Ветры буйныя (1927)/III/Ой, у лузе, пры даліне…

З поэмы „Цыганка“ ⁂ (Ой, у лузе, пры даліне…)
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Куды вецер вее
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ой, у лузе, пры даліне…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прысьвячаю М.


∗     ∗

Ой, у лузе, пры даліне
Разьвівалася каліна,
Пад калінаю крыніца
Цалавалася з зарніцай.

Ты з крыніцы воду брала,
Там журылася ці мала…
Сьлёзы сыпала — брусьніцы,
Як стаялі ля крыніцы.

І стаялі да зьмярканьня,
Вербы плакалі ў тумане,
А як месяц плыў у высі —
Мы з табою разышліся.

Разышліся ля ваколіц, —
Ты пайшла жытнёвым полем,
Я палінаю зялёнай,
Адзінокі задумёны.

Нам з табою ў разьвітаньне
Поле крылася туманам,
А ў тумане пры дарозе
Спалі ў цьвецені бярозы.

Спалі шумныя яліны,
Не гайдаліся галіны…
Толькі ў прозалаці кволай
Росы сыпаліся долу.

Росы сыпаліся ў цьвецень,
Асыпаліся між вецьцем,
Як лілеі ў сонных хвалях,
Завіваліся ў каралі.

Завіваліся ў дасэні,
Калыхалі дно і сьцені, —
Як чаўны на вольных хвалях,
Змрок адвечны калыхалі…

Павей, вецер, з-за дубровы,
А я ўспомню чорны бровы,
Чорны бровы, ясны вочы…
Павей, вецер, апаўночы!

Можа ў ветры-ветравіньні;
Ў ветравіньні — пры даліне,
Пры даліне — ў вечар сіні
Вобраз ў сэрцы не астыне?!..

Можа вобраз не завяне,
А ў зялёным барваваньні
Буйным цьветам разаўецца,
Кветкай шчасьця усьміхнецца?

Бо яшчэ ў працягу жыцьця,
Васількамі ў сьпелым жыце,
Ня ўсьміхаліся мне вочы,
Як ўсьміхнуліся аднойчы!..

Калі-ж міла сэрцам чулым
Ды другога прыгарнула,
То разьвейся, буйны вецер,
Над калінаю, у вецьці!..

А я ў ветры, ветры ніцым
Ўспомню звонкую крыніцу…
Ўспомню вечар верасьнёвы,
Над вадой садок вішнёвы.

І ў садох, дзе тонуць хаты,
Сьпевы звонкія дзяўчатаў
Будуць вольна і гульліва
Заміраць у пералівах:

Плыве човен
вады повен
човен апаўночы…
Зацьвілі,
закрасавалі
твае кары вочы…

Зацьвіла,
закрасавала
радасьці усьмешка.
Буйным лісьцем
завіліся
твайго жыцьця сьцежкі!..

Плыве човен
вады повен
ды гайдае хвалі…
Завіліся
тыя сьцежкі
ў пацеркі-каралі.

І сьмяюцца
кары вочы
кветкай-сонцавеем…
Толькі ў полі
на прывольлі
ветры веюць, веюць…

Плыве човен
вады повен,
човен у зацішку!..
Ня журыся,
усьміхніся,
усьміхніся нішкам!..

Ці гады,
як тыя хвалі,
хвалі на прымор‘і…
Адшумелі,
адгукалі, —
прасьпявалі-скора?..

Плыве човен
вады повен,
вербы гнуцца, гнуцца…
Нагінаюцца
да долу,
журацца, сьмяюцца…

Ня журыся,
ты дзяўчына,
позна апаўночы!..
Хай цьвітуць,
не адцьвітаюць
твае кары вочы!..

Хай цьвітуць,
не адцьвітаюць
радасьці усьмешкі!..
.......
Буйным лісьцём завіліся
твайго жыцьця сьцежкі…

Пад вясновыя павевы
Буду чуць, як тонуць сьпевы!
Буду чуць у лозах ніцых
Гоман звонкае крыніцы.

А ты ўвечар над крыніцай
Ў кволай цьвецені зарніцаў
Будзеш з красачак-званочкаў
Завіваць сабе вяночкі.

І ў купальскую, ой, ночку
Выйдзеш з вёдрамі па воду.
Ты вазьмі тыя вяночкі
І пусьці на быстры воды!..

Ты пусьці іх да ўсход сонца,
Да ўсход сонца сядзь на камень,
Сядзь на камень, падзівіся,
Падзівіся, усьміхніся!..

А як ўстанеш рана-рана,
На вадзе вянкі завянуць.
Будзеш плакаць і журыцца,
Сьлёзы высушыць крыніца.

Ветры буйныя з-за гаю
Разьнясуць журбу па полі,
І ты ў радасьці на волі
Сэнс жыцьця тады пазнаеш;

Як пазнаеш дно і сьцені,
Ня цьвітуць чаму каменьні,
Тады я адзін пазнаю,
Што на дне душы ты маеш.

Можа ўспомніш мае словы,
Што жыцьцё на шлях суровы
Нас паставіла увосень
Ткаць узоры з яго кросен?..

Вецер вее на даліну,
Будзіць ў сэрцы успаміны,
Мо‘ апошнія? Няйначай!..
Сэрца ў роспачы ня плача!.

3-V—25 г.