Канец паўстаньня на Беларусі Канец паўстаньня ў Польшчы
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Выкарыстаныя матар‘ялы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАНЕЦ ПАЎСТАНЬНЯ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Як мы ўжо адзначалі раней, з сярэдзіны кастрычніка 1863 году кіраўніцтва паўстаньнем у Польшчы перайшло ў рукі Р. Траўгута. Ён стаяў на чале паўстаньня ў якасьці дыктатара да сярэдзіны красавіка 1864 году.

Урадоўцы Народнага Жонду, даведаўшыся аб дыктатуры Траўгута, спынілі свой сабатаж, якім яны спаткалі верасеньскі чырвоны жонд, і прыступілі да працы. Сакратаром жонду зрабіўся Ю. Яноўскі, сакратарамі Беларусі і Украіны былі назначаны Вацлаў Пшыбыльскі і Мэрыян Дубецкі. Праўда, мы павінны зазначыць, што сакратарства ў адносінах да Беларусі і Украіны існавала толькі на паперы, бо зносіны з провінцыямі так і ня былі наладжаны. На Беларусі і Літве, напрыклад, пасьля арышту О. Авэйдэ ўсё знаходзіліся ў руках Каліноўскага, які кіраваў паўстаньнем бяз усякіх дырэктыў з боку Варшавы.

Грабец так апісвае гэты момант паўстаньня.[1] „Пасяліўшыся ў прыбочным доміку пры Смольнай вуліцы пад назваю Міхала Чарнэцкага, Траўгут цалкам аддаўся справе паўстаньня. З фэномэнальнай працавітасьцю ён рыхтаваў дэпэшы, інструкцыі і дэкрэты, якіх шмат выходзіла з-пад яго пяра і разыходзілася па краі да ўсіх ваяводзкіх, павятовых і вясковых організацый, да паўстанскіх груп, што змагаліся па лясных пушчах і палёх, і ўрэшце за граніцу. Цэлы дзень ен хадзіў па пасяджэньнях і спатканьнях з паасобнымі начальнікамі аддзелаў. Ён ува ўсё ўваходзіў сам і нічога не выпускаў з сваіх рук. Глыбока рэлігійны, містык, прасякнуты сьвядомасьцю сваіх абавязкаў, Траўгут, задаўшыся мэтаю працягнуць паўстаньне да ўмяшаньня заходніх дзяржаў, моцна стаяў на чале організацыі, у кожную хвіліну гатовы на сьмерць. Будучы чалавекам чыну, ён умеў сабраць наўкола сябе энэргічныя адзінкі пераважна з консэрватыўнага лягеру, як Марыян Дубецкі, Краеўскі, доктар Дыбэк, ці пазьнейшы, пасьля звароту з Сібіры, барацьбіт каталіцызму і консэрватызму Зыгмут Сумінскі. На тых, хто яго абкружаў ці быў яму падуладны, ён меў вялізарны ўплыў, утвараючы мімавольна амаль-што культ сваёй асобы“.

На аснове вынятку з Грабеца мы можам зрабіць больш-менш правільную характарыстыку Траўгута. Мы бачым, што дыктатар паўстаньня ў Польшчы меў шмат энэргіі, быў чалавекам дзейным і цьвёрдым. Разам з тым мы бачым, што дыктатар належаў да белых і абкружаў сябе белымі выканаўцамі. Перад намі бязумоўна белая, а ня чырвоная дыктатура. Цэлы шэраг іншых матар‘ялаў таксама сьведчыць аб белым напрамку дыктатуры Траўгута. З гэтых матэрыялаў мы пададзім толькі адзін вельмі характэрны вынятак з працы вядомага консэрватара Станіслава Козьмяна.[2] „Траўгут цьвяроза, памужчынску, без памылак разумеў і ацэньваў палажэньне справы. Толькі ў чужаземнай дапамозе ён бачыў магчымасьць посьпеху; як вайсковы, ён у самым паўстаньні ня бачыў умоў для посьпеху. Ён лічыў неабходным цягнуць паўстаньне далей толькі для таго, каб выклікаць чужаземную дапамогу“. Консэрватар С. Козьмян называе Траўгута цьвярозым політыкам у процівагу чырвоным, політыку якіх ён лічыць памылковаю, дэмагогічнаю, аснованаю на юнацкім захапленьні. С. Козьмян з задаваленьнем адзначае, што Траўгут глядзеў на роль і значэньне паўстаньня вачыма белых: паўстаньне само-па-сабе ня мае вартасьці, ня мае ніякіх шансаў на посьпех, яно ёсьць толькі сродак для таго, каб выклікаць чужаземны дыплёматычны націск ці вайсковую інтэрвэнцыю на ахопленую паўстаньнем тэрыторыю царскай Расіі.

Зразумела, згодна з прынцыпам белай паўстанскай політыкі Траўгут павінен быў адмежавацца ад „якобінізму“, ад радыкальнай соцыяльнай програмы паўстаньня, каб не запалохаць гэтым чужаземныя двары. З гэтаю мэтаю Траўгут распачаў паступовае змаганьне з чырвонымі элемэнтамі паўстанскай організацыі. Гэтае змаганьне далёка ня заўжды было паспяховым. Траўгут у лісьце да Уладыслава Чартарыйскага скардзіцца, што да пары да часу ён павінен цярпець чырвоных, бо ня можа з імі саўладаць.

