Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.): У пятыя ўгодкі сьмерці Яго

Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі і адбіцьцё яе ў літаратуры Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.): У пятыя ўгодкі сьмерці Яго[1]
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1927
Крыніца: Родныя Гоні. 1927. Кн. І
Якуб Колас: Жыцьцё і творчасьць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кожын пісьменьнік, кожын грамадзкі дзеяч, кожын чалавек агулам — гэта прадукт свае эпохі. Мы, прыходзячы ў сьвет, прыносім з сабой багатую спадчыну ад мінулых пакаленьняў, сьвядома ці несьвядома ўбіраем у сваю душу акружаючую нас сучаснасьць, сплаўляем усё гэта на горне нашае індывідуальнасьці і сынтэз мінуўшчыны і сучаснасьці, прапушчаны праз прызму нашага Я, пераказуем БУДУЧЫНІ.

Пісьменьнік-паэта як істота з асабліва чуткай і ўражлівай душой мо ў яшчэ большай меры, чым звычайны чалавек, зьяўляецца адбіцьцём свае эпохі. Дык, падыходзячы да аналізу тае ці іншае індывідуальнасьці, таго ці іншага творства, мы, каб правільна зразумець і справядліва ацаніць яго, павінны добра пазнаць тыя часы, у якіх жыў і тварыў даны пісьменьнік.

Ядвігін Ш. — гэта прадстаўнік перадусім нашае спольшчанае краёвае інтэлігенцыі, невялікі земляўласьнік з-пад Радашкавіч, дзе быў фальварак бацькоў ягоных Карпілаўка. Ясная рэч, што перажываньні й настроі тае сфэры, у якой жыў і вырастаў Антон Лявіцкі, мусілі пакінуць свой сьлед на душы нашага пісьменьніка. Вось мы і пазнаёмімся перадусім з эпохай Ядвігіна Ш.

* * *

Эпоха гэная — другая палова XIX сталецьця — гэта эпоха глыбокага духовага крызісу, пералому ў настроях і ідэалёгіі нашае шляхоцкае інтэлігенцыі, у масе сваёй — спольшчанай.

Калі паўглядаемся на тое, якой духовай стравай жывілася нашая краёвая інтэлігенцыя ў першай палове мінулага сталецьця, дык пабачым, што яна жыла пад магутным уплывам РАМАНТЫЗМУ. Рамантызм, як рэакцыя проці клясыцызму, проці панаваньня ў літаратуры тэмаў і сюжэтаў, запазычаных з старое грэцкае й лацінскае літаратуры, з грэцкіх ды рымскіх народных твораў, імкнуўся да ўсяго свайго — свае мінуўшчыны, свайго народнага творства, сваіх уласных асаблівасьцяў — духовых і фізычных. Зусім натуральна, што ў межах Беларусі інтэлігенцыя, шукаючы мясцовага калярыту, мусіла зьвярнуць увагу на мову, творства і асаблівыя нацыянальныя адзнакі тутэйшае народнае масы — перадусім беларускага сялянства, прадстаўляючага галоўную масу люднасьці краю. А пры панаваўшым у пачатку XIX сталецьця адносным лібэралізьме, што меў свае корні ў уплывах высокіх лёзунгаў Вялікае францускае рэвалюцыі — аб Свабодзе, Роўнасьці й Брацтве людзей, — побач зь літаратурным зацікаўленьнем беларушчынай мусіла збудзіцца й цікавасьць да беларусаў больш агульнага характару: як да асобнае разнавіднасьці пляменнае, нацыянальнае. Лепшыя людзі таго часу, бачачы, як цяжка жывецца беларускаму сялянству пад панскім прыгонам, шчыра бедавалі над лёсам "мілых мужычкоў" і стараліся аказваць на сучасьнікаў уплыў у кірунку больш людзкіх адносінаў да прыгоннага сялянства. Яны летуцелі аб згодным сужыцьці вёскі з дваром, сялян — з панамі. Яны стараліся маральна падымаць сялянства, узгадоўваючы яго ў традыцыях вернасьці і любві да сваіх апекуноў-паноў. І яны, урэшце, думалі, што беларускае сялянства, кажучы славамі Рыпінскага, пры некаторым стараньні і культурнай працы сярод яго, «навучыцца ня толькі гаварыць і чытаць, але й думаць па-польску», узмацоўючы гэтак «адзіны польскі народ». Дык спаміж краёвае шляхты выходзілі пісьменьнікі, якія пісалі па-беларуску, стараючыся зразумелай сялянам мовай — іх роднай — прышчапляць ім адпаведныя паняцьці маралі й справядлівасьці. На гэтым грунце тварыўся патроху й запраўдны беларускі патрыятызм, закладаліся фундамэнты пад беларускую нацыянальную ідэю. На гэтым грунце вырас і Вінцэнты ДунінМарцінкевіч, і цэлы рад пісьменьнікаў, што папярэдзілі Мацея Бурачка ды падрыхтавалі яму шырокі прастор да працы.

