Беларускі правапіс (1927)/Прадмова/III

II. Як ставіць навучаньне правапісу III. Увага да гэтага падручніка
Прадмова
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
IV. Да другога выданьня

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІІІ. Увага да гэтага падручніка.

Сучасная навуковая граматыка адлучае правапіс ад граматыкі. Правапіс, такім парадкам, становіцца асобным прадметам навучаньня, зьвязаным з граматыкай больш тэрміналёгіяй, як чым-небудзь іншым. Гэты падручнік і складае першую спробу, калі ня вылажыць правапіс незалежна ад граматыкі, то хоць выдаць яго асобна ад граматыкі ды аслабаніць, такім чынам, граматыку ад неўласьцівага ёй зьместу.

Адсутнасьць у нас падручнікаў такога роду прымусіла аўтара надаць яму такога зьместу, каб яго можна было ўжываць і ў пачатковых школах, і ў школах вышэйшай ступені, і на ўсялякіх, пашыраных цяпер, курсах беларусазнаўства.

Ён складаецца з дзьвюх часьцін: а) з правапісу ў яго ўласным значэньні і б) знакаў прыпынку. Тут дадзены найважнейшыя правілы беларускага правапісу і найпатрабнейшыя правілы пастаноўкі знакаў прыпынку з практыкаваньнямі на кожнае правіла. Трэба памятаць, што можа сустрэцца розьніца ў тэрмінолёгіі; так, напрыклад, імя або імя назоўнае называецца тут іменьнікам, сказьнік — выказьнікам, дзеяслоўная прымета і дзеяслоўнае прыслоўе называюцца скарочана — дзеяпрымета, дзеяпрыслоўе. Апроч таго, зьменена адно правіла правапісу: форма абвеснага ладу І-га спражэньня з націскам на канчатку —іцё —ыцё (нясіцё, пячыцё) заменена формай на —яце —аце (несяце, печаце), дзе я, як у першым складзе перад націскам, бо форма на іцё ў такіх разох не адпавядае вымове і становіць нічым неабаснованае выключэньне.

Як ужываць гэты падручнік, гаварылася вышэй (бач: 2. Як ставіць навучаньне правапісу). Тут трэба прыбавіць яшчэ, што надрукованыя ў канцы кожнай часьці падручніка „Матэрыялы для сьпісваньня і дыктовак“ можна ўжываць для рознага роду як пісьменных, так і вусных граматычных і ортографічных практыкаваньняў, напрыклад: для пісьменнага выкладаньня прачытанага самымі вучнямі ці настаўнікам, пісьменнага і вуснага разбору, сьвядомага сьпісваньня, навучальнага дыктанту і падобн.