Водгульле (1922)/На крыжовых дарогах

Гадавіна На крыжовых дарогах
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Крыж
Іншыя публікацыі гэтага твора: На крыжовых дарогах.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА КРЫЖОВЫХ ДАРОГАХ.

На пагорке ў чыстым полі
Крыж стаіць убогі.
Тут і там жаўцеюць ролі,
Ў сьвет бягуць дарогі.
Тая ўежджана і ўбіта
Крэпка капытамі,
А другія йдуць скрозь жыта
Цьмянымі сьлядамі
І зьнікаюць-прападаюць
Дзесь-та за гарою,
Зноў з-пад гаю выбягаюць
Стужкаю крывою:
І раскрылась даль шырока
З гэтага узгорку.
Ціха ў полі, адзінока,
Штось на сэрцы горка.
Я стаю і аглядаю
Горак рад убогі;
А куды мне йсьці—ня знаю,
Не ўлаўлю дарогі.
І блукаюсь я ад раньня
Ўсё дарог шукаю,
І на ўсе свае жаданьні
Воткліку ня маю.

12/II 1911 г.