Алёша (1927)/Малайцы землякі/Малайцы землякі

Народ-мэлянхолік Малайцы землякі
Фэльетон
Аўтар: Анатоль Вольны
1927 год
Любім выпіць!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Малайцы землякі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАЙЦЫ ЗЕМЛЯКІ…

„Адзін грамадзянін з перапою звар‘яцеў і ў той час, як яго вялі ў міліцыю, пачаў зьбіраць па вуліцы трэскі, думаючы, што ён у лесе“.(З газэт).

Малайцы землякі!..

Любяць выпіць!..

І з гонарам за сваіх землякоў магу дадаць: — і могуць выпіць.

Вунь пра аднаго земляка, дык нават у газэтах пісалі.

Можа дзядзька выпіць!

Праўда, хоць-жа сабе пасьля дзядзька і звар‘яцеў ад гарэлкі, але-ж за тое, як суседзі з гонарам казалі, яе-ж і выпіў.

Любяць землякі выпіць!

Вядуць земляка ў міліцыю, а ён сабе ідзе ды трэскі зьбірае.

І суседзі з пашанаю кажуць:

— „Вось гэта да… „двиствительно“. Гэта выпіў“…

І земляку прыемна: яго ў вучастак вядуць, а ён лічыць, што ў лес па трэскі прыехаў.

Пасадзілі дзядзьку ў міліцыю, а ён лічыць, што да сваёй бабы на печку ўзабраўся.

Рад дзядзька!

І суседзі здаволены.

Разважаюць суседзі:

— Што міліцыя?! Як недапіў, дык яно тады вядома, яе страшна, а як добра выпіў, дык тады чаго яе баяцца?

Малайцы землякі!

Шавяляць мазгамі!..

Разважаюць, як той дзядзя: „што значыць саўсім ня піць. Гэта кожны можа! Я вось каля піўной прайду, а ў яе не зайду; ды што каля піўной, я ў яе зайду, а піць ня буду, ды што зайду, — я чарку пад рот паднясу, а ня выхілю, ды што пад рот, — я ў рот набяру, а ня вып‘ю“…

Вось гэта, да!

Гэткі дзядзя піць ня будзе.

Цьвёрды чалавек, адразу відаць.

А калі і вып‘е гэткі дзядзька, дык умеру. Ня больш таго, колькі радзіць адзін верш:

„Вып‘еш ты ня менш, ня болей —
Як ракам стаў, тады й даволі!“

А ўрэшце малайцом той дзядзя, што трэскі зьбіраў: вядомым чалавекам зрабіўся.

Цяпер і самому прыемна і суседзі ганарацца.