„Лібэральныя павевы“ 50-х гадоў Пачатак і разьвіцьцё опозыцыйнага руху ў Польшчы
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
„Эпоха рэформ“ Велепольскага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЧАТАК І РАЗЬВІЦЬЦЁ ОПОЗЫЦЫЙНАГА РУХУ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Калі буйная земляўласьніцкая шляхта, нават і капіталістычнага тыпу, толькі паступова і паціху пераходзіла ад угодлівасьці перад царызмам да опозыцыі, то іначай стаіць справа ў дробна-шляхецкіх, дробна-буржуазных і рамесьніцкіх колах. Тут даволі рана мы назіраем праявы опозыцыйнага руху. На рост опозыцыйнага руху рабілі ўплыў некаторыя з вярнуўшыхся політычных эмігрантаў і выгнанцаў. Больш рухавыя і жывыя колы грамадзянства мелі магчымасьць ад вярнуўшыхся атрымаць прынцыпы чырвонага крыла паўстаньня 1831 году. Пашыраюцца прынцыпы барацьбы з царскім урадам і ўтварэньня новай Польшчы „праз народ і для народу“. Пашыраецца ўплыў з-за межаў „архангела рэволюцыі“ чырвонага паўстанца 1846 году ў Галіцыі Людвіка Мераслаўскага.

Ужо ў канцы 1857 і пачатку 1858 году ў Варшаве ўтвараецца цэлы шэраг дробных студэнцкіх гурткоў опозыцыйнага характару. Гурткі складаюцца як з студэнтаў варшаўскіх вышэйшых школ (новазаложанай Мэдычнай Акадэміі, Земляробскай школы ў Марымонце і Школы прыгожага мастацтва), так і з іншых соцыяльных элемэнтаў: урадоўцаў, настаўнікаў, рамесьнікаў і рабочых. У першыя часы ўсе гэтыя гурткі ня маюць організацыйнай сувязі адзін з другім, ня маюць сталых статутаў і програм. Адны з іх распадаюцца і зачыняюцца, другія пашыраюцца і зьліваюцца з іншымі гурткамі і г. д. Апроч Варшавы, опозыцыйныя польскія гурткі ўзьнікаюць у іншых унівэрсытэцкіх гарадох, як Пецярбург, Масква і Кіеў. З вышэйпаказаных гарадоў найвялікшае значэньне для паўстаньня 1863 году набывае Пецярбург.

Амаль адначасна з гурткамі моладзі ўтварыўся яшчэ адзін гурток, які складаўся з „солідных“ соцыяльных элемэнтаў: фабрыкантаў, банкіраў, гандляроў, вышэйшых урадоўцаў і вышэйшых колаў інтэлігенцыі. Галоўную ролю тут іграла прамысловая буржуазія Варшавы. Магчыма думаць, што гурток быў зьвязаны з прамысловымі коламі іншых гарадоў Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Па сваёй програме гэты гурток найбліжэй падыходзіў да організацыі земляўласьнікаў, прадстаўленых Земляробскім Таварыствам. З чырвонымі дробнабуржуазнымі гурткамі іх злучала тое, што яны лічылі вызваленьне Польшчы магчымым пры ўмове паўстаньня, якое яны, праўда, адкладалі на вельмі далёкі тэрмін. За гэта чырвоныя гурткі далі ім назву мільлеранаў (mille — тысяча), бо яны адкладалі паўстаньне на тысячы год, што рабіла іх „паўстанчую“ програму зусім не рэальнай. На чале мільлеранаў стаялі Э. Юргенс і Кронэнбэрг.

