Васільковы россып (1929)/I/Мокне ціха асьнежанае поле

Ты прайшла Мокне ціха асьнежанае поле
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Юнацкае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОКНЕ ЦІХА АСЬНЕЖАНАЕ ПОЛЕ

1

Мокне ціха асьнежанае поле,
Плачуць стрэх залатых капяжы.
Ня журы-ж, дарагая, сягоньня,
Слоў ласкавых ў туман не кажы.

Не глядзі так пытліва ў прасторы,
На вазёрах вачэй кроплі сьлёз…
Будуць ветры ўсё роўна з-за бору
Рваць касынкі бялявых бяроз.

Дзе падзенеш ты сьлёзы, дзяўчынка,
Дзе разьвее іх ветравы звон,
Калі пройдзе дарагі ляйчына
Цераз поле спаткацца ізноў:

Я прыеду тады раньнім-рана,
Расцалую валос тваіх смоль.
Пакланюся лясам, што на градах
Рассыпаюць сьняжыстую моль.

2

Гаварылі, студэнт прыехаў,
З навукаю чалавек.
Толькі мне саламяныя стрэхі
Ўспаміналіся ўсё ў галаве.

Калісьці, яшчэ на пачыне
Ўсе дні мае тут цьвілі,
Ты была яшчэ маленькай дзяўчынай,
А я хлапчуком малым.

Гулялі, сьмяяліся многа,
Не шкадуючы, бегалі, ног.
І як ўспомню, пыліцца дарога
Ў лятуценьнях шаўковістых зноў.

Тады яшчэ, ах, ня трэба…
Так на сэрцы будзе лягчэй…
...........
Прамяняў я радзімае неба
На блакітнае неба вачэй.

І цяпер, калі кожнае слова
Шалясьціць пад маім пяром,
Яе косы шуршаць, як салома,
І зацьвітваюць вусны зарой.

Пацалунак да болю палкі,
Хто каму падарыў — ня знаць…
Толькі помню — ласкалі пальцы
Валасоў яе цёмную гладзь.

Над сьнягамі зара дагарала,
Ціха сьнілася сэрцу сяло…
Ах, вясковая, дарагая!
Сэрца ружай ня раз расьцьвіло!

Гэтай памяці мне не загоіць,
Даўні сьлед адшукаць на мяжы…
Ня журы-ж, дарагая, сягоньня,
Слоў ласкавых ў туман не кажы!