Мерапрыемствы часоў мураўёшчыны політыка-соцыяльнага характару Русіфікацыя Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Жондавыя зьмены ў Варшаве

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ.

Яшчэ ў пачатку чэрвеня Мураўёў зьвярнуўся з офіцыяльным лістом да Віленскага каталіцкага біскупа Красінскага. У лісьце сваім Мураўёў адзначыў, што каталіцкае духавенства прымае вельмі чынны ўдзел у паўстаньні, вынікам чаго была сьмяротная кара ксяндзоў Ішоры і Земацкага і аддача пад суд вялікага ліку ксяндзоў, якія таксама будуць сурова пакараны. Ксяндзы, як слугі касьцёлу, ня толькі самі не павінны ісьці проці прысягі на вернасьць Расіі, але павінны і сваю паству кіраваць на правільны шлях выкананьня вернападданіцкай прысягі. Біскуп Красінскі павінен сваёю ўладаю і духоўным аўторытэтам напомніць ксяндзом сваёй эпархіі аб іх абавязках, для якой мэты ён павінен выдаць у бліжэйшы час адпаведныя загады і адозвы, прыслаўшы копіі іх да ведама Мураўёву. Ліст да біскупа адначасна быў надрукаваны ў офіцыйным органе „Kuryer Wilenski“. У адказ на гэты ліст каталіцкая эпархіяльная консісторыя разаслала за подпісам Красінскага абежнік да духавенства, у якім прапанавала ксяндзом ўстрымлівацца ад усякага ўдзелу ў паўстаньні. Мураўёву не спадабаўся самы тон гэтага абежніку, і ён даў загад аб высылцы Красінскага ў цэнтральную Расію. Біскуп, ня ведаючы аб гэтым загадзе і ратуючыся ад рэжыму Мураўёва, узяў замежны пашпарт нібы для лячэньня і паехаў цягніком у напрамку на Рыгу. У Дзьвінску яму было абвешчана, што замест заграніцы ён паедзе ў выгнаньне ў Пскоў. Аднак, у Пскове Красінскага перасадзілі з вагона ў карэту і па шосэ павезьлі ў Ноўгарад. У Ноўгарадзе яму было абвешчана, што месцам выгнаньня для яго прызначана Вятка, куды біскуп і быў накіраваны, праз Маскву і Казань. Такі маршрут быў даны затым, каб абмінуць Пецярбург, дзе біскуп мог-бы выкарыстаць свае знаёмствы і сувязі з пецярбурскімі „лібэральнымі“ вяльможамі для палягчэньня кары. У Вятцы Красінскі прабыў аж да пачатку 80-х гадоў, пасьля чаго яму дазволена было выехаць за граніцу.

Пасьля высылкі біскупа Мураўёў прыняўся за ксяндзоў згодна свайму абяцаньню, выказанаму ў вышэйпаданым лісьце да біскупа. Мураўёў здаў справы некалькіх ксяндзоў у ваенны суд і некалькі ксяндзоў адміністрацыйна павысылаў у розныя мясцовасьці Расіі. Пасьля гэтага ён прыняўся за каталіцкія манастыры. Было ўстаноўлена, што некаторыя манастыры давалі дапамогу паўстанцам зброяю і харчамі, перахоўвалі паўстанцаў у сваіх мурох і прымалі параненых на лячэньне. Выкарыстаўшы гэты факт, Мураўёў даў загад зачыніць больш 30 каталіцкіх манастыроў. Зразумела, у ліку гэтых манастыроў было зачынена і шмат такіх, якія ніякага дачыненьня да паўстанцаў ня мелі. Для зачыненьня часам даволі было і аднаго згавору. Тое самае распачалося і ў адносінах да касьцёлаў. Каталіцтва і католікі былі прызнаны неблаганадзейнымі.

Зусім іначай стаяла справа ў адносінах да праваслаўя. Тут, наадварот, ішло падтрыманьне і насаджваньне праваслаўя, якое было прызнана сынонімам царскага самаўладзтва і расійскай народнасьці. Сам Мураўёў так апісвае сваю „місіянэрскую“ дзейнасьць у гэтым напрамку: „во всех почти городах начали строиться на суммы, данные правительством, и особенно на контрибуционные деньги каменные православные церкви, так же и в деревнях: некоторые даже в начале 1865 года были уже освящены. При церквах устроены были церковные советы из крестьян и вообще прихожан православных, которые деятельно способствовали построению церквей и деньгами и работой. Православное духовенство видимо одушевилось и усердно содействовало всему этому. Мною испрошено было оному значительное пособие по 400.000 р. в год из контрибуционных сумм, так что все приходские сельские священники получили ровное содержание до 280 рублей серебром, а городские до 700 рублей“.[1] Панегірысты Мураўёва, А. Мілавідаў, дапаўняе словы Мураўёва. „Исходя из того убеждения, что православие в здешнем крае[2] есть знамя русского начала и народной жизни, без утверждения которого здесь не мыслимо прочное владычество России, и что одну из главных связей, соединяющих народ воедино в гражданской его жизни, составляют твердые религиозные верования, он (Мураўёў. У. І.) различными административными мерами стремился возвысить и расширить в крае православную церковь и при содействии духовной власти построить ее так, чтобы она в частных своих проявлениях ничем не отличалась от великорусской церкви с ее истовым православием“.[3]