К канцу 1858 году з раскіданых дробных студэнцкіх гурткоў організацыйна афармляецца Акадэмічны гурток пры Мэдычнай Акадэміі. Гурток мае добра апрацаваны статут, касу і нават невялікую кнігарню. На чале гуртка стаіць студэнт Ян Кужына. Адначасна з Акадэмічным гуртком афармляецца гурток Нарцыса Янкоўскага. Гэты гурток складаецца з ніжэйшых урадоўцаў, мяшчан, вучнёўскай моладзі, рамесьнікаў і рабочых. Абодва гурткі зьвязаны паміж сабою. Ім належыць спроба першага публічнага выступленьня. На 18 сакавіка 1859 году было заказана жалобнае набажэнства за памерлых Адама, Юлія і Зыгмунта (песьняроў — Міцкевіча, Славацкага і Красінскага). Народу на гэтае дэмонстрацыйнае набажэнства сабралася многа, але поліцыя была папярэджана і забараніла духавенству адпраўляць набажэнства. Набажэнства не адбылося.

У 1859 г. опозыцыйны рух узрастае. Узмацняюцца опозыцыйныя гурткі і ўвязваюцца з Акадэмічным і гуртком Янкоўскага. Ян Кужына, што стаяў на чале Акадэмічнага гуртка, дзякуючы аднэй студэнцкай гісторыі, павінен быў уцячы за граніцу і там хутка зрабіўся асабістым сакратаром Мераслаўскага. Яго месца ў гуртку заняў Кароль Маеўскі, які потым у часы паўстаньня граў даволі выдатную, хоць і не пачэсную ролю. Гэта быў энэргічны і хітры чалавек, які ніколі ня меў стала выпрацаваных перакананьняў. Лічачыся ў пачатку староньнікам Мераслаўскага, ён патым перакідваецца з лягеру ў лягер і ў кожным лягеры знаходзіць сабе месца. Гэта давала яму магчымасьць знаць людзей і сытуацыю сіл у кожным лягеры і быць неабходным для розных політычных інтрыг. У канцы 1859 г. Акадэмічны гурток і гурток Янкоўскага ўхвалілі злучыцца. Быў абраны для абодвых гурткоў агульны кіраўнічы цэнтар, вядомы пад назваю Варшаўскай Капітулы. Галоўную, ролю ў Капітуле пачаў граць Янкоўскі.

Пасьля злучэньня сіл зноў было пастаўлена пытаньне аб організацыі публічнага выступленьня ў выглядзе маніфэстацыі. Такую маніфэстацыю цяпер удалося наладзіць 13 чэрвеня 1860 году. Для маніфэстацыі былі выкарыстаны хаўтуры Катарыны Савінскай, удавы генэрала польскіх войскаў, загінуўшага пры абароне Варшавы ад расійскіх войск у 1831 г. Поліцыя па нейкіх прычынах не пасьпела перашкодзіць маніфэстацыі. Гаварыліся польска-патрыятычныя прамовы. На хаўтуры сабралося некалькі тысяч чалавек.

У канцы лета 1860 году падпольнымі чырвонымі організацыямі была ўстаноўлена так званая жалоба па айчыне. Для ўсіх жыхароў былі забаронены балі, вечары і танцы. Жанчыны павінны былі насіць вопраткі чорнага колеру. Зьявіліся ўсякага роду патрыятычныя жэтоны, пярсьцёнкі, брошкі і г. д. Тым, хто парушаў гэтыя правілы, псавалася вопратка, разьбіваліся вокны і організоўваліся каціныя концэрты. Проф. М. Бэрг піша: „Дашло нават да таго, што зьявіўся так званы дырэктар ці капэльмайстар каціных концэртаў, які за пэўную плату браўся організаваць такія концэрты каму трэба. Концэрт з выбіцьцём шыбаў каштаваў 15 рублёў, без выбіцьця шыб — 10 рублёў. Бывала часам, што канцэрты організаваліся дармова, калі на гэта быў тайны загад.[1]

