на Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Пачатак паўстаньня ў Польшчы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЗЕІ ДРУГОЙ ПАЛАВІНЫ 1862 ГОДУ НА БЕЛАРУСІ.

У 1862 годзе, як мы гаварылі вышэй, на Беларусі назіраецца з надворнага боку як-бы нейкае заспакаеньне. Рух хаваецца ў глыбіню. Выключэньнем на гэтым агульным фоне былі ўрачыстыя хаўтуры вядомага пісьменьніка-песьняра Кандратовіча-Сыракомлі, якія адбыліся 15-га верасьня ў Вільні.

Уладыслаў Кандратовіч-Сыракомля раздзіўся ў Бабруйскім павеце, на Меншчыне, у сям‘і зьбяднелага дробнага шляхціца. Большасьць яго твораў прасякнута радыкальным настроем. Ён абураецца супроць прыгоннага права, спачувае запрыгоненаму селяніну ў яго горкай долі і хоча бачыць сялян вольнымі. Беларусь, па яго думцы, павінна ўваходзяць у склад адноўленай дэмократычнай Польшчы. Пісаў Сыракомля ў польскай мове, але ёсьць яго вершы і ў беларускай мове. Жыцьцё песьняра злажылася вельмі няўдала. Увес час яму прыходзілася весьці цяжкую барацьбу за існаваньне, за чорствы кавалак хлеба. З 1852 году Сыракомля пераехаў з Меншчыны ў Вільню, дзе і жыў літаратурнай працай. Памёр ён у страшэннай беднасьці, пакінуўшы пасьля сябе бяз усякіх сродкаў старую матку, жонку і трое малых дзяцей.

Адразу пасьля сьмерці Сыракомлі опозыцыйнымі коламі быў утвораны спэцыяльны камітэт для організацыі ўрачыстага пахаваньня, збору сродкаў на помнік, на ўтрыманьне сям‘і і для выданьня твораў пісьменьніка. Была організавана ўрачыстая процэсія-дэманстрацыя з гораду на могілкі на Росе. На чале процэсіі ішло духавенства з біскупам Красінскім. Апроч касьцельных штандараў несьлі штандары з белым арлом, пагоняю і іншымі дэмонстрацыйна-патрыятычнымі эмблемамі. Побач з шляхтай і інтэлігенцыяй, дзякуючы популярнасьці песьняра, у процэсіі ўдзельнічала шмат мяшчан і рамесьнікаў, якія ішлі пад штандарамі сваіх цэхаў. Поліцыя не адважылася выступіць проці процэсіі, і яна бясьпечна дайшла да могілак. На могілках гаварыліся патрыятычныя прамовы. Адчуваўся пад‘ём опозыцыйнага настрою. Тры шляхцічы над магілаю пісьменьніка далі ўрачыстае абяцаньне, што яны бяруць на сябе апеку над дзецьмі Сыракомлі, прычым кожны з іх узяў да сябе ў сям‘ю па аднаму сыну песьняра. Было ўхвалена пабудаваць на магіле Сыракомлі грандыёзны помнік з каменьняў, прывезеных з усіх часьцін былой Польшчы. Такога помніку так і не пабудавалі, бо хутка распачалося паўстаньне, якое павярнула справы ў другі бок. Хаўтурныя набажэнствы і маніфэстацыі, зьвязаныя з сьмерцю Сыракомлі, адбыліся па ўсіх гарадох Беларусі. У Польшчу гэты рух не перадаўся. Толькі ўжо ў сьнежні хаўтурнае ўрачыстае набажэнства па Сыракомлі адбылося ў Варшаве.

Што датыча белых на Беларусі, то яны ў другую палавіну 1862 году выяўляюць нейкую актыўнасьць. У канцы жніўня і пачатку верасьня белыя ажыўлена зносяцца паміж сабою. У пачатку верасьня белыя зьехаліся ў Вільні. Тут пасьля доўгіх спрэчак яны абралі свой Камітэт, які складаўся з наступных земляўласьнікаў: Антона Еленскага, Аляксандра Аскеркі, Віктара Старжынскага, Станіслава Плятэра, Францішка Далеўскага і Якуба Гейштора. Галоўную ролю ў Камітэце гралі Старжынскі і Гейштор. Самым левым з сяброў Камітэту быў Ф. Далеўскі, які быў у блізкіх адносінах з памяркоўнымі чырвонымі.