Але ў другой палове XIX сталецьця здарыліся важныя падзеі, якія вельмі паважна адбіліся на настроях і імкненьнях перадусім шляхоцкае інтэлігенцыі ў Беларусі. У 1863 годзе выбухнула польскае паўстаньне, на якое пайшлі найлепшыя элемэнты спасярод гэнае інтэлігенцыі, — пайшла ідэалістычна настроеная моладзь. Сярод паўстанцаў, якія летуцелі аб ускрашэньні Польшчы, апынуліся і такія адзінкі, як Костусь Каліноўкі, каторыя выступілі зь лёзунгамі самастойнасьці Беларусі й Літвы — знача, тых прастораў, што некалі складалі незалежнае беларуска-літоўскае гаспадарства. — Але паўстаньне, за якім не пайшлі народныя масы, удацца не магло: яно й было задушана царскім урадам, каторы жорстка расправіўся з учасьнікамі паўстаньня. Гэтак найлепшыя, ідэалістычна настроеныя элемэнты спасярод краёвае шляхоцкае інтэлігенцыі або паляглі на палёх бітваў, або папалі ў Сібір — у катаргу, скуль толькі малая часьціна іх вярнулася дамоў цераз многа год. У выніку ўсяго гэтага сярод тае часткі шляхоцкае інтэлігенцыі, якая ўхілілася ад учасьця ў аружнай барацьбе за вызваленьне Бацькаўшчыны з-пад панаваньня царскае Расеі, запанаваў непадзельна грубы эгаізм, запанавала безыдэйнасьць. І польская — ці лепей: спольшчаная — шляхта ў Беларусі з таго часу адкідае ўсе рамантычныя ідэі аб працы для беларускіх сялян ды пачынае арганізоўваць свае сілы з выразнай мэтай барацьбы выключна за свае клясавыя і нацыянальныя польскія інтарэсы — проці народнага руху, што тады пачынаўся, выкліканага, з аднаго боку, скасаваньнем прыгону, з другога — вызвольным рухам сярод расейскае дэмакратычнае інтэлігенцыі, ведамым пад назовам «народніцтва».

Трэба адзначыць, што ад 1861 году, калі пала ўрэшце паншчына, калі пачалася сацыяльная перабудова нашае вёскі, — беларускае сялянства пачынае патроху прабіваць сабе дарогу да сьвятла навукі. Нарастаюць новыя пакаленьні, якія зьяўляюцца ўжо вольнымі людзьмі і маюць магчымасьць свабодна йсьці па асьвету ў школы — ня толькі пачатковыя, але і ў сярэднія ды вышэйшыя. Усё часьцей здараецца, што сялянскія сыны пападаюць навет у недаступныя ім перш унівэрсытэты. А там ужо бурляць новыя — вольныя думкі, там ужо нарастаюць рэвалюцыйныя сілы, якія вядуць барацьбу зь існуючым ладам, маючы на мэце здабыцьцё для працоўнага сялянства ўсіх народаў Расеі — «Зямлі і Волі». І там — у расейскіх унівэрсытэтах — і наша спольшчаная шляхоцкая інтэлігенцыя пачынае падпадаць пад уплывы бунтарскага настрою, што абхапіў лепшую частку студэнцтва.

Гэтак у другой палове XIX веку сярод краёвае інтэлігенцыі ў Беларусі наагул мы бачым два магутныя ўплывы: адзін — нацыяналістычны польскі і клясава-шляхоцкі, другі — вызвольны-народніцкі, які не абмяжоўваецца барацьбой за волю Польшчы, але імкнецца і да вызваленьня — палітычнага й нацыянальнага — беларускагасялянства. Апошні агартае галоўным чынам новых сялянскіх інтэлігентаў з расейскай культурай, якія й прыступаюць у 1884 годзе да выдаваньня сваей нелегальнай часопісі ў расейскай мове «ГОМАН».

