II. Беларусь і Польшча ў мінулым III. Варункі сучаснасьці
Публіцыстыка
Аўтар: Аляксандр Цвікевіч
1921 год
IV. Гістарычные правы і гістарычные граніцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. Варункі сучаснасьці.

Неспадзяваные падзеі апошніх гадоў і непадгатаванасьць Польшчы да вялікай палітыкі. Адраджэньне Беларусі і Літвы як галоўные фактары труднасьці усходнае проблемы. Больш дробные, але ня меняй прыкрые перашкоды: а) неяснасьць этнографічных граніц, в) фальшывая статыстыка. Інтэрас польскае дзяржавы адзінае у разбежнасьці польскае думкі аб Беларусі.

Падзеі апошніх гадоў — ўсесьветная вайна і вялікая расейская рэвалюцыя зьніштожылі тую сілу, каторая стаяла над Польшчай і над Беларусьсю і каторая ўстанаўляла па свайму жаданьню адносіны паміж гэтых двох народаў.

Рухнулі муры расейскай турмы, і Польшча і Беларусь ізноў сустрэліся друг з другам безпасярэдна, як некалькі вякоў гаму назад.

І вось, ня гледзючы на тое, што гэтые два народы пражылі сумесна пад аднэй страхой не адно сталецьце, што ў іх у мінулым былі супольны страніцы — аказалося, што яны надта далёкі друг другу, што спаткаліся яны амаль што незнаёмымі.

Аказалося, што Польшча ня ведае сучаснай Беларусі.

Увесь час, пакуль Беларусь мысьлілася як частка Польшчы, яна лічылася як сіла памочная, як элемэнт, служачый польскай дзяржаўнасьці, як об'ект, павінный сьледаваць шляхам вышэйшага пачатку — польскае дзяржавы. За ўвесь час, пакуль польская палітычная сьвядомасць захоўвала ў сябе хоць цень правоў Польшчы на Беларусь, апошняя не ўяўлялася ей інакш, як польская провінцыя, з „літоўскім" адценкам, каторая абагачае польскую культуру і ў канцы канцоў павінна стапіцца з польскай стыхіей.

Цэннай самой па сабе, суб'ектам праваадносін і адзінкай палітычна роўнай, Беларусь за гэты час ніколі не лічылася.

Як і старая Расея, Польшча да гэтага часу не лічыла беларусаў палітычным народам, здольным ставіць сабе свае мэты, якіе павінны былі-б служыць яго ўласным інтэрасам.

Мы ня склонны дабачаць у гэтым што небудзь такое, што парочыло-б Польшчу ў вачах беларускага народу. Прычынай гэткага нэгліжаваньня беларускай национальнасьці і яе дзяржаўнай здольнасьці служыло адзіна тое, што сам беларускі народ не дайшло яшчэ пэўнай ступені самасьвядомасьці і арганізаванасьці, якая звычайна дае право на прызнаньне з боку суседзяў.

Мы зьвертаем увагу на гэта толькі таму, каб паказаць, што Польшча аказалася непадгатаванай дзеля вырашэньня ўзьнікшай перад ей задачы.

Падгатавацца да гэтага было нааул трудна. Ніхто ў Польшчы ня мог думаць, каб беларускае адраджэньне, яшчэ дзесяць гадоў таму назад змагаўшаеся з расейскім урадам за право друкаваць лемэнтары на беларускай мове, пранікло ў тоўшчу народу, раскалыхало масы і пасунуло іх на творчасьць самаістнай дзяржнаўнасьці.

Ніхто ня чакаў, каб беларускае пытаньне вырасло з рамак „заходна-расейскага пытаньня" у явішча эўропейскага значэньня і было выкінуто на торжышча міжнарадовай палітыкі. Гэта з аднаго боку.

3 другога боку, ў самай Польшчы ніхто сур'ёзна не рахаваў, каб іх напоўзадушаная бацькаўшчына вярнулася да жыцьця ў форме суверэннай дзяржавы і зрабілася адным з першых фактараў палітычнага жыцьця усходнае Эўропы.

У варунках старога парадку, калі гаварылі урады і маўчалі народы, пытаньне гэтае, здавалося простым; але пры першых спробах вырашаньня яго ў новых варунках, аказалося ня у меру трудным і складным.

Старая, дорэвалюцыйная Польшча магла мысьліць вырашаньне беларускае проблемы ці ў рамках расейска-польскіх адносін, калі яно скончылося бы угодай ураду Расеі з урадам Польшчы, ці ў рамках свайго дзяржаўнага самаазначэньня пасьля вайны, пры дапамозе дзяржаў - незалежна Антанты ці Цэнтральнага Саюзу. Спорные тэрыторыі і населяючые іх народы, як пры першым так і пры другім выпадку, засталіся-б ў старым сваім значэньню, г. зн. разглядаліся бы як об'екты дзяржаўных плянаваньняў.

Справа вымагала бы толькі патрэбнай дыплёматычнай зручнасьці, вядомай згаворчывасьці. Разам с тым, пытаньне засталося бы ясным, абмежаным строгімі варункамі фактычных магчымасьцяў, і, ў рэшці, павінно было-б вырашыцца згодна жаданьням высокага арэопагу дзяржаў-пераможцаў.

Цяперака пытаньне беларуска-польскіх адносін пастаўлена зусім у другую роўню.

