Прыезд на Беларусь Мураўёва-вешальніка Мерапрыемствы часоў мураўёшчыны політыка-соцыяльнага характару
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Русіфікацыя Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МЕРАПРЫЕМСТВЫ ЧАСОЎ МУРАЎЁШЧЫНЫ. ПОЛІТЫКА СОЦЫЯЛЬНАГА ХАРАКТАРУ.

Найперш ад усяго, калі Мураўёў сядзеў яшчэ ў Пецярбургу, было апрацавана і канчаткова зацьверджана міністэрствам унутраных спраў палажэньне, для ахопленых паўстаньнем тэрыторый, аб вясковых вартах, якія складаліся з сялян. Зьмест палажэньня[1] наступны. Варты складаюцца з дабравольцаў па запрашэньню валасных ці сельскіх старшынь. Калі назіраецца недахват дабравольцаў, то па прыгавору валасных і сельскіх сходаў сяляне ў варты назначаюцца. Кожная варта, заложна ад мясцовых умоў, павінна складацца ня менш як з 60 і ня больш як з 100 чалавек. На кожных 10 вартаўнікоў прызначаецца адзін дзесяцкі, пераважна на аснове абраньня самых сялян. У складзе кожнай варты павінны быць і конныя вартаўнікі, ня менш як 10 чалавек на кожную. Абавязкі варты такія: а) Ставіць заставы ў мясцох, вызначаных павятовымі вайсковымі начальнікамі, апрашваць прахожых і праежджых, затрымліваць і аддаваць у рукі поліцыі падазроных асоб, б) Абараняць сялян і іх уласнасьць ад нападу паўстанцаў, в) Назіраць, каб на тэрыторыі, даручанай нагляду варты, ня зьбіраліся і не організоўваліся паўстанскія групы, дзеля чаго асабліва ўважліва аглядаць у раёне варты лясы. г) Лавіць і прасьледваць паўстанцаў там, дзе яны не пасьпелі ўтварыць значную групу, ці разьбегліся пасьля таго, як група была разьбіта; імкнуцца спыніць падвоз паўстанцам зброі, розных прыпасаў і харчоў, д) Калі будзе выкрыта група, якая складаецца з значнага ліку сіл, адразу апавяшчаць аб гэтым павятовага начальніка для высылкі на месца войска.

На аснове палажэньня па ўсёй Беларусі былі ўтвораны вясковыя варты. Яны былі ўзброены, на чале іх былі пастаўлены ўнцер-афіцэры, адбыўшыя тэрмін вайсковай службы. У некаторых паветах варты даходзілі да 1000 і 2000 чалавек. Як было вызначана вышэй, яны мелі права арыштоўваць і рабіць вобыскі ў западазроных асоб. За арыштаваных паўстанцаў вартаўніком выдавалася грашовая нагарода: за няўзброенага паўстанца тры рублі, а за ўзброенага пяць рублёў. Грошы на ўтрыманьне вартаў і на выдачу ўзнагарод браліся звычайна з тых контрыбуцый, якія накладаліся на паўстанцаў-памешчыкаў. У пачатку вясковыя варты дзейнічалі слаба. Дзейнасьць іх павялічваецца з восені. Сялянскія варты шмат пашкодзілі паўстаньню ўва ўсходніх губэрнях Беларусі.

Адначасова з палажэньнем аб сялянскіх вартах яшчэ ў Пецярбургу было апрацавана палажэньне аб ваенным кіраўніцтве на Беларусі і Літве. З канца мая і пачатку чэрвеня яно пачало ўводзіцца ў краі. На аснове палажэньня ўлада у краі была перадана ў рукі вайскоўцаў. Цывільная ўлада павінна была падпарадкавацца вайсковай уладзе. На чале губэрань, паветаў і станаў былі пастаўлены адпаведныя вайсковыя начальнікі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Ім было даручана „очистить край от нелояльных людей, шляхты, духовенства и иных лиц, которые более или менее помогают восстанию“. Вайсковыя начальнікі і ўзяліся за „чыстку“ Беларусі і Літвы. Усе вайсковыя часьці, што знаходзіліся на тэй ці іншай тэрыторыі, былі пад загадам яе вайсковага начальніка, які карыстаўся імі для барацьбы з паўстаньнем. Само сабою зразумела, што сельскія варты таксама знаходзіліся ў руках вайсковых начальнікаў. Быў організаваны яўны і патаемны нагляд за ўсімі западазронымі асобамі, распачаліся згаворы і даносы. На кожным кроку адбываліся невераемныя злоўжываньні і надужыцьці. Паролі лозамі і бізунамі ўсіх западазроных, нават старых і жанчын. Былі выпадкі,[2] калі асоб, над якімі была зроблена экзэкуцыя, прымушалі плаціць экзэкутарам за іх „працу“. Апроч вызначанага намі вышэй Дзьмітрыева, асабліва набыў славу сваімі злокарыстаньнямі і гвалтамі Бельскі (Горадзенскай губэрні) вайсковы начальнік Барэйша.