Калі ў верасьні адбываўся ў Варшаве зьезд Дырэкцыі, організаваны А. Замойскім, з дазволу расійскай улады, дык на гэтым многалюдным зьезьдзе была даволі вялікая дэлегацыя белых з Літвы і Беларусі. Яна складалася больш як з дзесяцёх асоб. Частка дэлегатаў прыехала па мандатах з Беларусі і Літвы, частка па асабістых запросінах ад Дырэкцыі з Варшавы. Як мы ведаем, на зьезьдзе ў Варшаве быў складзены політычны адрас-мандат, які так сумна скончыўся для Замойскага і Дырэкцыі. Думка аб падачы політычнага адрасу была прывезена беларускімі дэлегатамі і на Беларусь. Белыя пасьля Варшаўскага зьезду сабраліся ў Вільні і паставілі на разьвязаньне пытаньне аб падачы адрасу, які заявіў-бы расійскаму ураду аб неабходнасьці далучэньня Беларусі, Літвы і Украіны да Польшчы. Падняліся гарачыя дэбаты. За падачу адрасу стаяў Старжынскі. Гейштор і іншыя лічылі, што цяпер ня час для адрасоў, што трэба весьці працу па організацыі земляўласьніцкіх белых сіл, а не займацца пісаньнем адрасоў. Перамагла група Старжынскага. Было ўхвалена распачаць падрыхтоўку да падачы політычнага адрасу і на Беларусі.

Зразумела, галоўную частку справы па падрыхтоўцы адрасу павінен быў узяць на сябе Старжынскі. Ён і сапраўды выяўляе вялікую актыўнасьць. Ён часта вандруе то ў Пецярбург, то ў Парыж, то ў Варшаву, Вільню, Горадню і г. д., і старанна падрыхтоўвае справу. Пастаноўлена было спыніцца на менскім шляхецкім губэрскім выбарчым зьезьдзе, каб выкарыстаць яго для падачы царскаму ўраду політычнага адрасу. Каб схіліць да проекту нават і неадважных земляўласьнікаў, організатарамі заўжды падкрэсьлівалася, што польская шляхта мае законнае права, як і наогул расійскае дваранства (ІХ том своду законаў, разьдзел 108), падаваць на імя цара і ўраду адрасы з выяўленьнем сваіх патрэб і пажаданьняў.

Зьезд шляхты ў Менску сабраўся ў канцы лістапада 1862 году. Прадстаўнікі царскага ўраду вельмі хутка даведаліся аб намеры шляхты Менскай губэрні выкарыстаць зьезд для падачы політычнага адрасу. На гэты час хацеў прыехаць у Менск віленскі генэрал-губэрнатар, каб самому прысутнічаць на зьезьдзе і ня даць магчымасьці шляхце скласьці намечаны адрас. Ня маючы магчымасьці выехаць з Вільні ў Менск, ён паслаў менскаму губэрнатару спэцыяльны адноснік па гэтаму пытаньню. Менскі губэрнатар Кажэўнікаў занепакоіўся. Ён яшчэ загадзя напісаў губэрскаму маршалку менскай шляхты Лапу ліст, у якім папярэдзіў, што падачу адрасу аб далучэньні беларускіх губэрань да Польшчы расійскі ўрад будзе лічыць актам ня толькі непажаданым, але і недапушчальным, незаконным. З гэтым лістом губэрнатара маршалак Лапа азнаёміў шляхту, што сабралася на зьезд. Ня гледзячы на катэгорычнае папярэджаньне, на зьезьдзе знайшлося шмат ахвотнікаў, якія патрабавалі, каб адрас ўсё-ж такі быў складзены. Найбольш агітавалі за падачу адрасу земляўласьнікі — два браты Еленскія, двое Аскеркаў і Корбут. Яны мотывавалі неабходнасьць падачы адрасу тым, што гэтага вымагаюць неадкладныя інтарэсы краю. Тым больш, што іншыя паўночна-заходнія губэрні імпэрыі пададуць політычныя адрасы, а гэта зробіць вялікі сорам для шляхты Менскай губэрні, калі яна не падасьць адрасу.

