Вершы (Падабед, 1926)/I/Малады араты

Плывём к другім вякам… Малады араты
Верш
Аўтар: Язэп Падабед
1926 год
Звычайнае

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЛАДЫ АРАТЫ

Мой дзед араў калісь кляноваю сахой,
А я — за плугам сёньня йду лубкамі баразны
І веру — дні прамчацца гнедых чарадой,
І ў трохлямешны упражэцца конь стальны.

За плугам сёньня йду лубкамі баразны
У даль, дзе неба датыкаецца зямлі…
О, поле, поле, ў час жыцьця маёй вясны
Паводкай пачуцьця я твой прастор заліў!..

∗     ∗

Шчэ быў малым, у пастушкі гуляў
І ўжо міжвольна адчуваў шыр берагоў,
Глядзеў і бачыў, як нясе зямля
З пакораю жалеза гартную любоў.

Міжвольна адчуваў шыр берагоў
Тады, а сёньня зразумела ўсё ўжо мне.
І плынь каханьня — пачуцьця майго
Паводкаю шумуе, горда ў даль імкне!

∗     ∗

За плугам сёньня йду лубкамі баразны
І думаю. Кладзецца стужкамі ральля,
Так — грузна будзе йсьці тут конь стальны,
І будзе адчуваць каханьне гартнае зямля…