Адраджэньне Беларусі і Польшча (1921)/IV
← III. Варункі сучаснасьці | IV. Гістарычные правы і гістарычные граніцы Публіцыстыка Аўтар: Аляксандр Цвікевіч 1921 год |
V. Sacro egoismo → |
Формальна-юрыдычная аснова гістарычнага „права" Польшчы на Беларусь. Конфузные параўнаньня. Апраўданьня моральнай вартасьці: а) польскі „культурны капітал" на Беларусі; в) прысутнасьць этнографічнага польскага элемэнту; с) зацікаўленасьць касьцёлу. Гістарычные правы і самаазначэньне Беларусі.
Право Польшчы на граніцу 1772 гаду, зьяўляючаеся адным з глаўных постулятаў польскае усходнае палітыкі, апіраецца як на формально-юрыдычных, так і гістарычна-моральных асновах.
Вось як выкладае гэтые асновы проф. Оскар Галецкі, карыстаючыся мэморыалам дэлегацыі на міравую конфэрэнцыю ў Парыжу:
„Мы не маглі-б жаліцца на гвалт над нашымі правамі ў форме падзелаў, калі-б мы самі, хоць бы не задоўга да таго, пакарылі гэные землі сілай аружжа. У гэтым здарэньню гістарычнае право аказалося-б абасечным аружжам, каторае з гэткім жа правам магло зьвярнуцца супроць нас самих. Аднак-жа ўсходную граніцу 1772 г. мы дасяглі ўжо за 400 гадоў прад тым, ў 1386 г. І што важней за усë, мы набылі яе ў XІV в. не шляхам безпраўнага уціску (podboju) і нават не шляхам вайсковай перамогі, для віду (pozornie) асьвячанай міравым трактатам: землі літоўска-беларускіе ў граніцах да падзелу, добравольна далучыла да Польшчы правамоцная дынастыя."
„Люблінская унія, ласьне кажучы, і па сëняшні дзень не страціла сваей абавязваючай сілы, і павінна была-б быць формальна развязана абедзьвемі старанамі".[1]
З прыведзенай цытаты вынікае, што формальна юрыдычнае апраўданьне права свайго на граніцу 72 г. - г. зн. на тэрыторыю Беларусіі, польская опінія бачыць ў тым, што поў-тысячалецьця таму назад Польшча аб'еднала гэтые землі дынастычнай комбінацыей пад бэрлам свайго караля.
Ня будзем доўга затрымлівацца на доказах нерэальнасьці гэтага „права“; ня будзем далёка хадзіць за прыкладамі.
У сьлед за голасам п. Галецкага, прывядзем апінію па таму-ж пытаньню, але толькі з другой прычыны, Д-ра Фэл. Конечнага:[2]
„Спрэчка польска-чэская за Цешынскую зямлю выяўляецца як спрэчка за аснаўные прынцыпы пагляду на гістарычнае жыцьцë грамады. Адна старана, чэская, даводзіць, што ў ХХ веку трэба прыймаць пад увагу тое, што мело месца паміж князямі 600 гадоў таму назад, а польская старана заяўляе, што кожны народ мае права тварыць нацыональную дзяржаву."
„Чэхі уваскрашаюць упыраў дынастычнай крутні краямі і народамі, а мы клічам, каб раз на заўсёды перастаць краіць жывое цела народаў і дазволіць кожнаму народу жыць згодна патрабам лёгікі, учцівасьці і натуральнага бегу падзей".
„Ці гэта прогрэсыўная пазіцыя, ці гэта гвалтоўнае адкіданьне паняцьцяў ў глыб сярэднявякоўя? Чэхі ўпрост хочуць, каб Цешын прызнаць за імі таму толькі, што вярхоўная улада там была чэская.
„Што гэта за мысьлі ў ХХ веку!! Няўжо-ж сьвет астанавіўся 600 гадоў таму назад і перастаў развівацца? Што гэта павінны быць за правы, каторые абасноўваюць сваё значэньне на звароце сьвету на 600 гадоў назад?! Гэта ня право, а безпраўе!
„Мы абвешчаем, як абвешчалі заўзëды, свабоду народаў, а чэхі хочуць, каб лёс народаў быў залежны ад волі дынастый 600 гадоў таму назад! Але-ж мы жывем ў 1919 годзе!
„Па-просту сказаць: далоў (w kat) ўселякую сьвятасьць, далоў право народаў, далоў нацыональные ідэалы, калі ідзе гутарка аб грубай карысьці, аб матэрьяльным багацьці.