Цэлы шэраг фактаў сьведчыць нам аб падтрыманьні і насаджваньні Мураўёвым праваслаўя на Беларусі і Літве. З дзяржаўнай скарбніцы было вызначана 42.000 рублёў на дапамогу тым духоўным, якія пацярпелі ад паўстаньня. Быў выданы дазвол на выдачу бясплатна скарбовага лесу для пабудовы і апалу дамоў праваслаўнага духавенства. Былі адданы ў распараджэньне цэркваў бліжэйшыя фэрмы і фальваркі, сэквэстраваныя ў паўстанцаў для зьмяшчэньня ў іх царкоўных школ і кватэр праваслаўнага духавенства. Была вызначана спэцыяльная камісія, якая павінна была зьвярнуць праваслаўным цэрквам і манастыром тыя землі, якія раней па якіх-небудзь прычынах былі ад іх адабраны. Камісія „зварочвала“ нават і такія землі, што ніколі не належалі да праваслаўных цэркваў і манастыроў. Пачалі шукаць уніятаў і „незаконных“ каталікоў, якіх сілком перапісвалі ў праваслаўе. Пры Мураўёве па офіцыйных даных такіх наварочаных праваслаўных зьявілася звыш 12 тысяч чалавек. Касьцёлы перарабляліся ў цэрквы, капліцы — у часоўні.

Для большага замацаваньня праваслаўя былі выцягнуты адпаведныя старыя загады яшчэ мікалаеўскага часу. Мікалай І яшчэ ў 1852 годзе выдаў загад аб тым, каб паны пабудавалі для сваіх сялян новыя праваслаўныя цэрквы там, дзе іх ня было, ды адрамантавалі старыя там, дзе яны прышлі ў нягоднасьць. Гэты загад у свае часы так і ня вылез з-пад сукна канцылярскіх сталоў і заставаўся забытым аж да 1863 году. У гэтым годзе Мураўёў выцягнуў з-пад сукна стары мікалаеўскі загад і распачаў рэалізацыю яго з уласьцівай яму ўпартасьцю. Палякі-паны, якіх усіх без выключэньня Мураўёў лічыў удзельнікамі і прыхільнікамі паўстаньня і якія па свайму рэлігійнаму вызнаньню былі звычайна каталікамі, прымушаліся, на моцы мікалаеўскага загаду, будаваць новыя і папраўляць старыя цэрквы для сваіх сялян, якія ў пераважнай большасьці былі праваслаўнымі. Цікава тое, што да паноў праваслаўнага вызнаньня гэты загад не дапасоўваўся, а паны-каталікі будавалі цэрквы, якія звонку былі падобны да касьцёлаў. Тады былі выпісаны для пабудовы цэркваў спэцыяльна два чыноўныя архітэктары з Расіі: Рэзанаў і Чагін, якія пачалі праводзіць Мураўёскія загады ў жыцьцё. Зразумела, генэрал-губэрнатар дапамагаў „мастацкай“ чыннасьці архітэктараў, дзе было трэба, рэпрэсіямі, дзякуючы якім зьявілася ў жыхарства вялікая „добраахвотнасьць“ да „сьвятой справы“ пабудовы праваслаўных цэркваў. Такім спосабам, беларускі селянін адурманьваўся рэлігійным дурманом і на свае грошы, і на скарбовыя, і на так званыя контрыбуцыйныя. Па вестках, якія дае вышэйпамянёны А. І. Мілавідаў (стар. 265), было пабудавана нанова 98 цэркваў, адрамантавана цэркваў і належачых да іх будынкаў 126, перароблена з касьцёлаў 16 цэркваў, з каталіцкіх капліц перароблена 3 царквы, нанова пабудована 63 праваслаўныя капліцы. Лічба атрымоўваецца не малая. Да гэтага трэба дадаць, што некаторыя з гэтых цэркваў і капліц былі вельмі дарагія. Даволі зазначыць, напрыклад, капліцу сьвятога Юрага ў цэнтры Вільні: капліца каштавала каля 25.000 рублёў.

Цэлы шэраг ільгот быў зроблены ў адносінах да стараабрадцаў, якіх Мураўёў лічыў адзіным, зусім адданым расійскаму ўраду насельніцтвам „паўночна-заходняга“ краю. Ня гледзячы на протэст міністра ўнутраных спраў, Мураўёў выдаў загад, на аснове якога адмянялася на тэрыторыі Літвы і Беларусі раней існаваўшае палажэньне аб асьвядчэньні валаснымі праўленьнямі памерлых стараабрадцаў. У праўленьнях былі ня толькі стараабрадцы, але каталікі і праваслаўныя, асьвядчэньні якімі нябожчыкаў-старавераў, па думцы старавераў, вельмі зьневажала нябожчыка. Мураўёў загадаў не рабіць вышэйадзначаных асьвядчэньняў, апроч тых выпадкаў, калі гэтага вымагае суд. У стараверскіх вёсках, апроч таго, было дазволена будаваць пачатковыя школы.