Замест Расеі - старой, абноўленай, ці зусім „новай" - Польшча мае прад сабою бушуючае мора комуністычнай рэвалюцыі, жадаючай замацаваць формы „дзяржавы-комуны", з якой вядома, ніякіе згаворы немагчымы і якая не пакіне змагацца за зьдзейсненьне ўсесьветнай рэвалюцыі. Замест цьвёрда ўстаноўленых загадаў ўсемагутнага арзопагу поўная неакрэсьленнасьць, выкліканая Як немагчымасьцю пры сучасных абставінах вырашыць ў поўным аб'ёме „ўсходную проблему", так і разбежнасьцю інтэрасаў саміх суседзяў.

Непадгатаванай Польшчы прыходзіцца вырашаць гэту проблему сам на сам з народамі, якіе на месцы праваліўшайся імпэрыі, заявілі волю да дзяржаўнага існаваньня. Гэткая сітуацыя аказалася шмат адпаведнайшай, чым купля-прадажа ў зацішках дыплёматычных габінэтаў.

Народы аказаліся не так ідэальна сарганізаванымі і не так уступчывымі, як іх старые урады. Разам з гэтым іх нібыто відавочная фізычная слабасьць параджала вялікіе апэтыты і магчымасьці, шырыла для Польшчы палітычные гарызонты, надзіла здзейсненьням аграмадных, амаль што не ўсесьветнага значэньня плянаў.

Пад націскам шпаркіх палітычных падзей, польская мысьль пачала нэрвова шукаць патрэбные словы, апрацоўваць адпаведные новаму часу концэпцыі. І першае, што сустрэнулося на шляху гэтых спроб, была Беларусь.

Прыблізна за два гады да таго моманту, калі польскіе войскі станулі на беларускай зямлі, беларускі рух прыбраў ужо вядомые формы.

Пасьля натужнай, чорнай працы на месцох, падгатаўляўшай завязі сьвядомай інтэлігенцыі і селянства, пасьля цэлага шэрагу месцовых зьездаў і пасьля шырокай агітацыйнай працы сярод войск, — склікаецца Ўсебеларускі Зьезд, які кладзе першые падваліны беларускай дзяржаўнасьці.

Абвешчаецца на беларускай зямлі рэспубліканскі лад, зазначаецца ў агульных рысах програма чыннасьці беларускае ўлады; намечаецца арганізацыя гэтай улады, патрэбу якой зьезд адчувае надзвычайна ясна: на беларускай зямлі павінна быць улада беларускага народу.

У гэтым апошнім пункце сырая, палітычна слаба ўзгадаваная масса дэпутатаў, зьліваецца, ад чувае сябе народам і сьвядома свайго адзінства. У гэтай практычнай справе, незалежна ад тэорытычных довадаў, масса зьезду адрожнівае свae інтэрасы ад інтэрасаў цэнтру, да сяго часу дыктаваўшага сваю волю Беларусі, не пытаючыся на то яе згоды.

Але сьвядомасьць сваей асобнасьці і цэласьці сярод дэпутатаў яшчэ не зусім крэпкая; у іх яшчэ не дасьпела сьвядомасьць поўнага права на незалежнасьць і незалежную самаістную ўладу. Яны яшчэ баяцца гаспадарскага біча, і дзеля гэтага Беларусь мысьліцца імі толькі ў фэдэрацыйнай сувязі з Расеяй.

Працу зьезду, аружна прарваную бальшавікамі,[1] цягне далей яго выканаўчы Камітэт, кіруючыся ідэяй непадзельнасьці Беларусі і асобнасьцю яе інтэрасаў ад пажаданьняў Масквы. Пасьля Берасьцейскага міру, ратуючы Беларусь ад падзелу, ён афармляе пастанову зьезду абвешчаньнем незалежнасьці Беларускае Рэспублікі і стварэньнем першага ураду — Народнага Сэкрэтаріату.

Пры надзвычайна трудных варунках, бяз грошы, бяз сувязі з народам, якую востра спыняла нямецкая окупацыя, гэты Урад, больш падобны на цень, чым на рэальную сілу, пачынае сваю працу.

Зьяўляюцца першые азнакі беларускае дзяржавы. Актам ад 25 сакавіка 1918 г. вызначаюцца дзяржаўные межы Беларусі, у аснову чаго прыймаюцца не стратэгічные, ці гістарычные, або якіе небудзь іншые мяркаваньня, служачые звычайна толькі спосабам закабаленьня мілітарна слабейшых народаў, але цьвёрдая сьвядомасьць таго, што беларуская зямля там, дзе пераважае лік беларускіх жыхароў. Гэнай жа граматай замацоўваюцца гаЛОўные асновы беларускае констытуцыі: право на нацыональна-пэрсональную аўтаномію, сэквэстр ма ёнткаў вялікіх абшарнікаў і перадача зямлі працоўнаму селянству; скліканьне Устаноўчага Сойму на аснове агульнага выбарнага права і г. д.

Предстаўніцтвы беларускага ураду зьяўляюцца за межамі Беларусі і знаёмяць загранічную прэссу з беларускім пытаньнем, гавораць аб патрэбах народу і пратэстуюць супроць гвалтаў, над ім адбываючымся.

Праўда, на ўсе вымаганьня і пратэсты мала хто за граніцай зьвертае патрэбную увагу: ўсе лічацца з голай сілай, з аружным захватам і не цікавяцца правамі, хоць бы яны былі найсьвяцейшымі. Але рэвалюцыйны беларускі урад не надта непакоіцца гэткім станам рэчэй, звычайным у пераходны час. Ён лепш за каго другога сьвядом сваей слабасьці, але ў той самы час сьвядом патрэбы вясьці змаганьне далей, ня гледзючы ні на якіе перашкоды.

