Пачатак і разьвіцьцё опозыцыйнага руху ў Польшчы „Эпоха рэформ“ Велепольскага
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Опозыцыйны рух на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ЭПОХА РЭФОРМ“ ВЕЛЕПОЛЬСКАГА.

З канца сакавіка 1861 году на сцэну выступае выразная згодніцкая група, на чале якой стаіць маркіз А. Велепольскі. Гэтая група існавала ўжо даўно і цярпліва чакала свайго часу. Складалася яна з буйных магнатаў і земляўласьнікаў фэўдальнага тыпу, частка якіх так ці іначай прыстроілася пры царскім палацы і на расійскай урадавай службе. Гэта — выразна выяўленыя консэрватары. Іх вельмі добра характарызуюць словы, што звычайна прыпісваюцца Велепольскаму: „лепш панаваньне маскалёў, чым якабінскіх тэорый“. Ясна, аб якіх маскалёх гаварыў Велепольскі, калі ён проціпастаўляў іх якабінцам. Па думцы гэтых згоднікаў трэба кінуць сувязь з рэволюцыяй і ўсякія надзеі на замежную дыплёматыю. Марыць аб адбудаваньні Польшчы ў старых межах немагчыма. Трэба весьці працу ў кожнай польскай дзяльніцы паасобку. Адзінаю прычынаю ўціску над польскім народам зьяўляецца тое, што ўрады захопнікаў баяцца рэволюцыйнасьці палякаў і інтрыг польскай опозыцыйнай арыстократыі пры чужаземных дварох. Як толькі гэтая прычына будзе скасавана, урады захопнікаў дадуць паасобным дзяльніцам Польшчы розныя вольнасьці і правы самакіраваньня. Асабліва каштоўнай для Польшчы зьяўляецца сувязь з Расіяй, якая бясьпечна для Польшчы з боку культурнага, бо яна ніжэй культурна ад Польшчы. Сувязь з Расіяй адчыняе для Польшчы шырокі рынак. Для расійскай Польшчы ад царскага ўраду магчыма дабіцца адміністрацыйнай і культурнай аўтаноміі, падобнай да аўтаноміі Органічнага Статуту. Беларусь, Літва і Украіна пакуль што павінны быць пакінуты ў баку. Іх полёнізацыя заўжды забясьпечана.

Гэтую групу і рашыў выкарыстаць намесьнік Польшчы Гарчакоў. У дзень хаўтур пяці афяр намесьнік выклікаў да сябе аднаго з сваіх бліжэйшых урадоўцаў, Эноха, што быў зьвязаны з групаю Велепольскага. Пасьля нарады яны прышлі да вываду, што заспакоіць рух у Польшы магчыма толькі шляхам уступак. Трэба было пераканаць у гэтым Пецярбург. Для гэтай мэты ў Пецярбург быў посланы адзін з урадоўцаў-палякаў Карніцкі, якому былі дадзены намесьнікам адпаведныя інструкцыі. Карніцкі быў прыняты Аляксандрам II і падаў яму проект рэформ, якія неабходна было правесьці для заспакаеньня Польшчы. Усе проектаваныя рэформы насілі адміністрацыйны характар і па свайму зьместу былі блізкі да Органічнага Статуту 1832 году. Як вядома, пасьля паўстаньня 1831 г. констытуцыя Польшчы 1815 году была скасована і юрыдычна заменена так званым Органічным Статутам, на аснове якога Польшча, замест незалежнасьці, атрымала права самакіраваньня ў межах Расійскай Імпэрыі. Паводле Статуту на чале Польшчы стаіць намесьнік, як асоба, прадстаўляючая ў краі ўладу расійскага цара. Пры намесьніку існуе адміністрацыйная рада, якая складаецца з вышэйшых урадоўцаў краю. Яна дапамагае ў кіраваньні намесьніку і мае права вылучаць на вышэйшыя пасады кандыдатаў, якіх зацьвярджае вышэйшая ўлада. Для законадаўчай дзейнасьці існуе дзяржаўная рада Царства Польскага. Яна складаецца з назначаных царом членаў. Апроч законапроектаў, яна займаецца бюджэтнымі пытаньнямі краю. І тое і другое атрымлівае моц толькі пасьля зацьверджаным цара. Паміж іншым, вышэйпаказаны Статут існаваў толькі на паперы.

