Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/1
← V. Да выданьня чацьвертага, нанава пераробленага і дапоўненага | § 1. Правіла 1. Вялікія літары Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
§ 2. Правіла 2. Перанос слоў → |
§ 1. Вялікія літары.
Правіла 1. Пісаць пачынаюць з вялікай літары. З вялікай літары пішуць і пасьля пункту. Апроч таго, з вялікай літары пішуцца іменьні людзей, іх прозьвішчы, назовы вёсак, сёл, гарадоў, мястэчак, рэчак, гор, краін, мясцовасьцяй, сьвят і інш. (Адам, Ксяневіч, Шчорсы, Нёман, Пажарніцы, Украіна, Купальле, Першае Мая).
- Увага. У пісьмах (лістох) з вялікай літары пішуцца такія словы, як Вы, Вас, Ягомасьць, Імасьць і іншыя словы, што замяняюць імя тае асобы, да каторай пішуць пісьмо.
- Таксама з вялікай літары пішуцца назвы звычайных прадметаў, калі яны бываюць дзеячамі ў байках і падобных творах, напр.: Дуб і Чароціна, Сьвіньня і Салавей, Воўк і Авечка.
Практыкаваньне 1. У нашае Касі прыгожая сукенка. Каля Навасёлак цячэ рэчка Шчара. У мястэчку Берасьцечку каманда стаяла. Працоўны люд сьвяткуе Першае Мая. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. У Марылі сшыткі заўсёды чыстыя. Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Язык Кіева дапытае. Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Навагрудзкі і Ашмянскі паветы сумежныя паміж сабою. Дняпро цячэ ў Чорнае мора. У Вільні засталося шмат старасьветчыны. Каля Вільні ідуць Панарскія горы. Беларусь ляжыць пасярэдзіне Эўропы. Наша старонка называецца Беларускаю Савецкаю Соцыялістычнаю Рэспублікаю. Вітайце дзень Першага Мая!
Практыкаваньне 2. Выпісаць спачатку прыклады з іменьнямі людзей, потым — з назовамі гарадоў, а нарэсьце — з назовамі рэчак і сёл.
Маленькі Грышка ўмее чытаць. У Касі чырвоная сукенка. У сяле Шчорсах таргуюць збожжам. Аўдзей усё між людзей. У Вільні жыве многа народу. Няпраўда, што ў Кузьмы грошы: хіба яму хто падкінуў. Рака Нёман цячэ ў мора. Язык Кіева дапытае. У горадзе Менску многа школ. Мой брат жыве ў Магілеве. Дзядзька Янкоўскі — стары ўжо чалавек. Сьвіслач — рэчка невялічка. Майстар з Міра: што цяў, то дзіра. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Рэчка Шчара цячэ ў Нёман. Я радзіўся засьценку Няйгертаве. У Гандзі сшыткі заўсёды чыстыя. Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Каля Навасёлак цячэ рэчка Гавязянка.
ЗАДАЧКА 1-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, пункты і вялікія літары.
Нахмурылася неба сенажаць ужо скошана жыта на полі зжата птушкі перасталі сьпяваць лісьце патроху асыпаецца туман закрывае сьвет веюць халодныя вятры ідзе дробны дожджык поле ўжо апусьцела кончана работа сярпа птушкі ляцяць у вырай чуваць крык жураўлёў настала вясна прыгрэла сонейка асушылі вятры зямельку хутка расьце жыта цешыцца сэрца працавітага селяніна ціхае поле залаціцца сьпелым збожжам кожны колас наліваецца зернем пара ўжо жаць прышлі жнеі з сярпамі пачалася работа кладзецца пад сярпом збожжа у полі работа скончана трэба прымацца за малацьбу.