Адным з тэрорыстычных актаў, якія былі ўчынены чырвонымі ў часы дыктатуры Траўгута, быў падпал ратушы ў Варшаве. Пачалося з таго, што на горад была накладзена грашовая контрыбуцыя за забойства палкоўніка Любушына, зробленае яшчэ ў часы папярэдняга верасеньскага жонду. Начальнік места прапанаваў сваім падуладным выкрасьці з ратушы падатковыя кнігі, без якіх на яго думку немагчыма было спагнаць контрыбуцыю. Выявілася, што кніг вельмі многа і выкрасьці іх, дзякуючы гэтаму, немагчыма. Трэба было іх зьнішчыць. З гэтаю мэтаю быў падпалены архіў ратушы, дзе зьмяшчаліся падатковыя кнігі; разам з тым была падпалена другая частка ратушы, дзе зьмяшчаўся поліцэйскі архіў. Ратуша загарэлася адразу з двух бакоў. Пажарная каманда, якая прыехала гасіць пажар, спачувала паўстаньню і, папярэджаная змоўнікамі, гасіла пажар толькі для віду. Уся ратуша згарэла. Ясна, што пажар ратушы і зьнішчэньне падатковых кніг ня спынілі контрыбуцыю, якая праз нейкі час і адбылася. Апроч таго, па некаторых даных магчыма думаць, што кнігі і ня былі спалены. Проф. М. Бэрг[3] так, піша аб гэтым: „Намесьнік і прэзыдэнт места Віткоўскі гаварылі аўтару, што, уласна кажучы, пададковыя кнігі засталіся цэлымі, дзякуючы таму, што прэзыдэнт у сувязі з пашыранымі чуткамі, уважаючы, што кнігі ня зусім бясьпечна зьмешчаны ў ратушы, загадаў перанесьці іх да свайго прыватнага памяшканьня. Пры першай вестцы аб выбуху пажару ён адаслаў іх у замак намесьніка. Намесьнік нават паказваў месца, дзе гэтыя кнігі ў яго габінэце былі пакладзены, і тыя перасьцярогі, што былі ўжыты для аховы“. Так ці іначай але ратуша была спалена тымі чырвонымі элемэнтамі, з якімі змагаўся Траўгут.

Міма волі Траўгута быў зроблены і замах на жыцьцё Трэпава, які адбыўся 2 лістапада. Як нам вядома з ранейшага, Трэпаў у 1861 годзе павінен быў па запатрабаваньню Варшаўскай Дэлегацыі пакінуць пасаду обэрполіцмайстра Варшавы. Зьмяніўшы некалькі пасад, Трэпаў зноў папаў у Варшаву на пасаду шэфа жандараў Царства Польскага. Зразумела, гэтае назначэньне выклікала шырокае абурэньне. Начальнік кінжальшчыкаў Э. Шафарчык і іншыя ўзяліся організаваць забойства Трэпава. Выканаць забойства ўзяліся гарбар А. Аммэр, сьлесары Г. Когутоўскі і Ю. Дамброўскі, кравец Куроўскі і сталяр Ю. Дзяковіч. У вызначаны дзень напад на Трэпава адбыўся, але забіць яго не ўдалося, ён толькі быў паранены ў галаву. Аммэр і Когутоўскі былі арыштаваны, разам з імі было арыштавана каля 20 асоб, якія да справы замаху ня мелі ніякіх адносін. Хутка адбыўся суд, які прысудзіў Аммэра да кары сьмерцю. Когутоўскі не дачакаўся суду і павесіўся ў турме. Кара сьмерцю Аммэра адбылася 11 лістапада.

Белым напрамкам політыкі Траўгута тлумачацца адносіны яго да Л. Мераслаўскага. Пшыбароўскі[4] вельмі яскрава малюе гэтыя адносіны. „Апроч Масквы і Немцаў, пісаў Траўгут, мы маем ашчэ горшых, бо дамовых ворагаў, — праўдзівых прыхільнікаў Мераслаўскага. Гэта — людзі, якія маюць адзін занятак, альбо, лепш кажучы, рамяство — руйнаваць жонд, і якія сваім верасеньскім пераваротам, амаль што ўсяго ня згубілі“. „З усялякімі інтрыганамі і руйнавальнікамі, пісаў Траўгут у іншым месцы, трэба змагацца з поўнай суровасьцю, бо яны, як свае, зьяўляюцца горшымі няпрыяцелямі краю, чымсі маскалі і немцы. Ня трэба абмінаць малых рэчаў, зло трэба нішчыць у самым пачатку, каб яно ня мела часу набрацца сілы, бо потым будзе трудней“. Аўтар (Пшыбароўскі) вельмі спачувае Траўгуту і кажа, што адносіны Траўгута да Мераслаўскага і мераслаўчыкаў мелі рацыю. З вынятку ясна, што чырвоных Траўгут лічыць сваімі політычнымі ворагамі і пры гэтым нават горшымі ворагамі, чымсі расійскі царызм. У сувязі з гэтым 8 лістапада 1864 году жонд Траўгута пасьпяшыў паслаць адстаўку Мераслаўскаму, які ў часы верасеньскага чырвонага жонду займаў пасаду генэральнага організатара ўзброеных сіл. Прыезд у Варшаву асабістага сакратара Мераслаўскага Яна Кужыны Траўгут спаткаў з вялікім незадавальненьнем. Калі Кужына прапанаваў Траўгуту выкарыстаць яго для якой-небудзь паўстанскай працы, Траўгут адмовіў яму ў гэтым. Кужына не адразу здаўся. Ён зрабіў спробу організаваць у Варшаве чырвоных у процівагу белай дыктатуры Траўгута. Такая організацыя ўсё-ж не наладзілася, і Кужына павінен быў выехаць з Варшавы за граніцу.