* * *

Антон Лявіцкі з малых гадоў навязаў крэпкую сувязь зь беларушчынай. І ня толькі затым, што ён жыў на зямлі Беларускай ды ад маленства чуў мову беларускую навакол сябе ў бацькаўскай Карпілаўцы: Антон Лявіцкі мусіў пераняць беларускія сымпатыі ад сям’і Дуніна-Марцінкевіча, блізкога суседа ягоных бацькоў. Бо ж дачка «бацькі беларускае драмы» вучыла Антона Лявіцкага граматы; бо ж у доме яе ён чуў беларускія вершы Дуніна-Марцінкевіча, дышаў тэй жа атмасфэрай, у якой жыў і тварыў аўтар «Сялянкі» й «Гапона». Але, нягледзячы на свой беларускі дух, атмасфэра, у якой узгадаваўся наш паэта, была наскрозь шляхоцкая і сацыяльна варожая да сялянства. Ядвігіна Ш. гадавалі на «пана», прышчапляючы яму пачуцьцё «вышэйшасьці» шляхты над «мужыкамі», пачуцьцё пагарды да людзей, якія фізычнай працай здабываюць хлеб будны і сабе, і «паном»… І гэтае пачуцьцё даканца не замерла ў ягонай душы праз усё жыцьцё.

У васьмідзясятых гадох мінулага сталецьця Антон Лявіцкі папаў у Маскву, дзе, як кандыдат на фармацэўта, слухаў лекцыі ў Маскоўскім унівэрсытэце разам з другімі студэнтамі. Моладасьць і ўласьцівы ёй ідэалістычны настрой зрабілі сваё: Ядвігін Ш. зышоўся з радыкальнымі элемэнтамі спасярод студэнтаў, захапіўся рэвалюцыйным настроем і прыняў навет учасьце ў студэнцкіх разрухах, якія закончыліся масавымі арыштамі і высылкай студэнтаў з Масквы. Папаў у Бутыркі (вастрог) і Антон Лявіцкі — разам з групай менчукоў і случакоў. Сярод студэнтаў зь Беларусі аказаліся ўжо і сялянскія сыны. — І вось, сабраўшыся разам — у чужыне ды за кратамі, гэтыя дзеці Беларусі прыпомнілі, адчулі, хто яны. У сваіх «Успамінах» Ядвігін Ш. рысуе той надзвычайна цікаўны з псыхалягічнага боку мамэнт, калі — пасьля зборнага інтэрнацыянальнага канцэрту, уладжанага заарыштаванымі студэнтамі, — беларусы апынуліся ў сваёй камэры ды раптам зразумелі, што — пры ўсім сваім харастве — пяяныя на канцэрце расейскія, польскія, украінскія, грузінскія і іншыя песьні былі для іх роўна чужыя і не маглі так прамовіць да іхняе душы, як прамаўлялі да душы расейцаў, палякоў, украінцаў, каўказцаў… І ўсплылі ім на памяць песьні родныя — беларускія. Усю ноч пяялі, прыпамінаючы родны край, прыпамінаючы сваіх сярмяжных братоў… А ў выніку гэтага зацясьнілася сувязь паміж зямлякамі ды стварыўся гурток, які навет распачаў быў друк беларускіх кніжак ды выпусьціў у сьвет пераклад апавяданьня Гаршына «Сыгнал» (у 1891 г.).

Мо гэта і папхнула Ядвігіна Ш. да пісаньня па-беларуску? Ведама, што, вярнуўшыся да краю — у родную Карпілаўку, Ядвігін у 1893 годзе піша драму беларускую «Злодзей», зьмест якое вельмі красамоўна гавора аб тым, што навеяны Масквой радыкалізм як быццам не знайшоў у душы паэты глыбейшага грунту. У драме «Злодзей» незвычайна ярка выявілася старая шляхоцкая ідэалёгія — ды навет не марцінкевічаўская, а дамарцінкевічаўская, ня здольная роўна падысьці навет да літаратурных тыпаў пана й селяніна. Марцінкевіч, жадаючы згоды між дваром і вёскай, сьвядома ідэалізуе і пана, і мужыка ды абодвух стараецца пераканаць у магчымасьці й неабходнасьці такое згоды. Наадварот: у Ядвігіна Ш. у драме «Злодзей» мы бачым ідэальнага пана і — лжэклясычны «чорны характар» мужыка. У душы апусьціўшагася ажно да зладзейства п’яніцы-мужыка аўтар не знайшоў ніводнае — ня то сьветлае, але навет проста людзкае рысы!