Як мы ўжо казалі вышэй, у кастрычніку 1860 году ў Варшаву прыехаў Аляксандар II. Чырвоная опозыцыя Варшавы спаткала гэты прыезд варожа. Тайныя організацыі добра падрыхтаваліся да прыезду і прынялі меры, каб перашкаджаць урачыстасьці спатканьня. Публіка, якая зьбіралася, каб паглядзець на цара, разганялася тым, што невядомыя асобы серным квасам псавалі вопратку гледачоў. Ілюмінацыя гасілася, ня гледзячы на тое, што яе ахоўвалі поліцэйскія варты. На сьценах чыя-сь невядомая рука вывешвала памфлеты і сатырычныя вершы. У тэатры ў царскай лёжы папсавалі аксаміт і за гадзіну да спэктаклю, на якім павінен быў прысутнічаць цар, зрабілі абструкцыю: тэатр напоўніўся такім смуродам, што ніхто ня мог застацца ў тэатры.

На 29 лістапада 1860 гаду прыпадала гадавіна паўстаньня 1830—31 году. На гэты дзень было назначана жалобнае набажэнства ў невялікім касьцёле на Лешне. На набажэнства сабраліся рамесьнікі, студэнты і наогул моладзь. Раздаваліся карткі з портрэтамі Касьцюшкі, Кілінскага і іншых народных герояў. А 6-ай гадзіне ўвечары маніфэстанты сабраліся зноў каля касьцёлу, наўкола статуі маткі боскай. Статую асьвятлілі лямпкамі, усе сталі на калены і першы раз прапелі гімн „Божа, што Польшчу“, які потым зрабіўся вельмі популярным і сьпяваўся заўжды ў часы маніфэстацый. Гэтая першая маніфэстацыя з патрыятычным сьпевам зрабіла вялікае ўражаньне на масы. Пачынаючы з канца 1860 году патрыятычныя сьпевы зрабіліся звычайнаю зьяваю як у Варшаве, так і ў іншых гарадох.

Пры такім настроі чырвоных дробнабуржуазных колаў 21 лютага 1861 г. сабраўся штогодны зьезд Земляробскага Таварыства. На зьезд зьехалася каля паўтары тысячы земляўласьнікаў. На разгляд было пастаўлена сялянскае пытаньне. Таварыства ўхваліла неабходнасьць скасаваньня паншчыны. Паміж землеўласьнікам і селянінам павінны адбывацца добрахвотныя ўмовы: селяніну надаецца зямля на правох чыншу, за які селянін павінен несьці ў адносінах да пана абгавораныя ў умове грашовыя і іншыя абавязкі. Толькі пасьля выкананьня вызначаных абавязкаў зямля робіцца ўласнасьцю селяніна. Добрахвотнасьць опэрацыі, высокія цэны на зямлю і аддача сялянам горшай зямлі рабілі рэформу ня маючай ніякай вартасьці.

На гэтым-жа зьезьдзе Таварыства Велепольскі, які стаяў на грунце поўнай згоды з расійскім урадам, прагнуў дагаварыцца, з кіруючымі коламі Таварыства наконт пасылкі цару політычнага адрасу. У проекце свайго адрасу Велепольскі ішоў на політычны компроміс з расійскім урадам на грунце так званага „Органічнага Статуту“, што формальна існаваў з 1832 году і павінен быў даваць этнографічныы польскім губэрням правы ўнутранага самакіраваньня. Прадстаўнікі Таварыства на згоду з Велепольскім не пайшлі. Наогул кажучы, політычная позыцыя Земляробскага Таварыства была зусім няясная: яно ня ішло ні з чырвонай опозыцыяй, ні з поўнымі згоднікамі і як бы стаяла пакуль што на раздарожжы, хаваючы сваю ўгодлівую сутнасьць.

