Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/3
← 2. Беларускаму люду | 3. На Палесьсі Абразок Аўтар: Якуб Колас 1927 год |
4. Нашыя гасьцінцы → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: На Палесьсі (Колас). |
3. На Палесьсі.
Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдка разрываўся невялічкімі палянкамі, на якіх часамі рунела жыта, а па краёх там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, пышна разросшыся на прасторы, або разьвіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя гаспадары; на гэтых дубох паляшукі-бортнікі рабілі цэлыя пчольнікі, зацягнуўшы туды каля дзесятка вульляў. Палянкі зноў зьмяняліся лесам — то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярэзіны мяшаліся з шэрымі хвоямі і прыдавалі характар маркоты і засмучэньня ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка- далёка паміж лесу ды замыкаліся лесам, што чуць-чуць чарнеўся роўнаю палоскаю на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды ня зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касою. Нязьлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмерлых дзеравяк расьлі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады — чыстыя, гладкія, як шліфованае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохлыя старыя спарахнелыя алешыны, як сьвечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад гэтых балот патыхала некім нявыразным смуткам; ціхім жалем веяла ад гэтых аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё-ж такі жыцьцё стварала свае асобныя формы і, ня гледзячы на ўсю ўбогасьць, мела сваю павабнасьць і хараство, свой твар, поўны пужлівага задуменьня. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і мімавольна стараешся знайсьці нешта такое, на чым можна было-б адпачыць і супакоіцца.
Тарас Гушча.