„Эпоха рэформ“ Велепольскага Опозыцыйны рух на Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Сялянскі рух на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОПОЗЫЦЫЙНЫ РУХ НА БЕЛАРУСІ.

Опозыцыйны рух на Беларусі распачынаецца пазьней, чым у Польшчы. Першыя адзнакі яго мы знаходзім у 1860 годзе. Летам у Вільню зьехаліся студэнты як з Варшавы, так і з расійскіх унівэрсытэцкіх гарадоў. Асабліва многа было студэнтаў з Пецярбургу. Пад уплывам прыехаўшых студэнтаў пачынаюць організоўвацца падпольныя рэволюцыйныя гурткі. Гурткі складаюцца з вучнёўскай моладзі, рамесьнікаў, дробнай шляхты і інтэлігенцыі. Гурткі зьвяртаюць вялікую ўвагу на пропаганду сярод рамесьнікаў. У некаторых цэхах пропаганда была шырака разьвіта і захапіла шмат народу, напр., у гарбароў. На сходах сьпяваліся забароненыя сьпевы і чыталіся нелегальныя кніжкі і часопісы, напр., Мераслаўскага „Лістападавыя прамовы“ і Герцэна „Колокол“. Забароненая літаратура пашыралася і па-за межамі гурткоў, сярод вучнёўскай і рамесьніцкай моладзі.

Перад праездам праз Вільню цара, увосень 1860 году, поліцыя і жандармэрыя чысьціла горад ад „неблаганадзейных“, чырвоных элемэнтаў. У часе гэтай чысткі было выкрыта існаваньне аднаго з такіх рэволюцыйных гурткоў. Поліцыя заарыштавала па справе гуртка чатырох студэнтаў — Вішнеўскага, Віткоўскага, Вярыгу і Курневіча. „З паказаньняў арыштаваных па справе чатырох асоб (вышэйпамянёных студэнтаў. У. І.) выявілася, што ў рачаістасьці існуюць у Вільні неблаганамерныя сувязі найбольш у клясе рамесьнікаў саф‘яннага цэху, якія маюць прыметы злошкадлівых замыслаў.., што ў колах вучнёўскай моладзі ў Вільні, дамовых настаўнікаў і прыехаўшых у Вільню студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, існуе рэволюцыйны рух, што гэты рух падтрымліваецца нейкім эмісарам Лісоўскім. Члены гэтага гуртка зьбіраліся і гутарылі аб вызваленьні Польшчы… Вішнеўскі разам з таварышом сваім Віткоўскім імкнуліся падкупіць рамесьнікаў і схіліць на свой бок дармовым навучаньнем грамаце… Гурток меў даволі вялікі лік членаў, у тым ліку студэнтаў Вярыгу і Курневіча. Пацярпелі толькі Віткоўскі і Вішнеўскі. Іншыя члены былі вызвалены ад усякага арышту".[1]

Зьлякаўшыся распачатага руху, які мог выявіцца ў якім-небудзь скандале ў часе побыту цара ў Вільні, віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў прыняў захады, каб гэтага ня было. Быў дадзены загад, каб студэнты, што прыехалі ў Вільню на канікулы з іншых гарадоў, выехалі з гораду. Што датычыць мясцовай вучнёўскай моладзі, дык ёй было забаронена паказвацца на вуліцах Вільні без бацькоў ці апякуноў. Так пазбылася поліцыя на нейкі час дробнабуржуазнай чырвонай опозыцыі.

Ня гледзячы на прынятыя меры, скандал амаль што не адбыўся зусім з другога боку, з боку белых. Мы ведаем, што яшчэ ў 1858 годзе, у часе праезду цара праз Менск, там выступіла з політычным адрасам віцебская шляхта, якая пацярпела поўную няўдачу. Ня гледзячы на гэта, земляўласьніцкая шляхта Беларусі задумала падаць яшчэ раз політычны адрас цару ў часе яго прыезду ў 1860 годзе. У маршалка шляхты Віленскай губэрні Дамэйкі сабраліся павятовыя маршалкі Віленскай і Ковенскай губэрань. Тут абгаварвалася пытаньне аб заснаваньні на Беларусі Земляробскага Таварыства, падобнага да Варшаўскага Таварыства, і аб падачы цару адрасу. У проекце адрасу гаварылася аб неабходнасьці аднаўленьня ў Вільні унівэрсытэту, аб уводзе ў школу, суд і адміністрацыю карыстаньня польскай мовай і пашырэньні правоў каталіцтва. Назімаў, даведаўшыся аб сходзе шляхты і яе пастанове, выклікаў да сябе Дамэйку і забараніў, пад пагрозаю кары, падаваць адрас. Земляўласьнікі не асьмеліліся парушыць гэты загад, і проект адрасу так і не зрабіўся адрасам.

