Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/15

§ 14. Правапіс лічэбнікаў § 15. Правапіс займеньнікаў
Падручнік
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 16. Правапіс дзеясловаў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




§ 15. Правапіс займеньнікаў.

Правіла 41. Займеньнікі, за выключэньнем асабовых — я, ты, мы і зваротнага — сябе, скланяюцца сходна з прыметнікамі; напр.:

1) Назоўны склон займеньнікаў адзіночнага і множнага ліку мае тыя самыя канчаткі, што і прыметнікі: такі стол, такая кніга, такое поле; усякія сталы, усялякія кнігі, усякія пёркі.

2) Родны склон мужч. і ніякага роду мае канчаткі не пад націскам — ага: нашага стала, вашага дабра; а пад націскам — аго—яго: таго каня, таго акна; усяго дома, усяго цела.

Творны і месны склон тых-жа радоў канчаюцца на ым—ім: гэтым пяром, на гэтым кані; кім, пры кім; ім, пры ім; усякім чалавекам, на ўсякім акне.

3) Таксама родны, творны і месны склон жаночага роду адзіночнага ліку маюць аднакія канчаткі з прыметнікамі: нашае або нашай сястры, нашаю або нашай сястрою, пры нашай сястры.

4) Неазначальныя займеньнікі маюць прыстаўку не: нехта, нешта, неякі, неякісь, а адмоўныя — прыстаўку ні: ніхто, нішто, нічый, ніякі, ніводзін, ніводны (бач. прав. 22, А, 4, і 23, Б, 1).

Але прыстаўкі не, ні пішуцца асобна, калі пасьля іх стане прыназоўнік: ні ў кога няма, не ў чым выйсьці, ні ў якім выпадку, не з кім парадзіцца.

Практыкаваньне 52. Некаторыя расьліны жывуць вельмі доўга. Нехта зламаў некалькі груш. Які сакавік, такі і красавік. Надаелі гэтыя сьпевы. На сваім каню, як хачу, скачу. На гэтым сьвеце, як у карэце. На чым стану — не адстану. Няма тае крамы, каб прадаваліся родныя мамы. Не такое яшчэ дзіва, што карова чорна, а малако сіва. Якая матка, такое дзіцятка. Якое дзерава, такі клін. Як хто хоча, так па сваім горы плача. Я знаём з ёю і з яе сястрою. Надвор’я нечага награваць. Не за што сказаць аці, калі няма чаго ў рот узяці. Не карайце нічым, калі капуста ні з чым. Што ў тэй чэсьці, калі нечага есьці. За намі ўсьлед шагае, да нам ні ў чым не памагае. Ніхто з дамашніх не згадае, чым рэчка Костуся займае, якая іх зьвязала сіла, і чым яна так хлопцу міла. Кожны ведае, што ў нашым целе ёсьць трубачкі-жылы. На пастаці нечага стаяці. Прылажэце руку да левага боку вашае грудзіны, і вы пачуеце, як б’ецца вашае сэрца: гэта сэрца разганяе кроў па ўсім нашым целе. Ні за што, ні пра што. Неба — гэта паветра, якое пакрывае з усіх бакоў зямлю. На далёкай вышыні, дзе зямное паветра канчаецца, пачынаецца бязьмежная, неўмагату халодная прастора, у якой ня можа жыць ніводнае зямное стварэньне.

ЗАДАЧКА 30. Сьпісаць і паставіць прапушчаныя літары.

Надаелі гэт— сьпевы. На к—м скрупіцца, а на к—м зьмелецца. На гэт— лета добра і гэта. На нашы— ногі завысокі— іх парогі. На сва—м каню, як хачу, скачу. На св—м хлебе жывеш, калі хочаш, тады і жуеш. На т—м-жа месцы сеў. На ўсё сяло адзін вол, і т—й гол. На ч—м стану — не адстану. Нашто нам ты— пісталеты, калі страляць ня ўмеем? Няма та— крамы, каб прадаваліся родны— мамы. Не тако— яшчэ дзіва, што малако сіва. Па мне сабе хоць воўк траву еж. Сядзелі на гэт— нядзелі. На сва—м пляц— сяджу — нікому не плачу. Хто на ч—м сядзіць, той таго і глядзіць. Таткава хата ўс—м багата. Хто з сабою носіць, т—й у друг— ня просіць. Чым хата багата, тым і рада. Чы— род, таго і рот. Яка— матка, так— і дзіцятка. Які— мы самі, такі— нашы і сані. Яко— дзерава, так— і клін. Як пры т—м, так і без таго. Як хто хоча, так па сва—м бацьку плача.

ЗАДАЧКА 31-ая. Сьпісаць і дапісаць прапушчаныя літары.

Я знаём з ё— і з я— сястрою. Мы бачылі я— сам— і я— сястру. Надвор’— н—чага награваць. На лета, да не на гэт—. На пастаці н—чага стаяці. Не бярыся не за сваё дзела. Ня ўвесь сьвет, што ў аконцы. Ня ў тым сіла, што кабыла сіва, а што возу н— вязе. Не за што сказаць аці, калі няма чаго ў рот узяці. Не на тую нагу бот надзет. Н—чага песьціцца, калі ёсьць дзе зьмесьціцца. Н—чага тут варажыць, калі пад бокам ляжыць. Н—хто ня знае, што яго чакае. Н—шта вялікае ў лесе здохла. Рот н—кому не завяжаш. Само н—што ня прыходзіць у рукі. Сядзеўшы, н—чога ня выседзіш. Чужая болька н—кому не баліць. Што ў т—й чэсьці, калі н—чага есьці. За намі ўсьлед шагае, да нам ні ў ч—м не памагае. Ззаду ні ў кога вачэй ня бывае. Рэшатам золата мераць, а рэшата не за што купіць.