„Ніхай жа бароніць нас Бог ад таго, каб запанаваў у сьвеце прынцып, што калі што небузь каму патрэбна, дык ён меў бы „право"... узяць гэнае сабе гвалтам!!"
Запраўды, ня ведае левая Польшчы, што робіць правая яе!
З пашаны да імяні Божаго, да якога польскіе вучоные прыбегаюць, калі справа ідзе аб Цешыне, і аб якім лёгкадумна забываюць, калі гавораць аб Беларусі, — пакінем гэтае пытаньне ў супакою.
Што датычыцца доказаў моральнай вартасьці ў абарону граніц 1772 году, то першае месца ў гэтым кірунку займае заява палякаў аб,культурным капітале", які, бытцым, уложан Польшчай на беларуска-літоўскіх абшарах.
„Пасьля уніі", кажа Л. Васілеўскі, „калі ўсе землі Вялікага Князства Літоўскага былі адчынены для польскае шляхты, польскі элемэнт пачаў наплываць туды ўсё ў большай і большай масе, пашыраючыся нават да граніц Вітэбшчыны і Смаленшчыны, і ўсё сільней уплываючы на [бела]рускую з мовы і культуры арыстокрацыю і шляхту літоўскую."
„Мова беларуская, мова агульнапрынятая (роtoczna) пры дварз вялікіх князёў і паноў літоўскіх, мова літоўскага правадаўства, ураду і канцэлярый, паволі заменяецца лацінай і мовай польскай".[3]
Гордасьць беларускага народу — плод яго дзяржаўнага генія — літоўскі статут, друкаваный пачынаючы ад 1588 г. да 1613 г. ў мове беларускай, па загаду з Варшавы тлумачыцца на польскую мову, як на мову нова-дзяржаўную, дапаўняецца і адменяецца пастановамі польскага сойму.
„З краю з этнографічна беларускім і літоўскім насяленьнем, ў каторым поўнасьцю панавала беларуская культура, „Літва" паволі абертаецца ў тэрыторыю закалоту вышэйшай культуры польскай з менш сільнай беларускай; закалот паміж мовамі адбываўся як ў бягучым жыцьці, так і ў урадовым кірунку. Перамогшы ў першым, польскасьць павінна была яшчэ доўга займаць другараднае знячэньне ў другім. Да 1696 г. польская мова быда толькі цярпімай у судовых і урадовых установах як мова старон, якой карысталіся з прычыны недастатнага веданьня мовы урадовай".[4]
Урэшці ў 1696 г., г. зн. праз сто гадоў пасьля устаноўленьня рэлігіознае уніі, выдаецца закон, каторым беларуская мова, як мова урадовая забараняецца: „пісар земскі мае пісаць законы па польску і польскімі літэрамі".
Польскіе гісторыкі зазначаюць, што бытцым працэс польшчаньня Беларусі, ў форме „перамогі вышэйшай" польскай культуры над беларускай, адбываўся без прымусу, без уціску польскага ураду.
Ці гэта так?
Калі гэткага зместу прымус бычыць толькі ў цыркулярах міністэрства народнае асьветы, дык іх, натуральна, німа. Але калі ўспомніць, што асьвета таго часу была зьвязана з рэлігіей, жыла і развівалася ў манастырох і магнацкіх дворох, дык прасьледзіўшы гісторыю беларускіх брацтв і трагічную барацьбу іх за ўласную веру і нацыональнасьць, а так сама упорны адпор, які аказвалі польскаму двару і ураду ў гэтай справе беларускіе князі і земяне, — дык лёгка можна устанавіць, што ўсе захады для прымусовага зьніштажэньня беларускай нацыональнай культуры, якіе ў тые часы былі магчымы, былі ужываемы.
Тутка ня месца падробна спыняцца на гэтым пытаньні, маючым чыста гістарычнае значэньне. Незалежна, ці сукосным прымусам, ці сваей досканальнасьцю польская культура брала верх над беларускай, але выводзіць з гэтага якіе небудзь правы" на тэрыторыю — не зусім лёгічна.
Мы можам прыпомніць палякам, што нямецкі „культурны капітал" ў Пазнаншчыне ня меншы, а можа і большы, чым польскі на Беларусі; ня можна сказаць, каб культура нямецкая была ніжэйшай за польскую, але хіба хто небудзь з палякаў вызнае дзеля гэтага „правы" Нямеччыны на гэтую польскую провінцыю?