Такім чынам і на Беларусі з самага пачатку руху опозыцыя проці царызму набыла той самы характар, што і ў Польшчы. Яна разьбілася на белую і чырвоную опозыцыю. Белая, легальная опозыцыя прадстаўлена буйной земляўласьніцкай шляхтай капіталізаваных маёнткаў і буйной буржуазіяй. Чырвоная нелегальная опозыцыя прадстаўлена дробнай буржуазіяй, дробнай шляхтай, рамесьнікамі і рабочымі. У першыя часы грае вельмі выдатную ролю вучнёўская моладзь і розначынная інтэлігенцыя. Буйная буржуазія на Беларусі грала меншую ролю, чым у Польшчы, што зусім зразумела, калі прыняць пад увагу, што на Беларусі прамысловасьць была разьвіта слабей. На Беларусі, напрыклад, буйная буржуазія так і не ўтварыла свайго опозыцыйнага гуртка, падобнага да мільлеранаўскага гуртка ў Варшаве. Яна проста далучалася да буйных земляўласьнікаў. Група Велепольскага мела таксама сваіх прадстаўнікоў на Беларусі. Іх соцыяльны твар быў той самы, што і ў Польшчы. Розьніца толькі ў тым, што на Беларусі гэтая група не магла разьвінуць сваёй чыннасьці так, як у Польшчы. Расійскі ўрад тут часьцей дзейнічаў без яе дапамогі.

Ня гледзячы на першыя няўдачы, опозыцыйны рух на Беларусі ня спыняецца. Гэта выявілася ў сакавіку 1861 году. Як толькі на Беларусь прышлі весткі аб першых стрэлах расійскіх войск у народ у Варшаве і аб пяцёх афярах гэтых стрэлаў, па гарадох Беларусі пракацілася даволі шырокая хваля дэмонстрацыйных хаўтурных набажэнстваў. Першым адгукнулася Берасьце. Там 9 сакавіка набажэнства было організавана павятовым маршалкам шляхты Гажычам. Затым набажэнствы распачаліся па іншых гарадох. 14 сакавіка яны адбыліся ў Горадне і Слоніме. У той-жа самы дзень дэмонстрацыйнае жалобнае набажэнства адбылося ў Вільні ў „сьвента-янскім“ касьцёле. Набажэнства было організована графам Тышкевічам. На набажэнстве прысутнічала магнатэрыя, шляхта, урадоўцы і вучнёўская моладзь. Чырвоныя хацелі ўцягнуць у дэмонстрацыю рамесьнікаў і сялян, але ім гэта па нейкіх прычынах не ўдалося. Прысутных у касьцёле рамесьнікаў было зусім мала, а сялян зусім ня было.

Жалобнае набажэнства ў Беластоку адбылося пазьней, чым у Вільні, на два дні. Організатарам яго быў павятовы маршалак шляхты Саковіч. У касьцёле было шмат народу; найбольш было ўрадоўцаў і дробнай шляхты; прысутнічалі паміж іншым і сяляне, праўда, у невялікім ліку. Асабліва ўдаліся жалобныя набажэнствы ў Літве, у Ковеншчыне. Там яны адбыліся амаль што ўва ўсіх гарадох і мястэчках. Сяляне прысутнічалі на набажэнствах у вялікім ліку. Усе гэтыя набажэнствы зьвярнулі на сябе ўвагу мясцовай улады, якая спачатку не магла нічога зрабіць, каб спыніць дэмонстрацыйныя набажэнствы, а потым пачала пісаць доўгія рапарты ў цэнтар. На гэтым справа і скончылася.

