Васільковы россып (1929)/I/Юнацкае

Мокне ціха асьнежанае поле Юнацкае
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1929 год
Зазванеце лістамі, бярозы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЮНАЦКАЕ

1

Месяц сьцеле ў палёх цемнату,
Далавах рассыпаюцца цені.
Ой ці дым, ці туман на ваду
Пасьцілае кустоў шапаценьне.

І суздром назялёнены клён
Стан закінуў над возерам чыстым,
Каб у прыгаршчах зораў агонь
Расьцярусіць сваім лістам.

А пасьля цалаваць, цалаваць
Сінь вады, што разьлілася ў хвалях…
Ў рэчку ўпала лясоў галава,
А мая асмуглелаю стала.

Але ў полі вясна такая, —
Скрозь дыміцца чаромхавы пах.
Ах, юнацтва, цябе сустракаю
І цалую на гнуткіх руках.

Ўсю душу маю, мары і цені
Аддаю на вясельле вясьне,
Каб і мне сярод іншых хацелася
Ў серабрысты рассыпацца сьмех.

Каб і мне, вось такому караваму,
Сэрца можна было-б расчыніць,
Дзе юнацкіх пачуцьцяў аравы
Я ніколі ня мог супыніць.

Я ня мог іх тады заспакоіць,
Хіба-ж цуглі такія ёсьць?
Помню толькі туман над ракою,
Ды маю кароткую моладасьць.

«Але ўсё-ж я сягоньня вясёлы,
Рассыпаюся ў воплескі слоў.
А былі дні — над нашымі сёламі
За бядою бяду нясло.

Але сёньнечы ясна цьвітуць
Зоры, зоры над вольнай краінай,
І сасонкі ўсё так-жа тут,
Як раней, маладыя і сінія.

І таму, ці што я з Гародні,
Ці таму, што я быў дзіця, —
Ўсе сады і ўсе агароды
Ведаў колісь на памяць я.

І жыцьцё мне здавалася простым,
Бы туман у даліне пустой:
Раніцою шасьцістая просінь,
Ўдзень расы пераліў на лістох.

2

Першы раз так зьвінелі клёны,
Расьцьвіталі так першы раз…
Пад агнём разьлілася зялёным
На вазёрах Палескіх зара.

І сьляды нечых ног у траве
Сьцежкі любыя скрозь арасілі,
Дзе ў бунтоўнасьці раньніх завей
Каласілася неба сіняе.

І я чуў, як на чорную галаву
Мне пралілася наская сінь,
Быццам дзесьці вятрок пераблытаў траву
І сухавейныя верасы.

Нібы ён бяспрытульны бегае,
Загубіўшы няведама што.
То бярозку агорне белую,
То каліну цалуе ў вятрох.

3

Я ня ведаў, чаму так пакорна
Можа гнуцца траве вербалоз,
І нягадана дзеўчыну ў чорным
Палюбіў за імглістасьць валос.

Палюбіў пад завеямі вішань,
Яе стан і вачэй чарэсьні,
Ах ня так… гэта ўсё было іншым,
Гэта ўсё было, як у песьні.

Мне здавалася, дзеўчыны гэткай
‘Шчэ дасюль і ня ведалі людзі.
Ў косы чорныя ўплецены кветкі
І паркаль шалясьцісты на грудзях.

Помню вуліцу, груша старая,
Ветлы ганак і ціхі двор,
Мы стаялі, прыхіліўшыся да брамы,
І няўмелы вялі разгавор.

Гаварылі аб зорах, сусьвеце,
Нават сьмешна часамі цяпер…
А сад расьцьвітаў белым цьветам,
Салаўіны расплёскваў напеў.

Было радасна, так было проста,
Што часамі здавалася сном…
А затым — пасьля доўгай ростані —
Тая-ж вуліца, ганак і дом.

Так-жа дні паплылі, як раней,
Я забыў і далёкіх, і блізкіх.
Толькі слухаў даўнейшы напеў,
Ды як сэрца пачуцьцямі пырскала.

І цяпер, калі гэты агонь
Ціха згас у завейнасьці дзён,
Я сьмяюся сам над сабой
І сваім даўнейшым пачуцьцём.