Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі і адбіцьцё яе ў літаратуры

Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне: Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалёгіі і адбіцьцё яе ў літаратуры
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1926
Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929
Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.): У пятыя ўгодкі сьмерці Яго
Упершыню — СД. 1926. № 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паводле публічнае лекцыі, чытанае у Вільні

Першыя спробы адраджэньня беларускага пісьменства прыпадаюць на самы пачатак XIX сталецьця. А першымі беларускімі пісьменьнікамі тае пары былі прадстаўнікі краёвае інтэлігенцыі, пераважна з спольшчаных шляхоцкіх колаў, часьцю — спаміж абмаскоўленых урадоўцаў і земляўласьнікаў. І можна сьмела сказаць, што ў працягу блізу ўсяго XIX сталецьця іменна гэтыя элемэнты і твораць той скромны беларускі літаратурны прыбытак, які нам пакінула мінулае сталецьце.

Чым жа тлумачыцца гэтае на першы погляд дзіўное зьявішча? Як магло стацца, што якраз у тыя часы, калі йшчэ ў поўнай меры панаваў у нашай Бацькаўшчыне прыгон, прадстаўнікі пануючае клясы зацікавіліся сваімі падданымі — хлопамі і раптам пачалі пісаць для іх вершыкі ў „простай“, „мужыцкай“ мове?!

Каб даць адказ на гэтае пытаньне, трэба глыбей паўзірацца на панаваўшыя ў нас тады сярод краёвае інтэлігенцыі настроі, трэба пазнаёміцца з духам эпохі, і тады тое, што на першы погляд можа паказацца дзіўным, акажацца зусім натуральным і ясным.

* * *

Пачатак XIX веку адзначаецца наплывам да нас з Захаду новых ідэй — літаратурных і палітычных. Гэта ж той час, калі рамантызм з заходняе літаратуры пачынае пранікаць і на Ўсход, захопліваючы ўсе больш жывыя душы, кіруючы думку да роднае мінуўшчыны, да свайго роднага „гміну“ зь ягонымі павер’ямі, легендамі, фантастычнымі казкамі і апавяданьнямі ды з такой багатай у беларусаў песьняй — багатай і з боку літаратурнага, і з боку музыкальнага. Так, адзін з нашых першых песьняроў і дасьледчыкаў народнага быту і творчасьці, палітычны эмігрант 1831 году Аляксандар Рыпінскі, у выданай ім у Парыжу ў 1840 г. у польскай мове кніжцы „Białorus“[1] апавядае, што меў цэлы сшытак народных песень беларускіх, запісаных са слоў сялян, ды так гэны скарб цаніў, што ніколі зь ім не расставаўся. А багаты зборнік фантастычных апавяданьняў, перапрацаваных па-польску Баршчэўскім і надрукаваных у ягоным зборніку „Szlachcic Zawalnia, czyli Biaіoruњ w fantastycznych opowiadaniach“ з 1840-ых гадоў? Урэшце — якою любоўю, якім укаханьнем усяго народнага — беларускага веець ад зборнікаў „Ріоsnki wieśniacze“ з тых жа гадоў, выдаваных Янам Чачотам, які першы спробаваў даць філялягічны нарыс асаблівасьцяў беларускае мовы?![2] Да гэтае ж катэгорыі творчасьці трэба аднесьці і ананімныя (бо ж аб аўтарстве іх няма дагэтуль поўнае згоды сярод дасьледчыкаў) творы: „Энэіда“ па-беларуску і „Тарас на Парнасе“, якія паказуюць безумоўную любоў аўтараў іх да беларускае народнае мовы.

Але, побач з навінкай у літаратуры — рамантызмам, які так буйна расьцьвітае на Беларусі, маючы тут такога прадстаўніка, як Адам Міцкевіч, — у пачатку XIX ст. прыходзяць да нас і мо больш важныя па свайму значэньню палітычныя ўплывы з Захаду — водгукі Вялікае францускае рэвалюцыі. Прыносяць іх з сабой на сваіх штыхох легіёны Напалеона, на доўгі час стаўшагася кумірам нашай краёвай інтэлігенцыі. Воля, Роўнасьць, Брацтва людзей — гэта ж такія парываючыя па сваей сьмеласьці ідэі, што ў затхлай атмасфэры сярэднявечных перажыткаў з панаваньнем клерыкалізму, пагарды да чалавека і да ўсякае чужое веры не маглі не раскатурхаць лепшых людзей краю.