Былі выданы асобныя інструкцыі для нагляду над памешчыкамі і дамаўласьнікамі. Памешчыкі павінны былі выехаць з гораду ў свае маёнткі. Тут яны павінны былі сачыць за зьяўленьнем у ваколіцах маёнткаў паўстанцаў і наогул падазроных асоб, аб чым адразу паведамляць начальства. На земляўласьніках і на асобах іх замяняючых ляжыць адказнасьць за ўсякую паўстанскую групу і за ўсякага паасобнага паўстанца, што будуць заўважаны на тэрыторыі іх маёнткаў. За дапамогу паўстанцам, за схаваньне іх, а таксама за непаведамленьне аб іх зьяўленьні земляўласьнікі будуць прыцягвацца да строгай адказнасьці, а маёнткі іх будуць рэквізавацца.

Што датычыць дамаўласьнікаў, то калі „в домах их найдены будут подозрительные лица или участники в мятеже, о которых они не заявят в своё время полиции, то, независимо от предания личной ответственности владельца дома перед законом, взыскать с него штраф в размере от 100 до 200 рублей за каждое такое открытое лицо и на первый раз занять квартиру, в которой это окажется, под бесплатный военный постой сроком от одного до трех месяцев; во второй раз кроме взыскания штрафа, удвоить срок постоя, а в третий раз, взыскав удвоенный штраф, прекратить отдачу квартир в наймы и занять их на целый год бесплатно постоем“.[3] Абодвы гэтыя мерапрыемствы, як мы бачым, накіраваны проці заможных соцыяльных груп вёскі і гораду. З гэтых груп выходзіла белая частка паўстаньня. Удар па кішэні белых прымусіў іх хутчэй адыйсьці ад паўстаньня і пасьпяшацца стаць у варожыя да яго адносіны.

Быў выдадзены асобны загад, якім забаранялася насіць чамаркі, кунтушы, рэволюцыйна-патрыятычныя эмблемы, жалобную вопратку, нават бараду-гішпанку, якую называлі наполеонкай. Парушэньне загаду каралася штрафамі і арыштам. Асаблівая ўвага была зьвернута на барацьбу з жаночымі жалобнымі вопраткамі. Тыя ўрадоўцы, жонкі, сёстры і дочкі якіх былі заўважаны ў нашэньні жалобнай вопраткі, звальняліся з пасады. Жанчыны за нашэньне жалобы першы раз караліся штрафам у 25 рублёў, другі раз — у 50 рублёў і трэці раз арыштам і аддачай пад суд. Калі якая жанчына ня мела сродкаў заплаціць назначаны штраф, то прадавалася з малатка яе рухомая маёмасьць. На грунце гэтага загаду адбывалася шмат злоўжываньняў. Усякае цёмнае, нават шэрае адзеньне лічылася жалобным. Вопраткі часам проста зьдзіраліся з жанчын, і яны пускаліся па вуліцы напоўапранутымі. Часам у турме яны зьмяшчаліся разам з угалоўным элемэнтам, простытуткамі і г. д. Зразумела, усё гэта ўсім сваім цяжарам упала на незаможныя групы жыхарства.