Шуму нарабілася шмат. Але калі пачалі справу формуляваць і галасаваць, то гэты шум скончыўся вельмі ціха. Значнаю большасьцю галасоў (255 проці 4) была прынята сумбурная, палавінчатая формулёўка такога зьместу. Шляхта Менскай губэрні сабралася на зьезд, маючы на мэце ўскласьці да трону яго імпэратарскай вялікасьці політычны адрас аб правох паўночна-заходніх губэрань і аб далучэньні іх да Царства Польскага, але, дзякуючы папярэдняй забароне гэтага губэрнатарам, яна адрасу не змагла падаць. Такім спосабам, з гары радзілася мыш. Ня гледзячы на гэта, расійскі ўрад быў вельмі абураны нават і такою формулёўкаю. Мураўёў-вешальнік апісвае[1] гэты факт з вялікім абурэньнем. „Трэба вызначыць, што менскае шляхецтва адзначалася яшчэ большаю нянавісьцю да расійскага ўраду, чым у іншых губэрнях. Яно заўжды было ў зносінах з шляхецтвам паўднёва-заходніх губэрань. У кастрычніку (у Мураўёва памылка. У. І.) 1862 году на шляхецкіх выбарах яно склала протокол аб жаданьні падаць цару адрас па прыкладу Падольскай губэрні з просьбаю аб прылучэньні губэрні да Польскага каралеўства. Нахальства іх было такое вялікае, што калі ім вызначана было загадам ад улады, што такі ўчынак процізаконны, яны не скасавалі сваёй пастановы, але запісалі яе ў протокол, зазначаючы, што не давялі яе да канца толькі дзеля забароны гэтага з боку вышэйшай улады“.

Такім спосабам, расійскі ўрад нават такую слабую опозыцыю лічыў цэлай рэволюцыяй. Зусім іначай аднесьліся да гэтага факту дробнабуржуазныя і дробнашляхецкія колы Беларусі. Праўда, праз некалькі дзён проект адрасу быў надрукаваны і пашыраны па гарадох Беларусі, але гэта мала дапамагала справе. Чырвоныя былі абураны палавінчатаю, скурніцкаю політыкаю белых. Вельмі хутка ў Менску зьявіліся прылепленыя на рагох вуліц вершаваныя сатыры-эпіграмы на мясцовых магнатаў-земляўласьнікаў, аб якіх гаварылася, што яны маюць шмат усяго, апроч адвагі і патрыятызму. У некаторых павятовых гарадох, напрыклад, у Слуцку і Бабруйску, перад будынкамі павятовых шляхецкіх маршалкаў вучнёўскаю моладзьдзю і мяшчанамі былі організаваны „каціныя концэрты“. Часамі справа ішла далей концэртаў і канчалася тым, што концэртанты каменьнямі выбівалі вокны ў памяшканьнях удзельнікаў менскага зьезду.

Цікава тое, што мясцовая поліцыя і жандармэрыя, даносячы аб каціных концэртах і разьбіцьці шыб у памяшканьнях маршалкаў шляхты і наогул удзельнікаў зьезду, пісала ў Пецярбург свайму начальству так: гэта самі шляхецкія маршалкі організавалі для сябе концэрты і пабіцьце вокан у сваіх кватэрах. Яны зрабілі ўсё гэта наўмысьля для таго, каб потым мець магчымасьць адмовіцца ад рэволюцыйнасьці і патрыятызму, каб мець магчымасьць апраўдвацца перад прадстаўнікамі расійскай улады, што яны цярпелі ад рэволюцыянэраў за тое, што былі праціўнікамі падачы опозыцыйнага адрасу. Такім чынам, белыя сваёю палавінчатаю, нерашучаю політыкаю аскандаліліся на два бакі: царскі ўрад усё роўна іх лічыў опозыцыянэрамі, нават „рэволюцыянэрамі“, а чырвоныя лічылі іх толькі звычайнымі скурнікамі і згоднікамі ў адносінах да царскага ўраду.

Хутка белыя на Беларусі атрымалі весткі аб тым, што Дырэкцыя склікае нелегальны зьезд у Варшаве ў канцы сьнежня. Белыя на Беларусі лічылі гэты зьезд вельмі неабходным і важным для справы. Зразумела, яны лічылі надта патрэбным паслаць на зьезд у Варшаву прадстаўнікоў ад свайго Камітэту. У якасьці прадстаўнікоў Беларусі былі абраны Старжынскі, Плятэр і Гейштор, якія і паехалі на зьезд у Варшаву. Яны даводзілі на зьезьдзе, што на Беларусі ўсё больш-менш спакойна, і таму гаварыць аб магчымасьці блізкага паўстаньня ня прыходзіцца. Гэта гаворыць аб тым, што белыя на Беларусі рабілі тую самую памылку, што і белыя ў Польшчы.