Падтрымліваючы і насаджваючы праваслаўе, Мураўёў бачыў у ім найлепшы сродак русіфікацыі на Беларусі і Літве. Апроч таго, русіфікацыя праводзілася і непасрэдна пры дапамозе чыста адміністрацыйных мерапрыемстваў. Сутнасьць гэтых мерапрыемстваў была вызначана ў дакладзе-запісцы „аб некаторых пытаньнях па ўстройству Паўночна-Заходняга краю“, якая была падана цэнтральнаму ўраду 14 мая 1864 году.[4] Як мы бачым, з гэтай запіскі, Мураўёў лічыў патрэбным: — „1) Подтвердить окончательно о повсеместном введении русского языка, как это ныне сделано, с прекращением употребления польского языка во всех официальных и служебных сношениях, а так-же и в наружных изображениях всякого рода, особенно в местах, посещаемых народом. 2) Немедленно все высшие служебные должности по всем ведомствам, а также все места, имеющие прикосновение с народом заместить русскими чиновниками, прочие-же должности замещать русскими постепенно. 3) Вменить в строгую обязанность всем министерствам привести эти меры в исполнение командированием из России чиновников вполне благонадежных и прекратить всякие в этом отношении пререкания, как это ныне случается со стороны некоторых ведомств. 4) Заселять край русскими сколько возможно сосредоточеннее. Заселение это производить, не отстраняя и старообрядцев, ибо они более других сохраняют русскую народность“. Такім чынам, калі мы ўглядаемся ў „запіску“ Мураўёва, то бачым, што яго адміністрацыйныя мерапрыемствы мелі на ўвазе — А) навадніць Беларусь і Літву прывозным расійскім чыноўніцтвам, Б) як-мага зьменшыць польскае земляўласьніцтва, каб яго замяніць расійскім і В) насадзіць расійскую мову і наогул культуру.

Каб павялічыць лік расійскіх урадоўцаў у краі, трэба было заманіць іх сюды матар‘яльнымі выгадамі. Мураўёў гэта прадбачыць і выдзяляе з контрыбуцыйных сум спэцыяльны фонд на „абрусеньне“ краю праз прыежджае чыноўніцтва. Значна павялічваюцца звычайныя пры перамяшчэньнях і назначэньнях урадоўцаў падымныя і прагонныя грошы за рахунак гэтага фонду. Праз год звычайная пэнсія ўрадоўцаў, што прыехалі з Расіі, павялічваецца ў 1½ разы. „Чиновники русские всех ведомств в 1864 году получили уже добавочное жалованье в 50% из контрибуционных сумм. Мировым посредникам также увеличено содержание по 500 рублей, так что все русские деятели, будучи вполне обеспечены, трудились верою и правдою к утверждению русского дела в крае.[5]

Далёка не заўсёды запатрабаваньні Мураўёва ў цэнтар на ўрадоўцаў задавальняліся ў першы час на ўсе 100 процантаў, на што ён і скардзіцца ў сваёй „запісцы“. Але хутка справа была наладжана, і чыноўныя русіфікатары, „русские деятели“, як іх важна называе Мураўёў, пацяклі на Беларусь і Літву шырокаю рэчкаю. Рэакцыйныя расійскія колы падтрымлівалі Мураўёва. Яны пастараліся выезд чыноўнікаў у „Западный Край“ абвясьціць пачэснаю, сьвятою справаю, свайго роду крыжовым паходам на няверных. Асабліва стараўся ў гэтым напрамку вядомы рэакцыянэр-славянафіл Іван Аксакаў. Вось яго думка: „В газетах беспрестанно печатаются приглашения от правительства русским из великорусских губерний занять места мировых посредников и некоторые другие в наших западных областях. Пусть-же честные образованные молодые люди, кончив курс в университете, направятся в Западный край с своими свежими бодрыми силами и явятся туда миссионерами русской народности“.[6]

Аб гэтых „місіянэрах“ даволі добра піша Пшыбароўскі,[7] аўтар, які па сваіх поглядах зьяўляецца згоднікам у стылі Велепольскага. Нават такі правы аўтар дае вельмі адмоўную характарыстыку прыехаўшым русіфікатарам. „Сама Вільня і цэлая Літва зараілася тады зьбіраючымся з усіх канцоў Расіі лайдацтвам, якое, як крукі на падлу, цягнуліся натоўпам на Літву, „в Польшу“, як яны казалі, каб там парабіць сабе кар‘еры і адыграць ролю расійскіх патрыётаў. У Вільні поўна было розных іхмосьцяў, што круціліся бяз сьцісла акрэсьленых заняткаў па залях генэрал-губэрнатарскага палацу, па розных бюро і насілі гуморыстычную назву „пры“ і „па“, бо яны знаходзіліся пры той ці іншай установе, пры генэрал-губэрнатару, ці, кажучы па-расійску, былі залічаны па той ці іншай канцылярыі… Дайшло памалу да таго, што нават сам Мураўёў хапіўся, што гэты расійскі наезд на Літву пераходзіць усякія межы, і цэлымі вагонамі адсылаў гэтае лайдацтва назад у Расію“.

