Беларускі правапіс (1927)/Часьць другая/38/4

3. На Палесьсі 4. Нашыя гасьцінцы
Абразок
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
5. Скрыпач і ваўкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нашыя гасьцінцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




4. Нашыя гасьцінцы.

Ёсьць штось нязвычайна прыгожае ў гэтых прыольных старасьвецкіх гасьцінцах на Беларусі. Шырока і размашыста пралягаюць яны ад вёскі да вёскі, ад мястэчак да гарадоў, злучаючы паветы і цэлыя краіны. Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх іх далях! Колькі новых малюнкаў, сьвежых матываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны вачом і сэрцу падарожнага! З якою надзвычайнаю сілаю парываюць яны да сябе, і як моцна дакранаюцца да струн твае душы! Якая-ж сіла заложана ў гэтых прасторах неабнімных родных шляхоў, якую ўладу маюць яны над табою, неспакойны, вечна заклапочаны падарожны?! Ці ня гэтая, нікім нявыказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі ды запісвалася агнявымі літарамі людзкое крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых гасьцінцах і думалі свае думкі? Ці не яна, гэта летапісь часоў, так глыбока западае ў душу, каб адбіцца ў ёй, знайсьці свой пэўны вобраз і форму ды грознаю маланкаю жахнуць гэту цёмную ноч няволі, што зьвісла над краем? А можа гэта таемная і страшная бязьмежнасьць блуканьня па сьвеце, дзе трудна вызначыць пачатак і канец, сымболямі якіх зьяўляюцца гэтыя гасьцінцы, авявае душу тваю нявыразным хваляваньнем ды кліча яе зьліцца з бяскрайнасьцю зямлі? Ці то — няясны адбітак вечнага нездавальненьня людзкога, таемны покліч да шуканьня іншых форм жыцьця, несьвядомае імкненьне да лепшае долі? Ці то — парываньне душы разьбіць некія граніцы, каб вырвацца на бязьмежныя прасторы?..

Эх, гасьцінцы, родныя гасьцінцы! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назьбіраныя і напісаныя на гэтых камлёх вашых прысадаў?!.

Тарас Гушча.