Палякі павінны зразумець, што Беларусь можа толькі шкадаваць аб тым, што ў момант закалоту беларускай стыхіі з польскай, апошняя дзеля рожных прычын ўзяла верх. Лічучыся з фактам, беларускі народ ставіць крыж на мінулым; ëн з працэнтамі вярнуў Польшчы яе „культурны капітал" хоць бы ў асобе Адама Міцкевіча і Ст. Монюшко. Выхоўваць далей на сваей ніве плады для чужога стала, а тым больш, вызнаваць якія небудзь „правы" на сваю ніву з боку суседзяў - рэч ў нашы часы безнадзейная.
Стараюцца умацаваць гісторычные правы другім падходам:
„Трэба падкрэсьліць", кажа п. Галецкі, „што Польшча па-просту не мае права адмаўляцца наагул ад якого бы то ні было асколку польскага насяленьня, каторы жадае захаваць з ею сувязь. Ужо адзіная гэткая адмова ад зямлі, за якую уміралі нашы продкі ў бязчысленых войнах і паўстаньнях, гвалтавала бы нашые самые сьвятые пачуцьця".[5]
Нам здаецца, што гэта ссылка больш абасечна вострая, чым ссылка на вышэйвылажаные формальна-юрыдычные аргумэнты. Так сама і Масква, з якой Польшча ўвесь час змагалася за Беларусь, праліла роўно гэтулькі крыві за яе, сколькі і Польшча! Дык яна мае такіе самые „правы на Беларусь", як і Польшча! Расейскі урад заўсёды, пачынаючы ад Аляксея Міхайлавіча і да Мікалая ІІ, старэнна гэта „падкрэсьліваў".
На гэта палякі звычайна адказваюць, што паміж іх падкрэсьліваньнем" і расейскім, - вялікая рожніца. Што расейцы ня жылі на Беларусі, ня былі яе аборыгенамі, што абаранялі яны не сваë, але „заграбілі" чужое.
Прызнацца, ў гэтай спрэчцы, дзе ў палякаў „сваё“ і дзе ў расейцаў „чужое“, можна лёгка заблутацца і забыцца, што зямля, аб якой ідзе гутарка — беларуская. Як гэта ня дзіўна, але гэткая забыўчывасьць ў разгары спрэчкі досьць часта здараецца, як гэта было за часоў „адкрыцьця" Беларусі ў 60 годох.
Мы можам спытацца палякаў: няўжо-ж Польшча можа прэтэндаваць на землі быўшага свайго саюзьніка — Вялікага Князства Літоўскага — як на свае толькі таму, што яна бараніла іх ўласнымі сіламі? Дык жа гэта было яе абавязкам павадле умовы, дзякуючы каторай гэтые землі „дабравольна аб'едналіся пад Каронай Польскай"? Было-б сьмешным лічыць, што калі Расея, ці Англія, баранілі ў мінулай вайне Францыю, то бальшавікі, ці сучасны ангельскі урад маюць „право" на кавалак французкай тэрыторыі.
Урэшці, калі ўзяць паўстанцаў, біўшыхся з расейскім самаўладцтвам, то-ж яны біліся сьвядома не за Вялікае Княства Літоўскае і не за Беларусь, а за Польшчу) за ўваскрашэньне польскага каралеўства. Беларусь яны разглядалі як простую частку Польшчы, таму, што на ей жылі, працаю яе мужыкоў карміліся і ў гэткім сэнсі жадалі захаваць яе і надалей.
Нам здаецца, што за Беларусь, за родную сваю зямлю, больш за ўсіх пацярпеў і больш за ўсіх праліў крыві сам гаспадар яе — беларускі народ. Ня трэба для гэтага ўспамінаць колосальные рўйнацыі і надлюдзкіе цярпеньня, за увесь час польска-маскоўскіх войн. Годзі прыпомніць жуткіе малюнкі ўчарашняга дня - „Вялікага пераходу" беларусаў ў 1915 годзе. На няшчасьце для народу і яго старонкі ўсе гэтые вялікіе ахвяры клаліся да сяго часу на чужы аўтар.
Аргумэнт „Стражы крэсовай" аб тым, што каля ⅕ жыхароў Беларусі вызнаюць каталіцкую веру і што дзеля гэтага адзінаверчая Польшча ня можа быць спакойнай за іх долю - мы пакінем у старане. Апекуны расейскага праваслаўя заўсёды карысталіся тым жа манэўрам. Ён, запраўды, па выразу Д-ра Канечнага, адкідае нас у далёкие часы сярэднявечча, калі дзеля дзяржаўных мэт ўсе спосабы былі дазволены.