З гэтымі словамі Пшыбароўскага трэба згадзіцца, бо і сам Мураўёў, праўда, вельмі далікатна і асьцярожна, што зусім зразумела, у сваіх запісках заяўляе, што сапраўды з тых урадоўцаў, якія па яго ўласнаму запрашэньню прыбывалі з Расіі на Беларусь, шмат хто абсолютна не адпавядалі свайму прызначэньню. Мураўёў зазначае гэты факт з вялікім жалем, бо, дзякуючы яму, парушаецца мураўёўская сыстэма абрусеньня Беларусі. Чуткі аб поўнай нягоднасьці урадоўцаў, што прыехалі з цэнтральнай Расіі на Беларусь і Літву, дайшлі аж да Пецярбургу. Нават сам цар, даведаўшыся аб гэтым, быў вельмі незадаволены. Калі Мураўёў у красавіку 1865 году атрымаў у цара аўдыенцыю, дык цар выказаў яму сваё незадавальненьне. Мураўёў у сваіх запісках[8] так апісвае сваю аўдыенцыю. „Гусударь принял меня довольно сухо, и когда я ему об‘яснил еще раз о положении края, то он более молчал, не делая особых возражений, кроме впрочем о том, что среди русских чиновников есть много людей ненадежных“.

Што датычыць ліку прыехаўшых з Расіі ўрадоўцаў, дык ён быў вялікі. Сам Мураўёў у сваім „Отчете“[9] вызначае гэтую лічбу больш чым у 3000 чалавек. Як бачым, перад намі вялікая чыноўная русіфікатарская армія. У сапраўднасьці яна была яшчэ большаю, бо, апроч чыноўнікаў, Мураўёў выпісваў з Расіі духавенства і настаўнікаў. Тым ня менш аднымі выпісанымі з Расіі чыноўнікамі Мураўёў абысьціся ня мог. Прыходзілася назначаць і „туземцаў“.[10] Праўда, гэтыя туземцы назначаліся на пасады, асабліва на вышэйшыя, „с крайней осторожностью“.

Барацьба з польскім земляўласьніцтвам на Беларусі і Літве пачалася яшчэ пасьля паўстаньня 1831 году. Тады было адабрана ў скарб у паноў 315 маёнткаў з насельніцтвам у 110.870 душ мужчынскага полу. У манастыроў было адабрана 182 маёнткі з насельніцтвам у 15.545 душ. Адабраныя ў скарб маёнткі прадаваліся і раздаваліся земляўласьнікам расійскага пахаджэньня. Тым ня менш расійскае земляўласьніцтва ня мела вялікага значэньня ў краі. Напрыклад, у 1860 годзе лік расійскіх земляўласьнікаў складаў ня больш 2% агульнага ліку паноў польскага пахаджэньня.[11] Зразумела, на гэта зьвярнуў сваю ўвагу Мураўёў. Яшчэ ў 1864 годзе Мураўёў унёс у міністэрства дзяржаўных маемасьцяў прапанову аб абавязковай продажы сэквэстраваных маёнткаў расійскім земляўласьнікам і аб насаджэньні на Беларусі і Літве расійскага земляўласьніцтва. Прыяцель Мураўёва, міністар Зялёны некалькі разоў уносіў гэтую прапанову на зацьверджаньне Аляксандра ІІ, але цар па нейкіх прычынах не згаджаўся яе зацьвердзіць. Толькі к канцу 1865 году ўдалося дабіцца зяцьверджаньня прапановы. 10 сьнежня 1865 году быў выданы загад, на аснове якога права набываць маёнткі на Літве і Беларусі было адабрана ў палякаў і яўрэяў. Маёнткі як з рук скарбу, так і з рук прыватных уласьнікаў маглі купляць толькі расійцы. Цікава спыніцца на мотывіроўцы загаду. На 10 мільёнаў жыхарства Беларусі польскае жыхарства зусім нязначнае. Яно складаецца пераважна з земляўласьнікаў, а таму надае краю польскі характар і не дазваляе іншаму няпольскаму жыхарству правільна разьвівацца і карыстацца, нароўні з іншым жыхарствам, праведзенымі рэформамі. Загад, такім чынам, мае сваёю мэтаю „абараняць“ расійскае зёмляўласьніцкае жыхарства ад нерасійскага.

Праз нейкі час з дзяржаўных сум было асыгнавана 5.000.000 рублёў на выдачу доўгатэрміновых пазычак для набыцьця на тэрыторыі Беларусі і Літвы маёнткаў земляўласьнікамі расійскага пахаджэньня. Маёнткі ня толькі прадаваліся, але і раздаваліся дарма ў нагароду расійскім ваенным і цывільным вяльможам. У далейшыя часы (3 мая 1882 году, 27-га сьнежня 1884 году) яшчэ выдаваліся царскія загады, што ставілі сваёю мэтаю барацьбу з польскім земляўласьніцтвам. Цікава, што ўсе гэтыя мерапрыемствы ня мелі значных рэальных вынікаў. Расійскія земляўласьнікі чамусьці ня ўмелі ўкараняцца на беларускім грунце. Польскія земляўласьнікі, роўна як і яўрэйскія, пусьцілі ў ход сыстэму падстаўных асоб і, ня гледзячы на абмежаваньні, набывалі землі. Апроч таго, расійскі ўрад пасьля таго, як паўстаньне спынілася, зрабіўся куды ласкавейшым у адносінах да польскіх паноў і часам зьвяртаў ім сэквэстраваныя землі, а часам дазваляў куплю іх.