І барацьба, змаганьне ідзе. Ідэя адраджэньня аказваецца моцнай і жывучай, прабіваецца ў самые далёкіе куткі Беларусі, пры гэтым не так супрацоўнікамі ураду і яго коштам, як самым фактам істнаваньня актыўнага цэнтру адраджэньня, магнітызуючага масы.

Тутка ня месца затрымлівацца на конкрэтных праявах беларускае дзяржаўнасьці, як, напр., палітычных умовах, фармаваньнях войск, вызнаньні незалежнае Беларусі і г. д. Гэта - справа гісторыі руху.[2] Пакуль мы з жалям павінны зазначыць, што ўласнай дзяржавы сваей, у поўным значэньні гэтага слова, народ беларускі яшчэ не мае.

Што ж гэта ёсьць, аб чым была мова? Ці гэта толькі праява сваероднага нацыональнага романтызму, ці не палітычны гэта міраж, які часта сустрэчаецца ў рэвалюцыйные эпохі?

Так думаюць пасівеўшые над паперай дыплёматы, так сама думае шмат хто з польскіх палітыкаў.

Дзе вашае войска, пытаюцца яны ў першую чаргу? Дзе ваша тэрыторыя і вашы грамадзяне? Дзе вашаегістарычнае мінулае, ваша культура?

І беларуская дацяперашняя дзяржава, к свайму „стыду", ня можа паказаць ні свайго войска, ні гармат, ні кулямётаў, ня можа распараджацца адпаведнай яго мапе тэрыторыей.

Праўда, беларускіе жаўнеры ёсьць, але яны параскіданы па арміях польскай, расейскай, літоўскай і ня могуць быць скліканы пад свае ўласные сьцягі; ёсьць і вінтоўкі і кулямёты, але яны пахаваны ў лясох, па стрэхах, стагох і другіх патайных месцох; ёсьць тэрыторыя, задушаная чужацкай cіnaЙ і моцна скропленая беларускай крывёю; ёсьць атэстат аб культурным мінулым, але нагамі „братоў-суседзяў" ён старанна затаптаны і, каб вярнуць яму вымаганы глянец, трэба часу.

Дзе-ж тая сіла, дзе той фундамент, на каторым трымаецца гэтая дзяржаўнасьць? што перашкаджае здмухнуць з аблічча зямлі гэту эфэмэрную будову, калі яна перашкаджае каму небудзь на шляху?

Право - вось сіла, якой змагаецца беларускае адраджэньне, воля народу — вось фундамэнт, на каторым пакоіцца яго дзяржаўны гмах. Дагэтуль яны былі як бы ў нябыцьці. Разпад Расеі і рэвалюцыя вярнулі іх да жыцьця.

Элемэнты гэтые ня можна як жаўнераў, як гарматы, ці як тэрыторыю падлічыць на шчотах, але мінуць іх, не лічыцца з імі — немагчыма.

Дзеля таго, што беларуская дзяржаўнасьць, трываючая пакуль што ў стадзіі пачатковага фармаваньня, ёсьць воля да жыцьця, прачнуўшаяся ў шырокіх масах, вырваць яе можна толькі тады, калі фізычна забіць беларускі народ. Воля гэтая вылілася пакуль што ў элемэнтарные формы; але дасьпеваньне яе ідзе шпарка на перад і раней, ці пазьней прывядзе да арганізаванай дзяржавы.

Вось гэта, ласьне, Беларусь, вось гэты прачнуўшыйся да палітычнага жыцьця народ, вось гэта, ласьне, сьпеючая дзяржаўнасьць і стала на шляху польскае мысьлі, зашахавала і зблутала, здавалася, гатовые пастановы.

Польшча не мяркавала, што Беларусь стане суб'ектам праваадносін і заявіць ў яе плянаваньнях свой уласны голас.

Сумяціца атрымалася ў зьвязку з гэтым даволі грунтоўная. Беларусь заявіла жаданьне аб вызнаньні яе ў этнографічных межах; гэта значыць, што яна лічыць усе землі, якіе лежаць на ўсход ад лініі Нарэва і Буга сваімі; заявіла аб вызнаньні яе незалежнай дзяржавай, — гэта значыць, што яна самаістна, прыймаючы пад увагу ўласные інтэрасы, пастановіць аб будучыне польскіх маёнткаў на Беларусі і г. д. Усё разам значыць, што яна зьвяжа Польшчы рукі і прымусіць трымацца, што да сябе, у рамках справядлівага і праўнага.

Другім фактарам, уплываючым на беларуска-польскіе адносіны, зьяўляецца Літва.

Літоўская дзяржава сарганізавалася перш, чым Польшча выступіла на палітычную арэну як незалежная дзяржава. Ужо у 1918 г. яна склікае свой предпарлямэнт - „Тарыбу" - з прадстаўнікоў партый і нацыональных арганізацый. У склад Тарыбы, запрашаюцца, між іншым, прадстаўнікі Беларускае Рады ў Вільні, увайшоўшые ў яе, згодна асобнай умове паміж двох урадовых устаноў. Тарыба выбірае першы літоўскі урад, ў складзе якога мы бачым міністра беларускіх спраў.[3] Дзякуючы добрай палітыцы і зьбегу шчасьлівых варункаў маладая літоўская Рэспубліка унікае цяжкой вайны з бальшавікамі і палякамі, якіе заняліся змаганьнем паміж сабой, арганізуе войска (з нацыональнымі беларускімі аддзеламі), узмацоўвае урадовы апарат, дабіваецца фактычнага вызнаньня і дапамогі з боку вялікіх дзяржаў, ўрэшці, падпісвае выгадны мір з Расеяй.