А ў гэты час чырвоныя не бязьдзейнічалі. Жадаючы ўцягнуць земляўласьнікаў з Таварыства ў маніфэстацыйны рух, яны пашыралі па Варшаве проклямацыю, якая заклікала ўсіх у дзень трыццатай гадавіны Грохаўскай бойкі на рынак Старога Места для ўдзелу ў маніфэстацыі. У вызначаны дзень, а палове шостай вечара, маніфэстацыя адбылася вельмі ўрачыста. На чале процэсіі несьлі штандар малінавага колеру з белым арлом, асьветлены ліхтарамі; сьпявалі гімн „Божа, што Польшчу”. На процэсію кінуліся конныя жандары і поліцыя, і маніфэстацыя была разагнана. У выніку некалькі асоб было паранена і да дваццаці заарыштавана. Таварыства адмежавала сябе ад маніфэстацыі. Старшыня яго Замойскі нават запатрабаваў ад ураду варту, якая-б аберагала спакойную працу Таварыства.

Разгон маніфэстацыі ўтварыў у месьце павышаны настрой, які выліўся 27 лютага ў новую маніфэстацыю. Зноў на рынку Старога Места сабралася процэсія з штандарамі, якая складалася з рамесьнікаў, мяшчан, вучнёўскай моладзі і інш. Моладзь з Земляробскага Таварыства пакінула пасяджэньне і была таксама тут. Сабралася да 3000 народу. Зноў раздаліся рэволюцыйныя патрыятычныя сьпевы. Жандары і поліцыя былі бясьсільны, каб разагнаць маніфэстацыю. Было выклікана войска. Раздаліся стрэлы, у выніку было забіта пяць чалавек: два рамесьнікі, два шляхтічы з провінцыі і адзін вучань. Некалькі чалавек было паранена.

Пасьля стрэлаў уся Варшава заварушылася і паднялася на ногі. Да намесьніка Польшчы Гарчакова накіравалася з протэстам дэлегацыя ад купецтва і мяшчанства. Нават і Замойскі, які дагэтуль устрымліваўся ад умешваньня ў патрыятычна-опозыцыйны рух, апынуўся, таксама ў намесьніка. Жыхарства высыпала на вуліцы і не разыходзілася, ня гледзячы на тое, што там была расстаўлена вайсковая сіла. Гарчакоў зусім зьмяшаўся і ня ведаў, што рабіць. Хутка войску быў даны загад пакінуць пасты на вуліцах. Поліцыя таксама была зьнята. Адказнасьць за парадак у горадзе намесьнік усклаў на дэлегацыю места Варшавы, якая такім спосабам зрабілася адзінай адказнай уладай у горадзе. Дэлегацыя для рэалізацыі сваёй улады вылучыла адпаведныя камісіі і занялася складаньнем політычнага адрасу на імя цара. Адрас хутка быў зложаны. Ён гаворыць аб неабходнасьці ўвядзеньня ў жыцьцё краю тых асноў, што выплываюць з духу народу, яго традыцый і гісторыі. Напісаны ён у вельмі ўстрыманым тоне мільлеранаў і земляўласьнікаў з Таварыства, якія захапілі ўплыў у свае рукі. Пад адрасам, тым ня менш, было сабрана 18.000 подпісаў.

Па запатрабаваньню дэлегацыі обэр-поліцмайстар Варшавы Трапаў павінен быў выйсьці ў адстаўку, а на яго месца таксама па запатрабаваньню дэлегацыі быў назначаны ген. Паўлюці, роля якога зьвялася да пасярэдніцтва паміж урадам і дэлегацыяй. Быў абраны спэцыяльны камітэт для організацыі хаўтур пяці афяр і другі камітэт для зьбіраньня грошай на помнік ім. Трэба думаць, што дэлегацыя баялася рэволюцыйнага выбуху з боку чырвоных. Выдзеленая дэлегацыяй варта констэбляў адбірала зброю ў западазроных у такім настроі людзей. Тое самое адчувалася і ў адозьве, якую дэлегацыя 1-га сакавіка выдала, запрашаючы грамадзян на хаўтуры, прызначаныя на 2 сакавіка. У адозьве было напісана, што той, хто на хаўтуры прыдзе ўзброеным, будзе лічыцца за здрайцу края.

