I. Лекары і лекі, II. Два жаніхі (1925)/Два жаніхі

Лекары і лекі Два жаніхі
Камэдыя
Аўтар: Адам Бабарэка
1925 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДВА ЖАНІХІ

(ЖАРТ У ВАДНЭЙ ДЗЕІ)

ДВА ЖАНІХІ

Адбываецца ў горадзе, у мяшчанскай хаце. Вечар.
Пакоік мае двое дзьвярэй: проста — уваходныя,
направа — у пакоік Дамінісі.

АСОБЫ ДЗЕІ:
Дачка, Дамініся — маладая дзяўчына
Маці — пажылая, тоўстая.
Мікода — жаніх, гарадзкі
Зыгмусь — жаніх з провінцыі (гандлюе сьвіньмі)
На сцэне — маці і дачка.

ЗЬЯВА 1.

Маці

Глядзі-ж, дачушка, сягоньня да цябе прыедзе ў сваты адзін багаты шляхціц, ён добра зарабляе на сьвіньнях, пастарайся яму спадабацца. А гэтага шылахвоста выкінь з галавы, бо ён цябе да дабра не давядзе.

Дачка

Але-ж я люблю яго.

Маці

Дзіўлюся, як ты можаш любіць такога бяздомніка? Калі ня хоча з табой законны шлюб браць, дык значыцца і жыць з табой доўга ня будзе.

Дачка

Вы думаеце, што толькі касьцельны ці царкоўны шлюб мае моц?

Маці

А што-ж патвойму моцна?

Дачка

Каханьне — наймацнейшы шлюб. (Ходзіць па хаце).

Маці
(ходзячы за дачкой).

А-а, дык ты ўжо набралась ад яго розуму? Як сабе хочаш, калі мяне ня слухаеш, дык я цябе і з хаты выганю.

Дачка (падумаўшы).

А калі ён мяне не ўпадабае ды ня возьме? А мне замуж хочацца, як найхутчэй; бо не хачу старыцца дзяўчынай, чакаючы вашых багацейшых жаніхоў, якія толькі вам падабаюцца.

Маці

Ды ён возьме. А калі не, пойдзеш за каго хочаш.

Дачка (хітра).

Ну, каб вас не угнявіць, пастараюся яму спадабацца.

Маці

Вось і добра, мая дачушка. Я ведаю, што ты яму спадабаешся; я цябе расхваліла, што ты — пекная, зграбная і далікатная. Ну, я пайду прыгатаўляць пачастунак. Ён скора прыедзе. (Вышла).'

ЗЬЯВА 2.

Дачка (адна).

Хаця-б хутчэй прышоў мой Мікодка ды парадзіў, як мне збавіцца ад нежаданага жаніха… шляхціца… пэўна яшчэ і набожнага фанатыка. Ня люблю я людзей з старымі поглядамі, у якіх усё жыцьцё йдзе па боскаму пляну: праз месяц можна дазволіць цалаваць ручку; праз два — шчочку і гэтак далей… ха-ха-ха! Ня можна з хлапцом быць сам-на-сам… і яшчэ і яшчэ… ха-ха-ха! Закарузлае мяшчанства.

ЗЬЯВА 3.

Мікода (з клумкам у руках).

Як маешся?! (Цалуюцца).

Дачка (радасна, пацалаваўшыся).

Вось, добра, што ты ў пару прышоў: мая маці хоча, каб як найхутчэй я вышла замуж.

Мікода

Дык гэта-ж добра.

Дачка

Толькі-ж не за цябе.

Мікода

А за каго?

Дачка

Ды нейкі шляхціц, гандляр сьвіньнямі, сягоньня прыедзе.

Мікода

Пэўна і сам добры кабан. Ха-ха-ха. Але-ж ты мяне не прамяняеш ні на кога? (Кладзе клумак і жартуе з Дамінісяй).

Дачка
(вырываючыся, ды зноў падыходзячы, жартуе).

Дык вось слухай! Трэба сьпяшацца, бо скора прыедзе: дык ты навучы, як ад яго збавіцца.

Мікода (падумаўшы).

Добра. Надумаў. Ён цябе яшчэ ня бачыў?

Дачка

Не.

Мікода

Ты што сказала матцы?

Дачка

Што я згаджаюся; спадзяючыся на тое, што ты мяне навучыш, як прагнаць яго.