Так у першым арыгінальным творы Ядвігіна Ш выявілася «шляхоцкая спадчына», зь якой ён і ўвайшоў у жыцьцё. Дый не ў адным толькі гэтым творы бачым сьляды яе: калі — гадоў цераз дванаццаць — Ядвігін Ш. зьвязаўся з «Нашай Нівай» і пачаў стала працаваць як аўтар беларускіх апавяданьняў і — пазьней — як літаратурны кіраўнік «Нашае Нівы», дык і ў гэты пэрыяд мы бачым у ягоных творах два зусім розныя ідэалягічна элемэнты: шляхоцкі і народніцкі.

Разгледзім хаця бы зборнік апавяданьняў Ядвігіна Ш. пад агульным загалоўкам «Васількі». Яркім выяўленьнем шляхоцкае ідэалёгіі тут будзе апавяданьне «Жывы нябожчык».

У «ідэальнага» пана працуе ў двары прыгонны селянін, які, ведама ж, шчыра адданы «добраму пану» і глыбака прывязаны да яго. У пана ёсьць сын і дачка; у «вернага хлопа» — сын. Надыходзе паўстаньне. Пан з сынам уваружаюцца і ў адну цёмную ночку выходзяць з дому, каб ужо ніколі назад не вярнуцца… Але «верны хлоп» у такі мамэнт ня можа пакінуць «свайго пана»: ён разам з панам і панічом ідзе на паўстаньне і накладае главой за няведамую і чужую для яго справу. Адыходзячы, ён дае свайму сыну-хлапчаняці загад: верна служыць усё жыцьцё паненцы, бараніць яе і яе маемасьці, як свае… І сын — па сьмерці бацькі — спаўняе ягоны загад: паміж верным служкай і паненкай завязваюцца ідылічныя адносіны. Пасьля дзённае працы слуга праводзе вечары з паненкай, п’ючы гарбату і гуляючы зь ёй у карты…

Ідылія, якой запраўды не бывае!

Аб спогадзе беларускіх сялян да паўстаньня, якога на дзеле таксама не было, апавядае нам Ядвігін Ш. і ў сваёй адзінай вершаванай рэчы пад назовам «Дзед Завала», — хоць, праўда, у форме даволі туманнай.

Вось з гэтымі праявамі шляхоччыны і б’ецца ў творах Ядвігіна Ш. той народніцкі ўплыў, які ён вынес з студэнцкага жыцьця. Мала таго: уплыў гэты йдзе да яго і з твораў найвыдатнейшага зь беларускіх народнікаў — Мацея Бурачка, «Дудкі» й «Смыка» якога Ядвігін Ш. ня мог ня ведаць. І можам сьмела сказаць, што — па-за пералічанымі вышэй творамі ў старашляхоцкім духу — творчасьць Ядвігіна Ш. па свайму зьместу зьяўляецца як быццам пераказам у прозе таго, што даў Бурачок у вершах. І тут, і там бачым мы абурэньне на панаваньне й зьдзек чалавека над чалавекам. І тут, і там чуецца гарачы пратэст проці паніжэньня працы, якая корме ўсіх на сьвеце, — і тут, і там вострая крытыка на адступнікаў ад свайго народу і на тую клясу, якая жыве дармаедам — з працы селяніна й работніка. І тут, і там бачым пратэст і проці палітычнае няволі, якая тады панавала ў Расеі.

Такія матывы знаходзім у апавяданьнях Ядвігіна Ш. «Зарабляюць», «Цырк», «Рабы», «Падласенькі», дзе — пераважна ў алегарычнай форме — сустракаем пратэст проці пануючай на сьвеце сацыяльнай несправядлівасьці. Абурэньне, пратэст — гэта і ўсё. Але беларускі адраджэнска-вызвольны рух ня мог нешта будаваць адно толькі на пратэстах і нэгацыі: не, гэты магутны рух прадстаўляе барацьбу — вострую, непрымірымую — з усімі тымі варожымі нашаму працоўнаму народу сіламі, якія ў прабуджэньні беларускіх масаў бачылі пагрозу свайму панаваньню… Дык беларускія адраджэнцы ня толькі крытыкавалі, ня толькі пратэставалі, але і арганізоўвалі народныя масы дзеля змаганьня, клікалі масы да барацьбы. І тут разышліся дарогі нашых адраджэнцаў і Ядвігіна Ш.