3 першых дзён і дагэтуль Літва стала на пазіцыю безумоўнай незалежнасьці і, тым самым выклікала з боку Польшчы непрыхільнасьць, даходзячую да адкрытай варожасьці.

Пазіцыя Літвы уплывае на беларуска-польскіе адносіны перш за ўсё таму, што Літва прэтэндуе на некаторые спорные беларускіе землі, і на галоўны камень спыну — место Вільню. Замест двох прэтэндэнтаў на гэтае место беларусаў і палякаў — атрымоўваецца трэці і пры гэтым вельмі выдатны. Стан рэчэй ад гэтага толькі зацьмеваецца.

Затым, што асабліва важна, вырашэньне беларускага пытаньня ў якім бы то ні было сэнсі, без учасьця Літвы, становіць для Польшчы палову справы. Ніжэй мы будзем бачыць, што ўсе польскіе концэпцыі аб усходзе, натыкаюцца і разьбіваюцца аб незалежную пазіцыю Літвы. Калі глянуць на мапу - гэта ясна: рэалізацыя усіх карысьцей, якіе Польшча магла-б атрымаць, магчыма толькі праз Літву.

Праф. Буяк зусім слушна зазначае, што „вырашэньне усходнага пытаньня без ўключэньня ў яго Літвы, павінно разглядацца як безумоўная паражка Польшчы."[4]

Урэшці, дзякуючы асобнасьці пазіцыі Літвы і незалежнасьці яе ад Польшчы, захоўваецца рэальная програма супольнага беларуска-літоўскага гаспадарства. Програма гэтая, як ведама, самая старая, зьяўлялась найбольш популярнай на зарэ літоўскага і беларускага адраджэньня і жыве ў галовах беларускіх і літоўскіх дзеячоў і да гэтай пары. Raison dêtre гэтае програмы ёсьць жаданьне адгарадзіцца ад палітычнай і экономічнай гегемо Польшчы і збавіць свае народы ад гальмаваньня, якое пры гэтай гегемоніі абавязкова будзе мець месца.

Апроч вышэй паказаных прычын чыста палітычнага характару, вырашэньне пытаньня аб беларуска-польскіх адносінах утрудняецца другімі больш дробнымі, але ня меней прыкрымі перашкодамі:

а) блутанінай беларуска-польскай этнографічнай граніцы, і

в) адсутнасьцю пэўных статыстычных данных.

Дзякуючы таму, што паміж Беларусьсю і Польшчай за час іх сумеснага жыцьця ня было моцных дзяржаўных меж у сучасным значэньню гэтага слова, меж, пераход якіх быў бы зьвязан з вялікімі формальнасьцямі і, дзеля гэтага, трудны, на пераферыі абодвых плямён сталецьцямі адбываліся ўзаемнае крыжаваньне і уплываньне. Гэтаму крыжаваньню спрыялі безупынные войны паміж Польшчай і Маскоўшчынай, у якіх беларускі народ прымусова прыймаў учасьце. Спрыялі гэткаму процесу і дзяржаўные распарадкі — кшталтам абавязковай спадкабернай колëнізацыі Беларусі польскімі выхадцамі з Мазовіі і з другіх месц Каралеўства, а так сама колëнізацыі вайсковага значэньня і угоны ў палон цэлых дзесяткаў тысяч мірных жыхароў.

Неяснасьць этнографічных граніц згушчаецца асабліва таму, што беларуская маса, населяючая пагранічные з Польшчай паветы, вызнае ў значнай меры каталіцкую веру і адзнаку вызнанёвую звычайна зьмешвае з нацыональнай. Гэткае зьмешаньне заўсёды было выгодна Польшчы, і сумысьльна змацоўвалося каталіцкім касьцёлам. Дзеля гэтага на пытаньне: хто вы — палякі, ці беларусы, да апошняга часу можна было пачуць - мы каталікі.

Расейская ўлада, апекаючыся над сваімі грамадзянамі нават у самых інтымных галінах жыцьця, не разьвіла ў народзе пачуцьця нацыональнай сьвядомасьці: ўсіх грамадзян яна жадала бачыць „русскімі". Не дасягнуўшы пажаданага рэзультату, яна толькі на многіе гады затрымала развіцьцё сьвядомасьці нацыональнай прыналежнасьці.

Нізкая роўня гэтае сьвядомасьці больш за ўсё кідаецца ў вочы ў заходніх паветах Горадзенскай губ. (Беластоцкі, Бельскі), а так сама ў месцох найбольш актыўнай пропаганды каталіцтва, як, напр., у Вільні і Віленскім павеці.

Гэта параджае шмат закалотаў.

Яшчэ больш закалотаў параджае няпэўнасьць, а дзе і поўная адсутнасьць, статыстычных данных.

Прасьледуючы тые ж патрыотычые мэты, жадаючы прыдаць „русскому элементу" ў заходных губэрнях імпануючы характар, старая ўлада залічала у рубрыку „русскіх" ўсіх тых праваслаўных беларусаў, якіе былі ня цьвёрды у сваей нацыональнай сьвядомась; беларусаў-жа каталікоў, называўшых сябе „каталікамі", залічала ў рубрыку „палякаў". Бывалі, праўда, здарэньня, калі, ня хочучы павялічваць лік палякаў, статыстыкі залічалі запраўдных палякаў у лік каталікоў-беларусаў. Гэта здаралася рэдка таму, што лік запраўдных палякаў на Беларусі надта не вялікі, а тыя што ёсьць, моцна сьвядомы сваей нацыональнасьці.

Наагул, расейская урадовая статыстыка ня выдзеляецца безстароннасьцю і ня можа пахваліцца навучнай пастаноўкай.