І вось у 1818 годзе ў Вільні на зьезьдзе шляхты маршалак Завіша выступае з дамаганьнем скасаваньня паншчыны, і — як гэта ні дзіўна! — сабраныя паныпрыгоншчыкі згаджаюцца з гэтай сьмелай думкай, выклікаўшай абурэньне імпэратара Аляксандра I, які — за дапушчэньне да такое „бястактнасьці“ — выгнаў са службы тутэйшага губэрнатара… А вось у нейкім глухім кутку Случчыны, у мястэчку Крошыне, каталіцкі ксёндз (Магнушэўскі), гарачы паклоньнік новых ідэй, адчыняе школу для сялянскіх дзяцей, каб іх вучыць усяго таго, чаго дагэтуль маглі вучыцца адно толькі дзеці паноў. І з зразумелым абурэньнем гавора аб ім князь Радзівіл зь Нясьвіжа, што гэны ксёндз „спрасьцеў“, „змужычэў“ і „бунтуе мужыкоў проці паноў“.

Падобных прыкладаў можна было б знайсьці шмат больш. Але і пададзеных даволі, каб паказаць, як думкі аб волі і правох чалавека адбіваліся сярод краёвае інтэлігенцыі, хаця па свайму паходжаньню яна належала пераважна да шляхоцкага стану. Яны — побач зь цікавасьцяй да беларускае народнае творчасьці, разбуджанай рамантызмам, — паслужылі тым імпульсам, які ў выніку сваім даў нам першыя спробы літаратурнае творчасьці ў беларускай мове.

Але прыналежнасьць да шляхоцкага стану першых беларускіх пісьменьнікаў, пачынаючы ад Баршчэўскага і канчаючы Марцінкевічам, была прычынай таго, што іх ідэалёгія аказалася не даволі шырокай, каб рух беларускі, паскольку аб ім можна гаварыць ужо ў тыя часы, стаўся запраўдным народным рухам. Гэты пэрыяд адзначаецца тым, што актыўнымі астаюцца толькі шляхоцкія вярхі, якія на свой розум хочуць (мо на’т шчыра!) „ашчасьлівіць“ сялянства, палепшыць ягоны быт і адносіны да яго з боку паноў. „Новую праўду“, абвешчаную Вялікай францускай рэвалюцыяй, яны хаваюць толькі для сябе, баючыся падзяліцца ёй з народам. Яны баяцца „рабункаў мужыкоў“, якія апісвае Баршчэўскі. Іх пужае тон песьні, якую запяяў нялетні, загублены бязьвінна царскаю ўладаю, гадунец школы ксяндза Магнушэўскага, Паўлюк Бахрым („Заграй, заграй, хлопча малы…“), першы вядомы нам сялянскі паэта з канца 20-тых гадоў мінулага сталецьця. І вось гэтыя шляхоцкія пісьменьнікі адно думаюць для сябе, адно прапаведваюць сярод сваей сфэры, а другое кажуць і пішуць „для гміну“: для апошняга яны маюць толькі словы аб здаваленьні сялянскім станам, аб любві і пашане да „добрых паноў“, якія заўсёды зьяўляюцца справядлівымі, а калі і пакрыўдзяць некага, дык бяз злое волі — празь інтрыгі эканомаў („Гапон“ Марцінкевіча). Так, той самы Марцінкевіч, які ў „Гапоне“ ідэалізуе паноў, у 1861 годзе піша ў газ. „Gаzеtа Роlska“[3] нешта такое, што прымушае шырока расчыняць вочы! Бо ж пішучы для інтэлігенцыі, ён ужо зусім і ня думае ўкрываць тую Праўду, якую гаварыць народу — баіцца…

Вось тыя прычыны, дзеля якіх беларуская літаратура першае палавіны XIX сталецьця — страшэнна бедная па сваей ідэалёогіі. Шляхта баіцца актыўнасьці масы, баіцца гаварыць тое, што магло бы гэтую актыўнасьць разбудзіць, выклікаць нейкі народны самастойны рух.

Ня менш бедны ідэйна і той „этнаграфізм“, якім захопліваецца ў сярэдзіне XIX ст. абмаскоўленая беларуская інтэлігенцыя — пераважна з чыноўніцкае сфэры.

