На раздарожжы У дарогу
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Зноў павеела турмою
Іншыя публікацыі гэтага твора: У дарогу! (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ДАРОГУ!

Зложаны у клунак
Ўсе мае прылады…
Гайда ў пуць-дарожку,
Гайда між прысады!

Вітаю дарогай,
Вольнаю трапою
Ў Божы сьвет шырокі
Мернаю ступою!

Ўжо мяне чакае,
Ў доўгі пуць гатовы,
Мой таварыш верны,
Сябар-кій дубовы.

Ў нашым родным лесе
Вырас ён са мною,
Вырас, ўзгадаваўся
Хмураю вясною;

На блуканьне-гора
Бог судзіў, няйначай,
І злучыў ён долю
З доляю бядачай.

Шкода мне вас кідаць,
Родныя пагоркі!
Ужо няскора ўчую
Згоднае гаворкі

Ветрыка ў садочку
З вішняю зялёнай,
І ня ўловіць вуха
Шопату загонаў.

Я няскора ўбачу
Родныя курганы,
Што задумай ціхай
Лёгенька затканы

І глядзяць маркотна,
Як сіро́ты-дзеці:
Цяжка адзінокім,
Знаць, і ім на сьвеце.

Эх, вы, нівы-гоні!
Вы мяне ўскармілі!
І любасьць у сэрца
Моцна залажылі

К гэтым шэрым хатам,
К гэтым бедным сёлам,
К белым хмаркам ў небе
Над зялёным долам,

К сьветлым рэчкам-стужкам,
К срэбраным крыніцам…
Не з дабра-ж іду я
К людзям чужаніцам.

Ой, ёсьць цемень-сіла
Злосная, ліхая,
Што і любасьць тую
Гоніць, разлучае.

Толькі-ж дзе ні буду,
З доляй ці няволяй,
Не забыць цябе мне,
Роднае, ніколі!

З цяжкім смуткам ў сэрцы
Я вас пакідаю,
Мілыя малюнкі
Дарагога краю!..

Зложаны у клунак
Ўсе мае прылады.
Гайда ў пуць-дарогу,
Гайда між прысады!

Ўжо мяне чакае,
Ў доўгі пуць гатовы,
Мой таварыш верны,
Сябар-кій дубовы.

24/V 1912 г.