Дыплёматычная сытуацыя таго часу падтрымлівала настрой белай дыктатуры. У першых лічбах лістапада Францыя выступіла з прапановай склікаць агульна-эўропейскі конгрэс для вырашэньня розных спрэчных міжнародных пытаньняў, у тым ліку і польскага пытаньня. Чуткі аб гэтай прапанове разышліся навокал, прасякнулі і ў Польшчу. Нават царскі ўрад крыху зьлякаўся. Цар выдаў на імя былога намесьніка Польшчы, вял. князя Константына, рэскрыпт, у якім зазначыў, што расійскі ўрад у выпадку засьмірэньня Польшчы будзе праводзіць там рэформы і верне Константына на ранейшую пасаду намесьніка. Чартарыйскі піша з Парыжу Траўгуту ліст аб неабходнасьці трымацца да вясны. Па яго думцы вясною распачнецца інтэрвэнцыя чужаземных дзяржаў на Расію, і Польшча будзе вызвалена ад прыгнечаньня Расіі. Траўгут усімі сіламі імкнецца дацягнуць паўстаньне да вясны.

З вялікаю цяжкасьцю, але паўстаньне цягнецца. Паўстанскія групы яшчэ даволі актыўна дзейнічаюць на Падлясьсі, а таксама на паўднёвым заходзе, у ваяводзтвах Кракаўскім, Сандамірскім і ў Заходняй Галічыне. У кастрычніку і лістападзе вельмі выдатнаю была кампанія Чахоўскага, аддзел якога скадаўся з 700 чалавек пяхоты і 100 чалавек коньніцы. У пачатку лістапада Чахоўскі загінуў у бойцы. Пасьля яго сьмерці ў Кракаўскім і Сандамірскам ваяводзтвах адважна дзейнічаў паўстанскі аддзел Зыгмунта Хмеленскага. Аддзел налічваў каля 700 чалавек пяхоты і коньніцы. Цягнулася партызанская барацьба і ў першыя месяцы 1864 году. На працягу студзеня, лютага і сакавіка адбылося каля 130 сутычак. Праўда, рэдка якія з гэтых сутычак канчаліся пасьпяхова для паўстанцаў. З кожным месяцам лік паўстанцаў зьмяншаўся, круг іх дзеяльнасьці звужаўся. З паўстанскіх начальнікаў гэтага часу выдзяляецца ген. Босак-Гаўке.

Каб узмацніць паўстаньне, у Траўгута зьявілася думка зьмяніць організацыю ўзброеных сіл паўстаньня. Як вядома, узброены паўстанцкі рух насіў партызанскі характар. Па думцы Траўгута партызанскія паасобныя аддзелы трэба было пераорганізаваць у адзіную рэгулярную армію з падзелам яе на корпусы, дывізыі, палкі і г. д. Супраціўнікі такой рэформы гаварылі, што яна несваечасова, што няма таго матар‘ялу, які магчыма было-б пераорганізаваць у армію, а таксама няма і экономічнай базы для гэтага. Абаронцы рэформы зазначалі, што рэорганізацыя неабходна для таго, каб вясною з пачаткам інтэрвэнцыі лягчэй было разьвінуць паўстаньне магчыма шырэй, абвясьціўшы „паспалітае рушэньне“ (народнае апалчэньне). Траўгут настаяў на неабходнасьці рэорганізацыі паўстанскіх узброеных сіл. У сярэдзіне сьнежня 1863 году быў выданы жондавы дэкрэт аб рэорганізацыі паўстанскіх аддзелаў. На аснове дэкрэту ўсе партызанскія часьці павінны былі скласьці чатыры корпусы. У рэчаіснасьці ўдалося організаваць толькі адзін корпус, які быў падзелены на дзьве дывізіі — Кракаўскую і Сандамірскую. Дывізіі падзяляліся на палкі. Кожны полк быў зьвязаным тым ці іншым паветам ваяводзтва. У іншых ваяводзтвах узброеныя сілы, як і раней, засталіся на партызанскім палажэньні. Такім чынам, дэкрэт быў рэалізаваны ў зусім нязначнай сваёй частцы і ня меў амаль што ніякага ўплыву на паўстаньне.

