Аб слове «кабета»
← Бацька польскай камэдыі | Аб слове „кабета“ Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1924 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (7), студзень-сакавік 1924 г., б. 96 |
Калі беларуска-крыўскае слова «разьдзел» уведзена ў польскую мову? → |
АБ СЛОВЕ „КАБЕТА“. Слова „кабета“, якое, будучы польскім барбарызмам, даволі часта трапляецца ў нашай адраджэнчай літэратуры, саўсім добра можа быць заступлена сваім—„жанка“. Тым больш, што і ў польскай мове слова „кабета“ яшчэ ў XVI ст. лічылася лайчывым (Гл. Słownik języka polskiego. Linde). Яно паходзіць ад „kobić“—чараваць і першапачаткова азначала: чараўніца, ведзьма. Па сваей этымолёгіі гэтае слова і сягоньня месьціць ў сабе гэтае паняцьце, аб чым сьведчыць наша старая літэратура якой вядомы: „кобити“—чараваць, „кобии“—чараўнікі. „Что имя твое и что ти кобь?“ (Супрасльск. рук.). У жывой мове вядомы словы: „кабук“—род ці эпітэт чорта (говораць аб чорце „кабук“ ў такім значэньні як—„той“, „гэны“, „нячысьцік“) і „кабейніца“,—баба ў якой „благія вочы“, ад каторых бываюць „урокі“, „сурокі“, слова „кабейніца“ азначае такжа балотную чорную вужаку, у адрожненьне ад „верацейніцы“ маючай больш сьветлую афарбоўку скуры (Вітабшчына). У Барысаўшчыне говораць ў лаянцы слова: „скобсьціўся“, што знача—скруціўся, зыйшоў з розуму, прапаў, здох. „А, каб ты скобсьціўся!“
І. Л.