Le bruit des cabarets, la fange du trottoir
*** Гул вулічных шынкоў; панельны бруд; каштаны... Верш Аўтар: Поль Вэрлен Пераклад: Максім Багдановіч |
Крыніца: Багдановіч М. Поўны збор твораў у 3 тамах. Т. 1. — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. Ст. 186 |
Гул вулічных шынкоў; панельны бруд; каштаны
Старыя; з іх ляцяць праз дымныя туманы
Рой лісцяў; амнібус, каторы грукаціць
Жалезам і між кол рыпяшчых ледзь сядзіць,
Зялёны аганёк з чырвоным, быццам вочы,
Варочаючы ўкруг; і з люлькаю рабочы,
Дымяшчы, ідучы, гарадавому ў нос;
Капеж з дамоў на брук, што бачыў шмат калёс;
Асфальт істоптаны, з канаўкамі па краю
Дзеля памый... Такі мой шлях, ідушчы к раю.
<1912>