Мікода

Добра. І вось як яго прагонім, дык ты кідайся ў обмарак і ў істэрыку — крычы — замуж.

Дачка

А што тады?

Мікода

А тады пабачым. Дапамагчы і суседку папрашу.

Дачка

Як? Кажы хутчэй.

Мікода

Потым даведаешся. Не дарма-ж сягоньня мне ў клюбе радзілі, пасьля спэктаклю, каб я кідаў фабрыку а пашоў у артысты…

Дачка

Дык навучы-ж мяне, што мне рабіць?

Мікода

Твая маці, пэўна, пачне праганяць мяне, дык я разьвітаюся і пайду, а тады, зрабіўшы што трэба, улезу праз акно ў твой пакоік і буду прыгатаўляцца спаткаць твайго нежаданага жаніха.

Дачка

Ну?

Мікода

Ты будзь так, як быццам нічога ня ведаеш, а я ўсё зраблю сам. Што нас яднае? Агульныя інтарэсы. Ты рабочы чалавек і я, а твая маці мае на ўсё мяшчанскі погляд і калі ты ня хочаш з ёю павадзіцца, дык трэба хітраваць, — каб і сена было цэла і козы сытыя. Ха-ха-ха. А сьвінога гандляра трэба так правучыць, каб ён назаўсёды перастаў хваліцца грашыма… Вось, ідзе твае маці…

Дачка

Так ты і не расказаў…

Мікода

Як прыедзе жаніх, не паказвайся яму на вочы і сьпяшайся да мяне; схавай мой клумак, там ёсьць патрэбныя рэчы.

Дачка
(хутка кладзе клумак за дзьверы сваёй бакоўкі).

ЗЬЯВА 4

Маці

Ну, дарагі таварыш, прашу вас, каб вы не перашкаджалі маёй дачцы прыняць жаніха. Зразумелі?

Мікода

Адразу. І зраблю павашаму.

Маці

Разумна зробіце для сябе і мне да спадобы.

Мікода

Бывай здарова, Дамініська. Як відаць, нам ня суджана жыць разам. (Цалуе Дамінісі руку і выходзіць).

ЗЬЯВА 5

Дачка
(робіць від, што плача, а, адвярнуўшыся ад маці — сьмяецца).

Маці

Ня плач, дачушка, як выйдзеш замуж, хутка яго забудзеш.

Дачка

Няўжо-ж вы думаеце, яго лёгка забыць? Але я пастараюся забыць яго дзеля вас. Толькі-ж памятайце, калі будзе дрэнны муж, я яго кіну.

Маці

Як гэта, кіну? Ці-ж можна бога гнявіць, павянчаўшыся ды кінуць.

Дачка

Значыць, павашаму вянец — няволя, хоць і дрэнна, а ты плач ды цярпі.

Маці

Ну, што-ж ты зробіш, такі закон.

Дачка

Да чорта такі закон! які прымушае людзей мучацца. Ваш закон устарэў, я буду жыць пановаму, які не прымушае да няволі, а дае поўны прастор да свабоднага выбару — цеснага ўзаемнага саюзу, і гэта будзе куды мацней, чымся папоўскія, ксяндзоўскія або рабінскія.

Маці

А што людзі на гэта скажуць?

Дачка

Ды што мне людзі, усім не дагодзіш, а замуж выходзяць не дзеля таго, каб людзям дагаджаць. Дый пляваць на тых, хто з розуму ўжо выжыў. Жыцьцё абнаўляецца і людзі таксама; я бяру з жыцьця: новае, карыснае і прыемнае.

Маці

Як я бачу, дык ты ўжо занадта разумная стала; гэта праз бязбожніка Мікодку ў галаве паблыталася.

Дачка

Наадварот, не паблыталася, а праясьнілася і бязбожны той, хто любіць ня можа і ня ўмее.

Маці

І як табе ня сорам так казаць?

Дачка

Любіць ня сорамна, людзей мучыць — сорам.

Маці

Але-ж закон які-небудзь трэба?

Дачка

Каханьне мае свой закон і іншых не патрабуе.

Маці

Як ты сабе ні кажы, а маці слухаць мусіш.

Дачка

Але-ж вы з ім жыць ня будзеце? Дык ці-ж прыемны вам будуць мае сьлёзы? Нябойсь, вы сваю моладасьць забылі, як ад бацькоў да любага ўцяклі, а мяне прымушаеце адрачыся.