8 сакавіка, для разгляду проекту Карніцкага ў Пецярбургу была склікана надзвычайна тайная нарада з міністраў — чужаземных спраў Гарчакова, ваенных спраў Сухаванета, шэфа жандараў Долгарукава, міністра ўнутраных спраў Тымоўскага і яго памочніка Платонава. Нарада ўхваліла сутнасьць проекту і даручыла Карніцкаму, Тымоўскаму і Платонаву апрацавать проект яшчэ раз, прыняўшы пад увагу тыя папраўкі, якія былі зроблены на нарадзе.

Паміж тым у Варшаве намесьнік паставіў перад сабою пытаньне, хто з політычных польскіх фігур можа стаць на чале таго самакіраваньня, проект якога разглядаўся ў Пецярбургу. Такою фігураю, зразумела, мог быць толькі Велепольскі. 6 сакавіка паміж Варчаковым і Велепольскім адбылася гутарка. Велепольскі згадзіўся пайсьці на поўную згоду з расійскім царызмам пры ўмове, што будзе прыняты яго проект рэформы, які па сваёй сутнасьці быў нечым сярэднім паміж констытуцыяй 1815 году і Органічным Статутам 1832 г., з перавагаю ў бок апошняга. Цэлы тыдзень ішлі перагаворы паміж Велепольскім і намесьнікам аб паасобных пунктах проекту. Проект быў узгоднены толькі к 14 сакавіка і толькі праз тыдзень (21. III) быў накіраваны на разгляд у Пецярбург.

Такім чынам, у канцы сакавіка ў Пецярбургу апынулася два проекты „рэформ” для Польшчы. Каб разабрацца ў проектах і вынесьці нейкую адзіную пастанову, на 25 сакавіка была склікана Рада міністраў. Абгаварэньне справы цягнулася 7 гадзін. Спрэчкі часта насілі вельмі бурны характар. Раздаваліся галасы, што наогул ніякіх рэформ, ніякіх уступак ня трэба рабіць; што рух у Польшчы трэба задушыць сілаю.

Аднак, упамінаньне аб тым, што вельмі неспакойна і ў самай Расіі, прымусіла міністраў прызнаць неабходнымі „рэформы”. А ў Расіі з гэтага часу як раз распачаліся сялянскія непарадкі. Амаль што без перарыву яны цягнуліся два гады. Праз гэтыя два гады налічваецца 1100 сялянскіх непарадкаў. Сяляне хваляваліся ў Віленскай, Віцебскай, Горадзенскай, Ковенскай, Менскай, Валынскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Херсонскай, Варонескай, Разанскай, Тульскай, Пскоўскай, Цьверскай і інш. губэрнях. Асабліва нашумелі хваляваньні сялян у Казанскай губ., у сяле Бездне. Сюды была накіравана вайсковая сіла. Пасьля стрэлаў аказалася 71 чалавек забітых і 155 параненых. Такія-ж засьмірэньні, толькі з меншым лікам афяр, адбываліся ў розных куткох шырокай царскай імпэрыі. У ўрадавых колах пачалі гаварыць аб магчымасьці новай пугачоўшчыны. Такія агульныя абставіны прымусілі Раду міністраў пайсьці на ўступкі. Праўда, раздаваліся галасы аб бунтаўнікох-паляках, якія не заслугоўваюць царскай ласкі. Але, прымаючы пад увагу, што ў Варшаве зрабілася спакайней, што дэлегацыя была распушчана бяз усякіх протэстаў, за аснову быў прынят проект Карціннага, як больш рэакцыйны і да яго дададзены некаторыя пункты з проекту Велепольскага. Велепольскі з свайго боку згадзіўся працаваць з расійскім урадам пры гэтых рэформах. Ён быў запэўнены, што пры дапамозе атрыманых ім уступак магчыма будзе заспакоіць Варшаву і Польшчу.