Зусім іначай стаяць спарвы чырвоных на Беларусі. Камітэты на мясцох узмацняюцца і цесна зьвязваюцца з Віленскім Камітэтам, як цэнтральным сваім органам. У пачатку восені Варшаўскі Цэнтральны Камітэт праз свайго члена Оскара Авэйдэ організацыйна стала зьвязваецца з Віленскім Камітэтам.

Віленскі Камітэт у гэты час складаюць такія асобы: 1) Людвік Зьвярждоўскі, аб якім мы некалькі разоў ужо ўпаміналі. 2) Тытус Далеўскі, сын земляўласьніка, служачы Пецярбурга-Варшаўскай чыгункі. З) Малахоўскі — афіцэр рускай службы. 4) Эдмунд Вярыга — служачы, чыгуначнік. 5) Б. Длускі, што раней служыў простым салдатам на Каўказе і 6) Кастусь Каліноўскі — кандыдат права Пецярбурскага унівэрсытэту. Некаторыя аўтары дадаюць яшчэ некаторыя імёны, як напрыклад, Яна Казелла, Зыгмунта Чаховіча і іншых. Але трэба вызначыць, што першыя шэсьць членаў чырвонага Камітэту называюцца амаль-што ўсімі крыніцамі. Ня зусім ясна стаіць справа з імем Далеўскага. Некаторыя з аўтараў называюць ня Тытуса, а яго брата Францішка Далеўскага. Тытус у адмену ад Францішка быў яўна выразным чырвоным.

Віленскі Цэнтральны Камітэт калі і стаяў на грунце той ці іншай самастойнасьці рэволюцыйнага руху на Беларусі ў адносінах да кіраўніцтва з Варшавы, то ён ні ў якім выпадку не выключаў сувязі з Варшаўскім Цэнтральным Народным Камітэтам. Апошні, можа хоць і ня вельмі ахвотна, павінен быў згадзіцца з такою пастаноўкаю пытаньня, бо, як мы ўжо вызначылі вышэй, Цэнтральны Варшаўскі Камітэт прынцыпова прызнаваў, — праўда, у вельмі туманнай форме — права на нейкую самастойнасьць і адносную незалежнасьць паасобных провінцый старой Рэчы Паспалітай Польскай, у тым ліку Літвы—Беларусі.

Узаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю ў канцы лістапада і пачатку сьнежня 1862 году Юзэф Яноўскі, які быў сакратаром Варшаўскага жонду-камітэту, малюе ў сваіх запісках такімі рысамі. Сапраўды рэальная ўлада Цэнтральнага Народнага Камітэту ў Варшаве пашыралася толькі на ўласную Польшчу, так званую Карону. Што датычыць провінцый Польшчы — Літвы, Беларусі і Украіны, дык яны звычайна кіраваліся самастойна сваімі ўласнымі камітэтамі — аддзеламі. Віленскі Камітэт, па словах Яноўскага, асабліва быў незгаворчывы. Ён увесь час упарта настойваў на сваім праве самакіраваньня ў справах, якія датычылі тэрыторыі Літвы і Беларусі. Ён быў нават незадаволены тым, што Цэнтральны Варшаўскі Камітэт пашыраў свой уплыў на паўстанскія організацыі Падлясься. Варшаўскі Камітэт пайшоў на ўступкі Віленскаму Камітэту. Ён згадзіўся на тое, каб Віленскі Камітэт меў поўную свабоду дзеяньня на сваёй тэрыторыі. Праўда, Цэнтральны Народны Камітэт цьвёрда стаў на тым, што ён пакідае свой уплыў і ўладу над організацыямі Беластоцкага павету. [2]