Маці

Бо я тады была маладая, дурная, як і ты цяпер.

Дачка

Не, вы цяпер здурнелі.

Маці

Як ты адважваешся гэтак казаць? Ты мусіш слухаць і павінавацца.

Дачка

Слухаю і павінуюся.

Маці

Так будзе лепш. (Вышла).

ЗЬЯВА 6

Дачка

Пабачым, хто каго абдурыць? Гэтыя старыя заўсёды забываюць сваё каханьне і цяпер не разумеюць яго; шукаюць якога-небудзь багацейшага, хоць і сьмярдзючага, паршыўца, стараюцца павянчаць і ў гэтым, думаюць, усё шчасьце дзяцей.

ЗЬЯВА 7

Мікода

(высунуўшы галаву, а потым і вышаўшы з пакоіку Дамінісі, узьдзеўшы панчохі і спадніцу, але трымае спадніцу рукамі, каб не звалілася).

Дачка

(убачыўшы Мікоду, доўга рагоча).

Мікода

Ну, ціха. На што ты з ёю столькі спрачалася? Зусім ня варта было, усё роўна мы зробім так, як нам падабаецца. Давай хутчэй іголку, зашыць трэба, бо ня сходзіцца.

Дачка

Ну, то пойдзем, зашыю. Толькі на што гэта ўсё? (Вышла ў бакоўку).

Мікода

Зараз скажу. Ня быў ні разу дзяўчынай, але прыходзіцца ратаваць сваё шчасьце як мага. (Вышаў у бакоўку Дамінісі).

ЗЬЯВА 8
Маці і жаніх Зыгмусь

Жаніх

(з тоўстым носам, тоўстыя губы, чырвоны, у старамодным убраньні, высокі крухмальны каўнер).

Маці

Заходзьце… Сядайце. Яна зараз выйдзе. Дамініська!

Голас Дачкі

Зараз!

Голас за сцэнай

Суседка! Суседка! Каза ўцякла на вуліцу!

Маці

Выбачайце, каза ўцякла. (Выбегла).

Зыгмусь

Можа быць, можа быць.

ЗЬЯВА 9

Зыгмусь адзін

(часта папраўляе каўнер, які яму муляе бяз прывычкі. Плюе на рукі, гладзіць валасы, глядзіцца ў люстэрка). Вось тут можа і жанюся, а то ўжо збрыдла аднаму каля сьвіней хадзіць. І што я буду з ёй рабіць, як жанюся? Хэ-хэ. Што калі пісклявая пападзецца? У мяне і так з вушэй сьвінячы піск ня выходзіць. А можа і добрая? Усё-ж ткі гарадзкая, можа іграць умее на грамафоне. Хэ-хэ. Вось будзе добра.

Мікода

(у жаноцкім парыку і ўбраньні, робіць комічны рэвэранс і, вітаючыся з Зыгмусем, моцна цісьне яму руку). Добры вечар!

Зыгмусь (вітаецца).

Добры вечар, паньне! Ой! (Ад болі рукі).

Мікода

Што з вамі? фі які вы слабы. (Садзіцца).

Зыгмусь (убок).

Добры інтэрас, сьціснула руку, як абцугамі.

Мікода

Сядайце. (Ставіць крэсла супроць сябе).

Зыгмусь
(нясьмела, баючыся, садзіцца й маўчыць).

Мікода

Вы прышлі да мяне, каб маўчаць? Скажэце, што ў вас ёсьць цікавага дома?

Зыгмусь

У нас… сьвіньня рабая апарасілася.

Мікода

Ха-ха-ха… Вы, здаецца, прышлі да мяне ў сваты?

Зыгмусь

Так, так, у сваты. Хутка й тата прыдзе.

Мікода

А што мы будзем рабіць, як пажэнімся?

Зыгмусь

Што… мг… як вам сказаць… (У бок). Чорт яго ведае, што ёй адказаць?

Мікода

Мы будзем разам жыць?

Зыгмусь

Ага, так, так, разам жыць.

Мікода

Сьвіней карміць? (Закладае нагой на нагу высака, закурвае папяросу).

Зыгмусь

Фі, якая. (Адварачваецца). А маці так расхваліла.

Мікода

А, скажэце, з сьвіньнямі трэба палюдзку абыходзіцца? (Садзіцца побач).