Уступкі расійскага ўраду Польшчы былі абвешчаны 27 сакавіка. Урадавая абвестка аб гэтым падавала да ведама жыхароў Царства Польскага ніжэйпаданае: „Князь-намесьнік атрымаў па тэлеграфу паведамленьне з Пецярбургу аб выданьні яго імпэратарскай вялікасьцю ніжэйпаданых вышэйшых пастаноў: 1) Замест Варшаўскага вучэбнага округу і духоўнага аддзелу ў урадавай камісіі ўнутраных і духоўных спраў устанаўляецца ўрадавая камісія рэлігійных вызнаньняў і народнай асьветы. 2) Галоўным дырэктарам і старшынёю гэтай комісіі прызначаны Аляксандар гр. Велепольскі, з месцам у адміністрацыйнай радзе каралеўства. З) Ухвалена агульная рэформа школ. 4) Ухвалена заснаваньне вышэйшых навуковых устаноў, і паміж імі школы права. 5) Устанаўляецца дзяржаўная рада каралеўства, у склад якой уваходзяць саноўнікі духоўнага стану і віднейшыя абываталі краю. Разгляд скаргаў і просьбаў, апроч звычайных чыннасьцяў, знаходзіцца ў веданьні рады па выбарах, 6) Рады па выбарах устанаўляюцца па губэрнях. 7) Такія-ж самыя рады па выбарах устанаўляюцца ў Варшаве і ў галоўнейшых гарадох каралеўства”.

Пасьля апублікаваньня ўрадавага комунікату і сваёй номінацыі Велепольскі імкнецца прыцягнуць на свой бок шляхецкія колы з Земляробскага Таварыства ў асобе А. Замойскага. Для гэтага Велепольскі выкарыстаў звычай вялікодных візытаў і зьявіўся да Замойскага. На пропозыцыю Велепольскага працаваць разам Замойскі нічога не адказаў і гэтым даў зразумець, што ён ня згодзен падтрымліваць Велепольскага. Цэлы шэраг асоб імкнуліся потым злучыць сілы Таварыства з Велепольскім, але нічога з гэтага ня вышла. Земляробскае Таварыства на чале з сваім старшынёю Замойскім не згадзілася падтрымліваць політыку Велепольскага. Яно сядзела паміж двух крэслаў: паміж чырвонай опозыцыяй радыкальных гурткоў і паміж яўна-выразнай, ужо аформленай згодай з расійскім царызмам. Яно хацела адыграць ролю легальнай опозыцыі.

Не ўдалося Велепольскаму прыцягнуць на свой бок і каталіцкае духавенства. Духавенства ў сваёй рашучай большасьці стаяла на старане групы А. Замойскага. Былі прыхільнікі чырвонай опозыцыі. Апроч таго, Велепольскі закрануў і каставыя інтарэсы духавенства. На трэці дзень вялікадня ён, як старшыня камісіі вызнаньняў, рабіў урачысты прыём каталіцкаму духавенству. На прыёме ён сказаў рашучую прамову, якая не магла спадабацца слухачом ні па зьместу, ні па тону. Асабліва былі незадаволены словамі прамоўцы аб тым, што ён „ня будзе прызнаваць ніякіх урадаў у ўрадзе“. Ён разумеў пад урадам у ўрадзе духавенства. Духавенства зусім правільна ў гэтых словах убачыла намер Велепольскага зьменшыць політычную ролю духавенства, якую яно адыгрывала дагэтуль.