Як недасканальны і залежны ад палітычных комбінацый былі яе статыстычные вылічаньня, можна угледзіць хоць бы з зверхняга параўнаньня цыфры палякаў на Беларусі згодна перапісі 1897 г. з цыфрамі, вывядзенымі ў перапісі 1909 г., зробленай па загаду Сталыпіна з мэтай устаноўленьня земскага урадаваньня ў заходным краю.

Тлумачыцца гэтая характэрная разбежнасьць тым, што пры устанаўленьні земства па куріальнай сыстэме, расейскі урад быў зацікаўлен, каб лік дэпутатаў ад селян быў як мага меншы, а лік дэпутатаў ад заможных клясаў, (прэдстаўнікамі якіх на Беларусі зьяўляюцца, галоўным чынам, польскіе памешчыкі,) быў як мага большы.

Дзякуючы адсутнасьці пэўнай урадовай статыстыкі, палякі, заінтэрасаваные у адваротным, г. зн. ў павялічаньні, чаго-б гэта ні каштавала, ліку жыхароў польскай нацыональнасьці, усчынаюць цэлы рад сэпаратных досьледаў, якіе прыводзяць, як і трэба было чакаць, да пажаданых цыфр. Навучнай пастаноўкі і безстароннасьці ў гэтых досьледах яшчэ менш, чым у абсьледаваньнях расейскага ураду; прынцыпіальнага значэньня факты трактуюцца вельмі груба.

Так напр., п. Сьвехоўскі у сваей працы: „Żywioł polski na ziemіach litewskich"[5], з самапэўнасьцю, годнай лепшага застасаваньня, гаворыць:

„На тэй культурнай роўні, на якой знайходзіцца галоўная маса беларусаў, рашаючую ролю пры іх самаазначаньні адыгрывае релігійны сьветапагляд. Дзеля гэтага, мы будзем бліжэй да праўды, калі рубрыку „палякаў" злучым з рубрыкай так званых „беларусаў-каталікоў", каторых мы з аднальковым правам можам назваць „белапалякамі" (?!), і гэту аб'еднаную рубрыку прыймем як выяўленьне польскасьці краю."

Вось, напрыклад, параўнаньне цыфр расейскае перапісі 1897 г. і польскае перапісі за часоў окупацыі на Беларусі у 1920 г. аб ліку жыхароў Горадзенскага павету:[6]

Беларусы Палякі Літвіны Жыды Велік.
1897 г. 65,8% 5,6% 1,4% 19,8% 6,3%
1916 г. 33,5% 54,0% 1,6% 10,6% 0,16%

Параўнаньне гэтых цыфр сьведчыць аб зусім непраўдападобным павялічаньні ліку палякаў у Горадзенскім павеці за лік беларусаў.

Яркая разбежнасьць гэта тлумачыцца дзьвома прычынамі: па-першае, усе беларусы-каталікі, згодна арыгінальнаму „мэтоду“ п. Сьвехоўскага, залічаны ў рубрыку „палякаў" і, па-другое, дзеля таго, што разам з цыфрамі адноснага ліку жыхароў тэй, ці іншай нацыональнасьці ў %%, — не паказваецца абсолютная цыфра насяленьня.

Між тым, як ведама, з Горадзенскае губ. за час вайны, ласьне, ў 1915 г. ў час адыходу расейскае арміі, высялілося і да гэтай пары не вярнулося ад 25-50%% насяленьня.[7] Частка гэтая амаль што цалком прыпадае на беларусаў-праваслаўных: свяшчэннікі, з дрэнна зразумелага патрыотызму, а часам проста па загаду з гары, цэлымі прыходамі выводзілі іх у цэнтральную Расею. Каталіцкіе-ж ксяндзы, наадварот, утрымлівалі ўсімі сіламі сваіх парафіян на месцы.

Прыймаючы пад увагу, што натуральны прырост насяленьня ад 1897 да 1920 г. ня мог грунтоўна зьмяніць нацыональны склад жыхароў, а калі і зьмяніў, дык, дзякуючы штучным захадам расейскага ураду, у бок павялічаньня „расейскага элемэнту", можна констатаваць ў прыведзяных польскіх спраўках грубую статыстычную абмылку, якую ніяк не магчыма аднесьці ў дзедзіну прыпадковасьці, ці недагляду.

Тая-ж абмылка мае месца і адносна другога „спорнага“ павету — Віленскага, „польскасьць" каторага польскіе дасьледчыкі даказваюць ссылкай на нямецкіе крыніцы 1916 году за часоў окупацыі края нямецкім войскам.

Як бы забыўшыся, што каля 50% беларусаў Віленскага павету ў гэтым годзе знайходзілося за мяжой фронту і не магло трапіць у сьпіскі, цытуюцца адносные цыфры ў %% асобных нацыональнасьцяў.

Вынікі атрымоўваюцца надзвычайные:

Беларусы Палякі Літвіны Жыды Расейцы[8]
1897 г. 42% 12,1% 35% 7,4% 3,3%
1916 г. 10% 80% 5% 4% 0,5%

Як бязмерна разбежнасьць цыфр польскае і расейскае статыстыкі, відаць так сама з перапісей места Менска, - цэнтру беларускага руху, - якіе сьведчуць аб выключным узросьце нацыональнай самасьвядомасьці беларусаў, залічаўшых сябе раней у рубрыку „расейцаў".