Калі мы зьвернемся да проф. М. Бэрта,[3] дык там узаемаадносіны паміж Цэнтральным Народным Камітэтам і Віленскім Камітэтам апісваюцца так. Пасьля доўгіх перагавораў у Варшаве паміж Авэйдам і Вярыгаю, яны прышлі да ўстанаўленьня пэўных узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Віленскі Камітэт прызнае пяршынства і ўладу Цэнтральнага Камітэту. Вільня і Варшава мяняюцца ўзаемна камісарамі, прычым камісар Цэнтральнага Камітэту ў Вільні мае большыя правы і прывілеі, чым камісар з Літвы і Беларусі ў Варшаве. Віленскі Камітэт на тэрыторыі Літвы і Беларусі мае поўную ўладу, але ён павінен дастасоўваць свае загады да загадаў Цэнтральнага Камітэту. Віленскі Камітэт знаходзіцца пад непасрэдным контролем камісара Варшаўскага жонду і на важнейшых пастановах Віленскага Камітэту павінна быць апрабацыя камісара. Апроч свайго поўнамоцнага камісара, Цэнтральны Камітэт ня мае права пасылаць у Літву і на Беларусь ніякіх іншых агентаў. Тэрмін для паўстаньня Цэнтральны Народны Варшаўскі Камітэт вызначае на аснове паразуменьня з камісарам Віленскага Камітэту. Калі гэтага паразуменьня ня будзе, то Літва і Беларусь маюць права ня браць удзелу ў паўстаньні. Беластоцкі павет паступае пад уладу Віленскага Камітэту адразу пасьля таго, як Віленскі Комітэт ухваліць усе вышэйпаданыя ўмовы.

Калі Вярыга прыехаў у Вільню і прадставіў Камітэту на зацьверджаньне проект дагавору, то ў Віленскім Камітэце падняліся вялікія спрэчкі. Адны члены Камітэту згаджаліся зацьвердзіць проект, другія лічылі, што яго прыняць немагчыма. Асабліва протэставаў проці проекту К. Каліноўскі. У выніку спрэчак было ўхвалена паслаць другога ўпаўнаважанага для перагавораў. У якасьці такога быў вызначаны член Віленскага Камітэту Длускі. Проф. Бэрг далей вызначае, што з Длускім Цэнтральны Народны Камітэт ніяк ня мог згаварыцца, і справа ўзаемаадносін паміж Вільняю і Варшаваю затрымалася.

Калі супаставіць вышэйпаданыя весткі Яноўскага і Бэрга, то трэба прызнаць, што больш блізкімі да сапраўднасьці зьяўляюцца паказаньні Яноўскага, бо Яноўскі быў сам удзельнікам Цэнтральнага Камітэту. Апроч таго, магчыма думаць, што Бэрг апісвае толькі першую частку перагавораў, а Яноўскі дае нам зьвесткі аб другой частцы перагавораў, якія паслужылі асноваю для новага проекту ўзаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Гэты новы проект мог быць прыняты Віленскім Камітэтам пасьля перагавораў з Цэнтральным Варшаўскім Камітэтам упаўнаважанага Длускага.

У Віленскім Камітэце, як і ў Варшаўскім жондзе, ідуць спрэчкі паміж памяркоўнымі і паміж крайнімі яго членамі. Прадстаўніком крайніх чырвоных быў Кастусь Каліноўскі, а памяркоўных — Людвік Зьвярждоўскі. Пасьля таго, як Зьвярждоўскі, будучы западазроным расійскай поліцыяй у нядобранадзейнасьці, прымусова быў пераведзены на службу ў Маскву, яго месца заняў Нестар Дюлёран. Ён паходзіў з французкай фаміліі, але радзіўся ў Варшаве і быў палякам па свайму выхаваньню і перакананьнях. У той момант ён займаў нейкую пасаду на чыгунцы ў Вільні. Памяркоўныя чырвоныя вінавацілі крайніх чырвоных у залішнім іх сэпаратызьме ў адносінах да Варшавы і ў тым, што яны сваёю выразна-радыкальнаю сялянскаю програмаю парушаюць кроўныя інтарэсы земляўласьніцкай шляхты і гэтым адштурхваюць яе ад удзелу ў паўстаньні. Памяркоўныя лічаць, што абаперціся ў паўстаньні на адно сялянства бяз шляхты ёсьць памылка, якая загубіць паўстаньне. Дюлёран пасьля Зьвярждоўскага стаў на чале памяркоўных. Значэньне Дюлёрана павялічвалася яшчэ тым, што ён меў з Варшавы ўпаўнаважаньне на камісара Цэнтральнага Варшаўскага Камітэту на Літве і Беларусі.