Пасьля прамовы Велепольскага, 4 красавіка зьявіўся едкі памфлет, выданы патаемна і пашыраны ў вялікім ліку экзэмпляраў, пад назваю: „Адказ ўсяго каталіцкага духавенства ў Польшчы“. Памфлет перадае ў яскравых і вострых словах абурэньне каталіцкага духавенства прамоваю і імкнецца ў корані падарваць аўторытэт Велепольскага. „Памфлет ставіў яго на адну ступень з Муханавым і іншымі маскалямі, што зьяўляліся ў Польшчу толькі для таго, каб выконваць у ёй роль ката і прыгнятацеля веры, мовы, адным словам, усяго таго, што складае народную сутнасьць“.[1] Такім чынам, буйная буржуазія, буйное земляўласьніцтва капіталізаванага тыпу і духавенства ў сваёй масе былі супроць політыкі Велепольскага. А гэта былі ўжо вельмі значныя сілы таго часу. Што датычыць дробнай буржуазіі, дробнай шляхты, мяшчанства, рамесьнікаў і г. д., дык Велепольскі і ня думаў дагаварыцца з імі, бо лічыў іх рэволюцыйным элемэнтам, з якім трэба не дагаварвацца, а які трэба ўгамаваць рэпрэсіямі.

Паколькі згоднікам не ўдалося схіліць на свой бок шляхты з Земляробскага Таварыства, Велепольскі цьвёрда стаў на думцы яго зачыненьня. Гэтая думка была выказана ім яшчэ ў тым проекце, які ён падаваў расійскаму ўраду, але ён не рэалізаваў яе, думаючы дагаварыцца з А. Замойскім. Цяпер ён прыступіў да рэалізацыі. Велепольскі лічыў, што Таварыства, якое складала моцную організацыю, зьяўляецца як-бы ўрадам у ўрадзе і такім чынам парушала адзінства яго пляну і атрыманай ад расійскага ўраду ўлады. Намесьнік быў проці зачыненьня Таварыства, але пад націскам Велепольскага здаўся і згадзіўся на зачыненьне, б красавіка 1861 году ўва ўсіх варшаўскіх газэтах зьявіўся загад намесьніка аб зачыненьні Земляробскага Таварыства. Мотыў зачыненьня быў такі: таварыства было адчынена з мэтаю падняцьця земляробства; становішча, якое набыло таварыства ў астатнія часы проці свайго статуту, робіць таварыства неадпавядаючым сучасным абставінам.

Адначасна з гэтым Велепольскі, як дырэктар камісіі рэлігійных вызнаньняў, ударыў і па духавенству. У газэтах зьявілася спэцыяльнае „азнаямленьне“ такога зьместу. Некаторыя з духавенства абвясьцілі з амбону пастанову Земляробскага Таварыства аб аб‘улашчаньні сялян. Дзякуючы таму, што сяляне няправільна зразумелі гэтую пастанову, у многіх мясцовасьцях адбыліся сялянскія непарадкі. Захоўваючы поўную свабоду духавенства ў межах касьцёлу, улада не дазволіць нікаму ўмешвацца ў дзяржаўныя справы.

Зразумела, усё вышэйпаданае вельмі абвострыла ўзаемаадносіны паміж опозыцыйнымі коламі Варшавы з аднаго боку і Велепольскім з другога боку. Белыя колы маўчалі. Але што датычыць чырвоных колаў, дык яны распачалі актыўную опозыцыю проці згоды. 7 красавіка была організавана маніфэстацыя перад будынкам зачыненага таварыства і наладжаны овацыі старшыне таварыства Замойскаму. Перад будынкам таварыства сабралася каля некалькіх тысяч чалавек. Будынак, асабліва ўваходныя дзьверы, былі прыбраны кветкамі і гірляндамі. Двухгаловы чорны расійскі арол быў завешаны матэрыяй з намалёваным на ёй белым крыжам. З паперы выразалі белага арла, паднялі яго ўгару і зрабілі яму овацыю. Пасьля гэтага ўсе пачалі разыходзіцца, дзякуючы ўгаворам старога генэрала Панюціна. Замойскаму другая процэсія паднесла вянок. Замойскі выгнаў на балькон і ўгаварваў не рабіць маніфэстацый, а чакаць лепшай будучыны з надзеяю на бога. Тым ня менш маніфэстанты зноў пачалі зьбірацца і агромністай масай, у некалькі дзесяткаў тысяч, сабраліся каля дварца намесьніка. Намесьнік выехаў да маніфэстантаў і ўгаварваў іх разыйсьціся. У адказ на яго словы з натоўпу маніфэстантаў сыпаліся жарты: „Вы разыходзьцеся, капусьнякі. Ідзі, стары, сам да хаты, бо захварэеш на катар“. Намесьнік павінен быў ад‘ехаць назад за шэрагі войск. Тады з угаворамі пад‘ехаў да маніфэстантаў генэрал Хрулёў. Ён угаварыў маніфэстантаў разыйсьціся. Такім чынам маніфэстацыя скончылася спакойна бяз стрэлаў і без праліцьця крыві.

