Куды вецер вее,
Туды вербы гнуцца…
Гнуцца верхавіньнем
Ў лузе пры дарозе…
Вочы у завеях
Плачуць і сьмяюцца…
Белыя бярозы
Стынуць на марозе.
Выйду апаўночы,
Выйду за дуброву,
Над вадой дуброва
Вяне-адцьвітае.
І заплачуць бровы,
Засьмяюцца вочы.
Дзе-ж ты, дарагая?
У сябе спытаю.
Можа адзінока,
З вёдрамі на кладцы, Думае-гадае
Любая дзяўчына…
І адкажа сэрца:
Там яна далёка
Кужаль дапрадае,
Ўвечар, пры лучыне.
І здаецца, бачу,
Як гарыць лучына;
Як гарыць і гасьне,
Ціха дагарае.
Колькі сьлёз і плачу.
У вачох дзяўчыны,
У вачох асмуглых,
Цёмна-смутных — карых!..
Куды вецер вее,
Туды вербы гнуцца…
Гнуцца верхавіньнем
Ў лузе пры дарозе.
Вочы у завеях
Плачуць і сьмяюцца…
Шумныя бярозы
Стынуць на марозе.
1925 г.
|