Яшчэ ліпнёвы жонд для павялічэньня грашовых сродкаў паўстаньня ў дадатак да народнага падатку выдаў дэкрэт аб абавязковай народнай пазыцы на 21 мільён польскіх злотых. Верасеньскі жонд асобым дэкрэтам павялічыў гэтую суму да 40 мільёнаў. У часы дыктатуры Траўгута грошы ня былі сабраны нават у памеры, прапанаваным ліпеньскім жондам. Сродкі паўстаньня паміж тым усё зьмяншаліся, што вельмі адбівалася на паўстанскім руху, Траўгуту трэба было зрабіць адпаведныя крокі для рэалізацыі абвешчанай народнай пазыкі. Былі ўстаноўлены нормы для спагнаньня пазыкі: 1% ад маёнткаў, каштоўнасьць якіх не перавышала 100.000 злотых, 1½% — ад 100.000 да 300.000 злотых і г. д. У Парыжы былі надрукаваны облігацыі прысланы ў Варшаву. Траўгут 27 кастрычніка 1863 году выпусьціў асобую адозву да жыхарства. У адозьве Траўгут зьвяртаецца да патрыятызму грамадзян краю, тлумачыць, што ўзрастаючыя патрэбы паўстаньня а разам з тым павялічэньне выяўляючагася жаданьня ўдзельнічаць ў пазыцы прывялі да пашырэньня яе базы і да перанясеньня ўсяго цяжару з большых краёвых капіталістаў на ўсіх тых грамадзян, якія пасьля задавальненьня пільных патрэб жыцьця, могуць яшчэ пэўную частку рэштак сваіх даходаў аддаць бацькаўшчыне. Ён заклікае да рэалізаваньня пазыкі і сьведчыць, што, будучы запэўненым у грамадзкай афярнасьці сыноў Польшчы, жонд сьмела можа разьлічваць на павялічэньне сродкаў паўстаньня. Тады ён будзе мець магчымасьць ня толькі задаволіць пільныя патрэбы аддзелаў ужо організаваных, якія знаходзяцца на полі бойкі, але організаваць яшчэ новыя. У канцы Траўгут кліча: „грамадзяне! Кожная вайна вымагае шмат афяр. Наша вайна за незалежнасьць зьяўляецца адзінай вялікай афярай, афярай выкупу за цэлую Польшчу, аддамо для яе наша жыцьцё, кроў і маёмасьць“.[5] Гэтая, напісаная з такім уздымам, адозва тым ня менш ня дала амаль што ніякіх вынікаў. Белая частка паўстанцаў у Польшчы, як і на Беларусі, пачала ўжо адыходзіць ад паўстаньня. Яе „патрыятызм“ пачаў ужо выдыхацца. Апроч таго, царскі ўрад, у рукі якога папала шмат облігацый, даведаўся аб пазыцы і ўжыў адпаведныя захады супроць яе. Было абвешчана, што ўсякі ўдзел у падтрыманьні пазыкі будзе карацца расійскім урадам па ўсёй строгасьці вайскова-карных законаў.

Земляўласьніцкая шляхта папала, паміж двух агнёў. Дыктатар і жонд дагараючага паўстаньня вымагалі ад яе афяр на паўстаньне, царскі ўрад вымагаў вернасьці трону і барацьбы з паўстаньнем. Як і на Беларусі, земляўласьнікі выбралі для сябе дарогу да царскага трону, лічачы паўстаньне небясьпечным для сваіх клясавых інтарэсаў, бо яно магло паставіць чырвоную аграрную програму на выкананьне. Царызм забясьпечваў цьвёрдае палажэньне шляхціча-земляўласьніка, у той час як паўстаньне, у выпадку пераходу кіраўніцтва ў рукі чырвоных, пагражала зруйнаваць яго дабрабыт. Сапраўдныя інтарэсы земляўласьнікаў выплылі на паверхню. Ува многіх мясцовасьцях Польшчы земляўласьнікі пачынаюць зьвяртацца да царскага ўраду з просьбамі дапамагчы ім спагнаць з сялянства чыншы за 1863 год. Расійскія павятовыя начальнікі ў адказ на просьбы пачалі спаганяць чыншы з сялян, пускаючы ў ход, калі гэта трэба было, вайсковую сілу, якая была ў іх распараджэньні. Сялянства адказала на гэта выдачаю ў рукі царскага ўраду тых земляўласьнікаў, якія раней прымалі той ці іншы ўдзел у паўстаньні; часта даносілі і на тых, што былі нэўтральнымі. Такі настрой сялянства даваў магчымасьць царскаму ўраду організаваць у Польшчы, як і на Беларусі, вясковыя варты для барацьбы з паўстанцамі. На 1 студзеня 1864 году ў вясковых вартах ужо налічвалася 4.350 пешых і 436 конных вартаўнікоў. Урадавая газэта „Dziennik Powszechny“ пачынае на сваіх старонках зьмяшчаць падзякі расійскага ўраду абываталям за тое, што яны дапамагаюць паасобным вайсковым часткам змагацца з паўстанскімі аддзеламі.