Па ўсіх паветах, станах і валасьцёх Беларусі і Літвы былі дадаткова расстаўлены вайсковыя часьці, выкліканыя з цэнтральнай Расіі. Яны, маючы пэўныя пункты стаянак, тым ня менш павінны былі заўжды перасоўвацца з месца на месца ці па вызначанаму маршруту, ці адпаведна зьяўленьню ў тых ці іншых мясцовасьцях паўстанскіх аддзелаў ці паасобных паўстанцаў. На гэта быў выданы 26 мая 1863 г. абежнік[4] на імя вайсковых начальнікаў губэрань, зьмест якога быў наступны: „Находя одно средство к скорейшему водворению порядка в том, чтобы войска, которые назначены в распоряжение военных начальников уездов, не оставались безвыходно в городах, но беспрестанно производили движения по их району, ограждая жителей от насилий, производимых мятежниками, и водворяя везде спокойствие, я возлагаю это на особую попечительность как вашего превосходительства, так и на строгую обязанность военных начальников в уездах… Войска, состоящие в ведении военных уездных начальников, должны беспрестанно появляться в разных местах уездов, при чем подвижные колонны должны производить движение налегке без ранцев и частым появлением своим в разных местностях ободрять жителей“. У нас ёсьць вялікае сумненьне адносна таго, што войскі „ограждали“ і „ободряли“ жыхарства Беларусі і Літвы. Наадварот, ёсьць цэлы шэраг пэўных вестак аб тым, што яны вялікім цяжарам ляглі на жабрацкі бюджэт зьбяднелага селяніна. Яны бралі харчы найчасьцей ад сялянства. За харчы сялянству выдаваліся нічога ня вартыя квіткі, а часта справа абыходзілася і бяз усякіх квіткоў: ішло звычайнае драпежніцтва.

З абежніку відаць, што рэгулярным расійскім аддзелам прапануецца весьці тактыку, падобную да партызанскай тактыкі паўстанскіх аддзелаў. Гэта выклікалася неабходнасьцю і папярэдняю практыкай барацьбы з паўстанцамі. Таксама зусім на партызанскі манер былі пабудаваны спэцыяльна ўтвораныя жандарскія каманды. Жандарская каманда была адна на павет, складалася яна з 20—30 чалавек, заўжды перасоўвалася конна з месца на месца па тэрыторыі павету і найчасьцей несла выведчую службу. Жандарскія каманды знаходзіліся пад непасрэдным кіраўніцітвам вайсковых павятовых начальнікаў. Фактычна яны былі зусім безадказны і ўчынялі найбольш гвалтаў, надужыцьцяў і злокарыстаньняў. Бязумоўна, ад іх цярпелі не заможныя паны: цярпела ад іх дробная шляхта, дробная буржуазія і сялянства, якое ня мела сродкаў ад іх адкупіцца.

Самым моцным ударам па земляўласьніцкай шляхце, якая прымала ўдзел у паўстаньні, былі сэквэстар маёнткаў і контрыбуцыя. Маёнткі паноў, асабліва скомпромэтаваных удзелам у паўстаньні, адбіраліся ў скарб для раздачы і продажы рускім земляўласьнікам. Лічба сэквэстраваных маёнткаў была значная. У № 87 урадавай газэты „Kurjer Wilenski“ за 1863 год зьмешчаны сьпіс сэквэстраваных маёнткаў да сярэдзіны чэрвеня 1863 году. У сьпісу налічваецца 361 назва. У канцы чэрвеня, гэты лік ужо даходзіў да 396.[5] К канцу кіраўніцтва Мураўёва лік сэквэстраваных маёнткаў даходзіў да 1760.[6]