Жалобныя набажэнствы паўтарыліся і ў красавіку, пасьля стрэлаў у Варшаве 8 красавіка. „У самай Вільні адпраўлены былі ў красавіку два ўрачыстых жалобных набажэнствы з запрошаным духавенствам, вялікім хорам музыкі, пастаўленым катафалкам, хаўтурнымі падсьвешнікамі і іншымі прыладамі, пры значным зборы народу. Пры гэтым гаварыліся казаньні, якія маглі распаліць пачуцьці“.[2] Прыблізна тое самае адбывалася і ў іншых мясцовасьцях Беларусі і Літвы.

У канцы красавіка і пачатку мая 1861 году ў Вільню зноў пачалі зьбірацца на летнія вакацыі студэнты розных унівэрсытэтаў і іншых вышэйшых школ. Рух сярод рамесьнікаў і вучнёўскай моладзі ажывіўся. Аднаўляліся старыя гурткі, організаваліся новыя. Моладзь часта зьбіралася і гутарыла паміж сабой па пытаньнях бягучага моманту. У адным з студэнцкіх гурткоў вынікла думка зрабіць у Вільні першую ўрачыстую маніфэстацыю ў адным з касьцёлаў са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў. Гэтую думку падаў студэнт Дорпацкага (Юр‘еўскага) унівэрсытэту Балеслаў Ліманоўскі, які толькі што прыехаў з-за граніцы разам са сваім братам Юзэфам. Маніфэстацыя была прызначана на 20 (8) мая (сьвята сьв. Станіслава) ў віленскім катэдральным касьцёле. Маніфэстацыя адбылася. Пасьля набажэнства, ня гледзячы на перашкоды з боку духавенства, група моладзі, падтрыманая публікаю, прасьпявала патрыятычны гімн „Божа, што Польшчу”. Поліцыя арыштавала, як зачыншчыкаў маніфэстацыі, 8 асоб: аднаго настаўніка і сем студэнтаў, у тым ліку і Б. Ліманоўскага. Назімаў загадаў распачаць сьледзтва.

Паміж тым у горадзе распачалася агітацыя, што арышт зроблены незаконна, што арыштаваныя ні ў чым не вінаваты. Да Назімава накіравалася дэлегацыя з жанчын, паміж якімі былі і яўрэйкі, прасіць, каб ён вызваліў арыштаваных. Генэрал-губэрнатар дэлегацыі ня прыняў. Гэта ня спыніла энэргіі жаночай дэлегацыі. На другі дзень (22 мая) жаночая дэлегацыя, пасьля набажэнства і патрыятычных сьпеваў перад вострабрамскай капліцай, у ліку каля 100 асоб зноў накіравалася да палацу генэрал-губэрнатара. За дэлегацыяй ішло шмат народу. Часьць дэлегацыі прабалася ў панадворак палацу, а другая частка і натоўп засталіся на вуліцы, перад брамаю. Назімаў прыняў некалькі дэлегатак, выслухаў іх просьбу, але катэгорычна адмовіўся выпусьціць арыштаваных. Дэлегаткі ня выходзілі і налягалі, каб іх просьба была выканана. Час цягнуўся, а натоўп каля брамы ўсё павялічваўся. Тады па загаду поліцмайстра, на плошчу каля палацу быў выкліканы невялікі аддзел войска і пажарная каманда. Натоўпу і дэлегацыі было прапанована разыйсьціся пад пагрозаю, што пры нявыкананьні гэтага яны будут абліты вадою з пажарных труб. Пагроза зрабіла свой уплыў, усе разышліся, і, такім чынам, маніфэстацыя кончылася нічым.

Праз тыдзень пасьля гэтага (29 мая) сьпеў рэволюцыйнага патрыятычнага гімну зноў паўтарыўся на вуліцы перад вострабрамскай капліцай. Тое самае там-жа адбылося яшчэ раз 31-га мая. З гэтага часу сьпевы пайшлі што ні дзень, нават па некалькі разоў у дзень. Былі дні калі забароненыя сьпевы ў Вільні адбываліся шэсьць-сем разоў у дзень у розных мясцох гораду. Поліцыя зьбіввлася з ног, змагаючыся з маніфэстантамі, якія распачыналі сьпяваньне гімну там, дзе зусім не чакалі. Ня гледзячы на поліцыю ў некаторых пунктах маніфэстанты зьбіраліся найчасьцей. Такімі пунктамі былі — вострабрамская капліца, касьцёл сьв. Яна, францішканскі касьцёл з статуяй маткі боскай, домініканскі і антокальскі касьцёлы.