Як і на Беларусі, у Польшчы распачынаецца кампанія вернападданіцкіх адрасоў. Першы такі адрас быў пададзены 2 лістапада ад жыхароў мястэчка Нешавы. Адрас быў організаваны заможнаю часткаю жыхарства. З гэтага часу адрасы пасыпаліся адзін за адным аж да красавіка 1864 году. Звычайна яны друкаваліся ў газэце „Dziennik Powszechny“. Асабліва многа адрасоў было падана ў студзені і лютым 1864 году. Земляўласьніцкая шляхта падала 13 адрасоў з 3.220 подпісамі, каталіцкае духавенства падало 8 адрасоў з 568 подпісамі, за імі цягнуліся заможныя пласты гарадоў і г. д. Тон адрасоў такі самі подлы і падхалімскі, як і на Беларусі. Радамскі адрас пачынаецца так: „Найясьнейшы цар, найміласьцівейшы кароль, найукаханы айцец, пан і дабрадзей наш“. Яўрэйскія заможныя групы не адставалі ад шляхты. У адным з такіх адрасоў напісана так: „Польскае каралеўства чорна запляміла сябе перад абліччам тваім (разумеецца цар. У. І.) і ўсяго сьвету. Мы гардзімся расійскім імем і, як верныя сыны Расіі, прызнаем яе за адзіную і беспасрэдную нашу бацькаўшчыну, правамі і ўладаю якой імкнёмся быць кіраванымі“. Поруч з ростам адрасоў зьмяншаюцца сродкі ў паўстанскай касе. У студзені 1864 году сродкі касы складаюць 2038 рублёў, у лютым яны зьмяншаюцца да 1227 рублёў, у сакавіку мы назіраем яшчэ большае падзеньне, лічбы, — толькі 152 рублі.

Зразумела, усё гэта не магло не абураць тыя элемэнты паўстаньня, якія асталіся на позыцыі далейшага працягу паўстаньня. Начальнік места Варшавы Вашкоўскі паставіў перад Траўгутам пытаньне аб неабходнасьці выдаць ад імя жонду дэкрэт, які-б асудзіў і забараніў падачу адрасоў. Траўгут адмовіўся зрабіць гэта, мотывуючы тым, што няма сэнсу выдаваць дэкрэты, ведаючы наперад, што яны ня будуць выкананы. Тады Вашкоўскі ад свайго імя, як начальнік места, выдаў спэцыяльную адозву, у якой ён заклікаў жыхароў як Варшавы, так і ўсёй Польшчы ўстрымацца ад падачы вернападданіцкіх адрасоў. Адозва Вашкоўскага ня мела ніякага ўплыву на падзеі. Наадварот, да адрасоў хутка далучыліся яшчэ банкеты, якія даваліся прадстаўнікамі польскай чыноўнай і нячыноўнай магнатэрыі на чэсьць расійскага царызму. Першы такі банкет быў даны ў канцы студзеня 1864 году прэзыдэнтам места Варшавы генэралам Віткоўскім у сувязі з падачай вернападданіцкага адрасу ад Варшавы. Хутка такія банкеты перакінуліся з Варшавы ў провінцыю. Земляўласьніцкая шляхта і прадстаўнікі прамыслова-гандлёвых колаў замест удзелу ў паўстаньні заняліся, як тады гаварылі ў опозыцыйных колах, „танцаваньнем на магіле бацькаўшчыны“. Цікава, што згоднікі-танцоры лічылі зусім правільным зьявішчам тое, што яны „танцуюць“ у імя сваіх клясава-эгоістычных інтарэсаў. У памфлеце,[6] падпісаным псэўдонімам „баронэсса Х. Y. Z.“, гаворыцца: „Усім тым, хто нам рабіў закіды за гэтае „танцаваньне на магіле бацькаўшчыны“, я-б параіла толькі, каб яны хоць на хвіліну ўвайшлі ў наша палажэньне. Колькі нас там было, кожная і кожны меў у тыя часы які-небудзь інтарэс да Намесьніка. Таму ішла справа аб звальненьні брата, іншай аб вызваленьні мужа, трэцяй аб вызваленьні каго-небудзь з прыяцеляў ці крэўных“. У памфлеце пералічана толькі частка інтарэсаў земляўласьнікаў і прамыслоўцаў, але іх лёгка дапоўніць. Заможным групам жыхарства ў першую чаргу трэба было вызваліць „сваіх“ ад адбыцьця вызначаных кар за ўдзел у паўстаньні, а потым уступіць у бясьпечнае ўладаньне сваімі маемасьцямі. Як тут не „ўвайсьці ўпалажэньне“ баронэсы Х. У. Z. і іншых танцораў і адрасантаў!