У канцы чэрвеня 1863 году ўсім вайсковым начальнікам Беларусі і Літвы быў разасланы для тэрміновага выкананьня загад аб тым, што на ўсе без выключэньня маёнткі земляўласьнікаў накладаецца 10%-ная контрыбуцыя. Яна павінна ісьці на аплату страт, якія наносяцца краю паўстаньнем. Контрыбуцыя павінна быць унесена ў скарб на працягу аднаго тыдня. У тых земляўласьнікаў, якія ня маюць грошы, каб заплаціць контрыбуцыю, вайсковыя начальнікі павінны прадаваць з малатка маемасьць. Контрыбуцыя з маёнткаў паноў ня польскага паходжаньня была зьменшана да 5%. Потым яна была яшчэ паніжана для паноў нямецкага паходжаньня да 3%, а для паноў расійскага паходжаньня да 1½%. Мураўёў у сваім загадзе разглядаў контрыбуцыю не як кару, а як дабрахвотную дапамогу з боку земляўласьнікаў краю расійскаму ўраду, які творыць у краі парадак, патрэбны ў інтарэсах саміх земляўласьнікаў. Контрыбуцыя павінна была ўносіцца адзін раз, але ў сапраўднасьці справа стаяла іначай. Аўтар „Powiesci o Horozanie“[7] піша: „я знаю шмат такіх паноў, якія на працягу 1863 і 1864 году заплацілі сем дзесяціпроцантных контрыбуцый“. Контрыбуцыя асабліва моцна ўдарыла па земляўласьніках польскага паходжаньня. Для ілюстрацыі падаем тут выняткі з прыватнага ліста, пасланага з Менску 11 кастрычніка 1863 году.[8] „По первому сбору контрибуция с края была более 3-х миллионов рублей, из которых на Минскую губернию пришлось слишком 400 тысяч рублей. Название этого сбора десятипроцентным до того условно, что в большинстве случаев равняется действительному годовому доходу, который для контрибуции расчитывался со всей земли без различия ее качества… Если принять в расчет большия пожертвования шляхты на восстание, повторенную с нее контрибуцию, различные потери ее вследствие военного положения страны и, наконец, совершающуюся здесь крестьянскую реформу, на которую требуется для хозяйства прежде всего капитал, то нельзя не убедиться, что здешние дворяне не отряхнутся и через 50 лет, тем более, что как я вам писал, им будут выдаваться взамен выкупной ссуды даже не свидетельства, которые они могли бы продать, а лишь 5%-ный доход с капитализированного оброка, определяемого поверочными комиссиями“. Аўтар ліста па свайму паходжаньню належыць да расійскіх земляўласьнікаў. Ён адносіцца адмоўна да паўстаньня і паўстанцаў, але ён спачувае земляўласьніцкай шляхце, як сваім клясавым таварышом. Ён баіцца, што ад мураўёўскага нажыму паны на Беларусі „не отряхнутся и через 50 лет“, і баіцца зусім дарэмна. Мураўёўскія лекі былі для земляўласьнікаў крыху загоркія, але яны былі толькі лекамі, каб накіраваць іх па таму „правільнаму шляху“, з якога яны зышлі на некалькі хвілін, па шляху поўнай згоды з расійскім царызмам. Зразумела, на гэты шлях земляўласьнікі рана ці позна сталі-б і без Мураўёва на аснове сваіх клясавых інтарэсаў, але дапамога доктара была ня шкоднай. З далейшай гісторыі мы бачым, што земляўласьніцкая шляхта ад мураўёўскіх лекаў „отряхнулась“ даволі хутка, паправіла свае справы, набіла крыху спусьцеўшыя кішэні, жыла ў давольстве і ладзе з расійскім царызмам, пакуль яе не „тряхнула“, як належыць, канчаткова і беспаваротна Кастрычнікавая рэволюцыя.

У канцы чэрвеня па Беларусі і Літве быў пашыраны яшчэ адзін абежнік, на аснове якога 10%-ная контрыбуцыя ў паасобных выпадках магла быць павялічана. Генэрал-губэрнатар прапануе губэрнатарам і павятовым вайсковым начальнікам — „о всех владельцах, в семействах коих окажется отлучившиеся без вести члены, немедленно доносить мне, дабы я мог распорядиться об усилении с них взыскания сверх общего 10%-ного сбора, так как такие владельцы оказываются вдвойне виноватыми в сравнении с прочими“.[9] Такія данясеньні пачалі паступаць у канцэлярыю Віленскага генэрал-губэрнатара з пачатку ліпня: на аснове іх і вышэйвызначанага абежніку пачалі спаганяцца дадатковыя контрыбуцыі.

Адначасна зьявіўся яшчэ адзін абежнік,[10] што загадваў губэрнатарам і павятовым вайсковым начальнікам — „об‘явить через полицию всем домовладельцам-помещикам или их поверенным, чтобы они непременно в продолжении семи дней со дня об‘явления сего распоряжения внесли назначенный с их домов однопроцентный сбор“. Гэты абежнік быў дадаткам да абежніку аб 10% контрыбуцыі. Ён датычыў паноў-дамаўласьнікаў толькі польскага пахаджэньня.