Каб даць малюнак такіх маніфэстацый, мы пададзім тут пару поліцэйскіх рапартаў, што вельмі дэтальна спыняюцца на апісаньні іх. “17 мая (старога стылю. У. І.) а 6 гадзіне ўвечары ў вострабрамскай капліцы, пасьля таго, як біскуп Красінскі адслужыў нешпар, вучні віленскай гімназіі, каля 30 асоб, сабраўшыся ў групу з левага боку ад вялікага алтара, прасьпявалі з усіх сіл рэволюцыйны гімн. З іх вядомы толькі двое — N і N. Апроч іх, сьпявала гэты гімн дачка земляўласьніцы N. Каля тых, што сьпявалі, знаходзіўся натоўп розных людзей, у ліку якіх стаяў аптэкар N, а таксама каля 70 вучняў той-жа гімназіі, якія хоць і не сьпявалі, але за тое ўважліва сачылі за поліцэйскімі ўрадоўцамі. Пасьля таго, як сьпевы скончыліся, памянёныя вучні натоўпам увайшлі праз асобныя дзьверы, якія знаходзяцца побач з вялікім алтаром, у закрыстыю. Вышаўшы з касьцёлу (павінна, праз захрыстыю. У. І.) і зачыніўшы за сабою дзьверы, яны гаварылі: „пойдзем, цесна зьбіўшыся ў кучу“. Дзякуючы гэтаму, неабходна прапанаваць школьнаму начальству, каб яно для нагляду за вучнямі прызначыла школьных дазорцаў, як у касьцёлах, так і ў шпацаровых мясцовасьцях, напр. у Закрэце, Антокалі, бо бяз гэтага вучні і далей будуць рабіць непарадкі.“[3]

Аб дэмонстрацыі ў касьцёле сьв. Яна гаворыць другі рапарт. „21 мая ў 12 ½ гадзін дня ў касьцёле сьв. Яна, пры вялікім сходзе народу, пасьля набажэнства, вучні гімназіі ў ліку больш чым 150, скупіўшыся ў левай наве, паміж сьцяною і колёнамі, абкружаныя розных станаў людзьмі, сталі на калены разам з усімі і голасна прасьпявалі рэволюцыйны гімн. На каленах стаяла каля 500 асоб. Усе яны нахіліліся, засланяліся хусткамі, капялюшамі і каўнярамі, таму магчыма назваць толькі ніжэйпаданых асоб… (налічана некалькі асоб; вучняў налічана 62). Да гэтага трэба дадаць, што — 1) ініцыятарамі і кіраўнікамі сьпеву былі вучні VI клясы гімназіі, браты Д. і 2) вучні гімназіі з кожным днём робяцца ўсё сьмялейшымі і абражаюць поліцэйскіх урадоўцаў.“[4]

Аб гэтых абразах поліцэйскіх гавораць іншыя рапарты. Вучні ўжо не ўцякаюць, а сумысьля супыняюцца на вуліцы пасьля выхаду з касьцёлу і лаюць поліцэйскіх апошнімі словамі. Вучні гімназіі робяць пробу зьвязацца праз вучняў-яўрэяў з вучнямі рабінскай школы, каб тыя ператлумачылі гімн на мову ідыш і сьпявалі разам з гімназістамі.

Дэмонстрацыі ў касьцёлах і наогул маніфэстацыі пашыраюцца па ўсёй Беларусі. Жанчыны апранаюцца ў жалобныя вопраткі. Асобам, якія ня выконваюць запатрабаваньняў руху ці ідуць проці яго, організуюцца каціныя концэрты. І на Беларусі, як у Польшчы, жыцьцё ўтварае капэльмайстраў і харыстаў для гэтых концэртаў.

У Беластоку ў сярэдзіне чэрвеня організуецца ўрачыстае спатканьне прыехаўшаму сюды Андрэю Замойскаму. Згодніцкая політыка Велепольскага і зачыненьне ім Земляробскага Таварыства ў Варшаве зрабілі А. Замойскага „героем“. Буйная шляхта Беларусі лічыла палітыку А. Замойскага ідэалам для сваёй політыкі на Беларусі. На спатканьне былога старшыні таварыства земляўласьнікі затрацілі шмат сродкаў. Усе яны ў прызначаны дзень зьехаліся ў Беласток з павету. Прывітальную прамову ад імя шляхты і жыхарства Беластоку і павету гаварыў Горадзенскі губэрскі маршалак шляхты Старжынскі, маёнткі якога былі каля Беластоку і які на Беларусі хацеў граць ролю А. Замойскага. Сваю прывітальную прамову Старжынскі скончыў заяваю, што сваёю чыннасьцю і характарам граф А. Замойскі заслужыў поўную павагу і шчырую любоў з боку грамадзян Польшчы; што яны заўжды будуць спатыкаць яго кветкамі і цёплымі словамі: „няхай жыве Замойскі, першы польскі грамадзянін“!