Рух у бок царызму з боку буйной земляўласьніцкай шляхты і буйной буржуазіі павінен быў адбіцца на поглядах Траўгута і жонду. Не пакідаючы надзей на чужаземную інтэрвенцыю, як на аснову посьпеху паўстаньня, Траўгут пачынае „чырванець“. Усё часьцей і часьцей у сваіх лістох і адозвах ён зьвяртае ўвагу на неабходнасьць уцягненьня ў паўстаньне „простага люду“, без чаго паўстаньне будзе толькі вайсковай дэмонстрацыяй. Яшчэ праз нейкі час мы бачым, што чужаземную інтэрвэнцыю Траўгут пачынае лічыць не асновай, а дадаткам. Асноваю ён лічыць удзел у паўстаньні шырокіх сялянскіх мас. У сувязі з гэтым стаіць і яго плян рэорганізацыі партызанскіх аддзелаў у рэгулярную армію. Па думцы Траўгута, вясною з паўстаўшых сялян павінна быць утворана народнае апалчэньне (pospolite ruszenie), якое згрупуецца наўкола рэгулярнае арміі. Якасьць рэгулярнае арміі будзе злучана з колькасьцю народнага сялянскага апалчэньня, і гэта будзе асноваю посьпеху паўстаньня, на дапамогу якому, апроч таго, прыдзе чужаземная інтэрвэнцыя.

Пры існаваньні такога пляну трэба было ўжыць меры да ўцягненьня сялян у паўстаньне. У сувязі з гэтым 27 сьнежня 1863 году Траўгут выдае дэкрэт, у якім ён на аснове маніфэсту старога Цэнтральнага Народнага Камітэту, загадвае мясцовым паўстанскім уладам тужыць усе меры да вызваленьня і надзяленьня сялян зямлёю, не застанаўліваючыся нават перад рэпрэсіямі ў адносінах да земляўласьнікаў. Праз месяц дыктатар выдае другі дэкрэт, у якім усе грамадзяне заклікаюцца ў „паспалітае рушэньне“, якое будзе організавана ў пачатку вясны 1864 году. Адначасна з гэтым Траўгут імкнецца наладзіць сувязі з рэволюцыйнымі коламі Заходняй Эўропы, якія значна звузіліся за апошнія часы. Супрацоўнікі Траўгута, белыя па сваіх перакананьнях, настроены проці гэтага імкненьня дыктатара, тым ня менш Траўгут настойвае на выкананьні сваёй думкі. Быў напісаны і перасланы адпаведны ліст да Гарыбальдзі, які адразу адгукнуўся на ліст. Ён пісаў аб неабходнасьці яднаньня рэволюцыйных сіл трох сёстраў — Польшчы, Вэнгрыі і Італіі — проці рэакцыйных сіл Аўстрыі і Расіі. Праз нейкі час была ўстаноўлена сувязь з вэнгерскім рэволюцыйным генэралам Юрам Кляпкаю, які дзейнічаў з часоў рэволюцыі 1848 году.

Усе гэтыя мерапрыемствы ня далі пажаданых вынікаў. Папершае, яны спазьніліся, падругое, — яны тармазіліся белымі супрацоўнікамі Траўгута і самым Траўгутам. Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што царскі ўрад узмацніў рэпрэсіі ў адносінах да паўстаньня. У выніку гэтых рэпрэсій быў арышт і пакараньне сьмерцю Траўгута. Поліцэйская „сьлежка” вырывала з шэрагаў народнага жонду больш актыўных яго членаў. Некаторыя з іх павінны былі ўцячы за граніцу. Сувязі з паасобнымі нацыянальнымі тэрыторыямі паўстаньня яшчэ раней спыніліся. Траўгут зносіўся з рэшткамі паўстанскае організацыі праз двух членаў жонду: М. Дубецкага і Ю. Яноўскага, якія засталіся яшчэ на працы. Поліцыі ўдалося прасачыць і арыштаваць Дубецкага, і Траўгут застаўся адзін. На другі дзень пасьля арышту Дубецкага, 11 красавіка 1864 году быў арыштаваны і Траўгут, якога выдалі пасаджаныя ў турму члены паўстанскае організацыі Пшыбыльскі і Мароўскі.

Такім чынам, Траўгут з арыштаванымі раней членамі жонду апынуўся ў цытадэлі. Распачалося сьледства пад кіраўніцтвам жандара Тухалкі. Камісія пусьціла ў ход усе сродкі — біцьцё, холад і голад, — каб дабіцца прызнаньня. У выніку сьледзтва пяць асоб былі прызнаны членамі жонду. Гэта былі — старшыня жонду Траўгут і члены жонду Ян Езяранскі, Рафал Краеўскі, Юзэф Точынскі і Раман Жулінскі. Усе яны былі прысуджаны да кары сьмерцю праз павешаньне. Адначасна з гэтым быў вынесены сьмяротны прысуд яшчэ адзінаццаці асобам, як другарадным агентам жонду. Сярод іх былі М. Дубецкі, Б. Дыбоўскі, Р. Франкоўскі і іншыя. Вынясеньне гэтых 16 сьмяротных прысудаў зрабіла страшэннае ўражаньне на грамадзянства і нават самаму намесьніку здавалася залішне шматлічбавым. Намесьнік конфірмаваў толькі першых пяць сьмяротных прысудаў, а рэшту замяніў вечнымі катаржнымі работамі. Прысуд над Траўгатам і яго таварышамі быў выкананы 5 жніўня 1864 году ў Варшаўскай цытадэлі. Кара адбывалася публічна.