Першым песьняром, які разглядае беларускую сялянскую масу, як сілу, актыўнасьць якое можна і трэба разбудзіць, зьяўляецца Сыракомля. Гэты „вясковы лірнік“, глыбока адчуваючы маскоўскую няволю і бачачы, што без учасьця сялянства ў барацьбе за палітычнае вызваленьне з-пад Расеі нічога паважнага нельга дасягнуць, у сваім адзіным вядомым нам пакуль што беларускім вершу вітае рэвалюцыйны рух, які пракаціўся на Захадзе Эўропы ў 1848 годзе, — вітае яго затым, што „там на Заходе… робяць вольных людзей з мужыкоў“, ды заклікае беларускіх сялян, каб разам з шляхтай, як роўныя з роўнымі, „вялі раду аб роднай зямлі“, каб на гэтай радзе вырашылі вызваліць свой край з-пад расейскае ўлады і разам з панамі „выгнаць маскаля“.

Сьледам за Сыракомляй ідзе Костусь Каліноўскі. Гэты „дыктатар Літвы“, як яго называлі, ня толькі хоча выкарыстаць беларускую масу як актыўную сілу дзеля вызваленьня ягонае Бацькаўшчыны — Літвы (у гістарычных межах) з палітычнае залежнасьці ад Масквы і ад Варшавы, але і падгатаўляе грунт дзеля так званае „народніцкае“ ідэалёгіі, якая ў Беларусі набіраецца нацыянальных рысаў, маючы корні іменна ў паўстанчай ідэалёгіі Каліноўскага. Вось чым можна растлумачыць паварот шляхоцкае інтэлігенцыі да народніцтва, вось якім шляхам гэтая інтэлігенцыя зьліваецца з утоеным недзе ў падпольлі народным вызвольным рухам, мо йшчэ паўсьвядомым, сягаючым да і Паўлюка Бахрыма і ягонае творчасьці.

Буджэньне нацыянальнае сьвядомасьці сярод беларусаў „народнікамі“ з найвыдатнейшым іх прадстаўніком Мацеем Бурачком (Францішкам Багушэвічам) на чале злучаецца зусім натуральна зь імкненьнем іх збудзіць да актыўнасьці сялянскую масу, каб павясьці яе па рэвалюцыйным шляху. На патрыятызьме апіраюцца нашы народнікі („Мая хатка“ Багушэвіча і інш.), але іх нацыянальны ідэал — дужа вузкі, аднабокі: усё зводзіцца да культу роднае мовы, — „каб ня ўмёрлі“. насьць, паводле Бурачка, зьяўляецца як быццам самаабаронай ад поўнага зьнішчэньня народу чужацкай уладай.

Другой адзнакай народніцкага руху, які расьцьвіў у Беларусі ў апошнія два дзесяцілецьці XIX веку, зьяўляецца тое, што, апрача палітычнага ідэалу, народнікі на сваім сьцягу напісалі і ідэал сацыяльны — працоўны, ды гэтак нацыянальны і працоўны ідэалы аказаліся, як далей пабачым, зьвязанымі ўжо неразрыўна. Асабліва яркае выяўленьне знайшло гэта ў творах Бурачка: хто ж ня ведае яго вершу „Не цурайся…“ — гэтай апотэозы мужыцкага мазаля?!

Вось апошняе слова ў беларускай адраджэнскай ідэалёгіі XIX веку. Вось той ідэйны багаж, зь якім беларускі адраджэнскі рух перайшоў у нашае сталецьце.

* * *

Пачатак XX сталецьця — гэта рубеж верхаводзтва шляхоцкае інтэлігенцыі ў жыцьці беларускага народу. Ужо ад 1861 году — ад скасаваньня прыгону — спадаюць з нашае вёскі адвечныя путы, якія прыкоўвалі да аднаго месца нарастаючыя ў ёй маладыя сілы. У новых варунках — як вольныя людзі — растуць новыя пакаленьні сялянства, — пакаленьні, якія йдуць у школу, ідуць у места, разьвіваюць свой інтэлект і свой кругазор, раней абмежаны вузкім кругам спраў і інтарэсаў адно толькі свайго куточка. І з гэтых новых пакаленьняў вырасшых на волі людзей выходзяць усё больш і больш чысьленыя народныя інтэлігенты, якім час ад часу ўдаецца пранікнуць і ў гімназію, і ў унівэрсытэт, усё яшчэ прадстаўляўшыя школу пераважна для „вышэйшых“ станаў. Краёвая інтэлігенцыя ўзбагачаецца новым сялянскім элемэнтам, які, хоць і расплываецца ў клясава і нацыянальна чужым інтэлігенцкім моры, аднак пачынае патроху ўплываць і на тую асярэдзіну, якая яго глытае. Палітычны і сацыяльны радыкалізм унівэрсытэцкае моладзі памагае гэтым новым нашым інтэлігентам захаваць сувязь з роднай вёскай, а сьледам за гэтым — як лягічны вывад — ідзе і беларускае нацыянальнае ўсьведамленьне: не дарма ж у „Забраным краі“ нацыянальнае пытаньне наагул заўсёды выяўлялася ў вельмі вострай форме.