Пасьля праезду праз Беласток Замойскага опозыцыйна-патрыятычны настрой у горадзе і мястэчках павету значна ўзрос. Гэты настрой ахапіў шляхецкія, інтэлігенцкія і вучнёўскія колы. Жанчыны — інтэлігенткі і шляхцянкі — паказваліся на вуліцы ня іначай, як у жалобе. Рабіліся складкі, каб купляць жалобныя вопраткі для жанчын з незаможных колаў. У касьцёле распачынаюцца патрыятычна-рэволюцыйныя сьпевы. Ініцыятарам іх і выканаўцам найчасьцей зьяўляецца вучнёўская моладзь. Ксяндзы касьцёлаў далёка не заўсёды спачувалі гэтым сьпевам, баючыся адказнасьці за іх перад поліцыяй.

Пачынаючы з чэрвеня ў Вільні ўвайшлі ў моду патрыятычныя хаўтуры, якія насілі характар маніфэстацый. 4 чэрвеня ўрачыста пахавалі студэнта пецябурскага унівэрсытэту нейкага Баранцэвіча. Ніякіх асабістых рэволюцыйных заслуг ён ня меў. Гэтай урачыстасьцю мелася на ўвазе ўшанаваць студэнцкую моладзь, якая ў астатнія часы выявіла рэволюцыйнасьць. Праз некалькі дзён адбыліся другія ўрачыстыя хаўтуры. Пахавалі нейкага зусім невядомага француза Гассэ. Нябожчыка ўшанавалі за тое, што ён належаў да францускай нацыі, якая лічылася спачуваючай вызваленьню Польшчы. На тыя і на другія хаўтуры сабраліся тысячы народу. Ніякіх рэволюцыйных сьпеваў ня было.

У канцы мая ў Парыжы памёр былы студэнт, потым профэсар віленскага унівэрсытэту, вядомы польскі рэволюцыянэр і гісторык Яхім Лелевэль. Памёр ён глыбокім старыком, застаючыся ўвесь час ярым дэмократам. У першых лічбах чэрвеня адбыліся жалобныя набажэнствы са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў і патрыятычнымі казаньнямі ў Варшаве. Адтуль набажэнствы па Лелевэлю перакінуліся і на Беларусь. Студэнты і наогул вучнёўская моладзь у Вільні пастанавілі організаваць урачыстае жалобнае набажэнства па гэтым чалавеку, імя якога было зьвязана з былым віленскім унівэрсытэтам. Набажэнства было назначана на 9. VI у унівэрсытэцкім касьцёле сьв. Яна. Набажэнства адбылося пры поўным касьцёле. Прысутнічалі вучні, студэнты, шляхта і шмат рамесьнікаў. Сьпяваліся рэволюцыйныя гімны.

У сярэдзіне чэрвеня ў Вільню прышлі весткі аб сьмерці А. Чартарыйскага, вядомага правадыра белай эміграцыі. Было організавана жалобнае набажэнства ў катэдральным касьцёле. Народу было нямнога. Прысутнічала пераважна магнатэрыя і земляўласьніцкая шляхта. Ксёндз сказаў адпаведную выпадку прамову. Рэволюцыйных сьпеваў ня было.

