Буралом (1925)/Хто гэта ідзе

Кліч волі Хто гэта ідзе
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1925 год
К пятай гадавіне Акцябра
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хто гэта ідзе?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто гэта ідзе.

Ой, хто гэта ідзе
У вопратках чырвоных
З адвагаю ў грудзях,
З сякераю ў руках?
Кіпіць у жылах кроў.
Агні ў вачох бяздонных.
Усюль наводзіць сьмерць,
Усюль наводзіць страх.

Ой, хто ляціць шыбчэй
Вятроў, віхроў, грымотаў,
Бы шугануў сыр-бор,
Бы страшны помсты бог?
Пальлецца кроў ракой,
Пальлецца кроў ў ахвоту:
Асілак сьпешна йдзець,
Ён гулка дзьмець у рог.

Дрыжы, магнат-сатрап!
То раб разьбіў кайданы,
Пусьціўся ён у сьвет
Да сонца і да зор.
Ён спаліць, як агнём,
І зьдзекі і абманы;
Застогне ўся зямля,
Застогне ўвесь прастор.

Нясець ён волю ўсім
Пакрыўджаным народам,
Нявольнікам зямлі
Нясець ён лепшы лёс.
Ляціць-імчыць арлом,
Шалёным карагодам;
Ён славаю грыміць
Ад нізу да нябёс.

То — працы вечнай сын,
То — сын жуды-нядолі
Паганаму жыцьцю
Паставіў рубяжы.
Змагацца ён пайшоў
З агідай злой у поле, —
Дрыжы, груган, дрыжы!
Дрыжы, сатрап, дрыжы.

Менск, 1921 г.