Апіраючыся на гэта ўпаўнаважаньне, Дюлёран адчуваў сябе вельмі моцным у Віленскім Камітэце. Ён у сваёй дзейнасьці праводзіў стаўку на прыцягненьне шляхты, абмінаючы інтарэсы сялянства. Ён уцягваў у організацыю шляхту, часта зьвязваў яе, мінаючы Віленскі Камітэт, беспасрэдна з Цэнтральным Варшаўскім Камітэтам. Апроч таго, ён аформіў аддачу пад непасрэдны загад Варшавы Беластоцкага павету, які быў спрэчным. Калі на Беларусі зьявіўся і пашырыўся дэкрэт Цэнтральнага Варшаўскага Камітэту ад 18 кастрычніка 1862 году аб зборы народнага падатку на паўстаньне, ён пачаў без зацьвярджэньня Віленскага Камітэту збор народнага падатку на Беларусі. Грошы, якія ў даволі вялікім ліку паступалі на паўстаньне, Дюлёран беспасрэдна перасылаў у Варшаву, таксама бяз ухвалы Віленскага Камітэту. Гэткая дэзорганізатарская чыннасьць Дюлёрана, падтрыманая яшчэ некаторымі памяркоўнымі членамі Віленскага Цэнтральнага Камітэту, хутка стала вядомаю як Кастусю Каліноўскаму, так і іншым крайнім чырвоным членам Віленскага Камітэту, якія ў бягучы момант амаль складалі яго большасьць. Яны пачалі перагаворы з Варшаваю аб зьняцьці з Дюлёрана годнасьці камісара Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту і выдаленьні яго з Беларусі.

Па адных даных[4] Варшаўскі Камітэт згадзіўся з Вільняю і паслаў на месца Дюлёрана, у якасьці камісара пры Віленскім Камітэце, Верашчынскага. Па другіх даных[5] Варшава не згадзілася з прапановай Віленскага Камітэту, і Дюлёран застаўся на месцы. Дзякуючы гэтаму ўзаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю завастрыліся. Здаецца, трэба прызнаць больш правільнымі другія даныя.

Бязумоўна самаю выдатнаю фігураю ў Віленскім чырвоным Камітэце быў Кастусь Каліноўскі. На жаль мы маем мала матар‘ялаў, каб даць яго вычэрпваючую біографію.

К. Каліноўскі радзіўся 21 студзеня 1836 году ў невялікім фальварку Мастаўляны (па другіх вестках у фальварку Якушоўка) Ваўкавыскага павету Горадзенскай губэрні. Бацькі К. Каліноўскага паходзілі з дробнай зьбяднелай шляхты і ўжо ня мелі ўласнай зямлі. На нейкі час бацька Каліноўскага апынуўся ў дробнабуржуазнай розначынскай групе і заняў пасаду дробнага ўрадоўца, але, як нядобранадзейны, быў зволены з пасады. Тады ён пачаў арэндаваць чужыя фальваркі і гэтым здабываць хлеб і карміць даволі вялікую сям‘ю. Урэшце мы бачым, што ён зьвярнуўся да рамясла. Тады на Беларусі было вельмі пашырана ткацтва. Гэтаю справаю заняўся і бацька К. Каліноўскага. Па адных даных Сымон Каліноўскі (бацька Кастуся) быў майстрам-наглядчыкам, па другіх — уласьнікам ткацкай майстэрні, якая налічвала да 20 ткацкіх варштатаў і знаходзілася недалёка ад мястэчка Сьвіслачы Горадзенскай губэрні. Майстэрня была даволі добра пастаўлена. Яна магла вырабляць і вырабляла, апроч звычайнага палатна, лепшы гатунак палатна, вядомага ў тыя часы пад назваю ангельскага. У майстэрні працуе ўся сям’я Сымона Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі таксама з дзяцінства працуе пры варштаце і вывучае ткацкае рамяство.