Зыгмусь

Не, з сьвіньнямі — пасьвінску.

Мікода

(падсоўваючыся бліжэй). А вы сьвіней любіце?

Зыгмусь

Гы-гы. Ну, так, люблю. (Адсоўваецца далей).

Мікода

Дык чаму-ж вы ня з сьвіньнямі жэніцеся?

Зыгмусь

Гы-гы. Ды хто-ж з імі жэніцца?

Мікода (падсоўваючыся).

А каго вы будзеце больш любіць — жонку ці сьвіньню?

Зыгмусь (адсоўваючыся).

Гы-гы. Вы ўсё нейкія сьмешныя пытаньні даецё, аж мне горача зрабілася.

Мікода
(устаў супроць жаніха і спадніцай ганяе ў твар вецер).

Зыгмусь (адвярнуўшыся).

Ой, ня трэба; яшчэ гарачэй зрабілася.

Мікода

Так, мой любы! (Садзіцца побач і б‘е моцна па плячы).

Зыгмусь

(узяўшыся рукой за балючае плячо, зморшчыўшыся, у бок).
Ну й ручка, каб яна табе адсохла. Далікатная.

Мікода

Што-ж мы будзем яшчэ жаніўшыся рабіць?

Зыгмусь

Мама казала, дзетак гадаваць.

Мікода

У мяне дзяцей ня будзе.

Зыгмусь

Адкуль-жа вы ведаеце? Гы-гы.

Мікода

Ды гэта кожны ведае.

Зыгмусь

Вы зноў жартуеце.

Мікода

Мы заместа дзяцей будзем лепш гадаваць парасят.

Зыгмусь

І то праўда, ад іх будзе больш карысьці.

Мікода

Што-ж вы мяне ні разу не пацалавалі ў руку? (Падносіць да вуснаў руку).

Зыгмусь
(няведаючы нашто, цалуе).

Мікода

Пацалуйце кожны пальчык.

Зыгмусь
(пацалаваўшы, устае і адвярнуўшыся гаворыць).

Яна, чорт ведае, што зараз загадае рабіць.

Мікода

Сядайце, мы з вамі ні да чога яшчэ не дагаварыліся. (Падае крэсла і прымае).

Зыгмусь
(садзіцца і валіцца).

Мікода

Выбачайце, я хацела толькі пыл сьцерці.

Зыгмусь

Можа быць, можа быць. (Садзіцца).

Мікода
(ласкава, з какецтвам, прысеўшы бліжэй).

Вы, такой дзяўчыны, як я ў цэлым сьвеце ня знойдзеце.

Зыгмусь

Можа быць, можа быць.

Мікода

Ох, каб вы ведалі, якая я дзяўчына, у мяне столькі жаноцкага пачуцьця, што вы ні ў аднае дзяўчыны таго ня знойдзеце, што ў мяне.

Зыгмусь

Можа быць, можа быць. (Адсоўваецца).

Мікода

(садзіцца Зыгмусю на калені і, абняўшы за галаву, моцна цісьне).

Зыгмусь

Ой! расьцісьнеш галаву!

Мікода (Пусьціўшы).

Во як я вас кахаю!

Зыгмусь
(Перашоўшы на другое крэсла).

Ну і каханьне, няхай яно згарыць, чуць галаву не расьціснула на яешню. (У бок). Ну, калі гэтак будзе кахаць, дык доўга не нажывеш. Дый мусіць трэба разьвітацца пакуль цэлы, а то скалечыць можа.

Мікода

(падышоўшы да Зыгмуся). Мой мілы!.. (Б‘е па галаве рукамі).

Зыгмусь
(валіцца з крэсла на падлогу)

Ой! я казаў, што трэба ўцякаць, а то заб‘е.

Мікода
(адышоўшыся, ціха сьмяецца).

Зыгмусь

Чым мець справу з такой дзяўчынай, дык лепш з сьвіньнямі. (Устаў).

Мікода

Што!? Я сьвіньня? (Закасвае рукавы біцца, плюе ў рукі). Як ты сьмееш так казаць?

Зыгмусь

Ой, прапаў! Далі бог я яшчэ гэткае дзяўчыны дагэтуль ня бачыў. (Пужліва бярэ няпрыкметна капалюх і ўцякае, а ў парозе валіцца, зачапіўшыся: і зьбівае з ног маці).