Сакратар жонду Траўгута Ю. Яноўскі пасьля арышту Траўгута павінен быў уцякаць за граніцу. Перад выездам усе докумэнты і пячаткі Жонду ён перадаў аднаму з працаўнікоў камісіі скарбу, Браніславу Бжэзінскаму, які належаў да чырвоных элемэнтаў жонду. Пасьля перагавораў з начальнікам места Варшавы Вашкоўскім быў сформаваны новы жонд, які ўжо быў апошнім у паўстаньні. Апроч Бжэзінскага і Вашкоўскага, у жонд увайшлі Станіслаў Кшэмінскі, Тэофіл Саецкі і Уладыслаў Келер. Фактычна ўся праца была ў руках Вашкоўскага. Жонд увайшоў у зносіны з заходня-эўропейскімі рэволюцыянэрамі. Сакратар Л. Мераслаўскага Ян Кужына быў назначаны галоўным поўнамоцным дырэктарам жонду за граніцай, што падкрэсьлівае чырвоны напрамак політыкі апошняга жонду.

Новы жонд мала чым ужо мог выявіць сваю чыннасьць. Пасьля пакараньня Траўгута з яго таварышамі была выпушчана ад імя начальніка места адозва, якая заклікала ўшанаваць памяць мучанікаў і ісьці на барацьбу па іх сьлядох. Адозва была надрукавана на добрай паперы і гаварыла сваім выглядам аб добрай друкарскай тэхніцы падпольля. Гэта вельмі занепакоіла поліцыю, якая лічыла, што паўстанцкая організацыя ўжо канчаткова заняпала. Праз нейкі час зьявілася яшчэ адна адозва, якая таксама была тэхнічна выканана вельмі добра. Адозва гаворыць аб тым, што польскі народ, ня гледзячы на цяжкія ўмовы жыцьця, не памёр, што ён будзе жыць далей і змагацца за сваю непадлегласьць. Жондам была праведзена рэформа ў паўстанчай організацыі ў бок большай яе консьпірацыі. Ніякіх матар‘ялаў па соцыяльных пытаньнях апошні жонд паўстаньня нам не пакінуў.

Паўстаньне замірала. Шэрагі паўстанцаў з кожным днём радзелі. Белыя канчаткова перайшлі на бок царызму, чырвоныя ўжо ня мелі сілы. Бжэзінскі праваліўся і павінен быў уцячы за граніцу. Кшэмінскі, Саецкі і Келер не выяўлялі ніякай актыўнасьці. Не здаваўся адзін Вашкоўскі. Ён доўга хаваўся па розных кватэрах і ўрэшце знайшоў сабе прытулак у нейкім млыне на ваколіцы гораду, у вялікім кашы пад жорнамі. Тут ён жыў у невераемна цяжкіх умовах, укрываючыся на ноч старымі мяшкамі. У канцы сьнежня 1864 году Вашкоўскі павінен быў выйсьці ў горад па справах. Яму не пашанцавала, і ён папаўся ў рукі поліцыі. Седзячы ў турме, ён папаўся на провокацыю і распачаў перапіску з волею праз аднаго з наглядчыкаў турмы, які ўсе лісты Вашкоўскага перадаваў начальніку турмы Тухолцы. Гэтая перапіска выдала ў рукі поліцыі рэшткі паўстанскай організацыі. Суд прысудзіў Вашкоўскага да кары сьмерцю. Яна адбылася на валу Варшаўскай цытадэлі 17 лютага 1865 году. Гэта была апошняя кара сьмерцю, зьвязаная з паўстаньнем 1863 году.

Паўстаньне спынілася, царызм перамог. Асноўную прычыну няўдачы паўстаньня вельмі ясна формулавала Р. Люксембург. Яна пісала: „Сялянская рэформа з 1864 году паклала канец шляхецка-народным паўстаньням у Польшчы. Без сялянства шляхта не магла перамагчы расійскага ўраду. Але перамога над царызмам з дапамогаю сялян была абумоўлена адменаю паншчыны, як адзіным сродкам прыцягненьня сялянства да шляхецкага руху, — а пасьля гэтага найстрашнейшым экономічным паражэньнем шляхты, такім паражэньнем, якое політычную перамогу шляхты пазбавіла-б зьместу і зрабіла-б усю яе барацьбу бессэнсоўнай. Аб гэтую супярэчнасьць павінны былі разьбіцца шляхецкія паўстаньні. Гэтая процілегласьць паміж шляхтаю і сялянствам забясьпечыла расійскаму ўраду ролю tertii gaudentis (пераможцы), а таксама забясьпечыла магчымасьць трыманьня ў сваіх руках шляхты і паралізаваньня яе руху“.[7]