Гэтым вельмі незадаволены абаронцы расійскага земляўласьніцтва на Беларусі. Падамо адну з такіх лямантацый. Пачынаецца яна з усхваленьня добрых якасьцяў тэрыторыі Беларусі і Літвы. „Северо- Западный край есть одна из найлучших областей российского государства. Климат в ней весьма хороший, мягкий и здоровый. Почва во многих местах весьма плодородная, и даже худшая, вследствие влажности воздуха, везде способна принимать культуру. Воды много; рек, озер и лесу тоже много. В продолжение 30 лет моего пребывания в крае не было здесь ни одного неурожая. Сбыт сельских произведений легок — в Петербург, Ригу, Либаву и Пруссию. Путей сообщения множество: железные дороги изрезывают край во всех направлениях. Есть каналы и судоходные реки — Неман, Двина, Припять и Днепр“. Адным словам, Беларусь і Літва — залатое дно. Толькі і жыць-бы тут расійскаму земляўласьніку. Аднак у гэтым напрамку справа стаіць вельмі дрэнна. Дзякуючы чаму, аўтар далей ужо пераходзіць да лямантацый. „Русское культурное землевладение в крае потерпело полное фиаско. Громадное большинство имений находится в польских и еврейских руках, а в русских — ничтожное меньшинство, и при том не с видами прочной оседлости и серьезного занятия сельским хозяйством, а с целью спекулирования землями.[12] Толькі аднаго дасягнула ўпартая мураўёўская політыка. Яна амаль-што дашчэнту зруйнавала дробнае земляўласьніцтва беларускай ваколічнай і засьцянковай шляхты. Трэба зазначыць, што дробная беларуская шляхта доўга не магла аправіцца пасьля ўдараў Мураўёва. Прайшоў даволі доўгі час, пакуль яна зноў стала на ногі.

Супрацоўнікам Мураўёва па культурнай русіфікацыі Беларусі і Літвы быў Іван Пятровіч Карнілаў, які па сваіх поглядах зусім адпавядаў мураўёўскай сыстэме. Па свайму паходжаньню гэта — арыстократ, які, па звычаю, пачынае сваю кар‘еру службаю ў гвардыі. Потым ён пераходзіць у межавое ведамства, адкуль і пачынаецца чамусь яго вучэбная кар‘ера. У 50-я гады ён назначаны Інспэктарам казённых школ Маскоўскага вучэбнага округу, адкуль пераведзены з павышэньнем на пасаду памочніка куратара Пецярбурскага вучэбнага округу. У 1864 годзе ён быў назначаны на пасаду куратара Віленскага вучэбнага округу, на якой пасадзе ён і прабыў да 1868 году. Першыя гады свайго куратарства ён быў верным супрацоўнікам вешальніка па культурнай лініі. Ён забясьпечвае будучыну мураўёўскай русіфікацыі, ідэолёгічна ўгрунтоўвае яе. Яго заданьне — атручваць моладзь у імя вядомых ужо нам прынцыпаў: праваслаўя, самаўладзтва і расійскай народнасьці і весьці бязьлітаснае змаганьне з тымі, хто супраціўляўся гэтай атруце. Трэба ўтварыць „моральны аўторытэт“ для адміністрацыйнай русіфікацыі, а для ўтварэньня гэтага аўторытэту трэба разьвінуць шырокую працу на культурным фронце. У сваім лісьце да І. Дзялянава Карнілаў наступным чынам формулюе гэтую сваю думку. Для нашего морального авторитета, для достоинства русского имени и, наконец, для очевидного доказательства, што здешний край поистине русский, а не польский, правительство должно всеми мерами возбуждать и поддерживать здесь деятельность русской мысли и слова. Мало вооружаться против полонизма только войсками, пушками, полицией тайной и явной. Исключительно одни административные мероприятия вызывают протесты и озлобление, увеличивают неуважение, вражду и ненависть. Необходимо, чтобы русская мысль, русское слово и русская книга везде морально завоевали этот край.[13]