У сярэдзіне чэрвеня Мураўёў выдаў абежнік да павятовых начальнікаў аб правядзеньні прасек лесу ўздоўж чыгунак.[11] „В виду охранения железной дороги признано необходимым очистить ее от прилегающего к ней леса: вокруг станций на 300 саженей во все стороны, а по дороге на 150 сажень как в одну, так и в другую сторону. Должно быть выслано рабочих с топорами от крестьян близлежащих селений с назначением им по 30 копеек в сутки каждому на их харчах. Ваше высокоблагородие озаботитесь, чтобы рабочие получали отдельно установленную плату и чтобы вообще при исполнении всего этого дела не были допущены какие либо беспорядки или злоупотребления“. Як відаць з пачатку абежніку, прарубаньне лесу каля жалезнай дарагі мела сваёй мэтаю ахоўваць дарогу і станцыі ад нечаканых нападаў паўстанцаў, якія вельмі часта такімі нападамі перарывалі зносіны і перапраўку войска з месца на месца. Плату сялянам за вырубку лясоў павінен быў плаціць уласьнік лесу, ці гэта будзе скарб, ці прыватная асоба. Плата грашыма магла быць заменена платаю зрубленым дрэвам, на што вельмі ахвотна згаджаліся сяляне. Трэба зазначыць, што на практыцы найчасьцей вырубаліся лясы прыватных уласьнікаў. Апроч жалезных дарог, лясы прарубаліся і ў іншых мясцовасьцях, каб лягчэй было сачыць за паўстанскімі аддзеламі і прасьледваць іх. За часы Мураўёва для гэтай мэты было высечана шмат лесу. Памешчыкі на гэтым пацярпелі часовыя страты, сяляне крыху выйгралі. У Бельскім павеце Горадзенскай губэрні ў трох толькі маёнтках (графіні Патоцкай, Цяцерскага і Фэнша) было высечана лесу па тагочаснай расцэнцы на 12.000 срэбных рублёў. Наогул найбольш лесу было высечана ў Горадзеншчыне і Віленшчыне. Вырубаньне лясоў рабілася яшчэ з політычнай мэтаю, каб прыцягнуць у бок улады сялянства. Для гэтай-жа мэты ў пачатку зімы 1863 году Мураўёў выдаў загад, на аснове якога панскія двары ня мелі права адмовіць сялянству ў дрэве для апалу. Пры гэтым селянін павінен быў плаціць за атрыманае дрэва ня больш, чым ён плаціў за дрэва ў скарбовым лесе.

Абежнікам, выдадзеным 10 кастрычніка 1863 году, былі скасаваны ўсе судовыя прыгаворы на сялян, якія былі вынесены судамі ў ранейшыя часы і якія датычылі экономічных узаемаадносін паміж панамі і сялянамі. Такое скасаваньне законных прыгавараў тлумачылася ў абежніку „адбываўшыміся ў краі непарадкамі“. Праз нейкі час Мураўёў выдаў другі абежнік, на аснове якога сялянам павінны былі быць адданы тыя землі, на якіх яны вялі гаспадарку ў 1857 годзе і якія, пры надзяленьні сялян зямлёю, былі затрыманы панамі. У сваёй дакладной запісцы на імя цара М. Мураўёў піша аб гэтым так: „Все правительственные органы, как высшие, так и местные должны быть неуклонно направлены к тому, чтобы крестьяне были поставлены в совершенно независимое положение от владельцев и не могли быть стесняемы ими в средствах своего хозяйства, а для сего, чтобы им были возвращены все угодья, которые у них находились с 1857 года, т. е. со времени заявления самими владельцами о их желании упрочить быт крестьян“.[12] Такую „заботливость“ выяўляе вешальнік у адносінах да сялян, проці вызваленьня якіх ён так змагаўся ў свае часы ў Пецярбургу! Крыху ніжэй у сваёй запісцы Мураўёў ідзе яшчэ далей у сваёй „заботливости“. Ён піша: „Справедливость требует всем тем крестьянам, которые с 1846 года были обезземелены, возвратить хотя часть земли, которою они владели, дабы они могли построить на ней хату и иметь по крайней мере огород и небольшую запашку“.[13]