Менск[9] Беларусы Палякі Літвіны Жыды Расейцы
1897 г. 9,3% 11,4% 51,2% 25,5%
1920 г. 22,9% 18,2% 0,6% 44,8% 12,3%

Статыстыку насяленьня заходнай Беларусі з поўным правам можна назваць фальшывай. Дзеля выключнай цікавасьці, прывядзем тут-ка данные аб дзьвëх, згодна заявам палякаў, „спорных" губерніях - Віленскай і Горадзенскай, карыстаючыся выданьнямі Кракаўскага статыстычнага таварыства і вядомага атласу Ромэра.

1. Віленская губ.:[10] Абшар-41.981 кв. кіл. (41.907). Насяленьне 1912 г. — 1.989,9, тыс. (1911 г. — 1.957 тыс.). Агулам: беларусаў — 56.05%, палякау — 8,17%.

ПАВЕТ
На сто жыхароў прыпадае
Беларусаў Палякаў Літоуцаў Жыдоу Інш.
Віленскі 25,84 20,12 20,92 21,25 11,87
Дзісьненскі 81,11 2,39 10,10 6,40
Лідзкі 73,13 4,67 8,65 12,05 1,50
Ашмянскі 79,97 1,75 3,77 12,07 2,44
Сьвенцянскі 47,51 5,98 33,74 7,14 5,63
Троцкі 15,73 11,26 58,11 9,54 5,36
Вілейскі 86,88 2,45 9,52 1,15
2. Горадзенская губ.: Абшар 38.647 кв. кіл.

(38.578). Насяленьне 1912 г. - 1.997,6 тыс., (1911 г. 1.974 тыс.). Агулам: беларусаў 43,63%, палякаў 10,07%, украінц. 22,51%.

ПАВЕТ
На сто жыхароў прыпадае
Беларусаў Палякаў Літоуцаў Украінцаў Жыд. і інш.
Горадзенскі 65,69 5,66 1,42 27,28
Беластоцкі 26,14 33,93 39,93
Бельскі 4,93 34,85 39,11 21,11
Берасьцейскі 3,89 64,38 31,73
Кобрынскі 2,22 79,57 18,21
Пружанскі 75,48 1,37 6,60 16,47
Слонімскі 80,73 1,55 17,72
Сакольскі 83,80 1,18 15,02
Ваўкавыскі 82,38 2,15 15,47

Цікавы цыфры аб вызнанёвым складзе жыхароў гэтых губэрній.

3. Віленская губэрнія: Каталікоў — 58,11%, Праваслаўн. — 27,63%.

ПАВЕТ
На сто жыхароў прыпадае
Каталікоў Праваслаўн. Пратэст. Жыдоў Інш.
Віленскі 65,56 11,57 0,83 21,76 0,28
Дзісненскі 32,34 57,28 10,11 0,27
Лідзкі 62,41 25,12 12,04 0,43
Ашмянскі 56,64 30,48 12,07 0,81
Сьвенцянскі 78,05 14,15 7,14 0,66
Троцкі 83,83 5,55 9,54 1,08
Вілейскі 31,73 58,41 9,62 0,24

4. Горадзенская губ.: Каталікоў — Праваслаўных — 57.22 %.

ПАВЕТ
На сто жыхароў прыпадае
Каталікоў Праваслаўн. Пратэст. Жыдоў Інш.
Горадзенскі 27,23 51,73 20,02 1,02
Беластоцкі 47,17 20,15 3,50 28,82 6,36
Бельскі 36,48 48,29 14,92 0,31
Берасьцейскі 6,32 71,20 1,24 20,94 0,30
Кобрынскі 2,80 83,14 13,74 0,22
Пружанскі 7,85 78,72 12,82 0,50
Слонімскі 10,34 74,11 15,25 0,30
Сакольскі 69,30 18,13 12,22 0,35
Ваўкавыскі 29,21 57,92 12,42 0,45

Пададзеные вышэй цыфры зьяўляюцца больш-менш згоднымі з запраўдным складам жыхароў. Зусім іншымі зьяўляюцца данные п. п. Ромэра і Вейнфельда. У атласе, які маець сваей мэтай азнаёмленьне, галоўным чынам, эуропэйскага грамадзянства з нацыональнай, экономічнай і інш. істотай памянёных губэрній, гэтые аўтары сьвядома путаюць азнаку нацыональную з рэлігійнай.

Дзіву годна, як можна было з навучнага боку залічаць ў адну рубрыку расейцаў і іншых праваслаўных (?)" — беларусаў і украінцаў, у той час, калі палякі, літоўцы і жыды выдзялены ў асобные групы на аснове нацыональнага прынцыпу, а беларусы каталікі - на аснове рэлігійнага прынцыпу! Клерыкальна-палітычны характар гэтае статыстыкі ясна кідаецца ў вочы, а маець яна на мэці адзіна — схаваць шыла ў мяшку — не паказаць ліку беларусаў. Ад гэтай статыстыкі да „мэтоду" Е. Малішэўскага і М. Сьвехоўскага - адзін толькі крок.

5. Віленская губэрнія.[11]

ПАВЕТ
На сто жыхароў прыпадае
Палякаў Беларусаў-каталікоў Расейцаў і інш. праваслаўных Літоуцаў[12] Жыдоў
Віленскі 43 13 12 21 26
Дзісьненскі 2 34 54 9
Лідзкі 6 58 22 9 11
Ашмянскі 2 52 28 4 13
Сьвенцянскі 3 39 13 34 6
Троцкі 22 9 5 58 11
Вілейскі 3 34 53 9

6. Горадзенская губэрнія.