Сярод трох кітоў — русіфікацыі, праваслаўя, самаўладзтва і расійскай народнасьці — праваслаўе па праву займае першае пачэснае месца. Ад яго цалкам залежыць па думцы Карпілава нацыянальнае і дзяржаўнае самавызначэньне. Каталік заўжды будзе паляком, праваслаўны — расійцам. Праваслаўная вера заўжды зробіць беларуса сапраўдным расійцам, запраўдным абаронцам самаўладзтва, бо царква ёсьць выяўленьне рускага духу. Памоцніцаю царквы ў гэтай справе зьяўляецца школа, якая павінна знаходзіцца пад уплывам і пад загадам праваслаўнай царквы. Праваслаўнае духавенства нясе адказнасьць ня толькі за царкву, але і за школу, яно павінна быць і асноўным кіраўніком яе. Настаўнік школы павінен падпарадкавацца сьвяшчэньніку. Настаўнік па свайму вызнаньню павінен быць абавязкова праваслаўным. Пачынаецца ў сувязі з гэтым чыстка школы ад каталіцкага элемэнту. Разам з каталікамі-палякамі з настаўніцкіх пасад праганяюцца і каталікі-беларусы. Мясцовыя праваслаўныя настаўнікі бяруцца пад падазрэньне, бо іх праваслаўе па думцы русіфікатараў ня зусім чыстапробнае. Настаўнікі выпісваюцца з цэнтральнай Расіі. Выпіска настаўнікаў ідзе вельмі энэргічна. Калі мы возьмем для прыкладу лічбы настаўніцтва к пачатку 1864 году, то атрымоўваецца такі малюнак: з 392 настаўнікаў і загадчыкаў школ польскіх настаўнікаў было 239. Праўда, гэтыя лічбы ня зусім дакладныя, бо пад палякамі статыстыка таго часу разумее каталікоў, хто-б яны ні былі — каталікі-беларусы, ці каталікі-палякі, але ясна адно, што ўсе яны зьяўляюцца мясцовымі людзьмі.[14] Зусім іначай стаіць справа ў пачатку 1865 году. У сваіх „запісках“ аб школьнай справе на Беларусі Мураўёў піша так: „К началу 1865 года во всех гимназиях учителя были уже русские, так что преподавання польского языка в школах уже не было. С содействием духовенства и мировых посредников учебное ведомство открыло повсеместно народные школы, которых было уже более 600. Преподавателями в них были русские семинаристы, коих прибыло в край несколько сот человек из внутренних губерний после моих сношений с епархиальными архиереями“.[15] Нават і тыя школы, у якіх настаўнікамі былі выпісаныя з Расіі асобы, скончыўшыя духоўныя сэмінарыі, павінны былі быць у руках духавенства. Цывільная асоба можа быць у школе толькі памоцнікам сьвяшчэньніка. „Учреждать светские народные школы следует только там, где не будет возможности поручать оные православному духовенству“.[16]

Для ўсіх школ на Беларусі прысылаюцца новыя падручнікі, якія адпавядаюць запатрабаваньням мураўёўскай сыстэмы. Пры школах утвараюцца танныя народныя „патрыятычныя“ бібліотэчкі, у якіх найбольшы аддзел складаюць кнігі рэлігійнага зьместу, як напрыклад, жыцьцярысы князёў Уладзімера, Барыса, Глеба, Аляксандра Неўскага і г. д. У такім-жа напрамку падбіраецца і літаратурная белетрыстыка. Перад лекцыямі і пасьля іх чытаюцца праваслаўныя малітвы, ня гледзячы на тое, што вучні належаць да іншых мясцовых рэлігійных вызнаньняў. Вялікая ўвага зьвяртаецца на вывучэньне закону божага, царкоўнаславянскай мовы і набожных сьпеваў, каб вучні маглі чытаць і сьпяваць на царкоўным крыласе. Школа перарабляецца ў ваяўнічы аддзел праваслаўнай царквы. „Каб школа зрабілася расійскаю, яна павінна была перабудавацца ў свайго роду ecclesia millitans ня толькі ў сэнсе абароны, але і наступу. З гэтаю мэтаю ўжо граф Увараў, прадмесьнік Карнілава, ускладаў на расійскіх настаўнікаў у школах Паўночна-Заходняга краю абавязак ня толькі абаронцаў, але і місіянэраў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці“.[17] Такім спосабам, высілкамі Мураўёва, Карнілава і іх супрацоўнікаў на Беларусі насаджваецца школа ваяўнічага рэтраградзтва, школа чужая для побыту мясцовага жыхарства і шкадлівая для інтарэсаў працоўных мас краю.

Зразумела, што абыйсьціся для школ на Беларусі прывозным настаўніцтвам ня было ніякай магчымасьці. Трэба было падумаць аб мясцовай вытворчасьці настаўнікаў па патрэбнаму для расійскага ўраду тыпу. Пры выданьні ў 1864 годзе палажэньня аб народных школах міністэрства народнай асьветы выдала і „Палажэньне аб настаўніцкіх сэмінарыях“. Гэтае палажэньне і было выкарыстана Мураўёвым для Беларусі. На аснове выданага палажэньня настаўніцкія сэмінарыі ставілі сабе такую мэту — „доставить педагогическое образование лицам всех сословий, православного вероисповедания, желающим посвятить себя учительской деятельности в начальных училищах“.[18] Такім чынам, вучнямі настаўніцкіх сэмінарый маглі быць асобы толькі праваслаўнага вызнаньня, што задавальняла погляды Мураўёва на школу і яе заданьні. Першая настаўніцкая сэмінарыя ва ўсерасійскім маштабе была заснавана ў 1864 годзе на Беларусі ў мястэчку Маладзечне. Для сэмінарыі былі падабраны адпаведныя кіраўнікі і настаўнікі, якія павінны былі падтрымліваць і насаджваць у яе сьценах праваслаўна-расійскі, патрыятычна-царскі напрамак. Значная большасьць вучняў сэмінарыі атрымлівала стыпэндыі, што экономічна прымацоўвала вучняў да школы, аддавала іх у рукі адміністрацыі і настаўнікаў школы, якія тым лягчэй маглі перарабляць іх у „истино-русских людей“. Настаўніцкія сэмінарыі ўсімі сіламі імкнуліся выканаць сваё назначэньне і выпускаць такую мясцовую інтэлігенцыю, якая была-б адарвана ад мясцовых працоўных гушчаў і была-б падобна па сваіх поглядах да той інтэлігенцыі, што была выклікана з Расіі. І гэта ім у пэўнай меры ўдавалася, хоць і ня заўжды.