Яшчэ ў часы Мікалая І быў адданы загад аб утварэньні пры вясковых грамадах збожжавых ссыпных магазынаў. Гэтыя магазыны засыпаліся адпаведным лікам сялянскага збожжа на выпадак „недароду“ і голаду. Звычайна паны карысталіся гэтым збожжам для сваіх патрэб, зразумела, ня пытаючыся згоды сялянства. Калі распачалося паўстаньне і калі паўстанскі ўрад вымагаў ад паноў выкананьня народнага падатку, дык паны вельмі часта замест свайго збожжа давалі яго з грамадзкіх магазынаў. Часам забіралі збожжа і самы паўстанцы. І ў гэтым выпадку Мураўёў рашыў паказаць сваю „дабрачыннасьць“ у адносінах да сялян. Быў выданы спэцыяльны абежнік такога зьместу[14]: „Об‘явлено было, чтобы дворовые управления во всех помещичьих имениях, где хлеб из запасных сельских магазинов выдан без разрешения продовольственной комисии в установленной форме, внести непременно к 1 июня (па старому стылю. У. І.) все количество хлеба, недоставшее в магазине в день передачи сего последняго в ведение общества. Но многие помещики, вместо заботливости о пополнении сельских магазинов, довольствуют находящимися у них запасами хлеба мятежнические шайки. Посему начальники губерний обязаны распорядиться через военных уездных начальников и исправников, чтобы в тех имениях, где магазины еще не пополнены, недостающее количество хлеба немедленно было засыпано из наличных запасов помещика. Если же затем будет недоставать до надлежащего пополнения магазина, произвести оное из зерна, которое будет собрано в настоящем году с засеянных помещичьих полей, о чем об‘явить для сведения как помещикам, так и крестьянам, поручив волостным правлениям, неослабное наблюдение за непременным пополнением магазинов“. Калі ў пана ня было магчымасьці засыпаць магазын зярнём, дык пад пагрозаю продажы яго рухомасьці з малатка, ён павінен быў заплаціць каштоўнасьць хлеба грашыма.

У канцы жніўня 1863 году быў выданы абежнік аб тым, каб сяляне, якія былі пазбаўлены зямлі пасьля складаньня інвэнтароў, былі надзелены трыма дзесяцінамі ворнай зямлі на сям‘ю. Апроч таго, яны павінны атрымаць ад пана права пасьвіць сваё быдла на яго зямлі. Гэты абежнік пашыраўся нават і на такіх сялян, якія прымалі ўдзел у паўстаньні, але потым раскаяліся, кінулі паўстанцаў і прынесьлі прысягу на вернасьць расійскаму ўраду. Патураньне сялянам, нават паўстанцам, Мураўёў тлумачыў тым, што яны былі ўцягнуты ў паўстаньне ці сілком, ці абяцанкай паўстанцаў даць ім зямлю.

Усе мураўёўскія мерапрыемствы, накірованыя проці шляхты, падалі ня столькі на буйную, колькі на дробную шляхту. Дробнай шляхты на Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, было вельмі многа. Яна жыла цэлымі засьценкамі ці ваколіцамі. Па свайму экономічнаму дабрабыту такая дробная шляхта часам зусім мала адрозьнівалася ад сялянства і складала верхні, кулацкі яго пласт. Яна адрозьнівалася ад сялянства яшчэ тым, што была вольнаю. Праўда, існавала і такая шляхта, якая сядзела на зямлі буйнога пана-земляўласьніка і плаціла яму чынш. Такая шляхта цалкам была залежнаю ад буйнога пана і зусім блізка падыходзіла да сялянства. Дробная шляхта выдзяляла з сябе разначынны і наогул дробнабуржуазны элемэнт і давала паўстаньню крайнюю чырвоную групу ў вельмі вялікай яе лічбе. Зразумела, Мураўёўшчына зьвярнула на гэтую дробную шляхту асаблівую ўвагу. Цэлы шэраг рэпрэсійных мерапрыемстваў быў накіраваны спэцыяльна проці гэтай соцыяльнай групы, якую Мураўёў лічыў асабліва шкадлівай і небясьпечнай.

У дадатку да інструкцыі, выдадзенай 24 мая (стары стыль. У. І) 1863 году,[15] Мураўёў вельмі дэтальна спыняецца на гэтай групе. Ён адзначае, што ў ліку асоб, якія прынялі актыўны ўдзел у паўстаньні, налічваецца вельмі значная колькасьць дробнай шляхты і аднадворцаў. Мураўёў лічыць гэтую групу вельмі злачыннай, якую трэба пакараць асабліва цяжка. „От таких преступных шляхтичей и однодворцев, по справедливости не имеющих права пользоваться теми выгодами и удобствами, какие предоставляются крестьянскому сословию, верному своему долгу, немедленно отобрать земельные участки с усадьбами, на коих они водворены, и вместе с находящимся на оных хозяйством передать в распоряжение тех казенных или временнообязанных крестьянских обществ, в составе которых они находятся, с тем: а) чтобы общества предоставляли такие участки в пользование крестьянам-огородникам и бобылям или кутникам, которые не имеют наделов, б) чтобы участки эти были отдаваемы крестьянам, отличающимся порядочной жизнью и преимущественно оказавшим особые услуги по содействию к преследованию и уничтожению мятежников и в) чтобы ввод во владение этими участками был произведен не иначе, как по мирскому приговор“. Мураўёў, такім спосабам, выдзяляе дробную „злачынную“ шляхту ад „благанадзейнага“ сялянства і землі яе з гаспадаркаю аддае сялянскім вобчаствам.