ПАВЕТ
На сто жыхароў прыпадае
Палякаў Беларусаў-каталікоў Расейцаў і інш. праваслаўных Літоуцаў Жыдоў
Горадзенскі 4 24 53 (?) 20
Беластоцкі 18 31 16 24
Бельскі 9 30 46 14
Берасьцейскі 2 4 71 22
Кобрынскі 1 2 83 14
Пружанскі 7 79 13
Слонімскі 14 71 14
Сакольскі 1 70 17 11
Ваўкавыскі 1 33 53 12

Адсутнасьць об'ектыўных статыстычных данных аб Беларусі мае аграмаднае практычнае значэньне. Усякі дзеяч падыходзіць да справы са сваімі цыфрамі і пераварачвае да гары нагамі тэорыі сваіх праціўнікаў.

Шмат хто з польскага лагеру, а за імі пераважаючая частка польскага грамадзянства, арудуючы гэтымі супярэчнымі цыфрамі, а нават за дапамогай ўселякага зместу фальшывых падтасовак, робяць вывад, што добрая палавіна Беларусі, амаль што уся заходная яе часьць, населяна палякамі. З асаблівай карысьцю прапагандуюца гэткіе вывады заграніцай.

Безгрунтоўнасьць гэткіх заяў ясна кожнаму меней-болей спакойнаму даглядчыку.

Зьніштажэньне фальшывай статыстыкі, якая страшэнна шкодзіць беларускай справе, і выяўленьне праўдзівага аблічча национальнага складу Беларусі,— пытаньне бліжэйшага часу і ўдзячны абавязак беларускіх навучных сіл.

Да пералічаных вышэй прычын об'ектыўнага характару, прымешваюцца далей прычыны суб'ектыўнага, хутчэй моральнага характару, аб каторых мы ужо мелі зручнасьць спамянуць: гістарычные ўспаміны, кроўная нацыональная і духоўная сувязь як з умершымі, так і цяпер жывучымі „літоўскімі палякамі", рэлігійная сувязь з беларусамі-каталікамі і г. д. Ўрэшці, адну з апошніх ролей адыгрывае прынцып „самаазначэньня народаў", атрымаўшый сëнека, дзякуючы Вільсону, значэньне няпісанага міжнароднага закону, не так обавязваючага, як перашкаджаючага.

Пад уплывам вылажаных утрудняючых момантаў, польская палітычная мысьль, прымушаная хутка, a разам з тым абаснована вырашыць „усходную проблему", пайшла рожнымі сьцежкамі.

Былі дадзены адповедзі, пачынаючы ад вымаганьня безпасярэднага далучэньня адраджаючайся Беларусі да Польшчы, як часткі да цэлага, і канчаючы згодай вызнаць за ей право на незалежнае істнаваньне.

Што-ж ёсьць адзінага ва ўсіх гэтых адповедзях і тэорыях? Ці ня можна знайсьці ў іх што небудзь такое, што адначасна было-б прыналежна кожнай з іх?

Гэткае адзінае, супольнае ёсьць і гэтае супольнае — інтэрас польскае дзяржавы.

Не дзеля пекных вачей селянкі — Беларусі, не дзеля яе сьвятых право на самаазначэньне падыходзяць польскіе палітыкі да яе граніц, але адзіна цікуючы карысьць з яе для Польшчы. Усё — і проэкты безпасярэднай інкорпорацыі, і прапазіцыі вызнаць Беларусь незалежнай рэспублікай, і ўсе паміжлеглые тэорыі — ўсе яны дыктуюцца аснаўной мэтай — даць гэткую развязку пастаўленай проблеме, пры якой найбольш была-б забаспечана добрая будучына польскае дзяржавы.

У той час, як ініцыатары інкорпорацыі з агідай адкідаюць „тэорытычные і сантымэнтальные" фэдэралістычные клічы і, ў імя захаваньня польскага „прэсціжа", вымагаюць неадкладнага далучэньня, ў той самы час, прэдстаўнікі фэдэралістычных проэктаў, ў імя таго самага „прэсціжа“, але інакш зразумелага, кідаюць громы і маланкі на галовы сваіх супраціўнікаў.

Дзівіцца гэтаму німа чаго: Польшча ня можа разглядаць беларускае пытаньне з пункту погляду абстрактнай справядлівасьці, ў роўні тэорытычнага заданьня, як гэта зрабіла-б любая з эўропэйскіх дзяржаў. Яна лішне блізка зацікаўлена ў Беларусі, каб ей была бязрозна тая ці іншая яго развязка.

Зацікаўленасьць гэта заходзіць настолькі далёка, што сучасная, капіталістычная Польшча ня мысьліць свайго істнаваньня без тэй, ці іншай сувязі з Беларусьсю. Ад вырашаньня гэтага пытаньня залежыць ня толькі кірунак яе дзяржаўнай і эканамічнай палітыкі, але самая структура польскае дзяржавы.

Беларускае пытаньне зьяўляецца для Польшчы пытаньнем констытуцыйным.[13] Дагэтуль, пакуль ня будзе прыняты тый, ці іншы проэкт польскае констытуцыі, датуль ня будзе вырашано беларускае пытаньне; і, наадварот, датуль, пакуль ня будзе прынята прынцыпіальнае рашэньне па пытаньню ўзаемаадносін Польшчы і Беларусі, датуль дарэмны будуць спробы устаноўленьня ў поўным об'ёме констытуцыі польскага гаспадарства.

Цяперака ўжо вачавіста, што Польшча дабравольна не здаволіцца сваей этнографічнай тэрыторыей. Ідэя этнографічнае Польшчы, пад уплывам шалёнай агітацыі шовіністычнай прэсы і, дзякуючы выключна спрыяйнай палітычнай сітуацыі, аткінута амаль што ўсімі партыямі і групамі. Самую думку, самы ўспамін аб формуле „угадоўцаў", што польская зямля там, дзе яе абрабляе рука польскага селяніна, сучаснае агрэсыўнае грамадзянства прыймае з агідаю.