Хаўтуры былі праведзены вельмі ўрачыста. Набажэнства служыў біскуп. У процэсіі ўдзельнічала некалькі дзесяткаў тысяч народу. Парадак падтрымліваўся вартаю констэбляў і нідзе не парушаўся.

Пасьля хаўтур улада ў горадзе зноў заставалася ў руках дэлегацыі. Намесьнік Гарачкоў ня ведаў, што рабіць. У Пецярбург ляцелі тэлеграмы з запытаньнямі. Пад націскам дэлегацыі быў звольнены ў адстаўку куратар Варшаўскага вучэбнага округу Муханаў, непапулярны ў польскіх колах, што яшчэ больш павялічыла значэньне дэлегацыі.

Паглядзім цяпер, як адбіваецца маніфэстацыйна-патрыятычны гарадзкі рух на вёсцы. У самым пачатку сакавіка 1861 году Варшаўская дэлегацыя разам з мяшчанствам і духавенствам выдае і пашырае „Пасланьне да ўсіх радакоў Польскай зямлі“. Пасланьне заклікае ўсе станы грамадзянства, асабліва сялян і паноў, да згоды паміж сабою. Шляхта павінна злучыцца з сялянствам, як брат з братам. Цемра і паншчына, што дагэтуль разлучалі паноў і сялян, хутка павінны зьнікнуць. Земляўласьнікі павінны правесьці пасадку сялянства на чынш, каб праз гэта прысьці да надзелу сялян уласнай зямлёй (pszez oczynszowanie do uwlaszczenia). Апроч гэтага, земляўласьніцкая шляхта павінна весьці сярод сялянства культурна-асьветную працу. З другога боку сяляне павінны збліжацца з панскім дваром, бо ад гэтага збліжэньня залежыць шчасьце, як саміх сялян, так і ўсяго народу. Пан, што як і раней крыўдзіць падуладных яму сялян, і селянін, што выступае проці пана, робяць злачынства перад цэлым народам. Ня трэба верыць абяцанкам расійскага ўраду аб вызваленьні сялян, ня трэба зьвяртацца да яго адміністрацыі і судоў. Усе процэсы і справы трэба разьвязваць самім. Калі сяляне аб‘яднаюцца з панамі, як браты і добрыя суседзі, а з імі злучацца мяшчане і рамесьнікі, тады нас чакае лепшая будучына.

Як мы бачым, адозва напісана ў белым стылі Земляробскага Таварыства і мільлеранаў, якія складалі кіраўнічае ядро дэлегацыі. Адначасна з ёю пашыраецца па вёсцы і пастанова Земляробскага Таварыства, аб якой мы гаварылі вышэй. Сутнасьць яе была выказана і ў адозьве: „дабрахвотна, przez oczynszowanie do uwlaszczenia”. Само сабою зразумела, што ні адозва, ні пастанова Таварыства не зрабілі ніякага ўражаньня на сялянства. Селянін зусім не прызнаваў гэтай заблытанай і складанай процэдуры абчыншаваньня, ня верыў у тое, што пан калі-небудзь добрахвотна прыступіць да надзяленьня яго зямлёю, і думаў аб зусім іншым атрыманьні зямлі ад пана.

