Алёша (1927)/Малайцы землякі/Ну, куды гэта варта?
← Любім выпіць! | Ну, куды гэта варта? Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1927 год |
Ухабы па дарозе → |
НУ, КУДЫ ГЭТА ВАРТА?
Бяда цяпер з сялянствам.
А ўсё гэта „пісьменнасьць“ ды „газэты“ нарабілі…
Начытаецца другі селянін газэт і ўжо „старшыня“ яму „таварыш“, а чуць дзе што ня гэтак — „рэвізію“, крычаць, трэба зрабіць…“
Вось да чаго гэта „пісьменнасьць“ народ даводзіць.
Жылі-ж сабе раней людзі няпісьменнымі…
І жылі…
І павагу да начальства мелі…
А цяпер…
…Ну, куды гэта варта?..
Выпіў некалькі разоў старшыня Сяргеевіцкага сельсавету, а пабуяніў дык адзін раз толькі, а сяляне ўжо і да яго:
— Ты якое на гэта права маеш?
На яго месцы ў кожнага старшыні „заіграла-б“ кроў… Абурыўся і Сяргеевіцкі старшыня.
— Я — кажа — тут улада… Што хачу, тое і раблю…
І ікнула на гэтым месцы „ўлада“…
А сяляне ў раён, а раён старшыню пад суд.
І чаго добрага яшчэ і засудзяць чалавека…
Вось яно да чаго „пісьменнасьць ды газэты“ давялі народ…
— Старшыні, якія любіце выпіць, ня пускайце газэт у вёску!
Як толькі газэта прыдзе, — вы яе адразу і на цыгарку…
Тады будуць людзі павагу да начальства мець.
А цяпер?
…Ну, куды гэта варта.