Гэтак у пачатку XX сталецьця — у першых жа беларускіх палітычных арганізацыях (Беларуская Рэвалюцыйная Грамада) — можам адзначыць чыннае ўчасьце ўжо ня толькі прадстаўнікоў старое краёвае інтэлігенцыі шляхоцкага паходжаньня, але й запраўдных сыноў вёскі, прадстаўнікоў працоўнае масы. А ў сувязі з гэтым стары шляхоцкі радыкалізм, які, хоць і апіраўся на сувязі палітычна-нацыянальнае ідэалёгіі зь ідэалам працоўным, ды ня меў яшчэ выразнага аблічча, — пад уплывам новага духу пачынае прымаць зусім выразны праграмна кірунак— кірунак сацыялістычны.

Адначасна з гэтым пашыраецца і нацыянальны ідэал. Добра было беларускім адраджэнцам з спольшчанае ці абмаскоўленае інтэлігенцыі гаварыць толькі аб роднай мове: усе свае духовыя патрэбы яны здавалялі з польскай ці расейскай культурнай скарбніцы. Але тыя новыя, нацыянальна сьвядомыя элемэнты, якія вырасталі ў беларускай вёсцы, не маглі абмежыцца адным толькі пытаньнем аб мове: ім уся духовая страва павінна была падавацца так, каб яны адчувалі сувязь яе з сваім нацыянальным „Я“, каб яна была пранікнута роднай ідэалёгіяй, абапертай на духовых асаблівасьцях беларускае масы. Ім патрэбна было сваё ўласнае, нацыянальнае культурнае будаўніцтва — у усіх галінах культуры.

Урэшце, першая чвэрць XX сталецьця — гэта пэрыяд нарастаньня імкненьня да палітычнае самастойнасьці беларускага народу. Ад дамаганьня звычайнага мясцовага самаўрадаваньня, палітычны ідэал беларускіх адраджэнцаў за гэтыя 25 гадоў праходзе праз фазы аўтанамізму, фэдэралізму і — урэшце — дзяржаўнае незалежнасьці. І апошняя — хоць не на ўсім прасторы — рэалізуецца на нашых вачох.

Усе гэтыя праявы ў беларускім адраджэнскім руху аказаліся магчымымі толькі ў сувязі з тым, што рух не абмежыўся аднэй толькі вёскай, а здалеў вытварыць сваю кузьню і ў месьце. Стуль — праз прэсу, праз кніжку, празь інтэлігенцкія і работніцкія арганізацыі — беларуская адраджэнская ідэалёгія пашыралася па ўсенькім краю і глыбока пранікала ў народную душу. А як яна прымалася народам, як пераламвалася ў народнай псыхіцы, аб гэтым нам найбольш можа расказаць наша адраджэнская літаратура, твораная запраўднымі сынамі працоўнае масы.

Лішне многа меў наш народ высказаць — выплакаць з сваей душы. Мо затым і расьцьвіла так багата перад усім беларуская адраджэнская паэзія, пакінуўшы далёка ззаду за сабой усе іншыя галіны нацыянальнае творчасьці?!.

Агартаючы поглядам ўсю нашу дарэвалюцыйную[4] літаратурную творчасьць ХХ ст. і беручы толькі найбольш тыповых песьняроў, мы можам адзначыць тры галоўныя ідэалягічныя напрамкі ў ёй: чыста сялянскі з найвыдатнейшым сваім прадстаўніком у асобе Якуба Коласа, — кірунак найбольш багаты (што зусім натуральна) па ліку песьняроў і твораў; слабенькі напачатку работніцкі, які выяўляў сьпярша ці не адзін толькі Цішка Гартны; урэшце, калі можна так яго назваць, кірунак сялянскаработніцкі, кірунак агульнабеларускі, які даў сынтэз адраджэнскага руху на агульналюдзкіх падставах і найвыдатнейшым прадстаўніком якога зьяўляецца Янка Купала.

