Дзе ні глянеш — бары цёмна-русыя —
Беларускай адзнака красы.
Так і просіцца песьня на вусны мне,
Як пачую іх шэпт, галасы,
Што зьліліся ў суцэльнасьць сугучнасьці,
У адзіны прыгожы акорд,
І чаруюць сваёй мілагучнасьцю
Ўвесь бязьмежна-шырокі прастор.
За барамі — палеткі жытнёвыя,
Ды палоскі зялёных аўсоў.
Гэта ўсё мне гаворыць пра новае —
Кожны зык, гэта — хор галасоў.
Ў лузе носяцца пахі сунічныя,
Нізка голаву хіліць трава,
Зьзяюць срэбрам люстэркі крынічныя.
Так, здаецца-б, дняваў, начаваў
Сярод гэтай бязьмежнай прыгожасьці,
Сярод гэтай цудоўнай красы.
Тут ня бачу ні зла, ні варожасьці,
Адчуваю сябе тут, як сын,
Што прыгорнены матчынай ласкаю, —
Не абманнай чужою красой.
Ў кожным шоласе чуецца казка мне,
А ў ёй ветлівых шмат галасоў.
|