Ён не спыняецца нават перад поўным разгромам цэлых дробна-шляхецкіх ваколіц. Для разгрому даволі аднаго падазрэньня, што даная ваколіца спачувала ці падтрымлівала паўстанцаў. Увосень 1863 году сялянска-шляхецкая вёска Лукавіца, Бельскага павету, праз якую праходзіў паўстанскі аддзел Эйтміновіча, была западазрона ў спачуваньні і падтрыманьні гэтага аддзелу. Вёска была спалена, маемасьць конфіскавана, а жыхары высланы ў Сібір. Тое самае было зроблена з вёскамі-ваколіцамі Прушанкаю Бельскага павету і Вішнянкаю Беластоцкага павету. У кастрычніку 1863 году была спалена вёска Ібяны Ковенскай губэрні. Крыху раней была спалена вёска Явораўка Беластоцкага павету. М. Бэрг[16] так апісвае гэты факт. 17 жніўня 1863 году палкоўнік М. Цэйгэ-фон-Мантэйфэль, што знаходзіўся ў Беластоку, атрымаў ад Мураўёва тэлеграфны загад, каб ён шляхецкую вёску Явораўку, якая знаходзіцца ў 12 вярстах ад Беластоку, спаліў; месца, на якім яна стаяла, заараў; усіх жыхароў яе вывеў у Беласток і там пасадзіў у турму да далейшага загаду. 19 жніўня раніцою Мантэйфэль з трыма ротамі пяхоты і дзьвюма сотнямі казакаў прыбыў у Явораўку. Жыхарам загадана было высьці з хат і выносіць з сабой сваю рухомасьць. Хворых клалі на калёсы і вывозілі за вёску. Пасьля таго, як гэты загад быў выкананы, казакі падпалілі стрэхі адначасна з усіх бакоў. У адну хвіліну вёска запалала, і праз некалькі гадзін ад яе нічога не засталося. Жыхары Явораўкі пад моцным канвоем былі накіраваны ў Беласток і там пасаджаны ў турму. Праз нейкі час усе яны былі высланы ў Туркестан. Частка іх загінула па дарозе, а аб другой частцы мы ня маем ніякіх вестак. Вядома толькі, што той самы Мантэйфэль, які рабіў над Явораўкай экзэкуцыю, у часы сваёй далейшай службы ў Туркестане спаткаў там гэтых выгнанцаў.

Як відаць з усіх вышэйпаданых мерапрыемстваў Мураўёва, ён імкнуўся ўсімі сіламі ўлажыць у сялянскія галовы думку, што паўстанцы складаюцца выключна з паноў, што гэтыя паны сваім паўстаньнем шкодзяць інтарэсам сялянства; ён выкарыстоўваў процілегласьць соцыяльных інтарэсаў сялян і паноў для таго, каб перацягнуць сялянства на час паўстаньня ў бок расійскага ўраду. Сутнасьць сваёй сыстэмы Мураўёў добра апісаў у лісьце на імя шэфа жандараў В. А. Даўгарукава.[17]