У програме настаўніцкіх сэмінарый на першым месцы стаяў закон божы і царкоўна-славянская мова. Настаўнікі гэтых прадметаў павінны былі граць галоўную ролю. Амаль кожная сэмінарыя мела сваю дамовую царкву для „нравственного назидания“ вучняў. Гісторыя выкладалася ў казённым патрыятычным стылі, прырода тлумачылася ў згодзе з сьвятым пісаньнем. Вучням прышчаплялася ідэя „единой, великой и неделимой России“. Культываваўся погляд на ўсіх нерасійцаў, як на „инородцев“, што расцэньваліся, як нейкая ніжэйшая парода людзей. Асабліва даставалася яўрэям, як „нехристям“; пышнаю кветкаю ўзрашчвалася юдафобства. Беларуская мова, матчыная мова вучняў, абвяшчалася някультурнай „мужыцкай мовай“ і старанна выганялася з ужытку. Ішлі зьдзекі ня толькі над моваю вучняў, але і над іх вопраткаю і манерамі, як мужыцкімі. Усякае выяўленьне вучнямі нават намёкаў на іншыя, „лібэральныя“ погляды строга каралася.

Пазьней, у сувязі з зьяўленьнем палажэньня 1872 году аб гарадзкіх вучылішчах, выдаецца палажэньне аб настаўніцкіх інстытутах, якія маюць сваёю мэтаю падрыхтоўку настаўнікаў для гарадзкіх вучылішч, прогімназій і малодшых клясаў гімназій. Настаўніцкія інстытуты пабудаваны на тых самых асновах, што і настаўніцкія сэмінарыі. Яны толькі маюць справу з больш кваліфікаваным матар‘ялам. Пазьней, калі расійскі ўрад пабачыў, што яўрэйская інтэлігенцыя мае вялікія здольнасьці і ахвоту да асіміляцыі, быў адчынены Яўрэйскі Настаўніцкі Інстытут у Вільні побач з хрысьціянскім праваслаўным інстытутам. Нормальны тэрмін навучаньня ў настаўніцкім інстытуце, як і ў настаўніцкай сэмінарыі, быў трохгадовы. У яўрэйскім інстытуце для больш дасканалага вывучэньня расійскай мовы тэрмін навучаньня быў чатырохгадовы.

Сыстэма Мураўёва зьвярнула ўвагу на выхаваньне ў адпаведным напрамку (праваслаўе, самаўладзтва і расійская народнасьць) і жанчын. Яшчэ ў 1863 годзе былі адчынены эпархіяльныя духоўныя жаночыя вучылішчы па губэрскіх гарадох Беларусі. Гэта былі зусім зачыненыя школы, што мелі на мэце аберагчы дзяўчат ад усякіх „вольных знадворных уплываў“. Лічачы, што гэтых школ замала, Мураўёў стараўся павялічыць іх колькасьць. У 1864 годзе эпархіяльнае вучылішча было адчынена ў Наваградку. У гэтым-жа годзе такое самае вучылішча было адчынена ў Парычах. У Вільні быў адчынены Марлінскі жаночы манастыр, пры якім для дзяўчат быў утвораны прытулак, што быў рэорганізаваны потым таксама ў эпархіяльнае жаночае духоўнае вучылішча. Ува ўсе гэтыя школы прымаліся амаль выключна дзеці праваслаўнага духавенства. Выключэньні былі вельмі рэдкія.

Урадаваю моваю на Беларусі была абвешчана выключна расійская мова. Мураўёўшчына зусім ня лічылася з тым, што масаваю моваю на Беларусі была мова беларуская. І ня можна думаць, што тагочаснае начальства ня ведала гэтага. Яшчэ ў верасьні 1861 году куратар Віленскага вучэбнага округу князь Шырынскі-Шахматаў у сваім адносьніку на імя міністра народнай асьветы графа Пуцяціна піша, што ў губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Менскай большая частка сельскага жыхарства гаворыць „наречием белорусским“.[19] Ведае аб гэтым і вядомы маскоўскі журналісты Каткоў, які наогул вельмі цікавіцца тым, што робіцца на Беларусі. Ён паміж іншым, зазначае, што ў 60-х гадох у мэтах каталіцкай пропаганды ксяндзы карысталіся ў касьцёлах роднаю для беларусаў моваю.[20] Праўда, ён гэтую мову называе „русской“, бо і беларусаў лічыць „искони русскими“. Калі паказаньне Шырынскага-Шахматава адносіцца да Ўсходняй Беларусі, то заява Каткова ў першую чаргу разумее Заходнюю Беларусь, дзе жыве большасьць каталікоў-беларусаў. Ня мог ня ведаць аб беларускай мове і сам Мураўёў, якому жандары дастаўлялі падпольную беларускую паўстанчую літаратуру, як „Мужыцкая Праўда“, „Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра“, „Гутарка двух суседаў“ і г. д. Расійскі царызм ведаў, што існуе беларуская мова, але ён зусім сьвядома лічыў патрэбным зжыць яе, бо Беларусь па яго погляду была „искони русским краем“.