Ня лічачы магчымым прызнаць паўстаньне 1863 году па свайму характару шляхецкім, мы, тым ня менш павінны прызнаць, што шляхта прыняла ў ім значны ўдзел. Яна адразу разьбілася на белую і чырвоную групы. Шляхта буйназемляўласьніцкая, капіталізаваная, разам з буйной буржуазіяй склала белую групу; шляхта дробная разам з дробнай буржуазіяй, рамесьнікамі і рабочымі склала чырвоную групу. Белыя адразу пачалі граць у паўстаньні контр-рэволюцыйную ролю. Чырвоныя па сваёй дробнабуржуазнай сутнасьці пайшлі на згоду з контр-рэволюцыяй, і дзякуючы гэтаму аграрная рэволюцыя правалілася. Праваліўся разам з ёю і масавы ўдзел сялянства ў паўстаньні. Пры такой умове царызму было лёгка справіцца з паўстаньнем. Такім чынам, клясавая політыка буйных земляўласьнікаў, стаўшы проці інтарэсаў сялянства, адыграла вялікую ролю ў правале паўстаньня.

Ю. Мархлеўскі так формулюе прычыну правалу паўстаньня 1863 году. „В помещичьей среде настроение было против восстания. Правда, молодежь шла к партизанам, но солидные отцы не верили в успех. Однако, после некоторого колебания представители шляхты решили вступить в повстанческий комитет. Мотивом было желание взять в свои руки вожжи, с целью противодействовать революционерам, стремившимся придать восстанию социальный характер революции. Таким образом, среди повстанцев возникли партии „красных“ и „белых“. Последние ставили своей целью поддержать восстание некоторое время, расчитывая на интервенцию европейских держав, особенно Наполеона III. Эта интервенция, по их мнению, должна была заставить царское правительство пойти на уступки в национальном вопросе. Из интервенции ничего не вышло. Партизаны, укрываясь в лесах, делали вылазки против русских гарнизонов, но силы их были ничтожны, и о развитии широкой военной активности не могло быть и речи“.[8] Як мы бачым, белыя ўвайшлі ў паўстаньне, каб утрымаць залішнія па іх думцы соцыяльныя імкненьні чырвоных. Паколькі яны тармазілі аграрную рэволюцыю, пастолькі яны адштурхвалі сялянства ў масе ад паўстаньня і падрыхтоўвалі яго правал.

Пасьля сялянскай „рэформы“ 1864 году ў Польшчы значна разьвіваецца прамысловасьць. Пасьля паўстаньня буйная буржуазія ўвесь час настроена пазгодніцку ў адносінах да царскае Расіі, бо для яе прамысловых прадпрыемстваў патрэбен шырокі расійскі рынак. Незалежнасьць ёй не патрэбна, бо яна (незалежнасьць) праводзіць граніцу паміж Польшчай і Расіяй і першкаджае пашырэньню тавараў. Зямельная буржуазія падтрымлівае прамысловую буржуазію.

Уся гісторыя апошняга царскага пэрыоду паказвае, што польская прамысловая і зямельная буржуазія як у Польшчы, так і на Беларусі, Літве і Украіне зьяўляецца вернаю хаўрусьніцаю расійскага царызму. У 1897 годзе польская буржуазія ўрачыста вітала ў Варшаве прыехаўшага туды цара. Дмоўскі, прадстаўнік народнай дэмократыі, абяцае графу Віттэ падтрыманьне ў барацьбе царскага ўраду з рэволюцыйным рабочым рухам як у Польшчы, так і ў Расіі. Члены польскага Кола ўва ўсіх Думах падтрымліваюць царызм галасаваньнем за павялічэньне арміі і поліцыі. Толькі калі царызм быў зруйнаваны, калі на тэрыторыі былой царскай Расіі ўтварыліся рабочыя дзяржавы, польская буржуазія пастаралася ўтварыць, „незалежную Польшчу“. Цікава, што гэтая буржуазная „незалежная“ Польшча падтрымлівала расійскі царызм і пасьля яго сьмерці ў асобах Дзянікіна, Урангеля, Калчака і іншых. Яна падтрымлівае яго і сягодня ў асобе эмігранцкіх, белагвардзейскіх асколкаў, якія знаходзяць цёплы прытулак як у Польшчы, так і наогул у „дэмократычнай“ Заходняй Эўропе.



  1. J. Grabiec. Rol 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 307-308
  2. Stanislaw Kozmian. Rok. 1863. Т. І. Warszawa. 1903, ст. 226
  3. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski… Warszawa, 1911. Tom ІІ. Кs. Х, ст. 109.
  4. Dzieje 1863 roku, przez… W. РrzуЬогоwskiego. Krakow. 1919. Т. V, ст. 243—244
  5. Ibidem, ст. 252-253
  6. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 325
  7. Roza Luksemburg. Krok za krokem. Prszyczynek do historyi klas burzuazyjnych w Polsce. Z przedmowa S. Bobinskiego. Wyd. „Trybuna“. Moskwa—Kijow—Smolensk 1921 r.
  8. Ю. Мархлевский. Из истории Польши. Москва. Госиздат. 1925, ст. 31.