Але гэтую літаратуру да Вялікае Рэвалюцыі 1917 году мы можам назваць яшчэ літаратурай павадырскай: тварцы яе, хоць і бясспрэчныя сыны працоўнага народу, аднак жа зьяўляюцца як быццам толькі кветам гэтага народу, толькі выбранцамі-прарокамі нацыянальнага Адраджэньня. Ад рэвалюцыі наша літаратура стаецца больш „нізавой“, больш масавай: запраўды ж, празь яе гавора сама маса.

Бо ўжо вырасла зусім новае пакаленьне сьвядомых беларусаў, якія розьняцца ад пачынальнікаў і прарокаў Адраджэньня тым, што не праходзілі даўгое і труднае дарогі павольнага росту, эвалюцыі і дасьпяваньня беларускае нацыянальнае ідэі. Яны прыйшлі ўжо як быццам на гатовае. Іх усьведамленьне — гэта ўяўленьне чыста рэвалюцыйным шляхам таго, да чаго даўгімі гадамі працы й барацьбы даходзілі старэйшыя адраджэнцы. А незвычайна яркі абраз гэтага ўяўленьня ідэі Адраджэньня дае наша наймаладзейшая літаратура ў творы Уладзімера Жылкі над назовам „Уяўленьне“.

Сярод нашых наймалодшых няма ўжо выключна сялянскіх ці выключна работніцкіх паэтаў. Ім роўна блізкія і вёска, і места. Ці выхаджэнцы зь вёскі на мястовым бруку, ці сыны места — яны выяўляюць сынтэз ідэалёгіі ўсяго беларускага працоўнага народу.

Бо ж ня толькі вёска, але і места, яшчэ ўчора служыўшае рассаднікам чужацкае культуры, стаецца іхнім. Тое, аб чым толькі йшчэ летуціць Жылка адносна да Вільні („Вершы аб Вільні“), там — на Ўсходзе — заваёвана: места там — беларускае. І з гордасьцяй пераможцы-заваявальніка Чарот абвяшчае сьвету, што ўжо і па бруку гораду рухае горда „лазою падплецены лапаць“, а малады пясьняр Александровіч снуе цэлы цыкл сваіх вершаў на бруку места — у зборніку „Па беларускім бруку“. І многа іх гэткіх — „маладнякоўцаў“.

Гэтыя новыя нашыя песьняры — гэта ўжо не барацьбіты адно толькі за магчымасьць тварыць сваё жыцьцё сваімі рукамі: яны самі прадстаўляюць гэтае жыцьцё, беспасярэдна твораць яго, яны — народ. Яны локцямі і кулакамі здабываюць сабе належнае месца на роднай зямлі („Босыя на вогнішчы“ Міхася Чарота). Яны няюць нашы сны-летуценьні аб тым, каб беларус быў гаспадаром у сябе дома.

Вось псыхалёгія масы, перамогшае ў барацьбе за вызваленьне. Маса ўрэшце — сама сабе пан.

Гэтым настроем захапляюцца і нашы старэйшыя паэты. І сколькі шчырасьці і глыбокае веры ў сваю моц чуецца ў словах Янкі Купалы, калі ён кліча:

…О так! Я — пралетар!..

Яшчэ учорах раб пакутны —

Сягоньня я зямлі ўладар

І над царамі дар магутны!

Вера ў сябе — і толькі ў сябе — вось тая цудоўная краска, якая на нашых вачох расьцьвіла на грунце ўсё ажыўляючае і жывячае Волі. Вера гэтая праходзе міма старое веры ў сілу і справядлівасьць Бога, — і вось той самы Купала, які йшчэ так нядаўна маліцьвенна зварачаўся да „Цара неба і зямлі“, цяпер кажа:

…ў народ і край свой толькі веру

і веру ў самаго сябе!

Вось апошняе і мо найбольш яркае слова сучаснае нам беларускае адраджэнскае ідэалёгіі. Вось апошні вынік перажытага нашым народам за апошнія 25 гадоў.

  1. Віаłоruś, kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji, o jego muzyce i śpiewie, tancach etc. przez Aleksandra Rypińskiego. Рагуż, 1840.
  2. Piosnki wieśniacze znad Niemna i Dźwiny, niektóre przysłowia i idyotyzmy, w mowie Słowiano-Krewskiej, spostrzezeniami nad nią się uczynionemi. Wilno, 1846 г.
  3. Гл. стацьцю Рамана Суніцы: „Нацыянальнасьць у Вінцука Дунін-Марцінкевіча“ ў зборніку „Заходняя Беларусь“ 1923 р., Вільня.
  4. Да Рэвалюцыі 1917 году.