Даўгарукі, паміж іншым, у сваім лісьце да Мураўёва выказаў занепакоенасьць, як-бы гульня Мураўёва з сялянамі на Беларусі і Літве не перакінулася ў Расію, як-бы і ў Расіі ня вынікла думка парушыць інтарэсы паноў для інтарэсаў сялян; як-бы сярод асоб, блізкіх да ўраду, ня вынікла незадаваленьне дэмагогічнаю ў адносінах да беларускага сялянства політыкаю Мураўёва. У адказ на гэта Мураўёў зазначае, што земляўласьніцкую шляхту на Беларусі і Літве ня можна раўнаць з расійскім дваранствам, бо шляхта воража адносіцца да царскага ўраду, у той час калі расійскае дваранства зьяўляецца апораю трону. Зразумела, дзякуючы гэтаму, „меры, принимаемые в Западном Крае к устройству правильного быта крестьян и к уничтожению влияния на них помещиков, не могут иметь ничего общего с мероположениями, вводимыми в России в отношении русских крестьян“. Далей Мураўёў заспакайвае Даўгарукава такою заяваю: „Православная Россия слишком благоразумна и особенно крестьяне наши одарены достаточным здравым смыслом, чтобы не понять, что меры, прынятые в Западном Крае, суть и должны быть исключительные для этого края, что они вызваны силою обстоятельств и потому никак не могут быть применяемы к российским губерниям. Я уверен, что отличающийся своим сметливым умом русский народ не станет и домогаться этого“. Далей Мураўёў з глыбокім жалем зазначае, што нават расійскае і нямецкае дваранства на Беларусі і Літве ў час паўстаньня не падтрымлівала расійскага ўраду. „Я должен с прискорбием сказать, что в продолжении всей страшной борьбы с крамолами и мятежом, когда доблестное войско наше с полным самоотвержением жертвовало собою, ни один из русских и особенно остзейских помещиков не оказали правительству ни малейшего пособия ни в чем и не противодействовали мятежу“. Перад канцом ліста Мураўёў падагульвае свае думкі ў такіх, вельмі характэрных словах: „Когда мы с вашим сиятельством занимались крестьянским вопросом, то имели ввиду не мятежницкий край, а Россию православную, преданную своему государю, и потому, сознавая величайшую пользу и необходимость благодетельной меры освобождения крестьян от крепостной зависимости, полагали вместе с тем необходимым сколь можно менее раз‘единять давнишнюю связь, соединяющую два сословия, на которой основана сила и незыблемость государства, но здесь иное дело: вся сила, на которую может опираться здесь правительство, заключается в одном сельском населении, и потому для самой пользы государства раз‘единение его с прочими враждебными правительству сословиями, особенно землевладельцами польского происхождения, необходимо. Мы должны, необинуясь, итти этим путем, не взирая ни на какие возгласы, и водворять здесь русскую народность совершенным подавлением польскаго элемента. Всякая другая система действия будет гибельна для нас и поведет к тому концу, что настанет время, когда мы должны будем лишиться всего края“.

Такім чынам, Мураўёў лічыць, што яго сыстэма выклікаецца сілаю абставін, што яна магчыма толькі на Беларусі і Літве, а не ў Расіі. Сутнасьць яе заключаецца ў часовым выкарыстаньні соцыяльных, нацыянальных і рэлігійных процілегласьцяй для політычных мэтаў. Трэба часова ўдарыць па кішэні земляўласьніка, трэба пайсьці на зданьнёвыя ўступкі сялянству для таго, каб зьберагчы ўстоі самаўладзтва ў адзінай непадзельнай Расіі. Самаўладзтва каштуе таго, каб дзеля яго правесьці гэтую спробу, праўда, рызыкоўную, але верную.


  1. Сборник распоряжений гр. М.Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864 г. Сост. Н. Цылов. Вільна, 1866 г. ст. 179-181
  2. Moskiewskie na Litwie rzady w 1863-1869 r. Dalszy niejako ciag czarnej ksiegi. Krakow. 1869, ст. 81
  3. Сборник распоряжений гр. Мих. Ник. Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864 г.г. Сост. Н. Цылов. Вильна. 1866 г. Циркуляр от 23 сентября 1863 г., ст. 57
  4. Сборник распоряжений гр. Муравьева, ст. 61
  5. Dwadziescia piec lat Rosyi w Polsce (1863-1888). Zarys historyczny. Lwow. 1892, ст. 44
  6. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 345
  7. Moskiewskie na Litwie rzady. 1863-1869. Przez autora „Powiesci o Horozanie“. Krakow. 1869, ст. 135
  8. Rok 1863 na Minszczynie. ІБК. Менск. 1927, ст. 71
  9. Сборник распоряжений Муравьева, стр. 295
  10. Ibidem, стр. 296
  11. Ibidem, стр. 200-201
  12. Записки гр. М. Н. Муравьева, поданные на имя царя. Руск. Архив, 1885 г. Кн. II. Записка от 14 мая 1864 года, ст. 188.
  13. Ibidem, стр. 188.
  14. Сборник распоряжений гр.Муравьева, ст. 203.
  15. Сборник распоряжений гр. Муравьева, стр. 111.
  16. Prof. М. Berg. Op cit. Т. II. Warszawa. 1911. Ks. IX, ст. 77.
  17. Rok 1863 па Miriszczyznie. Выд. ІБК. Менск. 1927, ст. 151—5.