Ня гледзючы на тое, што „правы" Польшчы на граніцы 1772 году, супярэчны неабасноўны і, наагул, не сур'ёзны, польская думака хапаецца за іх з дзіўным упорствам і ня можа зжыць гэты стары перажытак. Ці скрыта, ці яўна, але гэтым непрыемным перажыткам заражаны да сяго часу амаль што ня ўсе польскіе кругі і толькі з боку некаторых, рэдкіх людзей яны сустрэчаюць справядлівую дагану.
Мы ня можам стрымацца, каб ня прывесьці тутка голасу аднаго з выдатнейшых польскіх вучоных праф. І. Бодуэн-дэ-Куртэнэ.[6]
Ці можна, наагул, дапусьціць застасаваньне прынцыпу „гістарычных граніц" пры вырашэньні практычных палітычных пытаньняў сучаснага моманту? Бо амаль што не заўсёды, так званае, гістарычнае право" ёсьць право гвалту, споўнага ў мінулым".
„Ссылка на гістарычные правы" зьяўляецца прычынай безупынных воен з мэтай заваяваньняў і адваяваньняў. „Гістарычнае право" немцаў на Эльзас і Лётарынгію, г. зн. на землі, згодна апіні нямецкіх „патріотаў“, здрадна атарваные ад іх французамі ў ХVІІ сталецьці, было повадам нападу немцаў на Францыю ў 1870 г. і грубага гвалту, учыненага немцамі над Францыей праз атарваньне ад яе гэтых провінцый, жыхары каторых лічылі сябе грамадзянамі Францыі".
„З свайго боку „гістарычнае право" французаў на Эльзас-Лётарынгію жывіло у іх пачуцьцё рэваншу і жаданьне помсты і было адной з аснаўных прычын яшчэ ня скончанай ўсясьветнае бойні і ўсясьветнага ўзаеманішчаньня".
„Ссылаючыся на свае „гістарычные правы", будучая змацованая і адбудованая Расея можа прэтэндаваць на абеднаньне з ей нават „Привисленьня", не гаворучы ужо аб ўсей Беларусі, аб Украіне, аб Літве і г. д., дзеля таго, што ўсе гэтые краіны ўходзілі калісь у склад гістарычна істнаваўшай „вялікай Paceі".
„Ссылаўся-ж вярхоўны галоўнакамандуючы вялікі князь Мікалай Мікалаевіч, выпускаючі сваю славетную адозву да „братоў", г. зн. „галічан-рускіх", на гістарычные ўспаміны аб валадзеньнях Осмомысла, Гостомысла, Івана Каліты, Сьвятаполка Акаяннага і інш. „собирателей русской земли", як аб землях, ухадзіўшых ў склад Русі, „адзінай, непадзельнай".
„Праўда, гэта было шмат сталецьцяў таму назад, між тым як граніцы Польшчы 1772 г. адлеглы ад нас ўсяго толькі на 150 гадоў. Але-ж гэта рожніца толькі лічэбная, а не гатунковая; прынцып застаецца той самы, імя-ж яму - „гістарычнае право"...
Прэдстаўляецца, ўрэшці, цікавым разгледзіць тые адносіны, якіе істнуюць паміж правам Польшчы на граніцу 1772 г. і ідэяй самаазначэньня народаў, асаблива ідэяй беларускага адраджэньня.
Запраўды, калі Польшча мае право на амаль што ня ўсю Беларусь, то што-ж застаецца беларускаму народу, якімі правамі на ўласную зямлю ён валадае?
Трэба аддаць справядлівасьць палякам, што пры ўспаміне аб гэтай старане справы, яны раскланіваюцца з звычайнай сваей абычайлівасьцю.
Разглядаючы пытаньне аб прынцыпах адбудовы ўсходу Эўропы і паказваючы, што найлепшым способам для гэтага паслужыў-бы зварот Польшчы яе гістарычных граніц, проф. Галецкі задае сабе пытаньне: „насколькі гістарычные правы, выцекаючые з мінулага, могуць быць пагоджаны з другімі правамі, ад мінулага незалежнымі, якіе вынікаюць з сучасных адносін, г. зн. з правамі, ўзнікаючымі з прынцыу самаазначэньня народаў, які цяперыка прызнаны ўжо ўсім цывілізаваным сьветам".