Мікода
(уцякае ў бакоўку).

ЗЬЯВА 10

Зыгмусь
(падняўшы маці, хоча бегчы).

Маці
(трымае за фалды).

Куды-ж вы?

Зыгмусь

Пусьцеце! Хай яна згарыць, ваша дачка.

Маці

Што?!

Зыгмусь

Расхвалілі, што пекная і далікатная; а мне зусім не падабаецца, і няхай з ёю чорт жэніцца, а ня я.

Маці

Як ты сьмееш казаць так на маю дачку?!

Зыгмусь

Адным словам, ваша дачка — цьфу, цьфу. (Пабег).

Маці (усьлед).

Ах, ты брыда! (Адышоўшы ад дзьвярэй). Дурніла пракляты.

ЗЬЯВА 11

Дачка
(выходзіць з бакоўкі, закрыўшы вочы хустачкай, паказвае нібы плача, а сама, адвярнуўшыся кісьне ад сьмеху).

Маці

Што, мая дачушка, ён цябе пакрыўдзіў? (Гладзіць па галаве). Ну, ня плач, чорт з ім, лепшага знойдзем, супакойся.

Дачка

Ня так то лёгка знайсьці. (Сядае).

Маці

І чаму ён цябе не ўпадабаў?

Дачка

Ня ведаю, я так старалася яму ўпадабацца — ну вядома, дурань. Вось было-б жыцьцё, каб я за яго пашла?!

Маці

А чорт яго ведаў, што ён такі будзе.

Дачка

А нагаварыў мне, такога няпрыемнага, а калі я ўзлавалася, дык ён чуць не пабіў мяне.

Маці

А-а-а. Бач ты, які шэльма. Каб не каза, я-б да гэтага не дапусьціла.

Дачка

Вядома, ён ніколі з людзьмі справы, як відаць, ня меў, а толькі з сьвіньнямі. Што-ж я цяпер буду рабіць? Хто-ж мяне возьме? А тут замуж так хочацца, так хочацца. (Паказвае, нібы плача).

Маці

Ня плач, пачакай, нехта-ж будзе. Каб яе ваўкі гэту казу!

Дачка

Ага, пачакай, добра вам так казаць, калі вы ўжо састарэліся, а я маладая. Прагналі таго, хто любіў мяне. (Каб запужаць маці, топае нагамі і істэрычна крычыць). Ой, замуж хачу! Замуж! Ай-ай-ай!

Маці

Ой, што мне рабіць? Можа праўду кажа? (Бегае па хаце, ня ведаючы за што ўзяцца).

ЗЬЯВА 12

Мікода
(ужо зусім перадзеўшыся, як ні ў чым ня бывала, увашоў праз уваходныя дзьверы).

Маці
(кідаецца да Мікоды).

Ой, ратуйце дачку, жаніцеся!

Мікода

Я прышоў па клумак, які забыўся ў вас, а жаніцца я ўжо й ня думаю, бо ня трэба было мяне праганяць.

Дачка

Ой, замуж хачу! (Як-бы ў обмараку).

Маці
(цягне за бурнос ці наогул за вопратку, каб ён шоў да дачкі).

Пашкадуйце яе й мяне!

Мікода

Прамянялі мяне на сьвінара, а потым зьявіцца які-небудзь аўчарнік, дык зноў мяне прагоніце?

Маці

Не, не. Ужо ні за каго, толькі за цябе аддам.

Мікода

Ну, добра, я згаджаюся.

Дачка
(радасна падскоквае да Мікоды і цалуе).

Вось добра, як я рада.

Мікода
(да мацеры).

Толькі-ж ведаеце, я ніякага закону старога не прызнаю, я зраблю шлюб без духавенства, пановаму, як робяць разумныя людзі.

Маці

Ды ўжо жанецеся сабе, як хочаце. Хоць і пановаму, абы было добра і ціха.

Мікода
(цалуючы маці ў руку).

Будзе як ня трэба лепш; бяз лішніх і непатрэбных выдаткаў.

Дачка
(цалуе маці).

Дзякуй табе, мамачка. (Адыходзіць да Мікоды).

Маці

Ой, змарылася са страху; пайду адпачыць. (Вышла)

Мікода і Дачка
(глядзяць адзін аднаму ў вочы і моцна рагочуць).

І каза нам дапамагла. Ха-ха-ха…


Заслона