З усіх бакоў ідуць весткі аб непаразуменьнях паміж сялянамі і ўласьнікамі маёнткаў. У многіх мясцовасьцях сяляне адмаўляюцца ад выкананьня паншчынных абавязкаў і ня хочуць рабіць ніякіх умоў з панамі. Паны, да якіх таксама зьвярталася і адозва і пастанова, свае земляўласьніцкія інтарэсы не маглі ня ставіць вышэй інтарэсаў таго „народу“, аб якім пісала адозва. У выпадках „непаслушэнства” сялян яны зьвярталіся да царскай улады і да расійскай вайсковай сілы. Гэта яшчэ больш падбурала сялян. Сярод іх пайшлі чуткі, што крывавыя здарэньні ў Варшаве былі выкліканы тым, што паны не хацелі выканаць царскага маніфэсту аб вызваленьні сялян і надзяленьні іх зямлёю. Па гэтаму пытаньню абежнік адміністратара Плоцкай дыяцэзы гаворыць так: „Няпрыяцелі краю і народнай справы пашырылі сярод сялянства абманную думку аб тым, што земляўласьнікі перадалі сялянству (шляхам крэдытовай пазычкі, якая яшчэ будзе зроблена), землі, але гэтыя грунты ня шляхта, а цар ім падараваў; да гэтага яшчэ дадаюць, што, калі паны не згадзіліся выканаць царскі загад, расійскі ўрад за гэта загадаў у іх страляць, адсюль і наступілі тыя смутныя выпадкі, якія падрабязна ўжо ўсім вядомы”.[2]

Аб непарадках сярод сялянства ў Польшчы гавораць і рускія крыніцы. „У многіх мясцовасьцях к вясьне 1861 году сяляне адразу, як-бы па агульнай маўклівай згодзе паміж сабою, прыпынілі паншчынную працу. А дзе праца яшчэ і рабілася, дык там сяляне выказвалі ў адносінах да панскіх арандароў і эканомаў зьнявагу. З усепадданейшай справаздачы ўрадавай камісіі міністэрства ўнутраных спраў відаць, што надзвычайныя непарадкі, якія выявіліся найраней у Люблінскай губэрні, у хуткім часе пашырыліся амаль на ўвесь край, так што закранута было непарадкамі больш 20.000 сялянскіх двароў”.[3]

Такім чынам, сялянства ў сваёй масе не падтрымала таго руху, які распачаўся ў Варшаве. Яно было занята сваёй уласнай барацьбой за вызваленьне з-пад апекі пана і за зямлю. Яно пайшло-б за Варшавай толькі тады, калі-б яна выразна забясьпечыла за сялянствам тое, чаго яно патрабавала. Варшава гэтага не зрабіла, і сялянскія масы за ёю не пайшлі.

У справу ўмяшаўся расійскі ўрад. У адносінах да сялянства ён прыняў цэлы шэраг рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Пайшлі ў ход бізуны, лозы, вайсковыя пастоі і г. д. У канцы красавіка і ў пачатку мая большая частка сялянства павінна ўжо была здацца і стала на паншчынную працу.

Што датычыць Варшавы, дык тут расійскія ўрадавыя мерапрыемствы пачаліся яшчэ раней. 13 сакавіка прышоў ад цара адказ на варшаўскі адрас. Цар у адказе абураўся тым, што нейкія асобы, скарыстаўшы вулічныя непарадкі, дазволілі сабе ўмяшацца ў справы ўраду. Урад клапоціцца аб сваіх падданых у Царстве Польскім таксама, як і аб усіх падданых Расіі. Рэформы, што праводзяцца ва ўсім царстве, будуць праведзены і ў Польшчы. Ні ў якім выпадку цар ня будзе патураць фактычным непарадкам. На такім грунце нішто ня будуецца. Гарчакоў прачытаў гэты адказ дэлегацыі і потым абвясьціў яго ў горадзе з перасьцярогаю, што пры ўсякіх непарадках будуць ужыты рэпрэсіі. 23 сакавіка загадам намесьніка была і сама дэлегацыя распушчана. Расійскі ўрад зноў зрабіўся панам палажэньня.


  1. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski о polskich spiskach i powstaniach. T. I, Warszawa. П. I. Г. H. т. V. 1911 г. Ks. IV, ст. 21.
  2. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. IV. Poznаn.-1922, ст. 63.
  3. Исследования в Царстве Польском по высочайшему повелению, произведенные под руководством сенатара Милютина. 1863 г. T. I. Предложения об устройстве крестьян и сельских гмин. СПБ. Об устройстве крестьянского быта в Царстве Польском, ст. 27.