На другі дзень, 8 красавіка, ужо з раніцы зноў у розных часьцях гораду пачалі зьбірацца маніфэстанты. Каля 6 гадзіны вечара ўсе яны сабраліся каля палацу намесьніка. Каля каменнай статуі маткі боскай група вучнёўскай моладзі, на чале з Навакоўскім, пачала сьпяваць рэволюцыйныя патрыятычныя сьпевы. Міма праяжджала паштовая карэтка. Параўняўшыся з маніфэстантамі, паштальён на сваім ражку заграў мотыў гімну „Яшчэ Польшча ня згінула“. Натоўп пабег за карэткай і зрабіў овацыю паштальёну. Пасьля гэтага Гарчакоў загадаў вывесьці і паставіць на плошчы вайсковую сілу. Ня гледзячы на гэта, лік маніфэстантаў усё ўзрастаў. Было зроблена тры папярэджаньні, што калі маніфэстанты не разойдуцца, будзе ўжыта збройная сіла. Ніхто не разыходзіўся. Тады была пушчана на маніфэстантаў кавалерыя з халоднаю зброяю. Маніфэстанты абараняліся чым маглі — найчасьцей каменьнем, якое яны выдзіралі з бруку. Сьледам на дапамогу кавалерыі вышла пяхота, якая дзейнічала прыкладамі. Народу было так многа, што немагчыма было разагнаць яго. Разагнаныя ў адным месцы зьбіраліся праз некалькі хвілін у другім месцы. Тады быў даны загад страляць. Было выпушчана каля 500 куль. Маніфэстацыя была разагнана. Па ўрадавых вестках было забіта 11 асоб, памерла ад ран 36 і наогул паранена 240 асоб. У рачаістасьці пацярпеўшых было больш, бо 500 куль былі пушчаны ў густы натоўп, і промахаў быць не магло. Магчыма думаць, на аснове прыватных вестак, што забітых і памёршых ад ран было больш як 100 чалавек.

Пасьля стрэлаў і забойств пачаліся рэпрэсіі. Адзін за другім публікаваліся адпаведныя абежнікі. Перш за ўсё было забаронена насіць жалобу, чамаркі, патрыятычныя эмблемы і значкі. У хаўтурных процэсіях маглі прымаць удзел толькі бліжэйшыя сваякі нябожчыка. Параненым 8 красавіка было забаронена паказвацца на вуліцах з павязкамі і бінтамі. Узмоцнена была цэнзура. Па вуліцах бесьперастанку езьдзілі патрулі, на плошчах напагатове стаялі вайсковыя бівуакі. Урадоўцы, проці якіх былі ўлікі, што яны спачуваюць руху, звальняліся з пасад. Яны адказвалі за сваіх крэўных і сваякоў, калі тыя парушалі выданыя абежнікі. Але рэпрэсіі не маглі спыніць руху. Ён перакідаўся з Варшавы ў провінцыяльныя гарады. На вуліцах панавалі жалобныя вопраткі. Сьпевы патрыятычных гімнаў не прыпыняліся. „Рэформы“ Велепольскага, якія ён пачаў праводзіць, пры гэтых умовах ня мелі ніякай популярнасьці. Для ўсіх было ясна, што „рэформы“ нічога нікому не дадуць і ня спыняць руху.


  1. Z. L. S. Historya dwoch lat 1861—1862. Т. II. Krakow. 1893, ст. 295.