Ядвігін Ш., пры ўсім сваім крытыцызьме, ня мог і не хацеў кінуць рукавіцу той клясе, зь якой ён сам выйшаў ды зь якой быў зьвязаны моцнымі нітамі супольных традыцыяў, супольных інтарэсаў, супольнае псыхалёгіі. Лучылі яго з шляхоцкімі сфэрамі і асабістыя сувязі, якія яму не хацелася зрываць. Вось чаму сярод барацьбітоў за адраджэньне й волю беларускіх сялян і работнікаў Ядвігін Ш. пачуваў сябе чужым: ніяк ня мог знайсьці зь імі супольнага языка. Дык і ня мог ісьці зь імі поплеч да канца, ня мог зьліцца зь імі ў вадну сям’ю. А тыя — у свой чарод — ня мелі да яго поўнае веры… Ядвігін Ш. востра перажываў гэткае сваё асаблівае палажэньне ў беларускім руху. Ён мог бы добра чуць сябе адно толькі сярод беларускага панства, калі б такое існавала. І шукаў гэнага панства, і — здавалася — знаходэіў. Але і тут яго сустракала расчараваньне: бо ж шчырасьці беларускае тамака ён не знаходзіў… Дык узьбіўся ўрэшце на нейкае палітычнае бездарожжа, якое і давяло яго пад канец жыцьця да алексюкоўшчыны й балахоўшчыны.

* * *

Рамантык у душы, Ядвігін Ш. бачыў, што ягоны рамантызм быў у заўсёднай супярэчнасьці зь цьвёрдай штодзённай барацьбой беларускіх працоўных масаў за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленьне. І часта крывёй сплывала сэрца ягонае, і раны глыбокія рабіліся на душы яго, якія — паводле ўласных слоў пісьменьніка — «можа залячыць толькі адна сьмерць».

Дый сьмерць залячыла гэтыя раны запраўды. Бо, калі ў 1922 годзе Ядвігін Ш. паміраў у Вільні ад невылячальнае хваробы — сярод чужых людзей, аб ім ня ўспомніў ніхто з тых, з кім ён рабіў «палітыку» — дый палітыку варожую працоўнай Беларусі. Але над магілай яго зышліся ўсе лепшыя прадстаўнікі ідэйнага беларускага грамадзянства: усе яны прыйшлі аддаць апошнюю паслугу вялікаму Мастаку Слова.

Бо ж у гэтым Ядвігін Ш. — запраўды вялікая сіла. Мастацтва яго — не ў тэндэнцыйных палітычных пісаньнях і фэльетонах, пісаных сьпярша па-расейску, а пасьля і па-беларуску, ня ў спробах услаўленьня «добрых паноў», а ў тым, што, стоючы як быццам па-над народам, ён здолеў улавіць біцьцё сэрца гэтага народу і ў яркіх абразох пераказаць голас народу. А голас народу, душа народу чуецца ў роўнай меры як у сьмяхотных апавяданьнях Ядвігіна Ш. («Суд», «Важная фіга», «З маленькім білецікам»), так і ў бытавых абразкох («Гаротная»), і казках («Бярозка», «ДубДзядуля», «Што сказаў певень», «Чортава ласка»), і ў байках-алегорыях, каторыя ён разам з народам асабліва аблюбаваў. Народ гаворыць і тады, калі Ядвігін Ш. зачапляе агульналюдзкія пытаньні й балячкі, хоць і пераказвае падчас чужыя рэчы («Шчасьлівая» і інш.), — бо аўтар падыходзіць да свае тэмы па-свойму — панароднаму — так, як падышоў бы кожны сын вёскі. Ядвігін Ш. наагул свайго ўласнага, арыгінальнага творыць вельмі мала: ён толькі як быццам падслухаў беларускага селяніна, праняўся духам ягоным і абразамі народнае мысьлі выяўляе народную душу. А робіць гэта так добра, што, нягледзячы на глыбока ўтоены ў уласнай душы яго шляхоцкі сьветапагляд, ня чуецца ў яго ані фальшывых нотак, ані ненатуральнасьці. У гэтым — мера мастацтва Ядвігіна Ш.; з гэтага вынікае і тая сьвежасьць апавяданьня, і шчырасьць пачуцьця, і лёгкасьць формы, і багацьце мовы, чым так цэнны творы гэтага запраўды ж першага — калі й не па вартасьці, дык храналягічна — беларускага пісьменьніка-празаіка. І пры ўсёй туманнасьці свае ідэалёгіі, далёкай ад ідэалёгіі тварцоў беларускага Адраджэньня, Ядвігін Ш. заўсёды будзе займаць у беларускай літаратуры адно з пачэсных месц, як мастак слова, каторы здолеў адчуць і выявіць у прозе дух беларускага народу і беларускае прыроды.

  1. Скарочны зьмест лекцыі, прачытанай 25 лютага 1927 г. у Т-ве Беларускае Школы ў Вільні