„Абмылокава было-б лічыць", адказвае ён, „што бытцым гэты прынцып выключае ўселякую сілу гістарычных правоў. Але ня можа быць мовы аб тым, каб гэтые правы, - вынік імкненьня папярэдніх пакаленьняў былі пакінуты без ніякай увагі (stosowano bezwzglednіe), асабліва ў тым здарэньню, калі імкненьня жывучага цяперка пакаленьня йдуць ў іншым кірунку".
„Лічучыся з агульнымі вытычнымі, выцякаючымі пры разглядзе мінулага, трэба дапасаваць гэтые апошніе (гістарычные правы) да сучасных імкненьняў і патрэб. Тутка справа ідзе толькі аб тое, каб не парушыць істоты гістарычных традыцый, каторые яшчэ сягоньня маюць жывотную сілу, і зьмяніць толькі тое, што зьяўлялося пераходнай адзнакай (przejsciowa cecha) вядомых непаўтараючыхся періодаў мінулага."[7]
З прыведзенага, даволі невыразнага, тэксту можна зрабіць вывад, бытцым ссылка на гістарычные правы ані не пярэчыць прынцыпу самаазначэньня нацыональнасьцяў. Трэба толькі, каб гэтые правы былі дапасаваны да сучаснага стану рэчэй, каб косьцюм Ягайлы быў перашыты згодна вымаганьням сучаснай моды.
Як жа-ж далёка можа йсьці гэтае „дапасаваньне"?
Прыведзеная цытата, на жаль, не дае на гэтае пытаньне адказу, ня гледзючы на тое, што, фактычна, тут, як кажуць, шпунт выстыркае. Калі-ж ўглядзецца крытычна ў гэтую неясную формуліроўку, дык можна заўважыць, што патрэбнага адказу яна наагул даць ня можа.
Проф. Галецкі як бы хоча скрыць сам ад сябе, што, калі прыняць за аксіому право Польшчы на граніцу 1772 г., дык ня гэтае право трэба будзе дапасоўваць да сучасных варункаў, г. зн. да права народаў на самаазначэньне, але, наадварот, самаазначэньне народаў трэба будзе дапасаваць да „гістарычных правоў".
Інакш кажучы, дапускаць самаазначэньне народаў быўшага Княства Літоўскага можна будзе толькі тагды, калі гэтые народы згодзяцца на правы Польшчы на граніцу 1772 г. і зробяць з гэтага належные вывады.
Явішча, не пазбаўленае даўсьціпнасьці, а нават гранічучае з парадоксам! Выходзіць, што беларускае адраджэньне — рэч безварунковая, што адраджаючаяся Беларусь — павіна быць. Але гэтае адраджэньне — прэзуміравано: яно павінно адбывацца ў граніцах 1772 г., г. зн. ў межах польскае дзяржавы.
Мы павінны паставіць точку над „і" і са ўсей рэскасьцю, на якую здольны, ўскрыць фальш падобных нялепасьцяў. Ніякай прэзумцыяй, чым бы яна ні дыктавалася, адраджэньне Беларусі кіравацца ня можа: дарога яе, як зазначана, — дарога чыстай лёгікі і здаровай нацыональнай сьвядомасьці.
- ↑ Prof. Oskar Halecki: „Granica z roku 1772 a nasz program obecny", „Wschód Polski", 1920 r., styczeń, Nr. 3; „Geneza i podstawy naszych praw historycznych do Litwy i Rusi". Cтр. 3.
- ↑ Dr. Feliks Koneczny: „Czeskie a Polskie prawa do Cieszyńskiego". Warszawa, 1919 r. Crp. 35-38. Цытата прыведзяна са усімі знакамі прыпыну аўтара.
- ↑ Leon Wasilewski: „Kresy Wschodnie", Warszawa-Kraków", 1917 г. Стр. 36 і далей.
- ↑ Адзін ходкі ў XVI в. верш надта метка сьведчыць аб значэньні беларускае мовы ў старой „Літве": „Польшча славіцца лацінай, Літва працветае русчынай; бяз тэй у Польшчы не прабудзешь, бяз сей ў Літве блазнам будзеш".
- ↑ Prof. Oskar Halecki: „Granica z roku 1772 a nasz program obecny." („Wschód Polski", nr. 4, Luty 1920 г.) Cтр. 2.
- ↑ Проф. І. Бодуэн-дэ-Куртэнэ: „К вопросу о восточных границах Польши". Гл. I - Историческія права и имперіализм. („Варшавское Слово", № 91-1920 г.)
- ↑ Prof. O. Halecki: „Granica z roku 1772 a nasz program obecny", Wschód Polski, nr. 3, 1920 r. Cтр. 5-6.