Раней, на працягу больш як сотні год ішла полёнізацыя Беларусі. Беларускія нізы ламаліся пад польскую мову і культуру. Мураўёўшчына забараніла ўжываць польскую мову і разьвіваць польскую культуру. Беларуская мова і культура таксама падпалі пад забарону, бо, па-першае, яны лічыліся „мужыцкімі“, што зводзіла іх, як культурныя каштоўнасьці, да нуля, па-другое, яны лічыліся польскімі, калі апраналіся ў форму лацінкі. Цяпер беларускія нізы павінны былі ламацца ў другі бок, пад расійскую мову і культуру. Усё гэта ўтварала ў быту беларуса цяжкае становішча. 13-га верасьня 1865 году міністар унутраных спраў забараніў[21] друкаваць кніжкі ў літоўскай мове лацінскімі літарамі. Што датычыць кніжок і наогул друкаванага слова ў беларускай мове, то на іх, магчыма думаць, таксама пашырылася гэтая забарона. Праз нейкі час укаранілася практыка зусім не дазваляць друкаваць беларускія кніжкі, якімі-б яны літарамі ні былі напісаны. Прыпыняецца на доўгі час беларускае выдавецтва. Беларускае слова на некалькі дзесяткаў год, аж да рэволюцыі 1905 году, заганяецца ў вузкія рамкі рукапісу. А калі яно часам падманнымі і абходнымі спосабамі і пападае ў друк, дык гэта толькі вельмі рэдкія і нават выключныя здарэньні.

Наогул на заходняй ускраіне царскай імпэрыі ўтварылася атрутная атмосфэра барацьбы расійскага і польскага нацыяналізму, праваслаўнага і каталіцкага клерыкалізму. У гэтую атручаную атмосфэру на доўгі час папала Беларусь з яе рознанацыянальным і рознарэлігійным насельніцтвам. Зразумела, пры такіх умовах яна і ў сваіх нетрах расьціла абарончы нацыяналізм беларусаў, літвіноў і яўрэяў.


  1. М. Н. Муравьев. Записки об упралении Северо-западным краем и об усмирении в нем мятежа. „Русская Старина“, 1883 г. Т. ІІ., стар. 303—4.
  2. Аўтар разумее Беларусь і Літву.
  3. А. Н. Миловидов. Заслуги М. Н. Муравьева для православной церкви в Северо-западном крае. Виленский Календарь за 1901 г., стар. 240.
  4. С. Шолкович. Сборник статей, раз‘ясняющих польское дело по отношению к Западной России. Вып. II. Вильна 1885 г., ст. 315.
  5. М. Н. Муравьев. Записки об управлении. (Дакладная назва вышэй). „Русская Старина“, 1883 год, T. II, стар. 304.
  6. С. Шолкович. Сборник статей. (Дакладная назвавышэй). Выпуск II., стар. 337.
  7. Dzieje 1863 roku. Przez autora „His toryi dwoch lat“. T. III. Krakow. 1902, стар. 186— 187.
  8. М. Н. Муравьев. Записки об управлении. „Русская Старина“, 1883 г. Т. I, ст. 158.
  9. Отчет графа М. Н. Муравьева по управлению Северо-Западным краем. С 1-го мая 1863 года по 17-е апреля 1865 г.
  10. Сборник распоряжений гр. М. Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в Северо-Западных губерниях. 1863-1864 г.г. Составил Н. Цылов, Вильна. 1866 г., ст. 148.
  11. Проф. П. Жукович. О русском землевладении в Северо-Западном крае. Петербург. 1895 г., ст. 23, 28
  12. А. П. Владимирова. О русском землевладении в Северо-Западном крае. Москва. 1897 г., ст. 21—22, 38
  13. И. П. Корнилов. Русское дело в Северо-Западном крае. Письмо И.Делянову 17. VIII. 1867. ст. 146.
  14. Зборник „Памяти Муравьева“, ст. 5.
  15. М. Н. Муравьев. Записки об управлении. Русская Старина. 1883 г. Т. ІІ, ст. 303
  16. Докладная записка М. Н. Муравьева от 14 мая 1864 года. „Русский Архив“. 1885 г. Кн. ІІ, ст. 189.
  17. А. И. Миловидов. Памяти Н. П. Корнилова. Вильна. 1911 г , ст. 16.
  18. Свод законов, изд. 1893 г. Т. XI, ч.І, ст. 2382.
  19. Сборник документов М. Н. Муравьева. Т. I. Составил А. Белецкий. Издание общества ревнителей русского исторического просвещения. Вильна. 1906 г., ст. 146
  20. С. Шолкович. Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России. Выпуск I. Вильна. 1885 г. Артыкул Каткова
  21. Leon Wasiliewski. Kresy Wschodnie. Warszawa. 1917, ст. 66