Такім чынам, як мы бачым з вышэйшага, маніфэстацыі з Польшчы перакінуліся і на Беларусь. Поліцыя, якая спачатку яшчэ не прыстасавалася змагацца з дэмонстрантамі, паступова ўсё больш і больш „спэцыялізавалася” ў гэтай справе. Ідзе сыстэматычная барацьба, як з рэволюцыйнымі сьпевамі, так і з дэмонстрацыйнай вопраткай на вуліцы. Былі ўстаноўлены спэцыяльныя паскораныя поліцэйскія суды, што накладалі суровыя кары на дэмонстрантаў у касьцёлах і на вуліцах. Вось перад намі адна з офіцыяльных урадавых абвестках таго часу. „Губэрскае (Віленскае губэрні. У. І.) начальства, заўважыўшы, што шляхта і памешчыкі, апроч жалобнай вопраткі, пачалі насіць яшчэ вопраткі адзначныя, відочна, умоўныя, як, напрыклад, конфэдэраткі, гарыбальдыйскія капялюшны, польскія чамаркі, жупаны, шэрыя сялянскія кафтаны з паскамі з лякіраванай скуры і мэталічнымі пражкамі, — загадала мне абвясьціць для агульнага ведама, што нашэньне вышэйпамянёных вопратак забараняецца і што няслухмяныя на аснове загаду Сэнату ад 9 жніўня 1861 году адразу будуць перадавацца на расправу поліцэйскіх судоў“.[5] Гэтая абвестка была апублікавана 11 верасьня 1861 г. віленскім поліцмайстарам да ведама жыхароў Вільні. Абвестка вызначае, што дэмонстрацыйную вопратку носіць толькі шляхта і памешчыкі. У рачаістасьці справа стаяла, шырэй: дзеля адных шляхтаў і памешчыкаў ня трэба было-б і гарод гарадзіць. Мяркуючы па пераліку забароненай вопраткі, магчыма думаць, што было пашырана нашэньне сялянскай вопраткі, якою карысталася радыкальна настроеная дробная інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь і часта рамесьнікі, бо такая вопратка дорага не каштавала.

Рэпрэсіі, якія пасыпаліся на дэмонстрантаў, відавочна, ударылі даволі балюча па опозыцыі. Перад намі цікавая адозва, якую выпусьціла нейкая падпольная організацыя ў верасьні 1861 году да віленцаў. Яна гаворыць, што ўціск і перасьледваньні, якія робяцца ворагамі ў адносінах да польскага народу, прымусілі яго зьвярнуцца да бога, як да абаронцы ўсіх прыгнечаных. Але гэтая малітва (разумеюцца рэволюцыйныя гімны. У. І.) зрабілася нявыноснай для прыгнятацеля (рускага ўраду. У. І.), бо яна напомніла яму аб яго злачынствах і аб той кары, якую ён панясе за гэтыя злачынствы ў будучыне. „Каб прымусіць народ да адкіданьня гэтай малітвы, вораг творыць новыя мукі і перасьледваньні, нават у сьвятынях, і выдумаў новыя суды, дзе няма і ценю праўды і спавядлівасьці; дзе пад законнаю формаю вораг грэбуе нявінных, каб павялічыць свой вычарпаны скарб. Таму, браты-суграмадзяне каб не пакінуць ворагу нават і формы законнасьці для мук і грабяжа, ставіцца вам у абавязак, каб на некаторы час вы пакінулі громкія сьпевы па касьцёлах нацыянальнага гімну „Божа, што Польшчу“, а толькі гаварылі яго ў вядомы час, як ціхую малітву, а замест гэтага пасьля імшы сьпявалі псальму „Бог наш прытулак“ і „Анёл панскі“ за супакой мучанікаў, што загінулі ў барацьбе за незалежнасьць бацькаўшчыны і замучаны ворагамі“.[6] Трудна праверыць, як выконвалася прапанова адозвы, бо нам вядомы цэлы шэраг фактаў, якія сьведчаць, што сьпяваньне гімну „Божа, што Польшчу“ ў косьцёлах і на вуліцах не прыпынілася. Цікава яшчэ адзначыць, што ў адказ на адозву быў выдадзены ўрадавы абежнік, што даводзіць да ведама поліцэйскіх урадоўцаў зьмест адозвы і прапануе ім зьвярнуць увагу на гэта.


  1. Сборник документов музея графа М. Н. Муравьева. Т. I. Вільня, 1906 г. Предисловие, ст. 39-40.
  2. Сборник документов музея графа М. Н. Муравьева. Т. I . Предисловие, ст. 43.
  3. Z. L. S. Historya dwoch lat. Т. ІІ. Krakow 1893, ст. 454.
  4. Ibid., ст. 454-5.
  5. Сборник документов музея гр. М. Н. Муравьева. Т. I. Вильна, 1906 г., док. 147, П. I. Г. Н. т. V. ст., 156.
  6. Ibidem, док. 145, ст. 154-5.