Падросшы Кастусь пападае ў навуку ў Сьвіслацкую пяціклясавую прогімназію, якую ён даволі пасьпяхова канчае. Пасьля сканчэньня гэтай школы, ён нейкі час жыве дома, працуючы ў майстэрні і рыхтуючыся да экзамэну ў унівэрсытэт. Каля 1857 году Кастусь Каліноўскі, накіраваўся ў Маскву, дзе яму ўдалося паступіць у лік студэнтаў юрыдычнага факультэту унівэрсытэту. Але ў Маскве яму ўдалося прабыць ня больш году. За ўдзел у нейкіх студэнцкіх „непарадках“ яго адтуль хутка выключылі. Пасьля даволі вялікіх мытарстваў і труднасьцяй К. Каліноўскаму ўдалося паступіць на юрыдычны факультэт Пецярбурскага унівэрсытэту. Тут ён правучыўся да канца курсу і скончыў яго, атрымаўшы годнасьць кандыдата праў.

Будучы студэнтам унівэрсытэту, Каліноўскі жыве звычайным жыцьцём студэнта-розначынца, настроенага радыкальна. Ён блізка зыходзіцца з студэнцкімі рэволюцыйнымі коламі і ўдзельнічае ў расійскіх падпольных опозыцыйных і рэволюцыйных гурткох, а таксама і ў рэволюцыйных польскіх гурткох. На яго сьветапагляд як і наогул на сьветапагляд тагочаснай інтэлігенцкай моладзі, робяць вялікі ўплыў творы Герцэна і Бакуніна. Гэтыя творы, ня гледзячы на забарону іх урадам, даволі лёгка прасякаюць у студэнцкія рэволюцыйна настроеныя колы. У 1860-м годзе Кастусь Каліноўскі зьяўляецца ўжо тыповым сьвядомым рэволюцыянэрам таго часу. Зусім зразумела, што яго рэволюцыйны настрой зьвязаны і з тымі опозыцыйнымі і рэволюцыйнымі павевамі, што былі на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі.

У бытнасьць сваю студэнтам К. Каліноўскі не парывае сувязі з Беларусьсю. Ён прыяжджае даволі акуратна на вакацыі да сваіх бацькоў у Горадзеншчыну і агітуе тут сярод дробнай шляхты і сялянства. У 1862 годзе вясною ён канчае унівэрсытэцкі курс, пакідае Пецярбург і ўжо зусім асядае на Беларусі. Ёсьць весткі, што для таго, каб бліжэй падыйсьці да сялянства, ён нават нейкі час займаў пасаду валаснога пісара. Гэты факт робіцца для нас зусім зразумелым, калі мы адзначым, што і расійскія народнікі пазьнейшага часу таксама часта для рэволюцыйных мэтаў займалі пасады вясковых настаўнікаў, настаўніц, фэльчароў, фэльчарыц, акушэрак, пісароў і г. д. Ясна, што ў тагочасных беларускіх абставінах К. Каліноўскі адразу знаходзіць сабе месца ў руху. Ён уваходзіць у лягер будучых чырвоных паўстанцаў і вельмі хутка робіцца дзейным членам Віленскага Цэнтральнага Камітэту.

Асабліва разьвіваецца дзейнасьць К. Каліноўскага з пачатку восені 1862 году. Як мы сказалі вышэй, ён займае пасаду валаснога пісара ці ў самым мястэчку Сьвіслачы, ці недалёка каля яго. У гэтай мясцовасьці жывуць яго бацькі. Ваколічнае жыхарства ведае яго як па бацькох, так і па яго агітацыйнай ранейшай працы. Каліноўскі, карыстаючыся сваёй пісарскай пасадай, распачынае агітацыю і пропаганду спачатку сярод знаёмых яму дробнай шляхты і сялянства, а потым і сярод незнаёмых. Дзякуючы нейкаму здарэньню, поліцыя з мястэчка Сьвіслачы даведалася аб проціўрадавай чыннасьці ня зусім звычайнага валаснога пісара. За ім быў устаноўлены поліцэйскі нагляд, а праз нейкі час быў даны загад арыштаваць яго. Відаць, нагляд даў адпаведныя матар‘ялы для арышту. Толькі нейкі шчасьлівы выпадак выратаваў Кастуся Каліноўскага з рук поліцыі і жандараў. Ён павінен быў уцячы і перайсьці на нелегальнае палажэньне. Усю восень, пад імем Базыля Сьвіткі, апрануўшыся ў сялянскую вопратку, К. Каліноўскі ходзіць па вёсках добра вядомай яму Горадзеншчыны, наведываючыся час ад часу да Вільні ў справах Камітэту. Гэтую працу ён вядзе аж да пачатку зімы, пасьля чаго ён ужо больш-менш стала асядае ў Вільні.