Паварот у гэтым сэнсе намеціўся ужо за часы вайны, калі расейская армія пачала адыходзіць далёка на ўсход. Ужо тады польскай мысьлі пачалі вырысоўвацца ўселякіе магчымасьці і ў галовах польскіх палітыкаў роіліся пляны павароту сваіх уплываў на Беларусі. Толькі аргумэнты ужывалісь у той час зусім іншые.

„Тварцам концэпцыі „этнографічнае Польшчы" быць можа здаецца", пісаў п. Стржэўскі, „што яны разрубаюць гордзіеў вузел і радыкальна развязваюць усе пакрыжоўкі. Аднак гэтага німа. Магчыма, што апосталы этнографічнае ідэі кіруюцца найлепшымі пажаданьнямі... ды яны павялічваюць яркіе абмылкі, выяўляючы ня толькі недастачу палітычнага выхаваньня, але, выражаючыся па магчымасьці абычайліва, нячуваную наіўнасьць".

„Яны ня хочуць зразумець, што недзяржаўны народ ня можа адмаўляцца ад правоў, каторымі не валадзее, што толькі незалежная дзяржава можа цесна азначыць абшар сваіх зямель і сфэру сваіх уплываў, агранічаючы шляхам перамены граніц сваю тэрыторыю".[14]

Адмаўляючыся ад этнографічнага прынцыпу, Польшча павінна была азначыць, да якіх рубяжоў сягаюць яе прэтэнсыі, калі, згодна аўторытэтнаму запэўняньню п. Студніцкага, „ужо Брест-Літоўскі, называемы вайсковымі стратэгічным ключом польскіх зямель, ляжыць за межамі этнографічнае Польшчы".[15]

Пытаньне аб граніцах польская думка абапёрла на дзьвëх асновах і ў залежнасьці ад гэтага стварыла дзьве ідэолёгіі.

Першы кірунак, вызначаючы, што не право кіруе народамі, а сіла, праводзіць гэтую граніцу там, дзе ў гэтым бачыць патребнасьць. Другі кірунак, саромячыся быць так аткрытным, сягаець сваймі жаданьмі да таго рубу, да якога, згодна сваей апініі, мае право даходзіць.

Абодвы кірункі, ўрэшці, больш менш пакрываюцца: дагоднай сабе лініей яны лічуць граніцу Польшчы да першага падзелу ў 1772 гаду.

  1. Да сёнека трудна зразумець, ці адбыўся разгон Зьезду 17-18 сьнежня 1917 г. па даручэньню цэнтральнага савецкага ураду з Пецябурга, ці гэта быў самачынны акт „улады на месцох", угледзіушых у працах зьезду небаспеку для свайго месцовага дабрабыту. Азнаëмленьне з датычнымі сюды дакумэнтамі пераконываюць, здаецца, у апошнім.
  2. Я. Варонко: „Беларускі рух ад 1917 да 1920 г." Кароткі агляд. Коўна, Выдавецтва ім. Скарыны, 1920 г.
  3. М. Засецкі: „Міністэрства беларускіх спраў за 10 месяцау істнаваньня." (I. XII. 1918-I. Х. 1919.) Кароткі нарыс. Коуна. Выдавецтва Т-ва імя Ф. Скарыны, 1919 г.
  4. Fr. Bujak: „Litwa samodzielna entnograficzna, czy Litwa związana z Polską" Warszawa. Rękopis Biura Prac Kongresowych.
  5. M. Swiechowski: „Żywioł polski na zіemiach litewskich." Zakopane, 1917 г. Стр. 18-19. яшчэ раней гэты „мэтод", толькі не так шырака, ужыу E. Maliszewskі. — "Polacy i polskość na Litwie i Rusi", W-wa, 1916.
  6. M. Niedziałkowski: „O program Polski na Wschodzie" „Przedświt", 1920 r. Marzec Nr. 3. Стр. 2.
  7. Апроч данных бежанскае статыстыкі, аб гэтым сьведчаць і польскія крыніцы. Гл. Edw. Malіszewskі: („Próba obliczenia obszaru i ludności ziem, zajętych na Wschodzie". Wschód Polski", 1919 roku. Warszawa-Wilno. Nr. 12, zeszyt grudniowy. Cтр. 29-35.
  8. M. Niedzialkowski: „O program polski na Wschodzie" Стр. 2.
  9. У яго-ж.
  10. A. Krzyżanowski i K. Kumaniecki: Statystyka Polski", Wydana staraniem i nakladem polskiego towarzystwa statycznego. Kraków, 1915. стр. 50-53. Цыфры у скобках узяты з атласу Э. Ромэра і І. Вейнфельда.
  11. E. Romer et I. Weinfeld: „Annuaire statistique polonais", Cracovie, 1917. Стр. 12-13.
  12. Лік літоўцау паказаны згодна перапісі 1897 г.
  13. Гл. напр. St. Kutrzeba: „O Konstytucje Rzeczypospolitej Polskiej", Kraków, 1919 г. Стр. 5.
  14. Аргумэнт, які у значнай меры пасуе да цяперашней Беларусі: J. Strzewski: „Polska-Litwa i Ruś", Warszawa, 1915 Стр. 13.
  15. Wl. Studnicki: „W sprawie stosunku politycznego Polski do jej ziem wschodnich", Warszawa, 1919 r. Cтp., 5.