Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/6

5. Жыта 6. Ластаўкі
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1927 год
7. Лета
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ластаўкі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6. Ластаўкі.

Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна ды зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім дварэ мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціньнём, і толькі камячок гразі дзяржаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ў дзьвёх, парадзіліся ды давай папраўляць сваю хатку. Ачысьцілі яны яе ад павуціньня і пылу. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно, насілі ў дзюбкох клейкую гразь, замазвалі дзіркі ды далей рабілі гнязьдзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Тады сталі насіць пёрцы ды высьцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.

Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць, як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гнязьдзе ўрад і разьзяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая- небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і лежачы ціха сам сабе сьмяяўся.