Поліцыя і жандары ганяліся па яго сьлядох, але злавіць не маглі, бо спачуваючая яму дробная шляхта і сяляне на вёсцы і рамесьнікі ў горадзе хавалі яго. Ён быў сярод іх сваім чалавекам. Вёска таго часу наогул была неспакойная і ўтварала добрыя абставіны для рэволюцыйнай пропаганды. Мы ня будзем спыняцца на гэтым моманце, бо ён дэтальна абмаляваны проф. У. І. Пічэта.[6]

Вандруючы па глухіх вёсках Беларусі, К. Каліноўскі канчаткова пераканаўся, што толькі тады паўстаньне можа мець посьпех, калі яно будзе масавым, калі яно добра і грунтоўна будзе абаперта на агульнае спачуваньне сялянскіх мас. Беларускі селянін толькі тады будзе спачуваць паўстаньню і прыме ў ім актыўны ўдзел, калі паўстаньне будзе накіравана для задавальненьня кроўных інтарэсаў сялянства, парушаных „рэформаю“ 19 лютага 1861 году. Задавальненьне інтарэсаў сялянства зьвязана з парушэньнем інтарэсаў земляўласьнікаў. Паўстаньне не павінна супыняцца перад гэтым парушэньнем. Зямля павінна быць адабрана ад паноў і аддадзена сялянам. Шмат аўтараў прыпісваюць Каліноўскаму такія словы, якія ён гаварыў у сваёй агітацыі: „Сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці“. Гэты лёзунг, занадта крайні для выкананьня яго дробна-буржуазнай рэволюцыяй, тым ня менш сьведчыць аб тым, што Кастусь Каліноўскі добра разумеў значэньне правільнай пастаноўкі сялянскага пытаньня для ўдачы паўстаньня.

Адначасна з гэтым, па думцы Каліноўскага, трэба рашуча змагацца з расійскім царызмам, які заўжды падтрымліваў і падтрымлівае заможныя групы жыхарства, у тым ліку і земляўласьнікаў. Трэба вызваліць ад уціску царызму Польшчу і Беларусь. Беларусь разам з Польшчаю павінна рабіць паўстаньне проці царызму. Тым ня менш у Каліноўскага часта прарываецца недавер‘е да шчырасьці і настойлівасьці Варшаўскага Народнага Жонду ў разьвязаньні нацыянальнага пытаньня. Не дарма ён часта гаварыў, што „такой кумачцы, як Варшава, ня можна даверыць лёс Беларусі“. Не дарма нават чырвоныя Варшавы часта прыпісваюць Каліноўскаму „сэпаратыстычныя“ тэндэнцыі. У асобе К. Каліноўскага дробнабуржуазная рэволюцыя 1863 г. на Беларусі атрымала вельмі энэргічнага і добрага правадыра. Разьвінуўшыяся далей падзеі паказалі, што дробна-буржуазнай рэволюцыі і яе правадыром не хапіла рашучасьці і пасьлядоўнасьці для выкананьня пастаўленых заданьняў. Угода з буйной шляхтай і буржуазіяй прывяла рэволюцыю да сумнага канца, а самога К. Каліноўскага да царскай шыбеніцы.


  1. Pamietniki M.M. Murawiewa „Wieszatiela” 1863-1865, tlomaczone z oryginalu rosyjskiego przez I.Cz. z przedmowa St. Tarnowskiego. Wyd. III W Krakowie. 1902, ст. 60
  2. I.R. Janowskiego, b. Czlonka I sekretarza rzadu narodowego w powstaniu 1863-4 r., Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I. Stycz. – maj 1863 r. Lwow. 1923, ст. 8, 20, 21.
  3. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski o polskich spiskach I powstaniach. Przeklad z rosyjskiego. T. I. Warszawa. 1911 r. Ksiega VI, ст. 87-88
  4. Prof. M. Berg. Op. cit., T. I, ks. VI, стр. 87-88. П. t. Г. Н. Т. V
  5. Z. L. S. Historya dwoch lat. 1861-1862; T. V. W Krakowie. 1896, ст. 315
  6. „Полымя“, 1929 г., кн. ІХ і ХІ-ХІІ.