Акрываўленая зямля (1930)/III/Але… спаткаліся, разышліся

Сустрэча Але… спаткаліся, разышліся
Верш
Аўтар: Паўлюк Шукайла
1930 год
Я вітаю вясну новых дзён

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АЛЕ… СПАТКАЛІСЯ, РАЗЫШЛІСЯ

Але…
Спаткаліся,
Разышліся —
Цяпер далёкія,
чужыя зусім.
І нам
Ня шкода
Адцьвіўшых вішань,
І нам ня шкода
Мінулага гадзін…

Але…
Сустрэліся ўчора:
Ты чужая
і я чужы.
Але…
У вачох тваіх —
бліскучых зорах —
Я пазнаў
пробліскі гадзін…

І ці таму,
што зоры
вечна сьвецяць,
А мо‘ таму,
што палкія
яны —
Я абняў
вішнёвае вецьце
У Росквіце
новай вясны.

Паглядзела
прадоньнем мора
І апусьціла
нізка галаву.
… Можа успомніла
прыгожае ўчора,
Можа успомніла
квітучую вясну…

Што-ж:
іду,
не супыняюся,
Імчуся у хвалях
Сёнешніх гадзін
Але-ж…
Калісьці кахаліся —
Цяпер
чужыя зусім…